У міфапаэтычнай карціне свету ногі чалавека сімвалізуюць рух і звязваюцца з семантыкай жыцця, нараджэння, урадлівасці. Ногі судакранаюцца з зямлёю, яны схільныя да разнастайных хвароб і пашкоджанняў. У той жа час нашы продкі верылі, што праз свой цялесны ніз чалавек можа пазбавіцца ад тых самых хвароб. У гэтым артыкуле мы раскажам, як гэта зрабіць пры дапамозе некаторых лекавых крыніц.
У Беларусі даволі шырока распаўсюджаны легенды і паданні пра з’яўленне крыніц пры ўдзеле самой Божай Маці. Дзе ступала нага Багародзіцы, там з падземных глыбінь прабіваліся лекавыя крынічкі. Так, каля Моталя ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці існуе святая крыніца з чыстай і гаючай вадой. Па адной з легенд, у даўнія часы Маці Божая бегла праз балоты, пераскоквала з купіны на купіну. На адной купіне быў камень, і Багародзіца наступіла на яго. Камень прадушыў зямлю, і з-пад яго забіла крыніца, а на камені застаўся след Божай Маці.
З таго часу з усёй акругі сталі ісці людзі па цудоўную ваду: яны лячыліся ёю, бралі з сабой у дарогу, захоўвалі дома.
Паводле вераванняў, ногі лечаць у асноўным крыніцы, якія ператвараюцца ў ручаі. Каб атрымаць ацаленне, па іх трэба хадзіць босымі нагамі, а каб атрымаць большы вынік, рабіць гэта трэба ў пэўныя каляндарныя святы. Да прыкладу, 21 ліпеня, у дзень Казанскай Божай Маці ногі лечыць Грышкава крыніца паміж вёскамі Горкі і Мірагошч Чэрыкаўскага раёна, на тэрыторыі былога маёнтка князёў Абаленскіх. Каля крыніцы, якая ўшаноўваецца з даўніх часоў, вялікі драўляны крыж і каплічка. Крыніца з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
Што цікава, такая вада дапамагае нават самой нябеснай заступніцы. Так, пра ручаі-крыніцы каля вёскі Добры Бор Баранавіцкага і вёскі Малькавічы Ганцавіцкага раёнаў апавядаюць пра тое, як Божая Маці хадзіла па зямлі і знянацку параніла ногі, а калі абмыла іх у крынічнай вадзе, яны імгненна загаіліся.
Байкаўская крыніца
У Чавускім раёне каля вёскі Петухоўка на левым беразе ракі Проня, ва ўрочышчы Архіпаў лес ёсць славутая крыніца. У народзе крыніцу называюць Байкаўская — па назве былога хутара. Лічаць, што ў гэтым месцы выходзяць адразу сем крыніц. Насамрэч ключоў нашмат больш, каля дваццаці. Прычым крыніцы даволі магутныя. Адна з крыніц узятая ў драўляны зруб, над ім узведзеная пабудова накшталт каплічкі, таксама з дрэва. Ваду можна браць як з самага зруба, так і ніжэй, адкуль струменьчыкам яна сцякае ў ручай. Каля драўлянага зруба — стол з посудам для вады і ёмістасцю для ахвяраванняў, напоўнены дробнымі грашыма і цукеркамі, стаяць жывыя кветкі. Байкаўскія ключы б'юць наўпрост з зямлі і з-пад каранёў дрэў. Яны сцякаюць у раўчукі, якія зліваюцца ў адзін звінячы і пераліўны струмень, які ўпадае ў Проню.
Самае галоўнае свята гэтай крыніцы — Тройца па праваслаўнаму абраду. На гэта свята з мясцовай Святадухаўскай царквы на крыніцу носяць абраз Святой Тройцы. Вадасвяцці тут адбываюцца і ў іншыя святы — на Пятра і Паўла, на Іллю, на Уздзвіжанне. Крыніца лічыцца гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Найбольшай лекавай сілай валодае вялікі ручай, у які зліваецца вада з некалькіх ключоў. Менавіта калі пахадзіць па ім або проста пастаяць у ручаі, можна вылечыць хворыя ногі.
Вада, набраная з Байкаўскай крыніцы, можа цэлымі гадамі заставацца чыстай, без паху і асадку, а гаючыя ўласцівасці захоўваюцца на працягу года. Вось толькі захоўваць яе трэба правільна: абавязкова ў бутэльцы з цёмнага шкла і ў зацішным месцы, напрыклад, пад падлогай.
Лечыць і людзей, і жывёл
Шырока ідзе слава пра лекавыя ўласцівасці Святой крыніцы каля вёскі Сухары Магілёўскага раёна. Яна знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне аграгарадка, на левым беразе ракі Рэста, крыху на поўнач ад маста. Каля крыніцы каплічка і купель, а непадалёк Успенская царква. Раней тут быў скіт, і жылі манахі. Паводле легенды, крыніца мае сваіх прывідаў. Гэта прывіды мясцовых манахаў — святых Антонія і Дыянісія, якія прынялі пакутніцкую смерць.
Cвята тут адбываюцца ў асноўным на Вадохрышча. Людзі расказваюць, што па святах яны чуюць як з-пад зямлі ідуць гукі званоў. Таксама апавядаюць, што не так даўно, калі будавалі купель, то знайшлі ў зямлі пяціметровы дубовы крыж. Вада ў крыніцы гаючая, ўтрымлівае іоны срэбра, радон і шматлікія мінеральныя солі, лекуе анкалогію, хваробы ног і хрыбетніка. Былі выпадкі, калі мясцовыя жыхары вылечылі гэтай вадой сваіх кароў, якія пасля таго, як ацяліліся, не маглі падняцца на ногі.
Гаючая Горская крыніца
Ад хвароб ног добра дапамагае крыніца каля аграгарадка Горы ў Краснапольскім раёне. Яна знаходзіцца ў Ясеневым Гаі ва ўрочышчы Касцёл, паблізу маста праз раку Палуж. Паводле паданняў, вада стала бруіць тамака, дзе спынілася падчас свайго шляху Багародзіца. Больш таго, яна, як кажуць мясцовыя, «ножкі свае там мачыла». Таму гэта крыніца ў мясцовай традыцыі выкарыстоўваецца для лячэння хворых, у якіх праблемы з нагамі.
Вада ў крыніцы прэсная, вельмі чыстая і смачная. Жыхары бліжэйшых вёсак называюць гэтую ваду «жывой», «гаючай», «святой».
Побач знаходзіцца археалагічны помнік рэспубліканскага значэння – гарадзішча часоў ранняга жалезнага веку і Кіеўскай Русі. Ясеневы Гай з’яўляецца батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Захавалася і панская сядзіба. Побач з крыніцай пабудавана купель. Раней на Дзесятуху —10-ю пятніцу пасля Вялікадня — на крыніцы праходзілі вадасвяцці.
У рэчышчы крынічнага ручая ляжыць надмагільная пліта з надпісамі па-польску. Распавядаюць, што ў Горах быў маёнтак, які належаў нейкаму шляхцічу. Побач стаяў панскі касцёл, а каля яго могілкі. Велізарную надмагільную пліту мужчына ўсклаў на магілу сваёй жонкі, якая скончыла жыццё самагубствам. Паненка здзейсніла самагубства з-за нявернасці пана, стала зданню і скінула са сваёй магілы гэтую надмагільную пліту, а цяпер блукае ў наваколлях крыніцы. Кажуць, што ўвечары можна ўбачыць, як плыве над крыніцай прыгожая жаночая постаць. Яна ідзе, не дакранаючыся вады, і распускаецца ў паветры, нібы лёгкі туман. Таму існуе забарона на наведванне крыніцы ўначы.
Другая версія, па горскім паданні, жанчына пасля здрады ёй мужа — багатага пана, утапілася ў крыніцы, з якой пасля гэтага пацёк ручай. Трэцяя версія, што надмагільная пліта — гэта помнік нейкаму вайсковаму начальніку ВКЛ.
Крыніцы-афтальмолагі. Дзе ў Беларусі вада лечыць хворыя вочы?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by