25.01.2019
25.01.2019

Жоўцекамянёвая хвароба. Прычыны развіцця, фактары рызыкі, сімптомы

logo
Адказваюць спецыялісты
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па статыстыцы адным з найбольш часта выконваемых хірургічных умяшанняў з'яўляецца аперацыя па выдаленні жоўцевага пузыра. Прычына – жоўцекамянёвая хвароба.

Пры застоі жоўці, а таксама павышэнні канцэнтрацыі ў ёй соляў пры парушэннях абмену рэчываў, у жоўцевым пузыры могуць утварацца камяні. Пры гэтым парушаецца адток жоўці, магчыма развіццё запалення і інфіцыраванне абалонак органа, а таксама запаленчых працэсаў у іншых органах страўнікава-кішэчнага тракту.

Як пазбегнуць развіцця жоўцекамянёвай хваробы? У чым яе прычына? Якія першыя прыкметы? Пра гэта журналісту Слушна распавяла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталля Шульга.

Механізм фарміравання камянёў

Механізм фарміравання камянёў

Жоўцевы пузыр – орган дэпаніравання жоўці. У працэсе стрававання ёй адведзена адна з галоўных роляў: яна дапамагае расшчапляць тлушчы. Працэс стрававання не адбываецца безупынна, таму жоўць паступае ў тонкі кішэчнік строга дазавана. Працэс яе вызвалення з жоўцевага пузыра рэгулюе спецыяльная мышачная засланка – сфінктар Оддзі.

Жоўць змяшчае рэчывы, якія могуць выпадаць у асадак, назапашвацца і фармаваць ушчыльненні. Калі жоўць застойваецца ў жоўцевым пузыры, што адбываецца ў большасці выпадкаў з-за парушэння ліпіднага абмену, пачынаецца працэс фарміравання камянёў. Яны ўтвараюцца як у жоўцевым пузыры, так і агульным жоўцевым, пячоначных жоўцевых пратоках.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
У аснове ўтварэння жоўцевых камянёў стаяць наступныя фактары: перанасычэнне жоўці халестэрынам з-за парушэння яго абмену, застой жоўці і яе інфіцыраванне. Зрэшты, у большасці выпадкаў камяні маюць халестэрынавую прыроду.

Прычыны і фактары рызыкі ўтварэння камянёў у жоўцевым пузыры

Спецыялісты вылучаюць некалькі прычын або фактараў, якія могуць правакаваць утварэнне камянёў у жоўцевым пузыры. У прыватнасці:

  • перанасычэнне жоўці халестэрынам у выніку парушэння ліпіднага абмену;
  • цяжарнасць. Падчас цяжарнасці адбываецца згушчэнне жоўці і яе павольная эвакуацыя, што таксама можа стаць прычынай утварэння камянёў;
  • прыроджаныя анамаліі жоўцевага пузыра, якія перашкаджаюць яго нармальнай працы;
  • галаданне на працягу доўгага часу і рэзкае зніжэнне вагі;
 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Напрыклад, чалавек рэзка памяняў свой рацыён харчавання і стаў скідаць вагу. Такія раптоўныя ваганні не могуць не адбіцца на працы страўнікава-кішэчнага тракту і, у прыватнасці, становяцца прычынай развіцця жоўцекамянёвай хваробы. Без шкоды для здароўя трэба харчавацца невялікімі порцыямі праз прыблізна роўныя прамежкі часу. А вось худнець варта не больш чым на 1,5-2 кг у месяц. Рэзкія перапады ў харчаванні і зніжэнне масы цела негатыўна адбіваюцца як на працы жоўцевага пузыра, так і на функцыі печані.
  • лішняя вага і атлусценне;
  • недахоп фізічнай актыўнасці, прычым лідзіруючую пазіцыю ў гэтых адносінах займае сядзячая праца;
  • пераяданне і лішак тлустай ежы;
  • цукровы дыябет;
  • гіпатэрыёз;
  • парушэнні абмену эстрагенаў.
 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Пры розных гінекалагічных захворваннях у жанчын парушаецца абмен эстрагенаў (жаночых палавых гармонаў, якія выпрацоўваюцца ў яечніках). Эстрагены павышаюць актыўнасць пэўнага ферменту, які, у сваю чаргу, узмацняе сінтэз халестэрыну, а таксама перанасычэнне ім жоўці.

Сімптомы камянёў у жоўцевым пузыры

Сімптомы камянёў у жоўцевым пузыры

Вельмі часта выявіць наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры і яго пратоках можна пры правядзенні ўльтрагукавой дыягностыкі (УГД) органаў брушной поласці.

Разам з тым, існуе шэраг прыкмет, якія дапамогуць западозрыць развіццё жоўцекамянёвай хваробы.

Клінічныя прыкметы:

  • боль у правым падрабрынні, эпігастрыі (частка брушной поласці ніжэй за грудную костку), можа мець апяразваючы характар;
  • горыч у роце;
  • млоснасць;
  • ваніты, як аднаразовыя, так і шматразовыя, іх з'яўленне магчыма пасля прыёму ежы;
  • павышэнне тэмпературы цела ад 37°С і вышэй;
  • у некаторых выпадках магчыма пажаўценне склер (бялкоў вачэй).

Стадыі захворвання

Пачатковая стадыя, або, як яе яшчэ называюць, перадкаменная, часцей за ўсё дыягнастуецца пасля правядзення УГД органаў брушной поласці. Пры гэтай стадыі камяні (канкрэменты) маюць невялікі памер (інакш жоўцевы сладж), могуць мець выгляд так званай замазкападобнай жоўці. У такіх выпадках клінічных праяў можа не быць.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Дробныя канкрэменты цягнуць развіццё болевага сіндрому, з'яўленне жаўтухі (магчыма афарбоўванне ў жоўты колер скуры, склер і слізістых абалонак), а таксама другасныя запаленчыя змены ў печані.

Калі камяні вырастаюць да вялікіх памераў, як правіла, сімптомы могуць быць некалькі змазаныя: болі няма, але трымаецца тэмпература без бачных на гэта прычын (пры з'яўленні запаленчага працэсу ў жоўцевым пузыры).

Прафілактыка жоўцекамянёвай хваробы

Па-першае, кожнаму чалавеку варта раз на год праходзіць УГД органаў брушной поласці. Калі ёсць спадчынная схільнасць, можна і часцей (напрыклад, два разы на год).

Па-другое, не галадаць.

Па-трэцяе, не захапляцца рознымі сістэмамі чыстак арганізма, цюбажамі, не піць жаўцягонныя лекавыя прэпараты без прызначэння ўрача і без поўнай упэўненасці ў сваім здароўі.

Па-чацвёртае, кожны дзень выдзяляць час на фізічныя практыкаванні. Гэта дапаможа не застойвацца жоўці ў жоўцевым пузыры.

Па-пятае, сачыць за ўзроўнем халестэрыну ў крыві. Для гэтага неабходна рэгулярна здаваць біяхімічны аналіз крыві і не захапляцца тлустай ежай.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адказваюць спецыялісты"