Што рабіць, калі ў дзіцяці частыя ларынгіты? Як выбраць інгалятар? Пнеўманію выклікаюць вірусы ці бактэрыяльная інфекцыя?
Працягваем адказваць на пытанні.
Нашы эксперты:
- галоўны пазаштатны пульманолаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, загадчыца аддзела пульманалогіі і хірургічных метадаў лячэння хваробаў органаў дыхання РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Алена Ігнатаўна Давідоўская;
- галоўны пазаштатны дзіцячы пульманолаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дэкан педыятрычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Іванавіч Баброўнічы.
Кансультацыя пульманолага
Дзіця 3 гадоў часта хварэе на ларынгіт, і вельмі часта ўсё пераходзіць у бранхіт і пнеўманію. Як пазбегнуць такіх наступстваў?
Уладзімір Баброўнічы:
Перш за ўсё неабходна разабрацца з прычынай ларынгітаў, якія паўтараюцца. Для гэтага рэкамендуем звярнуцца па кансультацыю да алерголага, атарыналарынголага і пульманолага. Выяўленая прычына дазволіць распрацаваць тактыку прафілактыкі.
Перад набыццём інгалятара вывучаў інтэрнэт. Многія пішуць пра памеры кропель у воблаку, якое выходзіць з інгалятара. Пішуць, што важна выбіраць з памерам менш за 5, бо вялікія асядаюць занадта рана і не даходзяць да бронхаў. Ці так гэта? Бо ў аптэцы ўбачыў інгалятары са значэннем больш за 9. Такі інгалятар вылечыць хваробу?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Мяркуючы па пытанні, гаворка ідзе пра небулайзеры – інгалятары, якія ператвараюць лекавыя растворы ў аэразоль. У такім выглядзе лекавы сродак лёгка ўдыхаецца, трапляючы ў патрэбныя аддзелы дыхальных шляхоў. Памер часціцаў, якія фарміруюць небулайзеры, мае прынцыповае значэнне. Часціцы дыяметрам 8-10 мікраметраў асядаюць у насаглотцы, поласці рота і трахеі, дыяметрам ад 5 да 8 мікраметраў – у трахеі, ад 3 да 5 мікраметраў – у бронхах, менш за 3 мікраметры – у дробных дыхальных шляхах. Таму выбар небулайзера для аэразольтэрапіі вызначаецца лакалізацыяй хваробы і памерамі асноўнай масы генераваных часціцаў аэразолю.
Падкажыце, калі ласка, як аднавіць лёгкія пасля 20-ці гадоў курэння? Пра мяне: жанчына, 40 гадоў, зараз не палю, на бранхіт даўно не хварэла. Пнеўманія была ў 17 гадоў, аналізы ў норме. Хачу пазбавіцца ад макроты. Ці трэба звярнуцца да аталарынголага? Які колер макроты ў межах нормы, а пры якім трэба біць трывогу?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Першы, найбольш важны крок для аднаўлення лёгачнага здароўя, вы ўжо зрабілі. Адмоўцеся ад шкоднай звычкі раз і назаўжды. Пасля адмовы ад курэння пачынае аднаўляцца «ачышчальная» функцыя бронхаў, пэўны час захоўваюцца кашаль і выдзяленне белаватай або блякла-жоўтай макроты. Працягласць гэтага перыяду індывідуальная. Змена афарбоўкі макроты на інтэнсіўна-жоўты ці жоўта-зялёны колер з павелічэннем яе колькасці можа сведчыць пра абвастрэнне бранхіту, які развіўся за час курэння. У такіх выпадках неабходна звярнуцца да ўрача.
У сына пасля таго, як пачаў хадзіць у дзіцячы садок, пачаліся частыя прастуды. Урач парэкамендаваў купіць інгалятар. У аптэцы шырокі выбар – ад вельмі вялікіх да зусім маленечкіх. Што рэкамендуюць спецыялісты? Якія новыя тэхналогіі ёсць у гэтай сферы? Ці можна выкарыстоўваць маленькія, ручныя?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Памер самога небулайзера (інгалятара) не мае значэння. Мае значэнне памер часціцаў, пра што мы пісалі вышэй, магутнасць і прадукцыйнасць апарата. Акрамя таго, выбар небулайзера вызначаецца задачамі самой тэрапіі, станам і ўзростам пацыента. Сярод новых тэхналогій можна адзначыць МЭШ-інгалятары (мембранныя). Яны самі па сабе невялікага памеру, іх зручна браць з сабой. Па тэхнічных характарыстыках такія небулайзеры адпавядаюць усім гэтым патрабаванням.
Ці праўда, што калі адзін раз перахварэў на пнеўманію, дык потым непазбежныя рэцыдывы? Ці магчымая прафілактыка, каб не захварэць на запаленне лёгкіх паўторна?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Няпраўда. Як мы адзначалі раней, пнеўманія – гэта вострае захворванне, якое ў большасці выпадкаў пры спрыяльным працягу заканчваецца поўным выздараўленнем.
Мне 38. У апошнія тры гады кожную зіму хварэю на запаленне лёгкіх. Лячуся ў бальніцах. Чым небяспечныя такія частыя і перыядычныя пнеўманіі? Ці прыводзяць яны да пэўных зменаў у лёгкіх?
Алена Давідоўская:
Няўскладненая пнеўманія не прыводзіць да фарміравання змяненняў у лёгкіх. Інфекцыйныя працэсы, якія паўтараюцца, з'яўляюцца нагодай для ацэнкі навакольнага асяроддзя – месцаў, дзе вы жывяце і працуеце. Акрамя гэтага, вам неабходна прайсці дадатковае абследаванне ў пульманолага.
У мяне бабуля і мама хварэлі на астму. У 2011 годзе дыягнаставалі яе і мне. Зараз абвастрэнне штогод на пачатку вясны. У іншыя перыяды турбуе макрота, якая назапашваецца перыядычна. Асобную трывогу ў апошнія 1,5 года выклікаюць пры адкашліванні пробкі. Калі магчыма, хацелася б пачуць вашае меркаванне. Горла не баліць.
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
У вашым пытанні недастаткова інфармацыі. Незразумела, ці прымаеце вы што-небудзь з прэпаратаў базіснай тэрапіі бранхіяльнай астмы. Улічваючы клінічную сімптаматыку, рэкамендуем звярнуцца да алерголага або пульманолага для абмеркавання і карэкцыі плана лячэння.
Падкажыце, калі ласка, пры якіх сімптомах варта звярнуцца да ўрача, каб не было ўскладненняў з пнеўманіяй?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Пры наяўнасці любых прыкметаў вострага рэспіраторнага захворвання неабходна звяртацца да ўрача.
Прачытала, што пнеўманія можа быць і грыбковага генэзу. Калі ў дзіцяці (16 гадоў) у ротавай поласці па выніках мазка выяўленая невялікая канцэнтрацыя candida 10*3, гэта фактар рызыкі развіцця пнеўманіі? Паўторны аналіз гэтыя грыбы не выявіў, але знойдзеныя staphylococuss aureus 10*4. Гэтая колькасць небяспечная з пункту гледжання развіцця пнеўманіі? Ці трэба прымаць антыбіётыкі для пазбаўлення ад яго і прафілактыкі пнеўманіі?
Уладзімір Баброўнічы:
Рызыка развіцця грыбковай пнеўманіі высокая ў пацыентаў, якія атрымлівалі (-ваюць) імунасупрэсіўную тэрапію, ВІЧ-інфіцыраваных, якія маюць імунадэфіцыт. Калі ў дзіцяці ў мазках выяўленая невялікая канцэнтрацыя candida – гэта не з'яўляецца фактарам развіцця пнеўманіі. Не небяспечная і колькасць выяўленага staphylococuss aureus. Прымаць антыстафілакокавыя антыбіётыкі з мэтай прафілактыкі пнеўманіі не трэба.
У сувязі з сітуацыяй з новым «кітайскім» каранавірусам пнеўманіі са здзіўленнем даведалася, што, аказваецца, пнеўманія можа быць выкліканая вірусамі, а не толькі бактэрыямі. Атрымліваецца, калі пнеўманія вірусная, антыбіётыкі бескарысныя? Ці вызначаюць у нас урачы прыроду пнеўманіі? Калі яна вірусная, як яе лечаць – без антыбіётыкаў?
Алена Давідоўская, Уладзімір Баброўнічы:
Сапраўды, захворванне можа быць віруснай прыроды. У выпадку віруснай пнеўманіі антыбіётыкі не эфектыўныя. Аднак вірусныя інфекцыі з'яўляюцца своеасаблівым правадніком бактэрыяльнай інфекцыі. Таму ў клінічнай практыцы мы сутыкаемся з пнеўманіямі вірусна-бактэрыяльнай прыроды. Прычына пнеўманіі вызначаецца пры правядзенні лабараторнага даследавання, як вірусная, так і бактэрыяльная. У выпадку віруснай прыроды пнеўманіі, напрыклад, з-за віруса грыпу, існуе спецыфічнае супрацьгрыпознае лячэнне прэпаратамі групы інгібітараў нейрамінідазы – азельтамівір, занамівір. Пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі прызначаецца антыбактэрыяльная тэрапія з улікам клінічнай сітуацыі.
Маёй маме 81 год. Я хацела прышчапіць яе ад пнеўмакокаў, патэлефанавала ў прыватныя медцэнтры – вакцыны няма. Але ж мама ў групе рызыкі. Дзе ёй можна прайсці вакцынацыю?
Алена Давідоўская:
Вашай маме сапраўды паказаная вакцынацыя пнеўмакокавай вакцынай. Пра магчымасць правядзення вакцынацыі вам варта ўдакладніць у паліклініцы па месцы жыхарства.
Дачка першы раз захварэла на абструктыўны бранхіт у 4 месяцы, за год было 6 эпізодаў. Цяпер нам 1,4 года, ставяць рызыку астмы, і мы лечымся ў алерголага. Адзін раз усё роўна перахварэлі. Як можна пазбегнуць паўторнай хваробы? Якая прафілактыка? Ці можна зараз сцвярджаць, што гэта сапраўдная астма? На якой падставе могуць паставіць дыягназ? Куды нам можна звярнуцца па кансультацыю?
Уладзімір Баброўнічы:
Улічваючы апісаную Вамі сітуацыю, неабходная кансультацыя пульманолага.
Фота – Віталь Гіль.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by