30.03.2019
30.03.2019

Захворванні крыві: на што звяртаць увагу ў аналізах і як лячыцца. Частка 2

logo
Адказваюць спецыялісты
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Часта з'яўляюцца сінякі на нагах. Парайце, што рабіць? Часта пацею без нагрузак. Бывае галавакружэнне. Што гэта можа быць? Ці варта перажываць і што рабіць, калі крыху знізіўся ўзровень лейкацытаў і ўзровень гемаглабіну ў агульным аналізе крыві?

На пытанні працягваюць адказваць: Людміла Смірнова, заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, і Наталля Клімковіч, заг.кафедры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук.

Кансультацыя гематолага

Людміла Смірнова, заг.кафедры клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук

«Пасля выдалення зуба доўга не спынялася кроў»

Тата хварэе на гемафілію А лёгкай ступені. У мяне пасля выдалення зуба доўга не спынялася кроў. Здавала аналізы: фактар 8, вынік 25% (норма 0 ад 50). Ці трэба пры аперацыях уводзіць прэпараты для прыпынення крыві? Цікавіць таксама пытанне цяжарнасці і родаў з такім значэннем фактару.

Людміла Смірнова:

Вы з'яўляецеся кандуктарам гемафіліі А. Таму фактар VIII у вас паніжаны. Пры аперацыях вам варта ўводзіць прэпараты VIII фактару, і вы павінны паставіць урачоў у вядомасць пра вашу спадчыннасць. З пытаннем пра цяжарнасць і роды лепей звярнуцца ў Рэспубліканскі гемафілічны цэнтр да прафесара Уладзіміра Арнольдавіча Змачынскага на кафедру клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА (Мінск, Сямашкі, 8) ці да мяне.

Мне 41 год. Дваццаць гадоў моя вага трымалася на адным узроўні (49 кг), але літаральна тры месяцы таму я пачала набіраць вагу. Цяпер – 53 кг. У харчаванні сябе абмяжоўваю, але вагу не губляю, наадварот, з кожным тыднем дадаю. З чым гэта можа быць звязана?

Людміла Смірнова:

Вам варта звярнуцца да эндакрынолага. Павышэнне вагі звычайна не звязана з гематалагічнымі захворваннямі.

У майго родзіча, 69 гадоў, на працягу 10 апошніх гадоў з перыядычнасцю раз у месяц рэзка падымаецца тэмпература. Адбываецца гэта на працягу 1-2 сутак і праходзіць. Даследаванні дакладнага адказу не даюць. Ці не можа гэта быць звязана з захворваннем крыві, якое патрабуе больш глыбокага абследавання?

Людміла Смірнова:

Рэкамендую зрабіць агульны аналіз крыві, С-рэактыўны бялок, біяхімічнае даследаванне крыві, паказаць аналізы ўчастковаму тэрапеўту. Калі ў паказчыках будуць адхіленні, неабходна звярнуцца да гематолога. Таксама варта зрабіць УГД органаў брушнай поласці.

«Дзіўныя плямы на нагах і шарыкі на венах»

Узнікаюць плямы на нагах. Усе аналізы ў норме. Дапамагла толькі гарманальная мазь, але плямы вярнуліся. Такое толькі на правай назе. Пачалося недзе ў 2015-2016 годзе, да гэтага ўсё было нармальна. Што мне рабіць?

Людміла Смірнова:

Пры паўторным з'яўленні плямаў на нагах варта звярнуцца да рэўматолага.

Мне 34 гады, высокі гемаглабін: 148-152. Бралі кроў з вены, яна цёмна-чырвоная, вельмі густая, з іголкі ўпала згусткамі. Хацела стаць донарам, але ў мяне адмоўны кэл-фактар. Ці не страшна гэта? Часта пацею без нагрузак. Бывае галавакружэнне. Што гэта можа быць?

Людміла Смірнова:

Норма гемаглабіну для жанчыны вашага ўзросту – 120-160 г/л. Гэта значыць, узровень гемаглабіну ў вас у норме. Галавакружэнне не звязана з гематалагічнай прычынай. Калі ў вас няма захворванняў, якія могуць быць адводам да донарства, вы можаце стаць донарам. Пачніце з бязвыплатнага донарства.

Пра якое захворванне кажуць такія прыкметы: на венцы на грудзях надзьмуліся 3 маленькія шарыкі па 4-6 мм. Праз некаторы час пасля масажу яны зніклі. Потым на пальцы на венцы надзьмуўся шарык памерам 1 см, да раніцы прайшоў. Часта з'яўляюцца сінякі на нагах. Парайце, што рабіць?

Людміла Смірнова:

Зрабіце агульны аналіз крыві, каагулаграму. Калі з'явяцца названыя шарыкі, звярніцеся да сасудзістага хірурга і гематолага.

Ці варта перажываць і што рабіць, калі крыху знізіўся ўзровень лейкацытаў і ўзровень гемаглабіну ў агульным аналізе крыві? Змены адбыліся на працягу паўгода, раней усё было ў норме. Урачы кажуць: па аналізах падобна, што я перахварэла на грып альбо перанесла нейкую інфекцыю. Але такога не было. Адзінае, што адбылося, гэта рэзка вырас узровень гармону ТТГ, з 0,686 да 4,46 пры дыягназе аўтаімунны тырэяідыт. Ці ўзаемазвязана гэта?

Людміла Смірнова:

Зніжэнне ўзроўню лейкацытаў і гемаглабіну можа быць звязана з аўтаімунным тырэяідытам. Працягвайце назіранне ў эндакрынолага.

«Як часта можна рабіць пункцыю?»

Мне 53 гады, 3 гады таму пастаўлены дыягназ ХЛЛ 1-2 стадыя. Назіраюся ў абласной клінічнай бальніцы, спецлячэнне не паказана. Чаму не прызначаецца ніякае лячэнне ў пачатку захворвання?

 Людміла Смірнова:

Згодна з міжнароднай практыкай, лячэнне ХЛЛ у стадыі А не паказана, паколькі яно можа нават паскорыць развіццё захворвання. Дзейнічае прынцып – «чакай і назірай». Пры ХЛЛ каля 10% хворых наогул ніколі не атрымліваюць хіміятэрапію. Вам патрабуецца дынамічнае назіранне: 1 раз у 2-3 месяцы здаваць агульны аналіз крыві, раз у год рабіць УГД органаў брушной поласці. Пры неабходнасці гематолаг абласной клінічнай бальніцы можа накіраваць вас на кансультацыю на кафедру клінічнай гематалогіі і трансфузіялогіі БелМАПА.

Дачцэ 25 гадоў. Са школьнага ўзросту вельмі моцна пацее, заўсёды мокрыя рукі і ногі, прама цякуць, асабліва ўлетку. Перыядычна павялічваецца тэмпература цела да 37,5 С. Павышаецца пралакцін. Што рабіць?

Людміла Смірнова:

Улічваючы павышэнне пралакціну, ёй трэба звярнуцца да эндакрынолага і, магчыма, да неўролага.

У мяне асноўны дыягназ: монакланальная гамапатыя з сакрэцый lgA. Суправаджальны: анемічны сіндром. Сіндром гіпервязкасці. Урач рэкамендуе рабіць пункцыю касцянога мозгу раз у 3 месяцы. Як часта неабходна гэта рабіць, каб кантраляваць захворванне і не нашкодзіць арганізму?

Людміла Смірнова:

Вам неабходны дынамічны кантроль гематолага. Пункцыю варта рабіць 1 раз у 3-6 месяцаў. Гэта дыягнастычнае даследаванне не шкоднае. Таксама трэба 1 раз у 3 месяцы рабіць біяхімічнае даследаванне з пратэінаграмай і 1 раз у 3-6 месяцаў абавязкова даследаваць узроўні імунаглабуліну G, A, M.

«Імунная тромбацытапенія не перадаецца ў спадчыну»

Маёй дачцэ 16 гадоў, гемаглабін быў заўсёды ў норме. У 2018-ым яна трапіла з атручваннем у бальніцу. Калі здалі аналізы, гемаглабін быў 82. Зрабілі разгорнуты аналіз на ферытын і жалеза. Вынікі: ферытын – 0,6, жалеза – 6,45. Пілі таблеткі тардыферон. Гемаглабін 140, ферытын апошні раз – 10,1, жалеза – 7,6. У меню ўключаю прадукты, што ўтрымліваюць жалеза. Гематолаг зараз прызначыла таблеткі сарбіфер і зноў наведаць гастраэнтэролага для больш поўнага абследавання, здаць аналізы пасля прыёму лекаў. Ці правільна прызначана лячэнне?

Наталля Клімковіч:

У вашай дачкі была жэлезадэфіцытная анемія. Прыём прэпаратаў жалеза прывёў да нармалізацыі гемаглабіну. Аднак запасы жалеза ў арганізме яшчэ застаюцца малымі. Такая сітуацыя называецца «латэнтны дэфіцыт жалеза» і патрабуе працягу прыёму прэпаратаў жалеза з разліку 100 мг у суткі на працягу 2 месяцаў. Пры вялікіх месячных у дзіцяці рэкамендаваныя штомесячныя падтрымліваючыя курсы прэпаратамі жалеза з разліку 50-80 мг у суткі 1 раз у дзень на працягу 7 дзён.

Наталля Клімковіч:

У лютым 2018 года дзеля цікавасці зрабілі дзіцяці 2011 г.н. біяхімію і выявілі павышанае ўтрыманне паказчыка ACT. Пасля гэтага здавалі на глісты – нічога не паказала. Піў хафітол – выніку няма, здавалі імунаграму – усё добра. На пачатку сакавіка 2019 года здалі кроў – зноў ACT 73, як і быў. Дзіця дрэнна есць і павольна набірае вагу. Цяпер рост 128 см, вага 24 кг. Хвалююць цёмныя кругі пад вачыма. Урачы сказалі: яны ва ўсіх дзяцей, хто дрэнна есць. Што трэба здаць і ці ўсё ў нас у парадку?

Наталля Клімковіч:

Павышэнне ферменту АСТ можа паказваць на інфекцыйныя або метабалічныя захворванні печані. Таму вам трэба звярнуцца па кансультацыю да гастраэнтэролага і інфекцыяніста. Высокая актыўнасць АСТ таксама можа быць прыкметай парушэнняў у мышачнай тканцы. Таму паказаны УГД сэрца і кансультацыя кардыёлага. Змены гэтага паказчыка наўрад ці звязаныя з захворваннямі крыві.

Дзіцяці 9 гадоў. У яго пастаянна павышаны эазінафілы (9-10%). Алергіі няма. Здавалі кроў на антыцелы да паразітаў. Усё адмоўна. Што можа служыць прычынай? Ці гэта такая асаблівасць арганізма?

Наталля Клімковіч:

Пры павышэнні колькасці эазінафілаў варта зрабіць аналіз крыві на ўзровень імунаглабуліну Е. Пры яго павышэнні – звярнуцца да алерголага. Таксама паказаны аналіз кала на гельмінты (метад аблогі). Пры выключэнні алергічных і паразітарных захворванняў паказаная кансультацыя рэўматолага.

Сыну паставілі дыягназ – сіндром Жыльбера. Ён часта хварэе, тэмпература 37,1 трымаецца круглы год. Дзе мы можам атрымаць кансультацыю па гэтаму захворванню? Педыятр не ведае, генетыкі толькі выдалі бланк з пацвярджэннем.

Наталля Клімковіч:

Ваш сын павінен назірацца ў гастраэнтэролага.

У мяне імунная тромбацытапенія, абвастрэнне было ў сувязі з цяжарнасцю і родамі ў 2017г. Калі нарадзіла, казалі, што, магчыма, будзе схільнасць да тромбацытапеніі ў сына. У сына ў дадзены момант па аналізах трамбацыты ў норме.На што ў яго здароўі (1,3 года) звяртаць увагу, якія аналізы кантраляваць? Ці ёсць якія-небудзь асаблівасці ва ўмацаванні яго імунітэту, звязаныя са спадчыннасцю?

 Наталля Клімковіч:

Імунная тромбацытапенія з'яўляецца набытым захворваннем і не перадаецца ў спадчыну. У вашага сына была верагоднасць зніжэння колькасці трамбацытаў максімум у першыя 6 месяцаў жыцця з-за цыркуляцыі вашых антыцелаў супраць трамбацытаў. Зараз пагрозы зніжэння трамбацытаў у дзіцяці з-за вашага захворвання няма. Хлопчык павінен назірацца педыятрам па плане здаровага дзіцяці, куды ўваходзіць і штогадовы кантроль агульнага аналізу крыві.

«Гадамі трымаецца тэмпература 37,2-37,4»

Дзіцяці 10 гадоў, у студзені-лютым перахварэлі на ВРВІ з тэмпературай да 39,5 градусаў. Падчас хваробы і пасля ўзровень лейкацытаў быў 1.5. Пасля праз тыдзень – 2.4, праз паўтара – 3.1, цяпер – 3.5. Астатнія паказчыкі ў норме, лімфавузлы не павялічаныя, скаргаў няма, гемаглабін – 135. Падкажыце, калі ласка, якія нашы далейшыя дзеянні? Ці неабходна яшчэ дадатковае абследаванне?

 Наталля Клімковіч:

Хутчэй за ўсё, дзіця перанесла вірусную інфекцыю. Зніжэнне колькасці лейкацытаў характэрна для інфекцыі, выкліканай вірусамі, і, як правіла, бывае транзістарным. Колькасць лейкацытаў самастойна аднаўляецца пасля выздараўлення. Тэрмін аднаўлення залежыць ад віду і ступені цяжару інфекцыі. Аднак для ацэнкі клінічнай сітуацыі толькі агульнай колькасці лейкацытаў у крыві недастаткова. Важны аналіз лейкацытарнай формулы. У любым выпадку не рэкамендуецца самастойна інтэрпрэтаваць вынікі аналізу. Гэта можа рабіць толькі ўрач. Пры неабходнасці ваш педыятр прызначыць дадатковае абследаванне, напрыклад, аналіз крыві на антыцелы да вірусаў герпес-групы або кансультацыю вузкага спецыяліста (інфекцыяніста, гематолага).

Майму дзіцяці 3 гады, на працягу 2,6 года ў яго трымаецца t 37,2-37,4. Па начах – павышанае потавыдзяленне. Два гады запар восенню ў адзін і той жа час прачынаецца і пачынае кульгаць ад сцягна. Выключылі мноства інфекцый і артрыты.... Аналізы заўсёды добрыя. Што гэта можа быць?

Наталля Клімковіч:

Прычын такога нязначнага пад'ёму тэмпературы можа быць шмат. Калі вы паказваеце на нармальныя аналізы крыві, анемію з гэтага спісу можна выключыць. Рэкамендавана абследаваць ваша дзіця на гельмінты, узровень у крыві вітаміну D, іянізаванага кальцыю, гармонаў шчытападобнай залозы і наднырачнікаў. Паказана кансультацыя оталарынголага для кантролю стану паднябенных міндалінаў і адэноідаў.

Фота – Аксана Жураўлёва.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адказваюць спецыялісты"