У сталіцы праходзіць юбілейная 25-я спецыялізаваная выстава.
Канферэнцыі, круглыя сталы, абмеркаванні самых надзённых медыцынскіх пытанняў і, вядома, сама экспазіцыя. Цяперашняя выстава «Ахова здароўя Беларусі 2018» дэманструе, як далёка пайшла беларуская медыцына ў розных сферах – ад фармацыі да выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту.
Віртуальныя кабінеты, самыя сучасныя аперацыйныя... Спецыялісты могуць ацаніць вартасці абсталявання і магчымасць працы ў комплексе.
Для ўрача агульнай практыкі цікавымі будуць айчынныя мадэрнізаваныя дыягнастычныя комплексы.
Яшчэ адна навінка, якой ганарыцца айчынная ахова здароўя, першы беларускі камп'ютарны тамограф на 64 зрэзы. Ён здольны адаптавацца да любых пацыентаў і клінічных задач.
Паказалі і якасна новы напрамак айчыннай вытворчасці – сімуляцыйнае абсталяванне! Яно запатрабавана ва ўніверсітэтах і каледжах. Выкарыстанне такой тэхналогіі ў практычнай падрыхтоўцы студэнтаў дазволіць пазбегнуць памылак у працэсе аказання лячэбнай дапамогі. Манекены могуць настолькі праўдападобна імітаваць розныя фізіялагічныя станы, што здольныя нават пацець. Гэта дазваляе студэнту ацаніць стан пацыента не толькі па УГД-датчыкам, але і з дапамогай візуальнага агляду.
Сваімі дасягненнямі дзеляцца беларускія вытворцы медтэхнікі і вырабаў медпрызначэння з сучасным абсталяваннем і расходнымі матэрыяламі для прафілактычнай медыцыны, хірургіі, артапедыі, кардыяхірургіі. Беларускую фармацэўтычную прамысловасць на выставе прадставілі найбуйнейшыя прадпрыемствы, якія актыўна прасоўваюць сваю прадукцыю на ўнутраны і знешні рынкі: «Белмедпрэпараты», «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», «Мінскінтэркапс», «Нясвіжскі завод медпрэпаратаў», «Лекфарм» і іншыя.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі падтрымлівае глабальны трэнд лічбавай трансфармацыі эканомікі. Важнейшы прыярытэт працы сёлета – пабудова электроннай аховы здароўя. Аб прагрэсіўных тэхналогіях, якія адкрываюць прынцыпова новыя магчымасці для развіцця галіны, пагаварылі на канферэнцыі па электроннай ахове здароўя (e-Health).
Фота – Яўген Крэч; відэа – Генадзь Сукач.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by