Каранавірус навучыў нас мыць рукі. Зрабіў тое, што доўгія гады было не пад сілу нават самаму таленавітаму і пераканаўчаму гігіеністу. На шчасце, мы ніколі не даведаемся, ад колькіх інфекцый зберагло гэтае простае дзейства нашых сучаснікаў. Бо, акрамя «кароны», жывуць і жывуць, упэўнена падымаючы галаву ў сезон, дзясяткі іншых вірусаў і бактэрый.
Але, як вядома, мыць рукі без мыла – дарэмная справа. Якім карыстаецеся вы і вашыя дзеці? Вадкім або ў кавалку? Дарагім ці бюджэтным? Туалетным? Антыбактэрыяльным? Можа, гаспадарчым, для большай надзейнасці ўзмацняючы гігіенічны эфект ужываннем антысептыку? А ці ёсць розніца? Якое мыла лепей спраўляецца з задачай – змыць і абараніць? Разбіраемся ў нюансах з дэрматавенеролагам Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера г.Мінска Святланай Якубоўскай.
З чаго робяць мыла
Мыла – вынік амылення (гідролізу складаных эфіраў тлустых кіслотаў са шчолаччу). Кажучы простай мовай, аснову мыла складаюць натуральныя або сінтэтычныя тлустыя кіслоты (часцей за ўсё стэарынавая, алеінавая, часам какосавы і пальмаядравы алей) і шчолач (едкі натрый). У працэсе награвання кіслотаў і ўзаемадзеяння іх са шчолаччу ўтвараецца соль гэтых тлустых кіслотаў. У залежнасці ад гатунку і прызначэння мыла ў яго дадаюць (ці не дадаюць) аддушкі, фарбавальнікі, дапаможныя кампаненты, каб надаць прадукту неабходныя ўласцівасці: увільгатняльныя, змякчальныя, антыбактэрыяльныя і г.д.
Але сутнасць ад гэтага не змяняецца: мыла – гэта тлустыя кіслоты і шчолач.
Трохі адрозніваецца тэхналогія прыгатавання вадкага мыла. Каб не грузіць чытача тэхналагічнымі нюансамі, варта заўважыць толькі, што вадкае мыла па хімічным складзе набліжанае да шампуняў. Для яго вытворчасці выкарыстоўваюцца павярхоўна-актыўныя рэчывы (ПАВы), часцей за ўсё лаўрыл і лаўрэтсульфат натрыю, якія таксама валодаюць добрым ачышчальным дзеяннем.
Навошта мылу «начынне»
Гаспадарчае мыла пазбаўленае ўсялякіх дадаткаў, таму і пахне не вельмі, і выгляд мае так сабе. У яго складзе толькі тлушч і шчолач. Ніякіх аддушак, фарбавальнікаў, змякчальных кампанентаў. Вадародны паказчык такога мыла (pH) роўны 11-12 (pH скуры – 5,5). Гэта азначае, што пры рэгулярным уздзеянні яно здольнае раздражняць скуру і разбураць яе гідраліпідную (ахоўную) мантыю. Таму прызначаецца такое мыла не дзеля асабістай гігіены, а для гаспадарчых патрэбаў.
Але калі ў мыла дадаюць «начынне», значыць, гэта ўсё ж такі каму-небудзь трэба.
Напрыклад, дзёгцевае мыла змяшчае ў складзе 10% дзёгцю. Гэта выдатны натуральны антысептык, шырока ўжываецца ў вытворчасці лекавых прэпаратаў, касметычных сродкаў для асабістай гігіены.
У склад увільгатняльнага, змякчальнага мыла дадаткова ўводзяць кампаненты, якія аказваюць адпаведнае дзеянне. Найбольш папулярныя гліцэрына, пантэнол, экстракт альясу вера. Гэтыя рэчывы здольныя збольшага нівеліраваць агрэсіўнае ўздзеянне на скуру шчолачы, якая нязменна ўваходзіць у склад любога мыла. Такім жа зберагальным складам адрозніваецца і дзіцячае мыла.
Антыбактэрыяльнае мыла атрымліваюць шляхам дадання ў аснову інгрэдыентаў з бактэрыцыдным дзеяннем. Мабыць, самы распаўсюджаны сярод іх – трыклазан.
Важна зразумець простую рэч, падкрэслівае эксперт. Незалежна ад таго, якое мыла вы выкарыстоўваеце – вадкае або ў кавалку, з дадаткамі ці без, вынік адзін: яно ачышчае скуру і адначасова... пашкоджвае яе. Шчолач і тлустыя кіслоты па вызначэнні не могуць быць мяккімі, дзіцячымі, увільгатняльнымі і абараняльнымі.
Правілы выкарыстання і захоўвання мыла
Што рабіць, каб выканаць меры асабістай гігіены і пры гэтым захаваць здаровай скуру рук? Святлана Якубоўская дапамагла нам скласці спіс важных рэкамендацый:
- У паўсядзённым жыцці можна карыстацца любым мылам, дакладна захоўваючы тэхніку мыцця рук. Важна намыльваць далоні цалкам на працягу 40-60 секунд, не забываючыся церці паміж пальцамі, на тыльным баку далоні, чысціць скуру пад пазногцямі. Змываць пену трэба пад праточнай вадой камфортнай тэмпературы.
- Калі скура рук ад прыроды схільная да сухасці, раздражнення альбо вы пакутуеце ад атапічнага дэрматыту ці экзэмы, карыстацца агрэсіўнымі мыйнымі сродкамі – гаспадарчым і нават антыбактэрыяльным мылам – нельга! Гэта толькі пагоршыць праблему. Лепей карыстацца звычайным туалетным мылам, яшчэ лепей – вадкім. ПАВы ачышчаюць скуру, але дзейнічаюць больш зберагальна.
- Асобнай увагі патрабуюць дзеці. З-за асаблівасцяў дзіцячай скуры – больш адчувальнай, тонкай, з недастаткова сфармаваным ахоўным бар'ерам – ім таксама трэба карыстацца ашчаднымі сродкамі. Варта выбіраць дзіцячае мыла або мыла з кампанентамі, якія змякчаюць агрэсіўнае ўздзеянне шчолачы.
- Пасля мыцця важна добра высушыць рукі, прамакнуць іх ручніком або папяровымі сурвэткамі. У вільготным асяроддзі бактэрыі размнажаюцца з асаблівай радасцю і стараннасцю.
- Завяршаюць гігіенічныя працэдуры нанясеннем крэму для рук. Гэта тычыцца і дзяцей, і жанчын, і мужчын.
Празмерная гігіена можа прывесці да так званага простага раздражняльнага кантактнага дэрматыту – сухасці і пачырванення скуры, раздражнення, лушчэння, свербу. Каб гэтага не дапусціць, неабходна пасля кожнага мыцця рук выкарыстоўваць крэм – увільгатняльны, ахоўны, пажыўны. У ідэале – чаргаваць касметычныя сродкі.
Акрамя гэтага, мыла пры выкарыстанні трэба правільна захоўваць. Мыла ў кавалку павінна ляжаць у мыльніцы на рашотцы, каб вада з яго сцякала і выпаралася. У адваротным выпадку яно будзе размакаць і губляць не толькі свой знешні выгляд, але і ачышчальныя ўласцівасці.
Антысептык ці мыла. Што лепей?
Важна не блытаць паняцці: гігіена рук і антысептычная апрацоўка.
Антысептыкі пераважна выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх і лячэбных мэтах для больш дасканалага і поўнага ачышчэння скуры ад транзістарнай мікрафлоры. У Беларусі антысептыкі прыроўненыя да лекавых прэпаратаў. Яны праходзяць дбайныя этапы вырабу пад строгім тэхналагічным кантролем і прадаюцца ў аптэках.
Але антысептыкі таксама маюць права на жыццё ва ўмовах, калі няма магчымасці вымыць рукі з мылам. Неабходна выкарыстоўваць 3 мл сродку на адну апрацоўку і старанна расціраць ім рукі на працягу 30-60 секунд. Пры гэтым варта памятаць, што пашкоджвальнае дзеянне антысептыку для скуры прама прапарцыянальнае яго эфектыўнасці. Таму выкарыстанне крэму пасля апрацоўкі прынцыпова важнае.
Таму ў побыце антысептык як сродак гігіены адназначна лішні. Нельга яго выкарыстоўваць і разам з мылам. Гэта двайны ўдар па скуры.
Чым замяніць мыла і антысептык
- Калі вы апынуліся ў сітуацыі, калі няма ні мыла, ні антысептыку, для гігіены рук падыдуць любыя спіртазмяшчальныя вадкасці, напрыклад, гарэлка.
- У няпростай сітуацыі дапамогуць і вільготныя сурвэткі. Можна вымыць рукі шампунем, гелем для душа, сродкам для зняцця макіяжу... У іх склад таксама ўваходзяць паверхневыя ПАВы.
- Для прыхільнікаў усяго натуральнага альтэрнатыўным сродкам можа стаць алей чайнага дрэва, які па сваіх уласцівасцях падобны да трыклазану.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by