05.04.2019
05.04.2019

Бярозавы сок. Жывы напой, прыродны лекар…

logo
Думкі ўслых
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы ўжо, мабыць, здагадаліся, пра што сёння пойдзе размова?! Так, пра бярозавік! Карысць ад яго вялікая і хворым, і здаровым, а намаганняў па здабыванні – няшмат. А яшчэ калі проста набыць сок у лясніцтве – у літаральным сэнсе за капейкі… І правільна гатаваць з яго напоі… М-м-м-м-м-м!!! П’еш – і яшчэ піць хочацца!

Што датычыцца карысці бярозавіку, дык, па сцвярджэнні даследчыкаў, ён умацоўвае імунітэт, крывяносныя сасуды, паляпшае работу сэрца, абмен рэчываў і разумовую дзейнасць, ачышчае арганізм ад шкодных рэчываў… Словам, суцэльныя выгоды! Да таго ж, ён не выклікае алергіі. Хіба толькі могуць зрэагаваць тыя, у каго алергія на бярозавы пылок. А можа, і абыдзецца.

Але найбольш асцярожна ўжываць сок варта тым, у каго ёсць камяні ў мачавым пузыры і нырках, бо яны могуць пачаць рухацца. А вось калі ведаеце, што не нашкодзіць… Піце на здароўе разы тры на дзень, раяць вучоныя.

Між іншым, у часы майго дзяцінства не трэба было атрымліваць дазвол на нарыхтоўку соку на пэўных участках, як зараз. Як і на высяканне навагодніх ёлак. Тады ўсё было значна прасцей. І я б не сказала, што бязладней.

У кагосьці расла бяроза пад акном – з яе сок і збіралі. Альбо, як мы, хадзілі ў лес. Адзін з залаціста-сонечных вясновых дзён так урэзаўся ў памяць, што і зараз, праз некалькі дзясяткаў гадоў, стаіць перад вачыма.

…Светлы і  чысты ўчастак лесу, які ўсе называлі «сад». Тата лоўка падсочвае некалькі бяроз, устаўляе латкі… Мне, малой, так падабаецца бегаць паміж тымі бярозамі! Па сок мы прыйшлі з вядром, а пад латкі падстаўлялі маленькія ёмістасці. І зараз добра памятаю адну з іх – пузатую такую бочачку з рабрыстымі сценкамі і надпісам "Мёд". Мы чакалі, пакуль напоўняцца тыя ёмістасці, падстаўлялі іншыя, а сок злівалі ў вядро...

Таксама з дзяцінства памятаецца, што самымі папулярнымі напоямі ў крамах былі трохлітровікі з бярозавым і таматным сокамі. Іх ведалі «ў твар» (па наклейках). Ахвотна набывалі ў сезон, калі асабліва хочацца піць. Але толькі тады, калі самі пачалі рабіць гэтыя віды соку, зразумелі, што смачнейшага за свае, здаецца, і не бывае…

бярозавы сок

У дарослым жыцці я таксама неаднаразова была на лесасеках. Апошні раз – год таму, з супрацоўнікамі Чэрвеньскага лясгаса. Цікава было паглядзець і паслухаць, як на тэрыторыі Натальеўскага лясніцтва збіраюць бярозавік у прамысловых маштабах. Між іншым, летась 4 красавіка, калі мы выправіліся ў вандроўку, яшчэ дзе-нідзе ў лесе ляжаў снег, а сок, у адрозненне ад гэтага года, толькі пачынаў свой імклівы бег. І натуральнай салодкасці ў ім яшчэ не было…

Але ж для мяне самы смачны бярозавік – гэта не той, што п’ецца, як вада. Не! Самы лепшы – трохі ўкісшы, які пастаяў дні тры. Ды не проста так, а з разынкамі. Раней адразу ж дадавалі яшчэ і цукар. Цяпер – мёд, і толькі непасрэдна перад ужываннем.

Ну такая смаката! А рэцэптаў ж процьма! І проста сок, і квас, і нават віно можна прыгатаваць. Пакрокавых парадаў у сеціве – мора! А калісьці ж пра іх распытваліся ў знаёмых ды вычытвалі ў кнігах. Зараз нашмат прасцей.

А тады, у перыяд росквіту гандлю сокам у крамах, і збіралі бярозавік на лесасеках па-іншаму. Пра тое добра памятае памочнік ляснічага Натальеўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса Уладзімір Губіч, для якога мінулы сезон стаў 37-ым па ліку.

« У 1980-х гадах такіх мяшкоў, як зараз, не было, – прыгадвае ён. – Рабілі запілы ў бярозе альбо свярдзёлкам адтуліны і пад латкі падстаўлялі вёдры. Звычайныя жалезныя – пластмасавых тады таксама не было ў шырокім ужытку. Сок злівалі ў 200-кілаграмовыя бочкі. Прыязджала машына, на кузаў лажылі пакаты і закочвалі па іх бочкі. Везлі на завод у Барысаў. А тады ж трэба іх разгружаць. Цяжэй фізічна было раней».

Ну, а звычайныя аматары бярозавіку могуць зараз проста заплаціць грошы і павезці дахаты каністры ды бутэлькі з прыродным напоем. Хтосьці будзе на соку худзець ды пазбаўляцца ад ацёкаў, хтосьці – лячыць язву ды гастрыт, прастуду, гіпертанію… Няхай усім ён ідзе толькі на карысць! І не забываемся падзякаваць бярозам, якія дзеляцца з намі гаючым напоем.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".