Было гэта даўным-даўно. Можа, толькі сівыя туманы праўду і памятаюць. Спрадвеку ахінаюць яны зямлю сваімі калыханкамі, усе яе таямніцы ім вядомыя. Захацеўшы, столькі расказаць могуць, што нават Бай мех з іх казкамі не тое што панесці – з месца скрануць не зможа.
Мы ж з вамі паслухаем толькі адну гісторыю – пра тое, як з'явіўся апостраф. Я пачну кудзелю з туманоў прасці, а вы ўважліва слухайце, як вераценца спявае, тумановыя гісторыі пераказвае…
Даўным-даўно, як усё на Зямлі ўжо было створана, але яшчэ не было названа, у куфэрку, размаляваным дзівоснымі кветкамі, на востраве, згубленым у моры-акіяне, жылі словы. Многа-многа іх было – не злічыць. Але куфэрак быў вялізным, словы шчыльненька туліліся адно да аднаго – вось усе і змяшчаліся пад адным вечкам.
Але што без справы сядзець – не цесна, дык сумна!
– Мусіць жа, мы дзеля нечага створаныя? – шапталіся паміж сабой словы і маркоціліся, не ведаючы свайго прызначэння.
Аднаго разу пачуў гамонку слоў Вецер. А ён, як і туманы, – старэй за нас з вамі, старэй за дрэвы і траву і, можа, нават за самі зоркі. Хочаце, у зорак запытайцеся, ці праўда гэта? Яны абавязкова пацвердзяць дакладнасць маіх слоў: якой жа пані не хочацца быць маладзейшай ад каго б то ні было…
Дык вось Вецер, які быў адным са старэйшых на зямлі і таму ўсё ведаў, сказаў словам:
– Не ваша гэта доля – нудзіцца тут, далёка ад свету, на востраве, згубленым у моры-акіяне. Ваша доля – па зямлі рассыпацца, усяму на ёй імёны даць.
– А як жа мы даведаемся, куды ісці? – занепакоіліся словы. – Мы ж нічога, акрамя свайго куфэрка, не бачылі.
– Э, не турбуйцеся! – сказаў Вецер. – Спачатку куфэрак адчыню, а пасля падумаем.
Як сказаў Вецер, так і зрабіў. А словам боязна ў невядомы свет з утульнага куфэрка лезці, прыціхлі, маўчаць. Аж чуюць – раптам пытае нехта:
– Што рабілі? Што робім? Што будзем рабіць?
– О, дружа, цябе мы й чакалі! – радасна загуў Вецер, пазнаўшы Дзеяслова, адвечнага рупліўца. Хто-хто, а ён ведае, чым слоўцы заняць, бо сам дзеянне слоў абазначае, таму Дзеясловам і завецца.
Пакуль яго сваякі ў куфэрку нудзіліся, Дзеяслоў ужо тупаў па зямлі, працы сабе шукаючы.
– Што рабілі? У куфэрку без справы марнаваліся. Што зрабілі? Вечка куфэрка адчынілі. А што будзем рабіць – ад цябе, дружа, залежыць, – адказваў тым часам на запытанне Дзеяслова і за сябе, і за словы Вецер. – Глянь, колькі дабра ў куфэрку прападае! Прыладкаваць бы яго, па свеце разнесці!..
– Будзе зроблена! – паабяцаў Дзеяслоў.
Пасля разам з Ветрам спакаваў словы ў вялікую торбу, сеў у човен, пераплыў мора-акіян і пакрочыў па зямлі. Што на сваім шляху ні сустрэне – слоўцы на тое прымярае, выбірае, каб дакладна падыходзілі жывой істоце, прадмету ці з'яве. Так вось і стала дрэва – дрэвам, рака – ракой, гара – гарой, пустыня – пустыняй, а вы, мае харошыя, – хлопчыкамі і дзяўчаткамі.
Тупаў, тупаў Дзеяслоў, паўзямлі абышоў і трапіў у тыя мясціны, дзе і сёння ёсць наша з вамі зямля – Беларусь.
А тут лясоў багата, кветкамі травы перавітыя, сінь нябесная ў рэчкі і азёры пералітая. Не можа налюбавацца хараством гэтай зямлі Дзеяслоў, самыя пяшчотныя і прыгожыя словы для яе рыхтуе.
А на дварэ – ноч. Неба зоркамі ўсеяна. I бачыць Дзеяслоў, што адна з іх за ражок маладзіка зачапілася і, адлюстраваўшыся ў расінках на траве, мільённа памножылася.
Прыгожа! Не часта такое пабачыш! Стаў Дзеяслоў думаць: куды б гэтае багацце прыстроіць?
Надумаў – і давай шчыраваць, кропелькі з адлюстраваннем месяца і зоркі збіраць ды, як завушнічкамі, словы імі аздабляць.
Як сустрэнеце цяпер, сябры, апостраф у словах, ведайце – гэта і ёсць адбіткі зоркі і месяца, сабраныя Дзеясловам і ўплеценыя ў мову.
Сталі завушнічкі ў словах звінець крышталём начной расы, пералівацца месяцовым ззяннем, клікаць за сабой у нябесную высь, да зорак. I без таго прыгожыя, сталі словы звонкімі, тужлівымі, як салаўіныя песні, на якіх начная раса замешаная.
У пару Дзеяслоў парупіўся! Неўзабаве світаць пачало – летнія ночы, ведама ж, кароткія… Зорка, пацалаваўшы месячык на расстанне, пакацілася па небе. I кажуць, што больш так і не сабралася пакалыхацца ў яго на ражку.
Дзеяслоў жа крышку задрамаў на самым досвітку і, абудзіўшыся, далей па зямлі пакрочыў. Да той пары тупаў, пакуль усе слоўцы ні прыстроіў як след.
А яго падарунак – прыгожую спеўную мову, аздобленую апострафамі-завушнічкамі, – мы да гэтай пары маем.
Фота – з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by