Паміж Зембінам Барысаўскага раёна і Бягомлем, паблізу ад трасы Р3, знаходзіцца шэраг сакральных прыродных аб’ектаў — Святаянская Гара, крыніца Ёзусік, Здань-Камень, Князь-Камень, Камяні Быкі.
Ад саміх гэтых назваў патыхае архаічнымі старажытнымі паданнямі. У беларусаў ва ўсе часы ўшаноўвалі крыніцы, камяні, узгоркі… Бо такая беларуская душа – бачыць ва ўсіх прыродных праявах боскую прысутнасць.
Бібліятэка і касцёл у Зембіне
Сённяшняе наша падарожжа пачнецца са старажытнага мястэчка Зембін Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Першая пісьмовая згадка пра яго датуецца 1526 годам. Але яшчэ да гэтага часу тут існаваў вялікі маёнтак, якім валодалі Радзівілы. У мястэчка даволі часта мяняліся ўладальнікі. Яно ведала перыяды росквіту і заняпаду. Апроч Радзівілаў, у розныя часы гаспадарылі тут Кішкі, Саковічы, Патоцкія, Война-Ясянецкія, Храптовічы, Ліхадзіеўскія, Хэлхоўскія. У Зембіне мірна ўжываліся праваслаўе, каталіцызм і юдаізм, вернікі наведвалі свае храмы: праваслаўную царкву, касцёл і сінагогу.
У 1640 годзе ў Зембіне быў заснаваны кляштар ордэна дамініканаў. Ініцыятарамі былі Адам Саковіч і яго жонка Мар’яна, народжаная Тышкевіч. Манахам перадалі драўляны касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі, збудаваны ў 1609-м годзе. Яны заснавалі тут бібліятэку, якая была ў свой час самай багатай у краі. У 1790 годзе драўляны касцёл згарэў, і праз 20 гадоў на яго месцы быў узведзены новы манументальны будынак з цэглы. Скульптура Святой Панны стала галоўным упрыгожаннем франтона храма, а галоўны алтарны абраз Ісуса Хрыста быў аўтарства самога Яна Дамеля. Пры кляштары ўтварылася школа, а знакамітая бібліятэка згарэла падчас вайны 1812 года. Вядома, што ў гэты час праз Зембін адыходзіла ладна парадзелае пасля пераправы праз Бярэзіну войска Напалеона. Як апавядаюць архіўныя крыніцы, 29 лістапада 1812 года ён правёў ноч у мястэчку. Легенда кажа, што ў храме спавядаўся смяротна паранены французскі генерал, па іншых звестках – галоўны капелан вялікага войска. Тут ён памёр і нібыта быў пахаваны каля касцёла.
Касцёл дзейнічаў да 1932 года, потым яго закрылі. З таго часу храм разбураўся. Зараз ад яго засталася толькі франтальная сцяна са скульптурай Дзевы Марыі пад крыжам ды горы цэглы паміж рэшткамі муроў. Велічны некалі гмах, які мае статус помніка рэспубліканскага значэння, сёння знаходзіцца ў аварыйным стане.
Святаянская гара
Далей па дарозе на Глыбокае праз 20 кіламетраў знаходзіцца вёска Іканы, якая існуе з 18 стагоддзя. Адразу ж за ёй – паварот направа на вёску Смаляры. Побач узвышаецца сярод лесу гара, якую называюць Святаянскай або Святы Ян. На гэтай гары, вышынёй каля дваццаці метраў, яшчэ ў 30-я гады 20 стагоддзя стаяла драўляная капліца на мураваным падмурку, які крыху бачны і цяпер. У капліцы знаходзілася скульптура Святога Яна велічынёй у чалавечы рост.
На гары і ў наш час святкуюць Купалле. З-пад гары цячэ крыніца, якую называюць Ёзусік, Язусік або Святая крыніца. Яна ўзята ў цамбравіну. Раней побач стаяў вялізны драўляны крыж, і на Вадохрышча тут адбывалася вадасвяцце. Вада з крыніцы спрадвеку лічыцца лекавай ад розных хвароб. Паводле павер’яў, асаблівы чынам яна дапамагае перад Калядамі, у Чысты чацвер да ўзыходу сонца і перад Вялікаднем. Ушаноўвалі крыніцу і на іншыя святы народнага календара: на Яна, Міколу, Барыса і Глеба. Яшчэ ў сярэдіне 20 стагоддзя на свята Барыса і Глеба (6 жніўня) тут праходзілі вялікія кірмашы, куды з’язджаліся з усяго наваколля. Гару і крыніцу ўшаноўвалі як католікі, так і праваслаўныя. Гэта былі народныя святыні.
Здань-камень
За 300 м на паўднёвы захад ад вёскі Смаляры, у лесе, ляжыць камень памерамі 3,5 х 2 метры і вышынёй 1,4 метры. Гэта ружова-шэры гранітны гнейс, пакінуты скандынаўскім ледавіком каля 200 тысяч гадоў таму. Валун называюць Здань-камень. Паданне гаворыць, што побач жылі здані, якія выглядалі прыгожымі дзяўчатамі. Калі позна ўвечары мужык вяртаўся з карчмы нападпітку, то на сцежцы аб’яўляліся дзве зданкі, ветліва бралі небараку пад рукі, вялі да каменя, распраналі і ўкладвалі спаць. Мужык засынаў, а калі раніцай прачынаўся, то са здзіўленнем бачыў сябе ў такім выглядзе. Пра балота, якое знаходзіцца побач, расказваюць, што ўвечары адтуль з розных бакоў чуецца іржанне коней і бляянне авечак. Калі хто ішоў на гэтыя гукі, то ўсю ноч блукаў па лесе.
Князь-камень
А ва ўрочышчы Тур’і Горы або Смалярскі Бор, што каля вёскі Бярозаўшчына, якая да 1964 года звалася Божадары, ляжыць Князь-камень. Да каменя вядзе дарога пад назвай Падкняжа. Ягоныя памеры 2,7 х 2,2 і вышыня 2 метры. Гэта ружова-чырвоны дробназярністы граніт. Камень у народзе карыстаецца пашанай і ў наш час. На вяршыні нават можна ўбачыць дробныя манеты, якія кладуць у якасці ахвяраванняў. На камені праглядаюцца выбітыя на ім ініцыялы “Г. В”. і дата “1871”. Гісторыкі звязваюць іх з колішнім уладальнікам гэтых зямель – Генрыхам Валовічам.
Пра Князь-камень таксама існуе шэраг паданняў. Паводле аднаго з іх, некалі тут уладарыў злы князь. Людзі не вытрымалі і праклялі яго. Князь скамянеў, увайшоў у зямлю, і засталася толькі ягоная галава. Іншае паданне кажа, што ў мясцовасці Тур’і Горы раней была вёска, куды аднойчы на свята Юр’я напалі шведы і ўчынілі рабунак. Сяляне схаваліся ў храме. Ворагі падпалілі вёску і кінуліся да царквы, выбілі дзверы і ўбачылі, што людзі стаяць на каленях і моляцца. Шведскі князь і некаторыя з яго атачэння пачалі страляць ў абразы. У імгненне невядомая сіла адкінула варвараў назад, і яны пабеглі, а тыя, што стралялі, аслеплі. Сам жа князь ператварыўся ў камень каля царквы. Яшчэ адно паданне кажа пра скарб – прыхаваную каля каменя скрыню з золатам, якую нібыта ўжо адкапалі. Гэты камень знаходзіцца пад аховай дзяржавы як помнік прыроды і як помнік гісторыі і культуры.
Каменныя быкі
Непадалёк, таксама каля вёскі Бярозаўшчына, ва ўрочышчы Лужа, размясціліся два валуны, якія нібыта зрасліся разам. Вакол драўляная агароджа. У народзе іх называюць Каменныя быкі. Іх з’яўленне тут таксама абумоўлена глабальным зледзяненнем 120–200 тысяч гадоў таму. Памер паўночнага валуна 3,0×1,8 метра, паўднёвага – 2,5×1,4 метры, агульная вышыня складае 2,1 метр, а важаць камяні каля 50 тон.
Гэты прыродны помнік адметны не толькі з геалагічнага, але і з біялагічнага пункту гледжання. На паверхні валуноў расце 21 від лішайнікаў, пры гэтым 4 з іх адносяцца да рэдкіх. Іх назва звязаная з легендай, паводле якой, селянін з вёскі Іканы ў першы дзень Вялікадня паехаў з быкамі араць поле. Жонка панесла яму абед, а за ёй пабег сабачка. Жанчына падышла да мужа і сказала “Дапамажы Бог!”. І адразу ж араты, быкі, жанчына і сабака скамянелі. З таго часу на тым полі людзі баяліся сеяць, і месца зарасло лесам.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by