30.07.2023
30.07.2023

Як былі ўладкаваныя беларускія лякарні Сярэднявечча?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Як былі ўладкаваныя беларускія лякарні Сярэднявечча, як царква стварыла, а потым страціла іх, і як працавалі лякарні без дактароў?

“…у шпіталь павінен кожны быць прыняты…”

Апроч мноства войнаў, якія прайшлі па беларускіх землях у Сярэднявеччы, насельніцтва беларускіх гарадоў і населеных пунктаў часта пераследвалі эпідэміі «маравой язвы», халеры ды іншыя захворванні. Таксама на беларускіх землях шырока былі распаўсюджаны сухоты, цынга, каўтун, рахіт, хваробы сэрца, органаў дыхання і стрававання, псіхічныя захворванні. Пільная патрэба параненых і хворых воінаў, а таксама мясцовага насельніцтва ў атрыманні медыцынскай дапамогі сфармавала грамадскую сістэму надання медыцынскай дапамогі ўсім, каму яна патрэбная.

Узнікненне зародкаў сістэмы аховы здароўя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі датуецца пачаткам эпохі феадалізму. Першая грамадская сістэма меддапамогі грунтавалася на міласэрнасці і дабрачыннасці, ажыццяўлялася духавенствам пры цэрквах і манастырах. Манахі вывучалі лекавыя сродкі і спосабы іх ужывання. У фундушавым запісе на шпіталь міласэрнасці ў Брэсце, датаваным 1624 годам, гаварылася, што «…у шпіталь павінен кожны быць прыняты, як з народу дваранскага, як і ўсякага стану мужчынскага і жаночага полу».

У 14–15 стагоддзях для аказання стацыянарнай медычнай дапамогі ствараюцца прытулкі для хворых ды параненых, і называюцца яны “шпіталі” (ад лац. hospitalis, гасцінны). Шпіталі з’яўляюцца практычна адначасова ў Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У ВКЛ шпіталі былі ўстановамі для апекі над старымі, бяздомнымі, беднымі і хворымі. Шпітальная справа імкліва развівалася ў 16-м стагоддзі.

Шпіталі засноўвалі каталіцкія, уніяцкія, праваслаўныя брацтвы, пратэстантскія суполкі, кагалы, храмы і манастыры, гарадскія магістраты, рамесныя цэхі і асобныя феадалы. Прыём у шпіталі залежаў ад волі заснавальнікаў. У гарадах пра кожнага новага ўбогага шпітальны стараста паведамляў у магістрат. Члены магістрата аглядалі прэтэндэнта і калі ён не меў заразных захворванняў, то дазвалялі прыняць яго ў шпіталь. Ва Уставах гаварылася, што хворыя і старыя могуць жыць у іх да самай смерці.

Шпіталь пры кляштары

Шпіталь пры кляштары.

Шпіталі былі ўстановамі з функцыямі догляду і лячэння тых асоб, якія страцілі здароўе. У іх разам з адпраўленнем рэлігійных абрадаў праводзілася лячэнне як мясцовага насельніцтва, так і воінскіх асоб. На першую пару свайго існавання шпіталі выконвалі пераважна функцыю догляду. Лячэбная дапамога ў іх была другаснай. Ёю займаліся падрыхтаваныя для лячэння асобы духоўнага звання, найбольш дасведчаныя людзі з ліку пацыентаў, запрошаныя звонку лекары-эмпірыкі ці дактары медыцыны. Для ўсебаковага забеспячэння дзейнасці шпіталяў ім перадаваліся землі, вёскі, пякарні, якія вызваляліся ад падаткаў.

Многія багатыя людзі па тастаментах пакідалі маёмасць і грошы шпіталям. Заможныя сяляне абавязаны былі пастаўляць ім прадукты, адзенне, абутак, дровы, рамантаваць будынкі, апрацоўваць агароды. Калі сродкаў не ставала, каля ўваходу прымацоўвалі скрыні для ахвяраванняў. Шпіталі кантралявала паліцыя Вялікага княства Літоўскага.

Апроч таго, па каралеўскіх прывілеях і пастановах магістратаў, шпіталі атрымлівалі даходы з лазняў, піваварства, мёдаварэння, пошлін за праезд і да т.п. Згодна з законам ад 1655 года, шпіталі вызваляліся ад падаткаў. Напрыклад, у даравальнай грамаце магілёўскім праваслаўным мяшчанам на ўстанову царкоўнага брацтва дазваляўся двухразовы на працягу года збор сродкаў на шпіталь.

Даход ад продажу мёду – на шпіталі

Шпіталь уяўляў сабой невялікі дом, разлічаны на размяшчэнне ад двух да трыццаці чалавек. У невялікіх шпіталях жылі па 3–8 чалавек, у вялікіх – больш за 20. Насельнікі са свайго асяродку выбіралі аднаго ці некалькіх старэйшых, якія давалі справаздачу апекунам шпіталя. Шпіталь буйных беларускіх праваслаўных брацтваў складаўся з 3 аддзяленняў: гасцініцы, аддзялення для жабракоў, калек і сірот і дома для састарэлых. Функцыі дома для састарэлых часта выконвалі брацкія манастыры.

Упершыню на тэрыторыі цяперашняй Беларусі згадваецца брэсцкі шпіталь ў адным з распараджэнняў вялікага князя літоўскага Аляксандра, якое датуецца 1495 годам. З дакумента вынікае, што шпіталь існаваў у Брэсце і раней, але паколькі ёсць дата, то ад яе і варта весці адлік.

У канцы 15 стагоддзя ў Брэсце былі два царкоўныя шпіталі, якія ўтрымліваліся коштам заможных месцічаў. Пра гэта красамоўна сведчыць дакумент аб заснаванні 5 ліпеня 1624 года шпіталя Божай Міласэрнасці. Афіцыйны запіс у гарадскіх кнігах абвяшчае: «Мы, улады горада, пачытаўшы зварот і добра зразумеўшы яго, у кнігу гродскую Брэста зрабілі даслоўны запіс: Мы вырашылі разам на дапамогу ўбогім братам нашым, што б быў пабудаваны шпіталь Божай Міласэрнасці, а знаходжанне і лячэнне ўбогіх праводзілася за нашы грошы. Вырашылі, каб заўсёды ім забеспячэнне каля прыходу было. Кожны жадаючы можа прыбываць у шпіталі, як з багатых, так і з бедных, незалежна ад полу».

У 16 стагоддзі шпіталі існавалі ў Зэльве, Мінску, Мазыры, Паставах, Камянцы, Пінску, Полацку, Віцебску, Пружанах, Бабынічах, а ў Гродна ажно тры такія ўстановы. У 17 стагоддзі ўніяцкая царква заснавала шпіталі ў Быцені, Рагачове, Бабруйску і іншых месцах. У вялікіх гарадах дзейнічалі ад 3 да 8 шпіталяў. У канцы 17 стагоддзя ў Шклове было 4 шпіталі, і ў іх вялі нават медыцынскія карткі. У Магілёве ў 1702 годзе іх было 13. У гэтыя ж гады каля Шчучына адна землеўласніца пабудавала дом для суполкі сясцёр міласернасці. У ім быў шпіталь на некалькі ложкаў і прыёмны пакой для агляду хворых.

На працягу 16 стагоддзя даволі часта з’яўляліся так званыя “брацкія шпіталі”, якія ўтрымліваліся коштам розных брацтваў. Адкрываюцца брацкія шпіталі ў Полацку (1638), Оршы (1648), Мінску, Слуцку, Пінску і інш.

Мінскім мяшчанам у грамаце, выдадзенай 11 верасня 1592 года, дазвалялася заснаваць «брацтва царкоўнае саборнае, шпітальнае», а апошняму мець «шпіталь места Меньского, в котором бы людзі в хоробах уломные, беспечные і спокойные мешканье меті моглі, дозору і опатренія которого не мает і в великом недостатку есть». Утрымальнікі шпіталя абавязваліся «об людях убогіх і хворых пільное стараніе меті теплом выжівеньем і всякім опатреньем, мілосерднымі і побожнымі ученикамі, ведлуг переможенья своего, своім властным грошом і працаю своею чініті мають».

Адно з магілёўскіх брацтваў паводле свайго статуту пастанавіла даваць “даткі” шпіталям два разы ў год – на Каляды і на Вялікдзень. У канцы 16 стагоддзя магілёўскае Кушнерскае брацтва ў сваім агульным доме нават мела спецыяльныя сходкі для абмеркавання “спраў шпітальных”. Даход ад продажу мёду ў часе брацкіх святаў паступаў на міласэрныя ўнёскі да шпіталяў. У 1702 годзе бурмістр Магілёва Гутаровіч падараваў брацкім шпіталям па пяць тысяч злотых з тым, каб працэнты з гэтага капіталу ішлі на куплю кажухоў і палатна для кашуль убогім. Акрамя таго ён яшчэ назначыў дзве тысячы злотых на труны.

У 17 стагоддзі шпіталі пераважна функцыянавалі пры касцёлах: у населеных пунктах Зэльва, Ліда, Шарэшаў, Бераставіца, Жалудок, Ельня, Смаргонь, Нясвіж, Жыровіцы, Іўе і інш. Шпіталі былі ў езуітаў, кармелітаў, аўгустынцаў, баніфратаў і другіх рэлігійных брацтваў. Шпіталі ў Лідзе і Асвеі належалі сёстрам міласэрнасці (шарыткам).

Шпіталь ў эпоху Сярэднявечча.

Шпіталь ў эпоху Сярэднявечча.

У Парыжы – на саломе, а ў нас – на ложках!

Першакласным для свайго часу быў шпіталь на 60 ложкаў пры Гродзенскай медыцынскай школе ў 1775 – 1781 гадах. Там у кожнага хворага меўся свой ложак. А ў той перыяд нават у цэнтральнай лякарні Парыжа «Гатэль Д’е» хворыя ляжалі на падлозе на саломе ці ў лепшым выпадку мясціліся па тры чалавекі на адным ложку ў велізарных залах. Палаты ў гродненскім шпіталі былі разлічаныя кожная на некалькі ложкаў, іх памяшканні часта праветрывалі.

Па няпоўных дадзеных, усяго на тэрыторыі Беларусі напрыканцы 18 стагоддзя было больш за 370 шпіталёў. У іх размяшчалася 2 918 чалавек.

З уваходам беларускіх зямель пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі богаўгодныя ўстановы паступова пераходзілі пад ведамства Прыказу грамадзянскай апекі і пачалі называцца багадзельнямі. Сярод архіўных матэрыялаў сустракаюцца апісанні такіх устаноў. Напрыклад, у г. Дуброўна ў 1832 годзе гэта быў вялікі новы драўляны дом на высокім каменным падмурку. У г. Горкі ў гэты ж час у драўляным доме багадзельні падлога была земляная, а столь з добрых дошак, лаўкі прысценныя, печ простая, выведзеная комінам праз дах. На сценах віселі абразы. У горкаўскай багадзельні з 1818 года пражывала сялянка Арына Мішына (59 год) і з 1821 года дваранка Апалонія Жарынава (65 год).

Багадзельня або Дом састарэлых.

Багадзельня або Дом састарэлых.

Багадзельні засноўвалі і прыватныя асобы. У 1888 годзе па ініцыятыве памешчыка Я. Наркевіча-Ёдкі ішоў збор грошай на адкрыццё багадзельні ў мястэчку Пясочна на беразе Нёмана (цяпер – тэрыторыя Капыльскага раёна). Сам памешчык вылучыў пляц, унёс 70 рублёў, пастаўляў дровы на пастаяннае ацяпленне і прадукты.

Багадзельня

Багадзельня.

З канцы 18 стагоддзя сталі з’яўляцца лазарэты і шпіталі ў сучасным разуменні для параненых воінаў. Для лазарэтаў узводзілі разнастайныя пабудовы, праектаваліся новыя будынкі. Першы такі шпіталь адкрылі ў 1817 годзе ў мястэчку Пячэрск каля Магілёва. Паміж яго заднім фасадам і ракой Дубровенкай быў высаджаны сад. Потым узвялі яшчэ адзін шпіталь каля Быхаўскай заставы. Вялікія шпіталі будавалі па індывідуальных, а невялікія (на 120 і менш чалавек) – звычайна па тыпавых праектах.

Такім чынам, першыя шпіталі, якія ўзніклі як установы са змяшанымі задачамі, у далейшым зведалі значныя змены. Адны з іх ператварыліся ў прытулкі, іншыя захавалі функцыі прытулку і лазарэта або шпіталя ў цяперашнім разуменні гэтага слова, трэція ў далейшым сталі бальніцамі.

https://bel.24health.by/mashyna-chasu-xto-yany-xirurgi-syarednyavechnaj-belarusi/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама