Здавалася б, якая розніца, як прымаць таблеткі? Дзеючае рэчыва так ці інакш патрапіць унутр і акажа неабходны эфект. Між тым, розніца ўсё ж такі ёсць. У кожнай формы лекавых прэпаратаў (таблетак, спрэяў, суспензій, раствораў, парашкоў, мазяў, супазіторыяў і г.д.) свой спосаб увядзення. Але часам адна і тая ж форма можа быць уведзеная рознымі спосабамі. Напрыклад, таблеткі запіваюць, разжоўваюць альбо рассмоктваюць.
Чым адрозніваюцца таблеткі, чаму прынцыпова важна прымаць іх спосабам, названым у інструкцыі, і што будзе, калі яго ігнараваць? Спыталіся ва ўрача-клінічнага фармаколага Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Алега Кендзенкова.
Выратавальная таблетка
Напэўна, кожны хаця б краем вуха чуў пра вялікае адкрыццё Аляксандра Флемінга, якое да гэтага часу ратуе мільёны жыццяў, – пеніцылін. Але першапачаткова праблема пеніцыліну была ў тым, што яго можна было ўводзіць толькі парэнтэральным спосабам. Пры пераральным выкарыстанні (праз рот) рэчыва разбуралася салянай кіслатой і рабілася бескарысным.
Такім чынам, каб выкарыстоўваць пеніцылін, патрэбны быў спецыяльна навучаны чалавек, які мог увесці прэпарат унутрывенна. Гэта накладала каласальныя абмежаванні на распаўсюджванне лекаў і іх прымяненне ў побыце. У свой час кампанія-вытворца лекавых прэпаратаў Sandoz здзейсніла каласальны прарыў у лекавых формах, прыдумаўшы пеніцылін менавіта ў таблетках, дзякуючы чаму ўжо не патрэбны быў медыцынскі работнік для лячэння кожнага інфекцыйнага хворага.
Сёння існуе мноства лекавых формаў, ужыванне якіх патрабуе строгага захавання метаду іх выкарыстання. Адрозненні ў спосабе прымянення абумоўленыя адрозненнем спосабаў дастаўкі дзеючага рэчыва ў арганізм, найбольш эфектыўных у дадзеным канкрэтным выпадку. Пры парэнтэральным спосабе лекі адразу трапляюць у кроў, і эфект выяўляецца ў разы хутчэй. Але дзеючае рэчыва можа таксама ўсмоктвацца ў кішэчніку, страўніку, праз слізістую ў роце і г.д.
Уся справа ў абалонцы
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Зараз фармкампаніі спрабуюць палепшыць эфектыўнасць і павысіць бяспеку прэпаратаў, што вырабляюцца, прыдумляючы розныя абалонкі для таблетак і капсул. Ёсць, напрыклад, звычайныя абалонкі, якія раствараюцца пры судотыку з любой вадкасцю. Калі таблетку доўга патрымаць у роце, можна адчуць яе непрыемны смак. Большасць таблетак пакрытыя менавіта такімі абалонкамі. Яны простыя ў вытворчасці і служаць толькі для палягчэння праглынання і маскіроўкі непрыемнага смаку лекавага сродку. Таблеткі пачынаюць растварацца ўжо на шляху да страўніка, у страўніку канчаткова вызваляюцца ад абалонкі і па меры свайго прасоўвання ўсмоктваюцца.
Ёсць іншая разнавіднасць абалонак – кішэчнарастваральная. Яны раствараюцца толькі пры трапленні ў кішэчнік, пачынаючы з 12-перснай кішкі. Выкарыстанне такой абалонкі можа быць абумоўленае тым, што дзеючае рэчыва прэпарата не ўсмоктваецца ў страўніку, затое добра ўсмоктваецца з кішэчніка. Альбо ёсць мэта абараніць страўнік ад шкоднага ўздзеяння лекавага сродку.
Напрыклад, мноства людзей ва ўсім свеце п'е аспірын для прафілактыкі тромбаўтварэння. Як і любы прэпарат з групы нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў, аспірын валодае некалькімі механізмамі, якія пашкоджваюць страўнік, і адзін з іх – непасрэдны кантакт дзеючага рэчыва са слізістай страўніка. Каб ліквідаваць гэты механізм, некаторыя вытворцы пакрываюць аспірын кішэчнарастваральнай абалонкай, і лекі пачынаюць вызваляцца толькі пасля таго, як таблетка пакіне страўнік.
Існуюць таксама «хайтэкавыя» таблеткі з мадыфікаваным/пралангаваным вызваленнем, распавядае эксперт. Гэты эфект можа быць звязаны як з будовай абалонкі, так і з «носьбітам» дзеючага рэчыва ўнутры таблеткі.
Напрыклад, адным з паказанняў прэпарата ніфедыпін значыцца артэрыяльная гіпертэнзія. Плюсам лекаў з'яўляецца тое, што іх можна выкарыстоўваць для купіравання гіпертанічнага крызу, бо ўсмоктваецца ён даволі хутка і эфект надыходзіць таксама хутка. Аднак менавіта з-за гэтага яго не выкарыстоўваюць як асноўны прэпарат для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі: дзейнічае хутка, выклікае шэраг пабочных эфектаў, звязаных з рэзкім зніжэннем ціску, эфект працягваецца нядоўга.
Некаторыя фармкампаніі вырашылі гэтыя праблемы, стварыўшы ніфедыпін з мадыфікаваным вызваленнем. Колькасць дзеючага рэчыва ў таблетцы перавышае ўтрыманне ў старых формах, але яно паступова вызваляецца на працягу сутак і не мае такога негатыўнага эфекту. Таму сучасны прэпарат зараз шырока выкарыстоўваецца менавіта для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі. Але ёсць выпадкі, калі для палягчэння праглынання пацыенты раскусвалі таблеткі з мадыфікаваным вызваленнем. Гэта прыводзіла да таго, што ў кроў адразу трапляла вялікая колькасць дзеючага рэчыва і чалавек з-за рэзкага падзення ціску губляў прытомнасць альбо падаў, напрыклад, пры спробе ўстаць з ложка.
З мадыфікаваным вызваленнем ёсць і антыбіётыкі. У прыватнасці, да такіх адносіцца кларытраміцын. Хто прымаў яго хаця б раз, памятае пра гэта ўсё жыццё, бо праз 15-20 хвілін пасля прыёму таблеткі ў роце з'яўляецца адчуванне горычы, можа разбалецца жывот, узнікае праблема з пачашчаным стулам. Прымаць антыбіётык трэба мінімум 5 дзён, двойчы на дзень. Калі ж прымаць кларытраміцын з пралангаваным эфектам, дык піць трэба ўсяго адну таблетку ў дзень. Пры гэтым пабочныя эфекты ў выглядзе горычы і праблемаў са стулам практычна адсутнічаюць. Аднак, калі парушыць цэласнасць абалонкі (напрыклад, разламаць таблетку, каб прасцей было яе праглынуць), гэта прывядзе да таго, што пабочныя эфекты ўзмоцняцца, а лекавы, наадварот, аслабне.
Таблеткі для рассмоктвання
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Ёсць лекавыя формы, якія лепей за ўсё дзейнічаюць пры рассмоктванні. Па-першае, гэта могуць быць прэпараты з мясцовым эфектам, напрыклад, пасцілкі «ад болю ў горле», у састаў якіх уваходзіць мясцовы анестэтык, які зніжае боль, і антысептык, які забівае хваробатворныя бактэрыі. Калі такую пасцілку проста праглынуць, не рассмактаўшы, дык эфект будзе нулявы. Таксама ў ротавай поласці, у прыватнасці, пад языком, праходзіць вельмі шмат сасудаў, якія патрэбныя для харчавання слінных залозаў. І адпаведна ўсё тое, што можа ўсмактацца ў кроў праз слізістую, лепей за ўсё ўсмоктваецца менавіта ў тых месцах, дзе слізістая забяспечваецца крывёй больш актыўна. Менавіта таму прэпаратам №1 для неадкладнай дапамогі пры падазрэнні на востры інфаркт міякарда з'яўляецца нітрагліцэрын. Праз слізістую рота ён усмоктваецца вельмі хутка, і эфект пачынаецца практычна з моманту траплення таблеткі пад язык. Тое ж самае тычыцца, напрыклад, і каптапрылу, які выкарыстоўваюць пры гіпертанічным крызе, калі трэба хутка знізіць ціск у хатніх умовах. Калі гэтыя таблеткі праглынуць, дык, у адрозненне ад прэпаратаў з мясцовым эфектам, лекавы эфект усё ж надыдзе, але не так хутка, як гэта неабходна.
Разам з тым, няправільна думаць, што, рассмактаўшы любую таблетку, можна паскорыць тэрапеўтычны эфект. Наадварот, ёсць прэпараты, якія непажадана ці нават катэгарычна нельга рассмоктваць. Да такіх, напрыклад, адносяцца лекавыя сродкі для купіравання алергічнай рэакцыі, напрыклад, крапіўніцы. Супрацьалергічныя прэпараты першага пакалення валодаюць мясцова-анестэзуючым эфектам, таму іх не рассмоктваюць, а праглынаюць, запіваючы вялікай колькасцю вады. У адваротным выпадку, можна забяспечыць сабе на некалькі гадзін эфект «замарозкі» (пачуццё здранцвення ў роце). У інструкцыях да некаторых антыгістамінных прэпаратаў канкрэтна напісана – не разжоўваць.
Часам лепей жаваць...
Што тычыцца жавальных таблетак, дык яны, як правіла, прызначаныя для людзей, у якіх ёсць праблемы з глытаннем, і толькі ў больш рэдкіх выпадках дзеючае рэчыва пры разжоўванні лепей усмоктваецца. Але тут таксама трэба быць асцярожным, уважліва чытаць інструкцыю, слухаць урача і пры неабходнасці задаваць пытанні.
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Напрыклад, антыбактэрыяльныя прэпараты ў аднолькавай дазіроўцы і нават ад аднаго вытворцы могуць быць у выглядзе звычайных таблетак, якія людзям цяжка глытаць, але ламаць іх непажадана. А могуць быць у выглядзе растваральных таблетак. Іх можна растварыць у вадзе, разламаць ці нават разжаваць і запіць. То бок, у жавальных таблетак ёсць бясспрэчная перавага: нават калі на ўпакоўцы напісана «жавальныя таблеткі», гэта не значыць, што іх абавязкова трэба жаваць. Іх можна піць як звычайныя лекі. Таму калі ў вас праблемы з глытаннем, пры прызначэнні лекаў папярэдзьце ўрача пра гэта. Магчыма, тое, што здавалася праблемай, і не праблема зусім.
Чым і як запіваць таблеткі
Пераважную большасць лекаў трэба запіваць вадой, калі іншае не прапісана ў інструкцыі альбо пра асаблівасці прыёму ўрач не папярэдзіў загадзя. Вада – нейтральны кампанент у адносінах да рэчываў, якія ўваходзяць у састаў лекавых прэпаратаў.
Сокі, мінеральная вада, чай, кава і алкаголь могуць так ці інакш узаемадзейнічаць з лекавым сродкам, аслабляючы альбо ўзмацняючы яго эфект (падрабязней пра ўзаемадзеянне лекаў і алкаголю можна прачытаць у гэтым артыкуле).
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Нават адны і тыя ж, на першы погляд, лекі могуць па-рознаму ўзаемадзейнічаць з вадкасцю, якой мы запіваем іх. Напрыклад, прэпараты двухвалентнага жалеза, якія прызначаюць для лячэння жалезадэфіцытнай анеміі, лепей засвойваюцца пры запіванні чымсьці кісленькім, і горш засвойваюцца, калі запіваць іх чаем ці мінералкай. Калі ж жалеза трохвалентнае ў полімальтозным комплексе, дык няма ніякай розніцы, чым менавіта яго запіваць. Але пацыент не абавязаны ведаць усе тонкасці пра валентнасць жалеза, нерастваральныя солі ды іншае. Таму прасцей і бяспечней запіць таблетку вадой.
Прыгадаў доктар і выпадак, які быў у яго практыцы некалькі гадоў таму. На прыём прыйшла пацыентка, якая хварэла на цыстыт і для палягчэння пакутаў піла хатні журавінавы морс. У той жа час у жанчыны быў устаноўлены штучны клапан сэрца, і яна ўвесь час прымала варфарын.
На фоне адначасовага прыёму лекаў і ўжывання журавінавага морсу ў жанчыны развіўся ўнутраны крывацёк. На шчасце, пацыентку ўдалося выратаваць, яна паправілася. Гэтая гісторыя паказальная тым, што ў інструкцыі да варфарыну прапісана: журавінавы сок узмацняе дзеянне прэпарата і павялічвае рызыку крывацёкаў, таму варта строга абмежаваць яго ўжыванне альбо адмовіцца зусім.
Асаблівая перасцярога з нагоды запівання лекаў сокамі. Напэўна, шмат хто ведае пра тое, што лекавыя прэпараты катэгарычна нельга запіваць грейпфрутавым сокам. А ведаеце, чаму? Па-першае, грэйпфрутавы сок шматкроць паскарае ўсмоктванне лекаў, тлумачыць Алег Кендзенкоў. Калі ў выпадку з антыбіётыкам гэта і не адыграе асаблівай ролі, дык для чалавека, які прымае транквілізатары, такое спалучэнне можа стаць літаральна «страшэнным»: ад рэзкага зніжэння ціску магчымая нават страта прытомнасці.
Па-другое, грэйпфрутавы сок цесна звязаны з ферментатыўнай сістэмай печані і можа зводзіць на нішто дзеянне такіх жыццёва важных прэпаратаў, як сардэчныя гліказіды, якія дапамагаюць аслабленаму сэрцу біцца.
А вось запіваць лекі чаем, кавай і газіроўкай нельга таму, што танін, які ў іх змяшчаецца, мае ўласцівасць «звязваць» дзеючыя рэчывы, перашкаджаючы іх усмоктванню. Па той жа прычыне не варта запіваць таблеткі малаком.
Насамрэч няма неабходнасці запамінаць, якія лекі чым запіваць не варта. Прасцей прытрымлівацца базавых правілаў па прыёме лекаў. Іх усяго два:
- Уважліва чытайце інструкцыю да лекавага прэпарата, яна ляжыць там менавіта для вас. Для спецыялістаў аховы здароўя інструкцыі знаходзяцца асобна. Калі не напісана, што лекі запіваць трэба чымсьці асаблівым, запівайце іх звычайнай вадой.
- Запіваючы таблетку, трэба рабіць мінімум 5 глыткоў, каб пазбегнуць прыліпання таблеткі ў страваводзе. Калі ў інструкцыі пазначана запіваць «вялікай колькасцю вады», маецца на ўвазе аб'ём 250 мл.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by