«Запаленне сядалішчнага нерва» (ішыяс, неўралгія) – часты запыт у інтэрнэце. Аднак пад маскай болю ў ягадзіцы, які аддае ў заднюю частку сцягна, хаваецца цэлы комплекс праблемаў: ад радыкуліту да артрозу тазасцегнавога сустава.
Як адрозніць іх паміж сабой? Калі трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста і да якога менавіта? Чым пагражае боль у вобласці сядалішчнага нерва? Як пазбавіцца ад яго раз і назаўсёды? Пра гэта распавёў траўматолаг-артапед, мануальны тэрапеўт Аляксандр Зайкін.
«Хітрая» паталогія
Сядалішчны нерв пачынаецца ад паясніцы (там ён уяўляе сабой тоненькія вяровачкі, карэньчыкі). У ягадзічнай вобласці яны аб'ядноўваюцца ў шчыльны жгут, які затым спускаецца па задняй частцы сцягна.
Боль у паясніцы, ягадзічнай вобласці, сцягне можа быць звязаны як непасрэдна з запаленнем сядалішчнага нерва, так і з мноствам іншых паталогій, якія даюць падобную клінічную карціну.
Існуе цэлы шэраг паталогій, якія даюць падобную клінічную карціну і могуць трапляць пад катэгорыю «запаленне сядалішчнага нерва».
- Радыкуліт. Карэньчыкі паяснічных нерваў ідуць праз ягадзіцу, заднюю частку сцягна і даходзяць да пальцаў ног. Раздражненне карэньчыкаў паяснічных нерваў можа быць выкліканае грыжамі міжпазваночных дыскаў, артрозаў міжпазванковых суставаў, пухлінамі пазваночніка і іншымі прычынамі.
- Спазм грушападобнай і ягадзічных мышцаў.
- Артроз тазасцегнавых суставаў, праблемы са звязкамі, мышцамі могуць даваць адлюстраваны боль па задняй частцы сцягна.
- Грыжы міжпазваночных дыскаў.
- Сакраілеіт. Гэта запаленне крыжава-падуздышнага сучлянення таксама можа даваць адлюстраваны боль, які імітуе запаленне сядалішчнага нерва.
- Гіперлардоз. Парушэнне паставы выклікае перанапружанне мышцаў паясніцы і боль.
- Хамстрынг-сіндром. Запаленне мышцаў задняй паверхні сцягна ў сувязі з траўмамі, перагрузкамі, запаленнем.
Хто ў групе рызыкі?
Сутыкнуцца з такім болем можа кожны, а вось перавесці яго ў разрад хранічных больш верагоднасці ў:
- прафесійных спартсменаў ці тых, хто празмерна нагружае сябе ў трэнажорнай зале;
- работнікаў цяжкай фізічнай працы (напрыклад, грузчыкаў);
- тых, хто вядзе сядзячы лад жыцця (офісныя работнікі ўваходзяць у гэтую катэгорыю);
- аматараў сядзець, падціснуўшы нагу ці скруціўшыся нязручна (рызыка спазмы грушападобнай мышцы);
- тых, хто меў праблемы з суставамі з дзяцінства (прыроджаны вывіх сцягна або дысплазія тазасцегнавога сустава высокай ступені).
Як выявіць «запаленне сядалішчнага нерва»?
Справіцца з болем у спіне, ягадзіцах, сцягне людзі часта спрабуюць самастойна: пачынаюць прызначаць самі сабе праграванні, абязбольванне.
Рабіць так катэгарычна нельга, паколькі, напрыклад, пры наяўнасці пухліны гэта толькі пагоршыць стан.
Да каго звяртацца па дапамогу?
- Да неўролага.
- Да траўматолага-артапеда.
- Да ўрача ЛФК.
Калі ісці да ўрача?
Боль у паясніцы, задняй частцы сцягна хаця б раз у жыцці адчуваў, напэўна, кожны. У якіх выпадках ісці да ўрача трэба неадкладна?
- Калі боль начны. Гэта падазрэнне на пухліну.
- Калі боль не звязаны з фізічнай нагрузкай, рухамі, а ўзнікае бы сам па сабе.
- Калі боль турбуе вельмі маладых ці вельмі сталых людзей.
Лячэнне «запалення сядалішчнага нерва»
Лячэнне ў кожным канкрэтным выпадку прызначае ўрач у залежнасці ад канкрэтнай прычыны. Часцей за ўсё гэта:
- Фармакатэрапія. Прызначэнне супрацьзапаленчых нестэроідных сродкаў.
- Фізіятэрапія.
- Лячэбная фізкультура. Выкананне спецыяльных практыкаванняў абавязковае для лячэння і прафілактыкі запалення сядалішчнага нерва.
- Хірургічная дапамога. Яна тычыцца грыжаў міжпазванковых дыскаў (толькі 3-5% з іх лечацца хірургічна), артрозу тазасцегнавых суставаў высокай ступені або пухлінаў. Часцей за ўсё праблема вырашаецца з дапамогай фармакатэрапіі і практыкаванняў.
- Выключэнне працяглых статычных нагрузак.
- Падбор правільнага становішча на працоўным месцы.
- Выключэнне правакацыйных фактараў (напрыклад, пад'ём цяжару).
- Фізічная рэабілітацыя. Напрыклад, лячэнне становішчам. Калі баліць спіна – трэба легчы, выконваць практыкаванні для выцягвання.
Хочаш быць здаровым – змяняй лад жыцця
Спадзявацца на «чарадзейныя» таблеткі і працэдуры – стратэгія не самая паспяховая. Каб пазбавіцца ад болю ў вобласці сядалішчнага нерва, давядзецца змяніць лад жыцця. Для тых, хто занадта моцна захапляецца фізічнымі нагрузкамі, іх трэба разумна панізіць. А вось прадстаўнікам сядзячых прафесій лепей не чакаць тэрміновых станаў, а ўключаць у сваё жыццё элементы фізічнай актыўнасці.
- Зарадка.
- Прагулка.
10 тысяч крокаў – абавязковы мінімум для кожнага чалавека, які клапоціцца пра сваё здароўе.
- Дадатковыя актыўнасці. Басейн, танцы, бег, велапрагулкі і інш.
Відэа – Аляксандр Зайкін, спецыяльна для інфармацыйнага партала «Здаровыя людзі» і сайта «Слушна».
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by