Дзве дзяўчынкі збіраліся ў летнік. Тры дні ўсё аніяк не маглі дамовіцца, каб не браць абедзьвум якія з агульных рэчаў. Калі заўсёды вясёлая Васілінка казала, што ўласна яна хацела б мець з сабою кніжку казак “Чароўныя словы”, Каця – наадварот, настойвала на адным: каб зусім не бачыць гэтых “надаедлівых” кніжак, бо, як казала: “Я ў школе штосьці чытала калі-нікалі і тое толькі ў сваім “крутым” айфоне. А ты мне на канікулах вочы псаваць прапануеш! У мяне – толькі адпачынак. І ўсё тут!”
Сказаўшы гэта, Каця хуценька сабрала ўсё што ей патрэбна, каб добра адпачыць і не забіваць сабе галаву рознымі глупствамі, якія для яе былі кніжкі.
Бацькі дзяўчынак адвезлі іх у летнік і строга-настрага сказалі, каб яны там не сварыліся і знайшлі паразуменне адна з адной.
— Жыццё доўгае, - казалі яны, - і невядома як яно можа скласціся для вас дваіх, таму не сварыцеся, а навучыцеся лепш дабрыні.
Васілінка маўчала, ведала, што дарэмна заклікаць яе сяброўку да прыстойнасці. І Каця, нібы пацвердзіла думкі Васіліны, прамовіла, што яе ўвогуле не цікавіць усё, што вакол яе.
Але тут пачуўся ўпэўнены голас сіненькіх кветак, што мкнуліся з вялікай травы і рознага смецця, што было вакол. Гэта былі Званочкі. Яны ўважліва слухалі размову дзяўчынак, маўчалі.
Але раптам адна з тых сіненькіх кветачак, якія так міла ўпрыгожвалі палянку, самая гаваркая, што пільна сачыла за “выбрыкамі” дзяўчынкі, ажно войкнула ад нясцерпнага болю. Завойкала - загаласіла ўся сінявокая чародка.
— Ой, ой! Што ж ты такая нязграбная! Трэба ж акуратна. У лесе таксама павінна быць цішыня.
— А якія праблемы? - казала Каця.
— Агульныя! Усіх і кожнага! – дружна адгукнулася сінявокая чародка.
— Дзяўчынка, здаецца цябе Кацяй зваць! – не сцерпілі старэйшыя. -Бачым, што ты такая бойкая і ўпэўненая дзяўчынка. І гэта добра. Але чаму ты не хочаш раздзяліць агульныя праблемы. Некалі і табе прыдуць на дапамогу, нават калі не будзе ш чакаць.
— А гэта яшчэ што такое? Хто тут прамяўкаў? – ухмылялася Каця. - Адняла сваю цацку ў ружовым футарале.
— Гэта мы – Званочкі, якія ты толькі што стаптала! – Ці ж можна так…
— Якія яшчэ такія “агульныя праблемы”? Я не з Бюро Добрых Паслуг, каб кожнаму ўлагодзіць! Я - самая галоўная ў атрадзе! І да мяне ўсе павінны прыслухоўвацца! Мне ўсё дазволена!
— Чаму гэта ўсё дазволена?
— Таму што! А вы ведаеце хто мой тата!? Ну ўсё, хопіць! А зараз я павінна адпачываць. У мяне канікулы! – нахабна выкрыкнула.
Нечакана хмары закрылі сонца. З поўначы наляцеў дужы вецер і неяк адразу лінуў моцны дождж. Усчалася такая залева, што нават бліскавіца і моцны пярун не супакоілі яго.
— Дзяўчынкі, бяжыце да нас! – клікалі маладыя Ялінкі.
— Каця, бяжым у схованку! Тут мае сяброўкі! – паклікала Кацю Васілінка.
Ялінкі і насамрэч былі яе сяброўкамі. Васілінка заўсёды, калі прыходзіла на гэты палянку наведвалася да Ялінак. Размаўляла з імі, здымала з галінак ігліцу пасля моцных вятроў. У сухое надвор’е нават ваду прыносіла, паіла сябровак, каб раслі дужымі і смелымі. Яе Дабрыня была бязмежнай. Хутка дзяўчынка стала падабацца ўсяму лясному багаццю – дрэвам, звярам, кветкам.
А тады, пад час моцнага дажджу, Васілінка ніяк не магла ўгаварыць сваю аднакласніцу схавацца пад тыя самыя Ялінкі.
— Я нічога не баюся! – горда адказвала Каця і прадаўжала кружыцца па палянцы.
— Ідзі да нас, дзяўчынка! – клікалі ўжо і Ялінкі.
Каця на гэты раз не адазвалася. Яе пагарда не дазваляла: яна смяялася і працягвала кружыцца.
Маладыя Ялінкі дзівіліся такім паводзінам непаслухмянай дзяўчынкі, разважалі, хінуліся ад шалёнага ветру долу, але трымаліся разам, затуліўшы сваімі гнуткімі і густымі галінкамі сваю даўнюю сяброўку Васілінку.
У адзін момант побач бліснула і зашыпела гадзюкай навальніца, і траскучы грукат пяруна расчапіў тоўстую бярозу. У вачах Васілінкі пацямнела, але зірнуўшы на сяброўку, якая была на ранейшым месцы ірванулася да яе. Следам кінуліся і шчырыя Ялінкі. Похапкам схапілі Кацю і прывялі пад дрэўцы. Ахінулі цёплымі сваімі галінкамі, сагрэлі. Нават вяртлявая Вавёрачка і тая, не пашкадавала свайго каўнерыка, якім ахінула Каціну шыю. Неспадзявана Каця заўсміхалася.
З-за хмар выглянула Сонейка, паклікаўшы да сябе рознакаляровую Вясёлку, якая тут жа апусціла адзін каромысел у рэчку, другі - некуды за лес. Вылезлі са сваіх гнёздаў звяры ды птушкі. Усё зарадавалася, заіскрылася, заспявала.
Заўсміхаліся і дзяўчынкі. Няўжо знікла Каціна Злосць? Усе здзівіліся, калі Каця не толькі ўсміхнулася. Ёй стала сорамна, бо і зараз камячыла ў руках цукерачную паперку, углядваючыся ў яе і час ад часу пазіраючы спадылба на Васілінку. Можа, хацела штосьці сказаць добрае, сяброўскае. Але яна маўчала. Улавіўшы гэты момант, Дабрыня сяброўкі першай зрабіла крок наперад - адказала сваёй прыязнай усмешкай. Ураз вочы Злюкі, заіскрыліся нечаканай радасцю. Яна пазірала на лес, кветкі і ўсміхалася шчырасцю кожнаму дрэўцу, кожнай галінцы і кветачцы. Нечакана апусціла вочы, ціха вымавіла:
— Вы такія добрыя!
Відаць, Званочкі чакалі іншага ад яе слова. Слова прабачэння і падзякі за спагаду. Але навошта тая ілжывая падзяка, калі ўхмылка яе перакрэсліла няшчырыя словы. Бо тут няма тых, хто працуе ў Бюро добрых паслуг. Добра, калі Званочкі памыляліся, бо самыя старэйшыя казалі: “Падзяка абавязкова павінна падмацоўвацца рэальнай справай. І прыклады – побач”.
Але ў голас не выказваліся. Штосьці стрымлівала іх. Калі маладыя кветачкі так і трымцелі, каб на іх звярнулі ўвагу, як на самастойных асоб, старэйшыя адразу ж засланялі.
Час ішоў. І вось аднойчы ў дзіцячым аздараўляльным лагеры разгарэлася нежартоўная спрэчка паміж Злосцю і Дабрынёй. А распачалося ўсё з таго, што Важаты аднаго з атрадаў папрасіў безадмоўную Васілінку, якая ўжо не першае лета тут бавіць свій вольны час, дапамагчы навічкам з выпускам насценнай газеты. Дзяўчынка з радасцю адгукнулася.
Каманда дружна папрацавала і ў выніку – першае месца. Радасці ў маланят не было межаў.
Па праўдзе знайшліся два жэўжыкі з паралельнага атрада і ўзнялі такі вэрхал. Нібыта іх газета не толькі не горшая, а нават лепшая. Ці мала што хтосьці прымаляваў іх Важатай чырвоны нос. Дык і што з таго? Гэта ж дзіцячая фантазія і творчасць, нарэшце!
Аднекуль прыляцела Злосць і распачала сваё нездавальненне выказваць:
— Лічу, што дапамагаць нельга нікому! – вызначыла Злосць. – Людзі не заслугоўваюць таго, каб ім дапамагалі, падтрымлівалі, бо ў іх Злосці больш, чым Дабрыні.
— Гэта няпраўда! – не саступала Дабрыня. І ўсім чынам мкнулася пераканаць Злосць у адваротным: добрых людзей нашмат больш, чым благіх.
— Вось ты, Дабрыня, заўсёды спяшаешся на дапамогу, а ці варта так старацца, калі людзі няўдзячны, жорсткія і вялікая сябелюбы, зайздросныя і злыя, - прамаўляла Злосць. – Вось ты тут кідаешся з кутка ў куток спяшаешся дапамагчы кожнаму, а хаця б адзін кінуўся табе на дапамогу? Зрабіў што-небудзь добрае?
Дабрыня ўсміхнулася і, з той жа прыязнай мімікай адказала:
— Я бачыла іх шчаслівыя вочы, у якіх была шчырая ўдзячнасць. І гэтага дастаткова.
— Дзіўная ты! Асабіста я цярпеце не магу тых хітруноў. І кожны раз радуюся, калі мне ўдаецца зрабіць ім якуюсь шкоду. Так ім і патрэбна!
— Паслухай, адказала Дабрыня. – Ці ж можна так адносіцца да людзей? Няхай, яны не заўсёды бывюць чулымі і спагадлівымі, але ў кожным жыве Дабрыня. Прыгледзься хаця б да нашага Важатага: ні на крок не адыходзіць ад сваіх выхаванцаў. Стараецца кожнаму дапамагчы, дагадзіць. А навошта?
— А як іначай? Вось ты ўчора з якой такой прычыны падфуболіла мяч прама ў рэчку, калі юныя валейбалісты ўсяго што прасілі ў цябе падкінуць? Табе што, палягчэла ад таго, што хлопчык кінуўся за тым мячыкам ў бягучую плынь?
— А што, гэта загартоўвае характар!
— А тое, што гэта безадказна і сорамна ты не разумееш? Хаця, з кім я спрачаюся, - казала Дабрыня. – Давай лепей пройдземся па лагеры і правядзем такую апытанку. На чыім баку будзе больш людзей, той і будзе галоўным у лагеры, у школе – паўсюль..
— А, давай!
— Эх, Злосць, бачу такая самаўпэўненая! А нічога, што загадзя камізэльаку папраўляеш? Няма ў цябе аніякай надзеі на свята. Глядзі, каб не давялося развітвацца. Назаўжды!
Дабрыня была ўпэўнена, што на яе баку будзе значна болей харошых людзей, таму адразу прыняла ўмовы спрэчкі. Гэта быў адзін з выдатных шансаў пазбавіцца ад Злосці,
— Гэта мы яшчэ паглядзім! – казала з усмешкай Злосць.
І вось пайшлі яны падарожнічаць. Першай сустрэлася лагерная Паварыха цётка Клава. Спынілі яе Дабрыня і Злосць і спыталі:
— Прабачце, калі ласка, але як вы лічыце, чаго на свеце больш - дабрыні ці злосці?
— Мае вы дзеці! Нялёгкае ў мяне было дзяцінства, ды й юнацтва не шакаладнае, але заўжды на маім шляху сустракаліся добрыя людзі. Рана засталася сіратою, як памерла мама. Мяне ў сваю сям’ю ўзялі добрыя людзі. Выгадавалі, выўчылі. Маю сваю цудоўную сям’ю: трое дзетак-школьнікаў і прыстойнага мужа. Ён у мяне спраўны будаўнік. І вось я зараз стаю перад вамі. А злосці я ніколі ў сваім жыцці не сустракала. Далей самі мяркуйце: чаго ў жыціі болей.
Зірнула Злосць на Дабрыню воўчым позіркам. Апусціла долу вочы, засумавала.
І пайшлі яны далей. Нядоўга прышлося шукаць сталага чалавека, бо насустрач ім крочыў самы старэйшы хто быў у летніку, столяр, а па сумяшчальніцтве дворнік Платонавіч.
— Выбачайце, Платонавіч, але мы вас ўсяго толькі калі на пару хвілінак затрымаем, вы не супраць, - пачала Дабрыня.
— Калі ласка! А што здарылася? Ці не мэблю зламалі?
— Ды не! Пакуль ўсё ў парадку. Мы ўсяго толькі хацелі б спытаць: чаго ў вашым жыцці сустракалася болей – дабрыні ці злосці ад людзей?
— Мае вы дарагія, я аб’ехаў як не ўсю некалі вялікую савецкую краіну. Быў на Крайняй Поўначы, у Сібіры і на Далёкім Ўсходзе і паўсюль мне лёс падстаўляў надзейнае людское плячо. Не аднойчы быў “на валаску” ад смерці, але моцная сяброўская дружба выратавала. Нават у адкрытым моры прыходзілася купацца, калі ў Саргасавым моры падняўся жахлівы, больш за дзесяць балаў, шторм. І ўсю каманду павыкідваў, і карабель наш разбіў. Але мы трымаліся разам, і ўсе да аднаго засталіся ў жывых.
— Як гэта ў такіх абставіна трымацца разам?
— Вось іменна асабліва ў крытычных жыццёвых абставінах трэба падтрымліваць адно аднаго! Дужэйшыя і спрытнейшыя падхоплівалі старэйшых і слабейшых. На сабе ці не дзён пяць валачылі. І нічога. Дык што было дзяліць ці чаму зайздросціць?І як і не давяраць сябру?
— Можа, і дагэтуль з кім маеце сувязь?
— А як жа! Тыдні са тры як боцман Андрэй Міхалыч даслаў ліст. Усё ў яго жыцці цудоўна скалалася. Адных унукаў сямёра. І ўсе маракі. Часта ўспамінае наш паход…
— Няхай, пакуль твая ўзяла, але вунь яшчэ адзін рэспандэнт. Побач з летнікам – шаша, па якой неяк няправільна едзе аўтамабіль.
— Прабачце, але я вам нічым не дапамагу, - адкрыўшы фортку, высунуўся кіроўца. – Бачыце, тузаецца, нібы наравісты конь. Паліва на нулі…
— Мы зусім па іншай справе. Скажыце, а хто вам такую падлянку падкінуў: аўтамабіль, здаецца, новы, а язда ў яго рваная. Назавіце гэтага шкодніка, хто так пажартаваў? Ці не пяску ў бензабак хто насыпаў?
Вадзіцель засмяяўся, ветліва адказаў:
— Ды ніхто мне не шкодзіў, акрамя мяне самога!
— Як так?
— Вельмі проста: паліва зліў у сваю газонакакасілку. Ды перабаршчыў, амаль увесь выцадзіў. Ведаеце, калі добра, хочацца, каб яшчэ лепей. Думаў, што хопіць на дзень, а тут канфуз атрымаўся.Толькі нікому! Дамовіліся?
— Адказвай, да цябе звяртаюцца! – Дабрыня далікатна звярнулася да сваёй апаненткі.
— Ды рухайся ўжо! Называецца выручыў, злодзей, - прамармытала незадаволеая Злосць.
— Каб ты не дужа сумавала давай шчэ з кім пагутарым, - прапанавала Дабрыня. – Так бы мовіць, для чысціні эксперыменту.
— Ну, давай, - нехаця прамямліла Злосць – І як першым сустрэўся шыкоўны чорнага колеру легкавік Злосць першай нахілілася як не да капота аўто.
— Што патрэбна, валацуга?
Злосць ужо пачынала шкрабаць па машыне.
— Прабачце, - пачала Дабрыня. – Бачу, мусіць у вас праблемы? Вы такі раздражнёны. Толькі адно пытанне, калі ласка. Толькі адно!
— Што ў вас? Але памятайце: у мяне дужа сур’ёзны бізнес і кожная хвіліна на ўліку. Кручуся дзень ды ноч! Свету белага не бачу! А на халеры мне гэта? На адпачынак і ўласныя радасці няма і хвіліны.
— І хто ў тым вінаваты?
— Хто-хто? Сам, канешне! Захацеў улады і вялікіх грошай…
Дабрыня падзякавала Бізнесмена, які сам раскрыўся без дадатковага пытання. Хацела пагутарыць з галоўным сваім, заўжды злым і незадаволеным апанентам Злосцю. Але наўкола нікога не было.
Раптам да яе падыйшла Каця і тактоўна папрасіла кнігу “Чароўныя словы”.
— Вельмі захацелася пачытаць! – сказала яна.
Зусім побач пачулася вясёлая гутарка блакітных Званочкаў.
Васілінка, пачуўшы радасную гутарку, вызваленых з палону смецця кветак, таксама зарадавалася.
— Калі ласка! – адказала Васілінка. – Можаш не спяшацца з вяртаннем кнігі. Чытай уважліва!
З гэтай хвіліны ва ўсім дзіцячым летніку валадарыла Дабрыня.
Як думаеш, мой дарагі чытач, ці можна на Злосць адказваць злосцю? Ад чаго жыццё на планеце Зямля можа змяніцца да лепшага?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by