Унікальная выстаўка «Страты і вяртанні. Лёс мастацкіх каштоўнасцей Дзяржаўнай карціннай галерэі. 1939-1957» адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Прымеркавана яна да дзвюх круглых дат: 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня заснавання самой установы культуры
— Нацыянальны мастацкі музей Беларусі — флагман нацыянальнага культурнага кода. Ён дапамагае паказваць віртуознасць чалавечага майстэрства. Таксама музей — гэта транслятар выхаваўчай функцыі. І сёння мы паказваем, расказваем, як стваралася калекцыя карціннай галерэі пачынаючы з 1939 года. Вывучаем перыяд трагічных і драматычных падзей, страты не толькі матэрыяльных каштоўнасцей, але і духоўных, — адзначыла на адкрыцці праекта генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава.
Сама выстаўка размясцілася ў чатырох вялікіх залах, якія разгорнута і канцэптуальна расказваюць наведвальнікам аб станаўленні ўстановы культуры.
Экспазіцыя расказвае аб самым драматычным эпізодзе ў гісторыі музея: адкрыцці, разграбленні галерэі нацыстамі і аднаўленні ў пасляваенны час. Галерэя, якую ўзначаліў скульптар Мікалай Міхалап, была адкрыта 8 лістапада 1939 года ў былой жаночай гімназіі на вуліцы Карла Маркса. Напярэдадні пачатку вайны яе фонд налічваў больш за 3,3 тысячы экспанатаў. Аснову склалі творы беларускіх (Яўген Зайцаў, Валянцін Волкаў, Юдэль Пэн, Якаў Кругер), рускіх мастакоў (Ілья Рэпін, Васіль Сурыкаў, Валянцін Сяроў, Іван Крамской).
У 1939 году ўрадам было даручана стварыць галерэю ў кароткі тэрмін, літаральна за 9 месяцаў. Экспанаты паступалі з рэгіянальных музеяў Беларусі, Віцебска, Магілёва, Гомеля. Пасля таго, як беларускія землі ўз'ядналіся, вядома, пачалі паступаць экспанаты з магнацкіх сядзіб, палацаў у Нясвіжы і Міры. Галерэя адкрылася ў вельмі ўрачыстай абстаноўцы і займала будынак, які зараз захаваўся на Карла Маркса, 29. Цяпер на ім вісіць мемарыяльная дошка, на якой значыцца, што там у 1939-1941 гадах размяшчалася карцінная галерэя.
На жаль, з пачаткам вайны эвакуіраваць галерэю не ўдалося. Было вельмі мала часу, літаральна 6 дзён, пры гэтым Мінск няспынна бамбілі. Проста не вылучылі транспарт, таму не ўдалося вывезці экспанаты. Супрацоўнікі галерэі эвакуіраваліся, спадзяючыся, што яны вельмі хутка вернуцца. Трэба сказаць, што будынку пашанцавала, і ён уцалеў, але творы, якія там знаходзіліся, былі ў першыя ж гады вайны вывезены фашыстамі ў Германію.
Этап аднаўлення ў пасляваенны час праходзіў пад кіраўніцтвам легендарнага дырэктара Галерэі Алены Аладавай. Менавіта яна ініцыявала ў 1949 годзе пабудову новага будынка па вул. Леніна, 20. Галерэя аднавіла колькасць даваенных фондаў і атрымала статус Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, але вяртанне прадметаў мастацтва з розных крыніц праходзіла яшчэ каля паўстагоддзя.
Новыя творы ўпершыню купілі 9 снежня 1944 года, то бок яшчэ была вайна, але ў вызвалены Мінск пачалі паступаць ужо экспанаты. На выстаўцы паказалі першую карціну, якую купіла дырэктар галерэі Алена Аладава.
Некаторыя з страчаных экспанатаў ўсё ж вярнуліся назад. Ужо ў 1947 годзе ў Мінск прыйшлі два вагоны з Германіі з знойдзенымі на складах, у шахтах і замках экспанатамі з мінскіх музеяў. Яны апрацоўваліся і потым на працягу паўстагоддзя з фонду Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны перадаваліся спачатку ў карцінную галерэю, а потым у гістарычны музей.
Так, першая зала, у якую трапляюць наведвальнікі, называецца «Стварэнне». Там размешчаны тыя творы, якія знаходзіліся ў карціннай галерэі ў першыя два гады яе існавання.ьГэта і карціны, перададзеныя цэнтральнымі рускімі музеямі, і сядзібныя партрэты, і карціны савецкіх мастакоў і творцаў Заходняй Беларусі, якія ўліліся ў шэрагі савецкіх беларускіх мастакоў.
Другая зала — інсталяцыя «Рабаванне». Адразу прыцягваюць увагу пустыя рамы на сьценах. Калі немцы ўвайшлі ў карцінную галерэю, выразалі карціны з рам, пакавалі ў валізкі і вывозілі, а рамы гэтыя заставаліся, і імі потым узімку распальвалі печы галерэі. Немцы абаграваліся менавіта імі, гэтак жа як і кнігамі багатай бібліятэкі, якая змяшчала некалькі тысяч тамоў.
Трэцяя зала называецца «Адраджэнне». Там размешчаны толькі тыя творы, якія былі закуплены ў 1944 годзе, праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Мінска. Гэтыя карціны набываліся без надзеі на тое, што вернецца старая спадчына. Але яна вярнулася, няхай невялікая, толькі адна восьмая частка, але вярнулася.
Апошняя зала выстаўкі прысвечана вяртанню экспанатаў. Напрыклад, два парныя партрэты паступілі ў розны час рознымі шляхамі. Нейкія мінчане прыносілі карціны, якія засталіся ў іх дома. Партрэты з Нясвіжа былі знойдзены і прывезены ў жудасным стане і доўга рэстаўраваліся.
Адмысловую навуковую каштоўнасць уяўляе створаная на аснове фатаграфій і каталогаў таго часу прэзентацыя «Засталіся толькі на фатаграфіях».
Выстаўка мае комплексны гісторыка-дакументальны і мастацкі характар. Сярод экспанатаў — рэдкія архіўныя дакументы, фатаграфіі, многія з якіх экспануюцца ўпершыню, а таксама фільм-рэпартаж з ваеннага Мінска.
Усяго на выстаўцы прадстаўлена каля 200 твораў з усіх фондавых калекцый Нацыянальнага мастацкага музея і дакументы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі і іншых устаноў.
Зараз у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічваецца больш за 400 экспанатаў з даваенных збораў. Па прыблізных падліках, вернутая толькі адна восьмая частка калекцыі, а лёс амаль 3000 твораў застаецца невядомым.
Перасоўны выставачны праект «Сцяг Перамогі» прэзентавалі ў Нацыянальным мастацкім музеі
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by