27.08.2025
27.08.2025

Заяц у народнай міфалогіі і медыцыне беларусаў

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Заяц — адзін з самых распаўсюджаных персанажаў у міфалогіі  і фальклоры народаў свету. Вобраз гэтага звера шырока прадстаўлены і ў культуры беларусаў, гэта адзін з вельмі папулярных і супярэчлівых вобразаў беларускай міфалогіі. У народных уяўленнях заяц паўстае як адмоўным і дэманічным вобразам, так сімвалам плоднасці і вялікай жыццёвай сілы.

Заяц, як вобразаў беларускай міфалогіі

Чаму ў зайца сэрца маленькае?

У сучаснай масавай свядомасці вобраз зайца прысутны перадусім як увасабленне баязлівасці і як персанаж народных казак, у якіх ён фігуруе безабароннай істотай. Паказальныя ў гэтых адносінах выразы палахлівы як заяц, дрыжаць як заяц, заячае сэрца, заячая душа, уцякаць як заяц. Беларуская легенда тлумачыць баязлівасць зайца тым, што ў яго занадта маленькае сэрца. Бог выляпіў яму занадта даўгія вушы, а на сэрца не хапіла гліны. Тады Бог адарваў яму хвост, пакінуўшы толькі маленькі адростачак, які потым аброс поўсцю і зрабіў маленькае сэрца. Вось чаму заяц усіх баіцца, а яго ніхто.

Пра капусту і не толькі

Заяц ў капусце

Тым не менш, у беларускіх народных уяўленнях зайцу прыпісваюць мужчынскую і эратычную сімволіку, а таксама дэманічныя рысы. На Палессі ў гульнявых песнях да яго звяртаюцца заюхна-бацюхна. А ў беларускай дзіцячай прыпеўцы спяваюць: “Ой ты, баба старая,/ Чаму не йдзеш замуж за зая”. Дзявочая жартаўлівая песня ў Клецкім раёне: “За гарою зайчыкі трубяць, Чаму мяне хлопцы любяць?

Заяц згадваецца ў казках і прыказках як сімвал урадлівасці. Калі маленькія дзеці пыталіся, адкуль яны ўзяліся, ім адказвалі, што іх прынёс заяц і паклаў у капусту. Па той жа прычыне бясплодным жанчынам раілі есці як мага больш зайчаціны, асабліва самцоў.

На Палессі, калі выпякалі вясельны каравай, яго ўпрыгожвалі рознымі фігуркамі з цеста, у тым ліку і выявай зайца. Гэта павінна было паўплываць на нараджэнне ў маладых вялікай колькасці дзяцей.  А пры дзяленні караваю гэтую выяву ўручалі жаніху з жартаўлівым пажаданнем… У заходнім Палессі сон пра злоўленага зайца азначае для жанчыны цяжарнасць і нараджэнне сына. Беларусы Ваўкавыскага раёна даюць курам заячы памёт, каб яны лепш несліся.

Заяц-пярэварацень ды іншыя жахі

Зусім іншай прыроды дэманалагічная сімволіка зайца. Яна звязана са светам духаў і нячыстай сілы. Як лясны насельнік ён падуладны лесуну і з'яўляецца яго «сабакам». Паўсюдна ў славян распаўсюджаныя ўяўленні пра сувязі зайца з чортам, д'яблам, з нячыстым духам наогул. Асабліва распаўсюджаныя ўяўленні пра зайца-пярэваратня. Папулярныя страшныя аповяды пра чорта або лесуна ў заячым абліччы, які перабягае чалавеку дарогу, кідаецца яму пад ногі або пераследуе яго. Так, на Палессі расказваюць, як заяц водзіць паляўнічага па лесе, заваблівае яго ў гушчар і знікае ў віхуры.

Згодна з распаўсюджанымі беларускімі народнымі павер’ямі, душы памерлых могуць прымаць выгляд розных жывёл, у тым ліку і зайца. Бытуе такая прыкмета: заяц пад вакном праскача – да нябожчыка. Паводле народных павер’яў, калі выпраўляешся ў дарогу і раптам сустрэнеш зайца, то лепей адразу ж вярнуцца дахаты, бо поспеху не будзе. А каб усё абышлося і нічога не здарылася благога, трэба адразу хоць што, напрыклад, жменьку саломы ці хоць шпільку кінуць на зямлю. Таксама, калі заяц перабяжыць дарогу сватам, то гэта азначае няўдалае сватаўство, а калі вясельнаму поезду, то шлюб будзе нешчаслівы. Тады раілі вярнуцца дахаты і адкласці вяселле на іншы час.

Па народных вераваннях, заяц, які з’явіўся каля жытла, – прадвеснік пажару. Так, нашы продкі верылі: калі падчас пабудовы новай хаты, туды забег заяц, то яна абавязкова згарыць. У такім разе будоўлю спыняюць, а матэрыял пускаюць на дровы. Таксама казалі, што будзе пажар, калі заяц проста забяжыць у вёску. Тут маецца на ўвазе магічная сіла касога погляду. У народным уяўленні, погляд незвычайных “касых” вачэй зайца з’яўляецца прычынай пажару.

Заяц-пярэварацень

“Касы” сон выклікае

Нездарма зайца ў народзе завуць “касым”, уважаюць, што яго касавокасць можа ўплываць на чалавека. Таму, відаць, цяжарным жанчынам забаранялася есці зайчаціну, іначай можа нарадзіцца дзіцёнак з касымі вачыма. З зайцам таксама звязаны шэраг іншых забарон для цяжарнай жанчыны. Калі такая жанчына шкадуе забітага зайца, то дзіця будзе мець парослыя заячай поўсцю плямы. А зласліўцы могуць зрабіць так, што дзіця народзіцца з “заячай губой”.

Народная традыцыя звязвае зайца са сном. Прычыну ўплыву зайца на сон чалавека таксама бачаць у асаблівых вачах зайца, здольных выклікаць як бессань, так і дрымотнасць. Распаўсюджана ўяўленне, што заяц спіць з расплюшчанымі вачыма. “Спіць як заяц” – кажуць пра таго, у каго неспакойны, чуйны сон. Каб пазбегнуць дзіцячай бессані, імкнуліся не згадваць зайца і не зваць дзіця зайчыкам, калі ўкалыхвалі яго ці калі ён прачынаўся. Аднак зайцу нярэдка прыпісвалася і супрацьлеглая здольнасць – выклікаць сон. Так, існавала павер’е: каб вылечыць дзіцёнка ад бессані і начнога крыку, яго трэба было выкупаць у заячай капусце.

Што лячылі заячымі мазгамі

У народнай медыцыне зайцаў выкарыстоўвалі для лячэння розных захворванняў. Напрыклад, зайчаціна дапамагала пры анеміі, бо насамрэч змяшчае вялікую колькасць жалеза. Адвар з зайчаціны з цыбуляй ужывалі для лячэння прастудных захворванняў. Гэты адвар павышае імунітэт.

Зайчаціну выкарыстоўвалі пры лячэнні апёкаў і ран. Мяса змяшчае вялікую колькасць бялку, што дапамагае паскорыць працэс загойвання.

Старадаўнія лячэбнікі раілі лекі з заячых частак, асабліва з вантробаў. Шкуркай зайца, якога задрала сава, абкручвалі хворае горла дзіцяці. Адвар костак зайца выкарыстоўвалі пры праблемах з суставамі і косткамі. Таксама ад ламаты хворае месца мазалі мядзвежым салам і пакрывалі заячай шкуркай.

Народная медыцына

Попел ад заячай галавы, змешаны з мёдам ці мядзвежым салам, або воцатам, выкарыстоўвалі супраць выпадзення валасоў. Лёгкае, вымачанае ў салёнай вадзе цэлы месяц сакавік, давалі пры ўдушшы і пры падучай хваробе. Ад дрыжэння членаў лячэбнікі раілі падсмажаны або вымачаны ў віне заячы мозг.

У выпадку ліхаманкі заячае сэрца разразалі на чатыры часткі, высушвалі, таўклі ў парашок і адразу ж ужывалі. Высушаныя ныркі ў выглядзе парашка выкарыстоўвалі ад камянёў у нырках і ад нетрымання мачы. Папулярным быў парашок з заячай крывёй. Зайца доўга ганялі і калі той стамляўся, то калолі, збіралі кроў і высушвалі яе ў парашок. Ад падучай (радзімца) такі парашок штодня давалі дзіцёнку па дзве лыжкі з вадой ці з грудным малаком. Высушаную кроў выкарыстоўвалі пры паносах, у тым ліку пры крывавых. Заячай крывёю зводзілі з твару вяснушкі і розныя плямы.

Увогуле заячую кроў лічылі самым дзейсным сродкам павышэння патэнцыі. Заячым тлушчам змазвалі палавыя органы парадзіхам падчас цяжкіх родаў. Заячы памёт выкарыстоўвалі пры лячэнні венерычных захворванняў.

Заячае сала прымянялі ад нарываў, бяльма і зубнога болю – ім мазалі за вушамі. Жоўцю з цукрам лячылі вочы, а таксама пускалі ў вушы ад глухаты. Для лячэння хвароб вачэй выкарыстоўвалі заячую мачу.

І на стол!

У старадаўняй беларускай кухні папулярнай стравай быў заяц са смятанай. Зайца нашпігоўвалі кавалкамі сала, салілі, клалі на бляху, абкладалі кавалачкамі масла і запякалі. Як мяса да паловы запякалася, аблівалі смятанай і дапякалі. Потым разразалі на кавалкі, абкладалі лімонам і залівалі соўсам, у якім ён гатаваўся.

Адметная роля свінні ў народнай медыцыне

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"