Магу пайсці ў заклад: кожны зараз падумаў пра рознае! Хтосьці – «І хлопцаў радасны народ канькамі звонка рэжа лёд», у сэнсе – пра каток. Хтосьці ўявіў, як кубікі лёду ціхенька звіняць у шклянцы з алкагольным напоем (толькі не захапляемся, так?!). Іншыя, магчыма, прыгадалі велічную лядовую казку, якую ў некаторых гарадах стварылі таленавітыя творцы. Альбо лёд пад нагамі – такі небяспечны зараз...
Ну, а я – сапраўды пра ледзяныя кубікі, толькі карысныя для твару. Пра крыямасаж. Таму больш усё ж – да спадарынь, чым да спадароў. Хаця... І нават не пра наведванне салона прыгажосці! Пра, так бы мовіць, хатні ледзяны масаж. Бо прыгатаваць карысны лёд дома пры наяўнасці лядоўні – не проста, а вельмі проста!
Безумоўна, асабліва прыемна асвяжыць твар гарачым летнім дзяньком. Але паколькі да любімай многімі пяшчотнай пары года яшчэ так далёка... Загартаваныя гэтымі маразамі, мы не пабаімся лёду ў доме і ўзімку, праўда?! Толькі, зразумела ж, калі няма таму супрацьпаказанняў.
Калі вы добра пераносіце такую працэдуру, дык смела можаце гатаваць кубікі (ці абраць якую іншую форму) з мінеральнай вады, адвараў карысных траў і нават... лёд з мёдам і аліўкавым алеем! Рэцэптаў у сеціве можна зараз знайсці мора! І падабраць для свайго тыпу скуры і па свайму густу. А калі ўсё пойдзе, як належыць, скура абавязкова скажа вам «дзякуй» за клопат. А кашалёк – за эканомію сродкаў на салон прыгажосці!
Асабіста мне вельмі падабаецца лёд з травамі. Ён так завабліва пахне, што хочацца яго ўкусіць! І замарожаная мінеральная вада таксама прыйшлася даспадобы. А формачкі для лёду ў мяне авальныя, з адмысловымі накрыўкамі-трымальнікамі. Вельмі зручна!
Што ж датычыцца лёду іншага – катка, дык ён жа таксама мае дачыненне да тэмы здароўя, ці не так?! Хто ўжо сёлета асвоіўся на ім і на каньках пачуваецца, як у тапачках?! Дзяліцеся ўражаннямі!
Бо мне ўсё роўна пакуль і хочацца, і колецца. Спыняе адсутнасць на чэрвеньскім катку борцікаў. А ў нашым дзяцінстве, калі залівалі каткі на тэрыторыі школьных стадыёнаў, абавязковай умовай былі хакейныя каробкі. І на іх борціках так зручна было вісець, пакуль стомленыя ногі не адкажуць гатоўнасцю да далейшага катання...
А вось для маёй аднакласніцы і цёзкі, якая даўно ўжо жыве ў Мінску, гэта не сталася перашкодай. Толькі прыехала да родзічаў у Чэрвень – і практычна адразу ж на каток! Мяне таксама запрашала... Толькі я пакуль не рызыкнула... Усё ж не адзін дзясятак гадоў прайшоў з тае пары, як я ў апошні раз стаяла на каньках...
Так што лёд сапраўды з усіх бакоў заваблівая штука. А дзе лёд – там і снег. Вось толькі прачытала пра яшчэ адзін від загартоўкі – прагулкі па ім... басанож. Задумалася... Аўтар артыкула сцвярджае, што яны дапамагаюць умацаваць імунітэт, знізіць рызыку прастудных захворванняў, павысіць супраціўляльнасць арганізма да холаду.
Оо-о-о-о, здаецца, адны выгоды! І парады добрыя: пачынаць з некалькіх крокаў у дзень, тэмпература паветра падыходзячая – ад нуля да мінус дзесяці градусаў марозу, снег павінен быць не заледзянелым... Вам падабаецца ідэя?! Мне таксама. Але... Вось і лыжка дзёгцю! Займацца гэтым трэба... будучы абсалютна здаровым. Я, на жаль, міма снегу... басанож... А вы?!
Пацыенты з рызыкай развіцця сіндрому дыябетычнай ступні нярэдка пакутуюць паніжанай адчувальнасцю ніжніх канечнасцяў. З-за гэтага яны часта не могуць своечасова зрэагаваць на атрыманую траўму. А такая сітуацыя можа прывесці да самых цяжкіх наступстваў. Менавіта таму пацыентам з сіндромам дыябетычнай ступні неабходны дбайны штодзённы догляд ног. Калі ж траўма ўсё-такі здарылася, важна ведаць, як і чым апрацаваць рану.
Аб правілах догляду ног у хатніх умовах, а таксама аб тым, што павінна быць у аптэчцы ў пацыентаў з цукровым дыябетам і сіндромам дыябетычнай ступні, журналісту Слушна распавяла загадчыца кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.
Правіла № 1. Кожны дзень трэба старанна аглядаць свае ногі. Калі ў сілу якіх-небудзь прычын не атрымліваецца зрабіць гэта самастойна, папрасіце сваіх блізкіх.
Увагу трэба звярнуць не толькі на ступні, але і міжпальцавыя прамежкі.
Насцярожыць вас павінны любыя змены: урослыя пазногці або іх пацямненне, патаўшчэнне ногцевай пласціны (можа сведчыць аб наяўнасці грыбковай інфекцыі), парэзы скуры, мазалі і натоптышы.
Правіла № 2. Пасля агляду ногі неабходна вымыць цёплай (не гарачай!) вадой са звычайным мылам.
Правіла № 3. Пасля мыцця ногі варта добра выцерці мяккім ручніком, не забываючы пры гэтым пра міжпальцавыя прамежкі.
Правіла № 4. Неабходна змазаць ногі крэмам. Рэкамендуецца выкарыстоўваць менавіта крэм для ног, а не дзіцячы або пратэрмінаваны крэм для твару, чым грашаць многія пацыенты. Выбіраючы крэм, трэба арыентавацца на скуру: чым яна сушэйшая, тым большы працэнт мачавіны павінен утрымліваць касметычны сродак. Як правіла, у складзе такіх крэмаў змяшчаецца 5, 10, 15 і 18% мачавіны (карбаміду).
— Як ні банальна гучыць, самая галоўная ўмова выкарыстання такога крэму – мазаць! Многія з пацыентаў набываюць добрую якасную касметыку, але, на жаль, ёй не карыстаюцца. А патрэбна рэгулярнасць. Крэм можна выкарыстоўваць як увечары, так і два разы на дзень – раніцай і ўвечары.
Правіла № 5. Штодня змяняць шкарпэткі. Яны могуць быць як баваўняныя, так і змяшанай тэкстуры. Галоўнае, каб шкарпэткі былі цэлымі, не цыраванымі. Наяўнасць такіх «рубцоў» на тканіне з нітак – дадатковая рызыка траўміравання ступні.
У прыватнасці, забаронены ўсе гарачыя працэдуры, а таксама маніпуляцыі з выкарыстаннем вострых прадметаў і тых, якія значна павышаюць верагоднасць траўмаў (напрыклад, масажных дыванкоў).
Пад забаронай таксама парафінавыя, азакерытавыя і гарачыя гразевыя ванны для ног.
— Фізіяпрацэдуры з выкарыстаннем магніта, лазера, ультрагуку, а таксама разнастайныя агульныя абгортванні, ванны з масажам цалкам падыходзяць пацыентам з цукровым дыябетам і рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні. Аднак варта памятаць, што пры наяўнасці на ступнях і пальцах якіх-небудзь ран і пашкоджанняў любыя водныя працэдуры варта абмежаваць. Пацярпелая ступня можа быць прамыта толькі слабым растворам антысептыку – марганцоўкі, фурацыліну, хлоргексідынам.
Немалаважнае значэнне мае ўменне аказаць сабе дапамогу, калі параніліся, стукнуліся ці няўдала зрэзалі пазногаць.
Рану варта прамыць хлоргексідынам. Калі дома няма ніякага воднага антысептыку– пашкоджанне можна апрацаваць вадой з мылам, а затым спаласнуць гатаванай вадой.
Затым варта закрыць рану сурвэткай, змочанай у растворы хлоргексідыну.
Падыдзе таксама слабы раствор марганцоўкі або фурацыліну.
Не завязвайце вузлоў! Павязка замацоўваецца кавалачкам пластыру, павінна быць тонкай і гладкай.
Павязку варта змяняць штодня. Пры гэтым, калі рана не загойваецца на працягу тыдня ці яе стан змяніўся да горшага, не варта марудзіць, трэба звярнуцца па дапамогу да ўрача.
Слушна сумесна з інфармацыйным парталам Здаровыя людзі правялі марафон па фарміраванні звычак, карысных для здароўя, «21 дзень да здаровага сэрца».
Што мы рабілі:
Падводзячы вынікі, хочацца зрабіць выснову аб эфектыўнасці ўдзелу ў марафоне. Хаця як ацаніць эфектыўнасць таго, што маладая мама знайшла магчымасць вышываць, ці якой статыстыкай вымераць радасць ад таго, што сумнае «трэба рухацца больш» ператварылася ў займальнае «назбірай свае 12 000 крокаў любым даступным спосабам»? Для таго, каб звычка прывілася надоўга, ад яе трэба атрымліваць задавальненне, інакш не працуе.
Да заканчэння марафону:
Для паловы ўдзельнікаў (52,9%) найбольш каштоўным на шляху да дасягнення сваіх мэтаў была якраз групавая праца на шляху да захавання свайго здароўя. Для астатняй паловы было важна атрымліваць пэўную медыцынскую інфармацыю пра здароўе і фактары, якія ўплываюць на яго негатыўна, а таксама падтрымліваючыя каментары куратара.
Усе гэтыя складнікі і жаданне ўдзельнікаў прывялі нас да выніку. Набыццё і замацаванне ў паўсядзённым жыцці той самай важнай звычкі, якую ўдзельнікі хацелі ўкараніць, яны ў сярэднім ацанілі на 7,6 балаў па шкале ад 1 (ніяк не ўбудавалася, чужая майму ладу жыцця) да 10 (штодня я з задавальненнем надаю ўвагу сваёй новай звычцы). Многа гэта ці мала – кожны вырашае сам. Складана пераводзіць усвядомленасць у сваіх паводзінах, радасць ад стасункаў, задавальненне ад клопату пра сваё цела і здароўе ў лічбы.
Ці камяком гэты першы блін? Адназначна не! Ці былі ў ім недахопы? Так. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Але гэты бясцэнны вопыт мы ўлічым у будучым.
У Беларусі дзейнічае прэзумпцыя згоды на адабранне органаў памерлага. Гэта значыць, што ў выпадку раптоўнай смерці чалавека яго органы па ўмаўчанні могуць быць узятыя для перасадкі пацыентам, якія маюць у іх патрэбу.
Калі ж хтосьці не хоча быць пасмяротным донарам, неабходна загадзя пісаць заяву. Дадзенае волевыяўленне трапляе ў Адзіны рэгістр трансплантацыі і гарантуе чалавеку «недатыкальнасць цела». Але хутка гэты парадак будзе зменены.
У кастрычніку 2018 года ў першым чытанні быў прыняты законапраект «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека». Ён прадугледжвае магчымасць адклікаць пісьмовую заяву аб нязгодзе на забор органаў для трансплантацыі пасля смерці і вызначае, хто можа гэта зрабіць.
Што гэта значыць і чым выклікана дадзенае змяненне, журналісту «Слушна» пракаментавала член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Астапюк.
Практыка прымянення Закона «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» паказала, што часам грамадзяне, якія раней напісалі заяву аб нязгодзе на забор органаў для трансплантацыі пасля смерці, мяняюць сваё меркаванне і хочуць адклікаць названую заяву. Магчыма, хтосьці трапіў у бальніцу, убачыў іншых людзей, якія пакутуюць, штосьці пераасэнсаваў і вырашыў быць донарам. Аднак законам такая магчымасць не была прадугледжана. Таму законапраект утрымлівае наступнае змяненне. Згодна з ім грамадзянін можа звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства або любую іншую дзяржарганізацыю аховы здароўя, дзе яму аказваецца дапамога, з пісьмовай заявай аб адклiканнi сваёй ранейшай заявы аб нязгодзе быць пасмяротным донарам. Такое права таксама атрымліваюць грамадзяне, якія сталі паўналетнімі, за якіх заяву аб нязгодзе на забор органаў раней пісалі іх бацькі. І людзі, якія раней былі не здольныя па стану здароўя да прыняцця ўсвядомленага рашэння, у дачыненні да якіх дадзеную заяву прадстаўлялі іх муж ці жонка і блізкія родзічы. Напрыклад, калі чалавек знаходзіўся ў коме і родныя пісалі за яго адмову на адабранне органаў у выпадку смерці, дык ён, выйшаўшы з гэтага стану, можа адклікаць дадзеную заяву.
Як патлумачыла Алена Астапюк, дадзены законапраект не выносіўся на грамадскае абмеркаванне, паколькі ў ім няма прынцыповых зменаў, а занесены толькі карэкціроўкі з улікам практыкі прымянення.
У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прадугледжаны артыкул за прымус да дачы органаў або тканак для трансплантацыі.
У апошнія гады ў сярэднім у краіне выконваецца каля 500 аперацый па трансплантацыі органаў.
Каталіцкая і Праваслаўная Цэрквы падтрымліваюць ахвяраванне сваіх органаў з мэтай дапамогі іншым, але пры ўмове, што ахвяра добраахвотная і свядомая.
Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі з году ў год стабільна павялічваецца на 6 месяцаў. Гэты факт аднадушна канстатуюць сацыёлагі, дэмографы і ўрачы. Аднак да нядаўняга часу пытанне аб доўгажыхарстве разглядалася з пазіцыі «ніякага роду». Калі прыйшоў час разабрацца ў дэталях, аказалася, што станоўчую дынаміку ў асноўным забяспечваюць жанчыны. У параўнанні з мужчынамі яны жывуць на 10 з лішнім гадоў даўжэй. І разрыў з кожным годам павялічваецца. Такой засмучальнай розніцы паміж працягласцю жыцця мужчын і жанчын больш няма ні ў адной еўрапейскай краіне.
Гэта, на жаль, сапраўды так. Як паказваюць статыстычныя дадзеныя, да 45-гадовага ўзросту колькасны баланс паміж мужчынамі і жанчынамі цалкам выконваецца, часам нават з мінімальнай перавагай у бок моцнага полу. А вось пасля 45 гадоў мужчыны губляюць хісткую перавагу, іх колькасць пачынае скарачацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Самым уразлівым перыядам, калі мужчыны літаральна сыходзяць адзін за адным, лічыцца ўзрост ад 45 да 60 гадоў. Да ўсеагульнага няшчасця, гэта не метафара, а трагічная рэчаіснасць. Яна знаходзіць адлюстраванне не толькі ў дэмаграфічных паказчыках, але і ва ўсіх сферах рэальнага жыцця: сацыяльнай, эканамічнай, грамадскай.
Што такое ўзрост 45-60 гадоў для мужчыны? Росквіт сіл. Пік працаздольнасці.
З іншага боку, як адзначаюць спецыялісты, у гэты перыяд дае аб сабе ведаць назапашаная стомленасць, знікае цікавасць у пастаноўцы новых мэтаў і матывацыя іх дасягаць. Менавіта ў гэты перыяд мужчынская смяротнасць дасягае свайго піку.
Відавочна, што з такой сітуацыяй мірыцца катэгарычна нельга. У дзяржаўнай праграме «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады» ўвага да здароўя і актыўнага даўгалецця беларускіх мужчын вынесена ў адзін з прыярытэтных напрамкаў.
Акрамя таго, у краіне рэалізуецца шэраг міжнародных грамадскіх праграм, накіраваных на захаванне мужчынскага здароўя і актыўнага даўгалецця. Адна з іх – ініцыятыва «Самы час». Гэта частка праекту «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД), які рэалізуецца пры падтрымцы ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
Каб паўплываць на сітуацыю і пераламаць цяперашняе бязрадаснае становішча спраў, відавочна, трэба ведаць прычыны, якія да яе вядуць. З гэтай мэтай была праведзена фокус-групавая дыскусія сярод мужчын сталічнага рэгіёну ва ўзросце 45 гадоў і старэйшых.
Многія рэспандэнты адзначылі таксама адсутнасць жадання развівацца далей, у тым ліку за кошт самаадукацыі, затое прызналі імкненне да спакою і стомленасць ад пастаяннага пачуцця павіннасці («мужчына заўсёды ўсім павінен»).
Калі паглядзець на крытычны ўзрост з медыцынскага пункту гледжання, дык асноўнымі прычынамі мужчынскай смяротнасці ў працаздольным узросце з'яўляюцца:
Але пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца. Гэта сапраўды пра нашых мужчын, лічыць Людміла Жылевіч. Яны гадамі ўмудраюцца ігнараваць сімптомы нядужання.
Галоўная прычына бачыцца ў ментальнасці і рыгідных устаноўках моцнай паловы чалавецтва:
Яго не можа не быць. Інакш яго давядзецца прыдумаць. Для гэтага, сцвярджаюць спецыялісты, давядзецца прыкласці намаганні, каб змяніць светапогляд сучасных мужчын і стаўленне да ўласнага здароўя, павысіць асабістую матывацыю і зацікаўленасць у доўгім, актыўным, насычаным жыцці. Гэта няпросты і доўгі (магчыма, шматгадовы) шлях, дзе няма другарадных дэталяў. Бо ў канчатковым выніку паўнату жыцця, стан здароўя мужчыны вызначае не яго здольнасць устаць з канапы і прабегчы пару-тройку кіламетраў, а яго стаўленне да жыцця, кім ён сябе ў ім адчувае, наколькі сам зацікаўлены падоўжыць яго.
Мы таксама будзем трымаць тэму мужчынскага здароўя і даўгалецця на кантролі. Працяг чытайце ў наступных матэрыялах.
Штораніцу і штовечар, спускаючыся ў метро і падымаючыся на паверхню, вымушана праходзіць праз строй. Не толькі я, вядома ж. І не толькі ў гэтых месцах. Але ж пішу пра свае адчуванні. Здаецца, у многіх кропках Мінска практычна адначасова матэрыялізуецца якісьці Змей Гарыныч (ці цэлы іх батальён!). І выдыхае з трох сваіх пашчаў клубы дыму. Дастаткова смярдзючага…
Так, я ўсё пра тое ж! І пра тых жа… Пра аматараў палення, якія літаральна атручваюць навакольных, прымушаючы да пасіўнага курэння. Вось толькі не трэба пераменшваць шкоду! Маўляў, нічога з табою не здарыцца, калі і ўдыхнеш штосьці. Не каралева, пацерпіш… НЕ ХАЧУ!!! Ні паліць, ні ўдыхаць! І гэта мой выбар. Таму, калі ласка, паважайце яго.
«Ой, тады напішы, каб забаранілі ў грамадскіх месцах дыхаць перагарам, а то раптам станеш пасіўным алкаголікам!» – тут жа спяшаюцца павыскаляцца знаёмыя курцы. НЕ СТАНУ!!! І гэта таксама мой выбар. А за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, у выпадках, калі абражаецца чалавечая годнасць і маральнасць, між іншым, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Зрэшты, чытаю ў сеціве, што за курэнне таксама прадугледжаны штраф. Калі яно – у забароненых месцах, у дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў альбо парушае правілы пажарнай бяспекі. А днямі прачытала яшчэ і аб падпісанні кіраўніком дзяржавы дэкрэта №2, які ставіць на мэце далейшае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў і прадухіленне негатыўнага ўздзеяння курэння на здароўе насельніцтва.
Вы таксама пазнаёміліся ўжо з гэтай інфой?! Змены датычаць і электронных цыгарэт, якія чамусьці лічацца быццам бы і не зусім шкоднымі. Ага, прыкладна гэтак жа, як поўная ўпэўненасць у тым, што піва – лё-ё-ё-ёгенькі такі напой, практычна бясшкодны… Хто знаёміцца з публікацыямі на нашым сайце «Здаровыя людзі», той ведае пра памылковасць гэтых меркаванняў з матэрыялаў журналістаў і тлумачэнняў спецыялістаў.
Мне вось цікава… Няўжо і бацькі падлеткаў таксама не бачаць шкоды ад электронных цыгарэт?! Зразумела, што дзеці не паляць дома. Але пацікавіцца, дзе і як бавяць вольны час?! А то і прагуляцца ў наш чэрвеньскі лесапарк, дзе часцяком ужо немагчыма прайсціся па сцежцы здароўя: паўсюль падлеткі, а над імі та-а-а-кія клубы дыму!!!
Дык вось пра новы дэкрэт. Дзе цалкам забаронена курэнне? У згаданых ужо дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў, ліфтах, аўтамабілях, якія перавозяць дзяцей да 14 гадоў, на працоўных месцах у памяшканнях, дзіцячых пляцоўках, у памяшканнях і на тэрыторыях дзіцячых аздараўленчых лагераў, ва ўстановах адукацыі, падземных пераходах і… Увага! На прыпыначных пунктах і пасадачных пляцоўках! А яны, уласна кажучы, і размешчаны найчасцей у непасрэднай блізкасці ад уваходаў-выхадаў метро. Дзе і ўтвараецца імправізаваны строй аматараў курэння…
Думаю, не толькі мне цікава, хто і якім чынам будзе кантраляваць выкананне гэтага дэкрэта. Асабліва ва ўказаных месцах на вольным паветры, а не ў памяшканнях. І ці не складзецца такая ж сітуацыя, як з тымі дапаможнымі памяшканнямі ў шматкватэрных дамах. Маўляў, кантраляваць гэта маюць права прадстаўнікі камунгаса. Яны ж развешвалі ў нас у пад’ездах папераджальныя аб’явы. Але вось парадокс! Самі ж не выпускаюць цыгарэт з зубоў, з імі ідуць у падвалы… Калі ў нас пад батарэямі спускаюць паветра і ваду ў ацяпляльны сезон, праз мікраскапічныя шчылінкі навязлівы дым лезе з падвала прама ў кватэру!
Так, вельмі хацелася б, каб аматараў курэння стала неяк паменш вакол (і я ўвогуле-то не толькі пра мужчын! На жаль, дзяўчат і жанчын з цыгарэтамі бачу ўсё часцей)… Каб не труцілі яны, у першую чаргу, свой арганізм. Але, на жаль, нават пагрозлівыя малюнкі аб наступствах курэння на пачках не прымушаюць іх задумацца, не становяцца перашкодай для набыцця атруты. А ў крамах найчасцей гучыць ад мужчын: «Не, не давайце мне рак лёгкіх! Дайце лепей неданошанасць». Ну, вы зразумелі, пра што яны?! І чаму такі выбар?!
«Ну калі ласка, няхай ты акажашся снегіром!» – маўкліва ўпрошвала я птушку, якая сядзела практычна на самай макаўцы дрэва з «завушніцамі» насення.
Вызначыць, хто гэта – гарэза-верабей, шчабятуння-сінічка ці сапраўды чырванагруды снягір, пакуль не ўяўлялася магчымым. Бо далекавата было. І высакавата. Да таго ж, на мяккіх лапах паціху падкрадаўся змрок. І толькі абрысы птушкі былі бачнымі на фоне блакітнавата-шэрага нізкага неба…
А мне так хацелася, каб гэта ўсё ж такі быў снягір!
Галоўнае, менавіта на гэтых дрэвах, што растуць паабапал вуліцы Барыкіна ў Чэрвені, яны дазваляюць пабачыць сябе ўжо некалькі гадоў запар. Хаця знаёмыя з многіх гарадоў, у тым ліку і правінцыйных, не бачылі гэтых заваблівых птушачак ужо даволі даўно.
Між тым, адлегласць паміж мной і дрэвам імкліва скарачалася, бо я ўсё паскарала хаду, баючыся, што птушка проста паляціць. Але не! Яна мяне дачакалася. Снягі-і-і-і-ір! Урр-р-р-рр-а!!! Гэта сапраўды аказаўся ён! Сядзеў ужо ў паўзмроку ў гордай адзіноце. Ці то чакаў сваіх сябрукоў, ці то проста пераводзіў дух перад пералётам у іншае месца.
А вы любіце назіраць за снегірамі?! І як даўно бачылі іх? Гэта ж колькі станоўчых эмоцый яны выклікаюць! І радасць, і шчасце, і задавальненне… А якая асалода для вачэй! Здаецца, і сэрца пачынае біцца шпарчэй, бы на спатканні з каханым чалавекам. І ўсе нягоды сапраўды некуды адыходзяць…
Вось так бы стаяла б і любавалася ім – доўга-доўга! Але ж змяркалася. І так людзі, пабачыўшы мяне з задранай галавой, пачыналі глядзець туды ж. Маўляў, што там цікавага?! Хто не бачыў, той проста пытаўся. А пачуўшы, што да нас нарэшце прыляцелі снегіры, мімаволі ўсміхаўся. Абыякавых не было! Як і сярод сяброў-блогераў, з якімі я ўжо традыцыйна дзялюся сваёй радасцю ад прылёту гэтых птушак.
…Год таму іх было даволі шмат на нашых дрэвах на вуліцы Барыкіна. Спадзяюся, сёлета іх не меней, і я яшчэ абавязкова пабачу ўсіх. А летась гэта выглядала так.
А ўвогуле, у мінулым годзе снегіры здзівілі нас яшчэ і ўвесну! 27 сакавіка прыляцелі пад самае наша акно! Уселіся на старую алычу і там фактычна абжыліся. Так прыемна было назіраць за імі!
Усё ж такі валодаюць гэтыя птушкі нейкай дзівоснай магіяй. І мы вельмі ўдзячныя ім за тое шчасце, што яны дораць адным толькі з’яўленнем. Са сваімі чырвонымі грудкамі снегіры выглядаюць так урачыста і святочна! Здаецца, нават выпраменьваюць цяпло…
А яшчэ выклікаюць прыемныя ўспаміны дзяцінства. Калі снягі былі вялікімі і пульхнымі, а снегіры ў вёсцы – не гасцямі, а гаспадарамі. Кожную зіму. Тады дрэвы ці кусты былі літаральна ўсыпаны шэра-чырвонымі шарыкамі. А гронкі рабіны ці каліны абавязкова нарыхтоўваліся з восені – для снегіроў. І мы з нецярплівасцю чакалі, калі ж у кармушкі можна будзе пакласці гэты пачастунак. І радаваліся, калі ён аказваўся запатрабаваным…
А да вас прыляцелі ўжо снегіры?!
Па статыстыцы адным з найбольш часта выконваемых хірургічных умяшанняў з'яўляецца аперацыя па выдаленні жоўцевага пузыра. Прычына – жоўцекамянёвая хвароба.
Пры застоі жоўці, а таксама павышэнні канцэнтрацыі ў ёй соляў пры парушэннях абмену рэчываў, у жоўцевым пузыры могуць утварацца камяні. Пры гэтым парушаецца адток жоўці, магчыма развіццё запалення і інфіцыраванне абалонак органа, а таксама запаленчых працэсаў у іншых органах страўнікава-кішэчнага тракту.
Як пазбегнуць развіцця жоўцекамянёвай хваробы? У чым яе прычына? Якія першыя прыкметы? Пра гэта журналісту Слушна распавяла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталля Шульга.
Жоўцевы пузыр – орган дэпаніравання жоўці. У працэсе стрававання ёй адведзена адна з галоўных роляў: яна дапамагае расшчапляць тлушчы. Працэс стрававання не адбываецца безупынна, таму жоўць паступае ў тонкі кішэчнік строга дазавана. Працэс яе вызвалення з жоўцевага пузыра рэгулюе спецыяльная мышачная засланка – сфінктар Оддзі.
Жоўць змяшчае рэчывы, якія могуць выпадаць у асадак, назапашвацца і фармаваць ушчыльненні. Калі жоўць застойваецца ў жоўцевым пузыры, што адбываецца ў большасці выпадкаў з-за парушэння ліпіднага абмену, пачынаецца працэс фарміравання камянёў. Яны ўтвараюцца як у жоўцевым пузыры, так і агульным жоўцевым, пячоначных жоўцевых пратоках.
Спецыялісты вылучаюць некалькі прычын або фактараў, якія могуць правакаваць утварэнне камянёў у жоўцевым пузыры. У прыватнасці:
Вельмі часта выявіць наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры і яго пратоках можна пры правядзенні ўльтрагукавой дыягностыкі (УГД) органаў брушной поласці.
Разам з тым, існуе шэраг прыкмет, якія дапамогуць западозрыць развіццё жоўцекамянёвай хваробы.
Клінічныя прыкметы:
Пачатковая стадыя, або, як яе яшчэ называюць, перадкаменная, часцей за ўсё дыягнастуецца пасля правядзення УГД органаў брушной поласці. Пры гэтай стадыі камяні (канкрэменты) маюць невялікі памер (інакш жоўцевы сладж), могуць мець выгляд так званай замазкападобнай жоўці. У такіх выпадках клінічных праяў можа не быць.
Калі камяні вырастаюць да вялікіх памераў, як правіла, сімптомы могуць быць некалькі змазаныя: болі няма, але трымаецца тэмпература без бачных на гэта прычын (пры з'яўленні запаленчага працэсу ў жоўцевым пузыры).
Па-першае, кожнаму чалавеку варта раз на год праходзіць УГД органаў брушной поласці. Калі ёсць спадчынная схільнасць, можна і часцей (напрыклад, два разы на год).
Па-другое, не галадаць.
Па-трэцяе, не захапляцца рознымі сістэмамі чыстак арганізма, цюбажамі, не піць жаўцягонныя лекавыя прэпараты без прызначэння ўрача і без поўнай упэўненасці ў сваім здароўі.
Па-чацвёртае, кожны дзень выдзяляць час на фізічныя практыкаванні. Гэта дапаможа не застойвацца жоўці ў жоўцевым пузыры.
Па-пятае, сачыць за ўзроўнем халестэрыну ў крыві. Для гэтага неабходна рэгулярна здаваць біяхімічны аналіз крыві і не захапляцца тлустай ежай.
Адным з сур'ёзных ускладненняў цукровага дыябету з'яўляецца сіндром дыябетычнай ступні. На яго развіццё не ўплывае ўзрост пацыента, «стаж» захворвання альбо тып цукровага дыябету. Нягледзячы на тое, што падобны сіндром назіраецца толькі ў 6-8% пацыентаў з цукровым дыябетам, такая паталогія, як мінімум, прыносіць чалавеку масу нязручнасцяў, як максімум – можа стаць прычынай ампутацыі канечнасці.
Што такое сіндром дыябетычнай ступні? Якія першыя прыкметы захворвання? Чаму так важна сачыць за станам ступняў людзям з цукровым дыябетам?
На гэтыя і іншыя пытанні журналісту Слушна адказала загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.
Згодна з вызначэннем міжнародных экспертаў, сіндром дыябетычнай ступні – гэта стан, пры якім у пацыента маецца інфекцыя, трафічная язва, незагойная рана пасля ампутацыі і/або разбурэнне глыбокіх тканак ступні, звязаныя з неўралагічнымі парушэннямі і/або зніжэннем магістральнага крывацёку ў артэрыях ног. Усе астатнія станы, якія не ўключаюць пералічанае, называюцца рызыкамі сіндрому дыябетычнай ступні.
Як правіла, прычынай развіцця сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляюцца два асноўныя ўскладненні цукровага дыябету – паражэнне артэрый ног і перыферычнай нервовай сістэмы.
Дыябетычная ангіяпатыя – паражэнне артэрый рознага калібру ў пацыентаў з цукровым дыябетам.
Як вядома, артэрыі – гэта сасуды, якія прыносяць да органаў кроў, насычаную кіслародам і пажыўнымі рэчывамі. Пры высокім узроўні цукру ў крыві ўтвараюць агрэсіўныя рэчывы (так званыя канчатковыя прадукты глікіравання), свабодныя радыкалы, якія «бамбуюць» сценкі сасудаў. Як вынік – кроў з іншымі ўласцівасцямі і таксічнай колькасцю цукру. Сасуды пачынаюць мяняцца як функцыянальна, так і марфалагічна: яны звужаюцца, іх сценкі губляюць эластычнасць, цвярдзеюць, на іх утвараюцца шнары і рубцы, адкладаюцца атэрасклератычныя бляшкі.
Дыябетычная полінейрапатыя – другое грознае ўскладненне цукровага дыябету, якое прыводзіць да паражэння нервовай сістэмы. Пры гэтым могуць пакутаваць як адчувальныя, так і рухальныя нейроны, часта развіваецца дысфункцыя вегетатыўнай нервовай сістэмы.
Нервовую сістэму можна параўнаць з сеткай электрычных правадоў. Калі раптам дзесьці абрэзаны ці дрэнна працуе адзін электрычны провад, функцыя ўсяго механізму будзе пакутаваць. Таму, калі парушана праца нервовай сістэмы, яна не ў стане правільна і добра «кіраваць» тымі працэсамі, за якія адказвае. Гэта прыводзіць да парушэння адчувальнасці, цяжкасці рухаў, змены рытму працы жыццёва важных органаў.
Аўтаномная нейрапатыя вядзе да парушэння касцёва-сустаўных узаемаадносінаў: спустошваюцца і атрафуюцца мышцы, слабеюць звязкі, з'яўляюцца падвывіхі і вывіхі суставаў, ступня губляе форму, парушаецца яе біямеханіка.
Пры хадзе яна дэфармуецца, з'яўляюцца нязвыклыя кропкі апоры, на якіх фарміруюцца зоны павышанага ціску, для якіх характэрна ўтварэнне грубых натоптышаў і гематом, якія часта траўмуюцца і ператвараюцца ў трафічныя язвы, што доўга не загойваюцца, схільныя да запалення. Акрамя гэтага, аўтаномная полінейрапатыя парушае функцыю потавых і сальных залоз. Таму скура ў пацыентаў становіцца вельмі сухой, на адных месцах тонкай, як пергамент, на іншых – жорсткай, як пластык. Скурнае покрыва з такімі ўласцівасцямі траўмуецца нават пры самых невялікіх ударах або пацёртасцях, часта інфіцыруецца, запаляецца.
Пры адкрытых ранах пастаянную пагрозу ўяўляе інфекцыя. Пры доўга існуючых язвавых дэфектах любая інфекцыя, якая патрапіла ў рану, можа выклікаць сур'ёзны запаленчы працэс у ступні, як павярхоўны, так і вельмі глыбокі, што можа надоўга пазбавіць чалавека магчымасці нармальна перасоўвацца, у асобных выпадках нават прыводзіць да ампутацыі.
Адным з відаў сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляецца дыябетычная остэаартрапатыя (сустаў Шарко), якая ўяўляе сабой неінфекцыйную дэструкцыю (разбурэнне) касцявога шкілету ступні, прычынай якой з'яўляецца менавіта нейрапатыя.
— З-за нейрапатыі пры цяжкім парушэнні адчувальнасці могуць разбурыцца дробныя ці буйныя косткі ступні. Гэта выглядае даволі характэрна: ступня раптам змяняе форму, ацякае, чырванее і не ўлазіць ні ў адзін чаравік. Навобмацак ступня гарачая. Прычым чалавек можа не адчуваць ніякіх болевых адчуванняў, адмаўляць траўму. Гэта рэдкая паталогія. Такіх людзей прыкладна 2%, але ў плане тэрапіі – гэта вельмі цяжкія пацыенты. Адзіным правільным рашэннем будзе імабілізацыя ступні пластыкавым гіпсам на перыяд заціхання вострага працэсу, які можа доўжыцца ад 6-8 да 12 месяцаў! Пры несвоечасовым пачатку лячэння такая форма сіндрому дыябетычнай ступні прыводзіць да інваліднасці і нават ампутацыі.
Яны ёсць паўсюль… Ва ўстановах і арганізацыях, на вуліцах і ў памяшканнях, на вакзалах і ў транспарце… Людзі рознага ўзросту, якія часцяком нікога і нічога не бачаць вакол, апрача… смартфонаў. Яны ўтаропліваюцца туды, толькі зайшоўшы ў вагон метро ці салон маршруткі. Альбо і пры хадзе практычна не адрываюць вачэй ад экрана. І ў выніку, пераходзячы праз чыгуначныя шляхі, ды яшчэ і ў навушніках, могуць не пачуць набліжэнне цягніка…
50 хвілін у маршрутцы з выключаным святлом… Толькі завабліва свецяцца тэлефонныя экранчыкі. І калі ты прыплюшчваеш вочы, каб адпачыць пасля працоўнага дня (а калі атрымаецца, дык і крыху прыснуць), назойлівае святло лезе і пад твае заплюшчаныя павекі. Ад тэлефона суседа побач альбо нават праз праход. Яно раздражняе, напружвае і не дае адпачынку ні вачам, ні галаве.
І штораз мне думаецца: «Няўжо людзі не здагадваюцца пра шкоду… Нават не выпраменьвання, гэта і так відавочна! Святла ад экрана ў поўнай цемры?! Здаецца, паўсюль пра гэта даводзіцца… І найчасцей – афтальмолагамі». Праўда, калі яшчэ не было «засілля» тэлефонаў, планшэтаў, не было і праблемы ў такім маштабе. Толькі хіба тэлевізар у цемры не глядзець – раілі спецыялісты. А зараз яны нават выкарыстоўваюць такі тэрмін, як «экранная блізарукасць», маючы на ўвазе шкоду якраз ад выкарыстання для чытання смартфонаў у цемры.
А на вочы ж уздзейнічае не толькі выпраменьванне, але і тое, як мы абыходзімся са смартфонам. Вось ці ведаеце вы, сябры, пра тое, што калі пазіраеце на яго экран, дык міргаеце… у тры разы радзей, чым звычайна?! Адсюль і сухасць вачэй, а як вынік – праблемы са зрокам. А ці ўсе ведаюць, што пры чытанні-наборы тэлефоны трэба трымаць на адлегласці 40 см, а не пад самым, прабачце, носам?! А найчасцей людзі сядзяць над тым тэлефонам «кручком», а пасля здзіўляюцца: чаму гэта без дай прычыны баліць спіна ды галава?!
Сапраўды, уменне зірнуць на сябе збоку – вельмі карыснае, ці не так?! І нават не ў пераносным, а ў прамым сэнсе. На сваю паставу, позу ды іншае. Бывае ж такое, што неўпрыкмет нахіляеш уперад галаву, горбішся… А пасля схамянешся… Раз! – і сядзіш праменька. І, здаецца, чуеш, як спіна кажа табе «дзякуй».
Ужо ведаю не адну арганізацыю, дзе працуюць сябры ці знаёмыя, у якіх абмежавана карыстанне мабільнымі тэлефонамі на працягу працоўнага дня. І гэта, вядома ж, не столькі клопат пра здароўе супрацоўнікаў, колькі пра эфектыўнасць ды выніковасць іх працы. Каб не адцягвалі ўвагу ў працоўны час на размовы па тэлефоне, стасункі ў месэнджэрах ці сацыяльных сетках. А ў выніку – яшчэ карысць для вачэй і не толькі. І людзі прывыклі ўжо да такіх патрабаванняў.
Здаецца, каб у наш час ды хтосьці не меў мабільнага тэлефона, нават самага просценькага?! «Ды такога не можа быць!» – з упэўненасцю скажаце вы. Бо найчасцей набываюць тэлефоны для дзяцей нават не школьнага – дашкольнага ўзросту! Альбо малое гуляецца з тэлефонам таты ці мамы. У сэнсе – «у тэлефон».
Але ехала я ў мінулыя выхадныя ў маршрутцы з маладой жанчынай, на выгляд – цыганкай. Спачатку яна распыталася, дзе і як садзіцца ў маршрутку, як называецца гэты прыпынак. Патлумачыла, што ляжыць у нашай бальніцы, сама з раёна, у горадзе першы раз. А пасля нясмела (!!) запыталася: можа, ёсць магчымасць патэлефанаваць на Лайф? Лайфа ў мяне няма. Але я прапанавала патэлефанаваць з іншага мабільнага аператара, калі нядоўга. Што яна і зрабіла. А потым падзякавала.
Так, мне карцела спытацца: няўжо ў яе няма мабільнага?! Але ж некарэктна задаваць незнаёмаму чалавеку такія пытанні… А яшчэ перад гэтым ёй вадзіцель маршруткі прапанаваў сфатаграфаваць расклад руху. Аказваецца, не было чым! Таму яна патрэбны час запамінала…
Ніхто, вядома ж, не супраць мабільных тэлефонаў, планшэтаў ды іншага. Нават урачы. Але! Калі захоўваць пэўныя правілы карыстання імі. Каб не нашкодзіць уласнаму здароўю і не замінаць тым, хто проста апынуўся побач…
Калі чалавеку выдаляюць гартань, ён становіцца нямым, дыхае праз адтуліну ў трахеі, а тэрмін яго жыцця значна скарачаецца. Кожнага другога пацыента з ракам гартані чакае гэтая доля, бо яны трапляюць да нашых анколагаў толькі на трэцяй і чацвёртай стадыі захворвання.
Як не дапускаць запушчаных выпадкаў захворвання, якія даследаванні прайсці чалавеку для своечасовай дыягностыкі і што памяняць у сваіх паводзінах, журналісту «Слушна» распавяла загадчыца лабараторыі онкапаталогіі галавы і шыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Жанна Калядзіч.
Рак гартані займае першае месца сярод новаўтварэнняў галавы і шыі. Усяго на ўліку ў РНПЦ АМР знаходзіцца каля 4 тыс.чалавек з гэтай паталогіяй, а ў год выяўляецца прыкладна 600 новых выпадкаў, – прыводзіць лічбы спецыяліст. – На жаль і для ўрача, і для пацыента, толькі 49% тых, хто звярнуўся, – з першай і другой стадыяй захворвання, а больш за палову – у запушчаным стане, калі ўжо немагчыма захаваць орган. А чалавек без гартані – гэта інвалід з поўнай стратай голасу, выкінуты з соцыуму, з вельмі непрацяглым жыццём.
Па нашых дадзеных, у Беларусі пры першай і другой стадыі раку гартані 5-гадовая выжывальнасць складае 75%, пры трэцяй – 35%, пры чацвёртай – 17%. У 2017 годзе памерлі 273 пацыенты.
З-за адсутнасці онканасцярожанасці пацыентаў і ўрачоў першаснага звяна ў паліклініках. Любыя змены тканкі гартані трэба трактаваць як перадракавы стан і выконваць біяпсію. Гэтая простая маніпуляцыя, якая робіцца на звычайным прыёме ў лор-урача, прадугледжаная пратаколамі аказання дапамогі насельніцтву, часцяком ігнаруецца. Замест гэтага праводзяцца працяглыя курсы кансерватыўнага лячэння.
Вывучаючы запушчаныя выпадкі раку гартані нашых пацыентаў, я зрабіла запыт у цэнтральныя раённыя бальніцы, каб высветліць, чаму пацыенты паступілі ў такіх позніх стадыях. Бо злаякасныя пухліны не ўзнікаюць раптам, ім папярэднічаюць працяглыя змены ў тканках, на якія людзі скардзяцца. Пацыент наведвае тэрапеўта, оталарынголага, стаматолага, якія не могуць не звярнуць увагу на змены голасу, наяўнасць вузлоў у вобласці шыі – у нашых пацыентаў пухліны візуальных лакалізацый, гэта значыць, іх можна выявіць пры першасным аглядзе.
Пры аналізе запушчанасці паказвалася, што не было ніводнага пацыента з перадракавым станам. А ў выпісках з амбулаторных карт гэтых людзей адзначаўся хранічны ларынгіт, скаргі на працяглую асіпласць голасу. Гэта і ёсць перадпухлінны стан, які прадугледжвае выкананне біяпсіі. А замест гэтага пацыенты проста назіраліся ўрачамі, некаторыя праходзілі безвыніковае лячэнне ў стацыянары. На жаль, не заўсёды ўрачы прызначаюць камп'ютарную тамаграфію (КТ), магнітарэзанансную тамаграфію (МРТ) гартані, калі для гэтага ёсць паказанні. Мы спрабуем гэта змяніць, праводзім і будзем праводзіць навучальныя канферэнцыі, паказваць лічбы – колькі людзей губляем з-за безадказнага стаўлення.
Пакуль медыкі спрабуюць удасканаліць сістэму аказання дапамогі, людзі таксама не павінны бяздзейнічаць.
Калі ў вас з'явілася ахрыпласць і асіпласць голасу, абцяжарана глытанне, ёсць прыпухласць у вобласці шыі, з'явіўся пастаянны кашаль – звяртайцеся да ўрача, – раіць урач. – Своечасова лячыце хранічныя захворванні гартані, выдаляйце любыя новаўтварэнні з абавязковым выкананнем біяпсіі.
Некалькі гадоў таму шэрагам краін былі апублікаваны даследаванні пра тое, што рак гартані можа быць выкліканы, у тым ліку, вірусам папіломы чалавека (ВПЧ), заражэнне якім адбываецца пры аральным сэксе. Ці пацвярджаюць даследаванні РНПЦ АМР гэтую ўзаемасувязь?
Сапраўды, раней асноўнай прычынай развіцця пухлін поласці роту, глоткі, гартані лічылі доўгае хімічнае ўздзеянне на слізістую – курэнне, злоўжыванне алкаголем, доўгае ўдыханне пыльнага гарачага паветра, розных газаў, кіслот. Але ў апошні час вучоныя ўсё часцей гавораць пра ролю ВПЧ, – пацвярджае Жанна Калядзіч. – Па замежных дадзеных, частата выяўлення ВПЧ пры новаўтварэннях вобласці галавы і шыі вар'іруецца ад 18,5% да 36%. Раней вірус дыягнаставаўся пры ўрагенітальнай паталогіі, цяпер жа – у верхніх дыхальных шляхах, што адназначна звязана з сэксуальнымі адносінамі.
У нашай краіне такія даследаванні пакуль не праводзіліся, і мы не ведаем, наколькі шырока распаўсюджаны ВПЧ пры перадпухлінных і пухлінных захворваннях гартані ў нацыянальным маштабе. Але хутка гэта будзе вядома. У РНПЦ АМР стартаваў праект, у рамках якога мы будзем абследаваць на вірус папіломы чалавека ўсіх сваіх пацыентаў. У выніку будзе распрацаваны дыферэнцыраваны падыход да выбару метадаў лячэння раку гартані з улікам наяўнасці ВПЧ, бо адчувальнасць да розных варыянтаў лячэння (хіміяпрамянёвага, хірургічнага) розная. Гэта дазволіць, па нашых разліках, павысіць эфектыўнасць лячэння і паменшыць частату рэцыдываў не менш чым на 30%, скараціць тэрміны шпіталізацыі пацыентаў.
Зараз у краінах Еўропы адначасова з хіміяпрамянёвай, таргетнай тэрапіяй праводзяць і супрацьвіруснае лячэнне, апрацоўваючы пашкоджаны орган супрацьвіруснымі прэпаратамі, прышчапляюць ад ВПЧ хлопчыкаў і дзяўчынак. Нам трэба ісці па гэтым шляху.
Што рабіць у бытавым плане людзям, ведаючы пра такі фактар рызыкі?
Мець аднаго пастаяннага праверанага сэксуальнага партнёра, – раіць спецыяліст.
На якое лячэнне можа разлічваць сёння чалавек з ракам гартані?
Лячэнне можа быць кансерватыўным ці хірургічным, гэта залежыць ад лакалізацыі і распаўсюджвання пухліны ў гартані. Пры першай і другой стадыі захворвання мы выконваем эндаскапічныя ўнутрыгартанныя аперацыі з захаваннем функцыі органа. Нашы ўрачы сталі змагацца і за пацыентаў з запушчанымі выпадкамі. Калі раней пры трэцяй стадыі хваробы выдалялася ўся гартань, дык цяпер атрымліваецца захаваць орган, дзякуючы камбінаванаму хіміяпрамянёваму лячэнню і прымяненню таргетных прэпаратаў. З дапамогай гэтага пухліна змяншаецца да рэзектабельных памераў, яе можна выдаліць, захаваўшы гартань.
Сёння мы стараемся максімальна захаваць орган, дзякуючы новаму абсталяванню праводзім ашчаджальныя эндаскапічныя аперацыі без вонкавых разрэзаў.
Высокую канцэрагенную небяспеку ўяўляюць газы і пыл азбестацэментных і цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў, лакафарбавай, анілінавай і алюмініевай прамысловасці, выхлапныя газы аўтамашын, пары бензіну і рознага масла, газы пры зварачных работах і многія іншыя. Таму ў групе рызыкі людзі працоўных прафесій, якія занятыя на гэтых вытворчасцях.
Сярод хворых на рак гартані 94-97% – тыя, хто паліць. У тытунёвым дыме ўтрымліваецца мноства таксічных рэчываў, якія, раздражняючы і абпальваючы слізістую абалонку, выклікаюць і падтрымліваюць хранічнае запаленне. Курэнне цыгарэт з фільтрам не ратуе ад захворвання на рак гартані.
Сучасную харчовую вытворчасць немагчыма ўявіць без выкарыстання розных дадаткаў: кансервантаў, фарбавальнікаў, стабілізатараў і іншых «ешак». З пункту гледжання вытворцаў іх прымяненне цалкам апраўдана.
Важна не толькі вырабіць прадукт, але і, наколькі магчыма, палепшыць і захаваць яго таварны выгляд і смакавыя якасці да таго, як ён патрапіць на стол спажыўца і будзе з'едзены. У паўфабрыкатах, прадуктах, гатовых да ўжывання або хуткага прыгатавання з доўгім тэрмінам захоўвання, гэтыя крытэрыі павінны быць выкананы на працягу месяцаў і нават гадоў! Але наколькі такое «дабаўленае» начынне карыснае (ці хаця б бясшкоднае) для нашага здароўя?
Мабыць, самым неадназначным у ацэнцы спажыўцоў было і застаецца выкарыстанне глутамату натрыю. Дабаўка вядомая сваімі ўласцівасцямі ўзбагачаць і ўзмацняць смак прадуктаў. На фоне «палепшанай» ежы натуральны смак здаецца прэсным і невыразным. Адпаведна, змяняюцца харчовыя прыхільнасці, а з імі расце і колькасць глутамату ў рацыёне, што само па сабе бачыцца няправільным.
Лічыцца, што ўзмацняльнік смаку можа выступаць каталізатарам развіцця захворванняў страўнікава-кішэчнага тракта, сардэчна-сасудзістай сістэмы, метабалічных змяненняў. Ці сапраўды гэта так, ці шкода глутамату натрыю моцна перабольшаная? Чым апраўдана яго шырокае прымяненне ў харчовай прамысловасці і ці можна абысціся без дадатку? Якія прадукты можна аднесці да ежы, свабоднай ад глутамату натрыю? На гэтыя і іншыя пытанні журналіста «Слушна» адказала ўрач-гігіеніст вышэйшай урачэбнай катэгорыі, старшы выкладчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алеся Сідукова.
Глутамат натрыю – гэта прыватны варыянт соляў заменнай глутамінавай амінакіслаты, якая ўваходзіць у склад бялкоў, бадай, усіх жывых арганізмаў, уключаючы чалавека.
У свежай гародніне і мясе ўтрымліваецца найбольшая колькасць глутамінавай кіслаты. Гэта тлумачыць іх ярка выражаны смак і водар.
У працэсе захоўвання, кулінарнай апрацоўкі або кансервавання свежых прадуктаў колькасць гэтай амінакіслаты памяншаецца. Адпаведна, губляецца іх першапачатковы смак і водар.
Хімічна чысты глутамат натрыю быў вылучаны з бурых водарасцяў у 1907 годзе прафесарам Ікэдой Кікунаэ з Такійскага імперскага ўніверсітэта. Ужо праз 2 гады вытворчасць глутамату натрыю было пастаўлена на паток.
Сапраўды, на сёння штогадовае сусветнае спажыванне глутамату натрыю складае 200 тысяч тон. Глутамінавую кіслату і яе солі дадаюць у гатовыя стравы і кулінарныя вырабы, у канцэнтраты і кансервы. Глутамат натрыю часцей за ўсё выкарыстоўваецца пры вытворчасці мясных, рыбных вырабаў, у прадуктах, гатовых да ўжывання (салёных снэках, чыпсах, крэкерах і інш.), дадаюць яго і ў спецыі. Аптымальная праява смакавага эфекту адбываецца ў слабакіслым асяроддзі – пры рН 5,0-6,5. Пры рН 4 і ніжэй гэты эфект цалкам губляецца, г.зн. у квашанай капусце глутамат натрыю вы наўрад ці знойдзеце. Не выкарыстоўваюць яго і ў кандытарскай вытворчасці.
Солі глутамінавай кіслаты ўзмацняюць смакавыя ўспрыманні, стымулюючы заканчэнні смакавых нерваў і выклікаючы пры гэтым «адчуванне задавальнення». Гэтая ўласцівасць атрымала назву «глутамінавы эфект». Ён дасягае свайго максімуму пры даданні глутамату натрыю ў колькасці 0,1-0,3% да масы прадукту. У найбольшай ступені глутаматы ўзмацняюць горкі і салёны смакі, а вось салодкі – мала.
Глутамінавы эфект захоўваецца не толькі непасрэдна пасля дадання ў прадукт харчовых дабавак, але і пасля іх цеплавой апрацоўкі, замарожвання або кансервавання. Устаноўлена, што глутамінавая кіслата і глутамат натрыю маюць таксама антыакісляльныя ўласцівасці. Апрацаваныя 1,5-5,0% растворам глутамату натрыю каўбасы, мяса птушкі і некаторыя іншыя прадукты захоўваюцца даўжэй.
Акрамя таго, даданне соляў глутамінавай кіслаты дазваляе аднавіць у прадуктах якасць свежага прадукту. Такім чынам, нядобрасумленныя вытворцы могуць выкарыстоўваць глутамат для маскіроўкі сапсаваных інгрэдыентаў і/або прадуктаў.
Безумоўна, шкоднай дабаўку лічыць нельга, бо глутамінавая кіслата ўваходзіць у склад нашых бялкоў і з'яўляецца замяняльнай амінакіслатой. Пытанне заключаецца ў іншым: якой якасці былі прадукты, у якія дадалі глутамат. Магчымы непасрэдны негатыўны ўплыў на арганізм залішняй колькасці глутамату звязаны з парушэннем метабалізму. Даследаванні, якія праводзяцца на найпрасцейшых (Tetrahymena), паказваюць, што адбываецца запавольванне росту гэтых арганізмаў, выкліканае парушэннем засваення пажыўных рэчываў. Гэта можа служыць тлумачэннем з'яўлення пачуцця голаду неўзабаве пасля наведвання ўстаноў хуткага харчавання, нават пры высокай каларыйнасці з'едзенай там стравы.
У некаторых краінах, асабліва ў Паўднёва-Усходняй Азіі, глутамат натрыю дадаюць у асобныя стравы непасрэдна перад ежай. Пасля трапезы ўзнікае так званы «сіндром кітайскага рэстарана», які праяўляецца ў слабасці, пачашчаным сэрцабіцці, страце адчувальнасці ў вобласці патыліцы і спіны. Спецыялісты тлумачаць гэтыя сімптомы ўжываннем у якасці прыправы вялікіх доз глутамату натрыю. Маюцца таксама дадзеныя аб неспрыяльным уплыве глутамату натрыю на дзіцячы арганізм. Таму яго выкарыстанне ў вытворчасці кансерваў і канцэнтратаў для дзіцячага харчавання не дапускаецца.
Аднак варта заўважыць, што біялагічныя ўласцівасці глутамінавай кіслаты абумовілі яе прымяненне ў клінічнай практыцы пры некаторых захворваннях нервовай сістэмы, бо яна аказвае ўмеранае псіхастымулюючае, узбуджальнае дзеянне.
Паколькі глутамат натрыю здольны значна палепшыць смак прадукту, яго хочацца есці больш і больш. І, памятаючы, што гэта смачна, спажывец будзе зноў і зноў купляць дадзены прадукт. Прадукты без глутамату здаюцца нясмачнымі. Так што гаворка хутчэй не пра залежнасць, а пра змену харчовых звычак і рацыёну, не заўсёды ў лепшы бок.
Выкарыстанне харчовых дабавак, у тым ліку глутамату натрыю, рэгламентуецца шэрагам нарматыўных дакументаў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. А таксама «Адзінымі санітарна-эпідэміялагічнымі і гігіенічнымі патрабаваннямі да тавараў, якія падлягаюць санітарна-эпідэміялагічнаму нагляду (кантролю)» ЕўрАзЭС. З 1 ліпеня 2013 года ўведзены ў дзеянне і Тэхнічны рэгламент мытнага саюза «Патрабаванні бяспекі харчовых дабавак, араматызатараў і тэхналагічных дапаможных сродкаў» (ТР МС 029/2012). Згодна з нарматывамі, вытворца абавязаны выносіць на этыкетку пералік выкарыстаных харчовых дабавак. Дапускаецца паказваць альбо поўную назву «Глутамат натрыю», альбо яго літарна-лічбавую маркіроўку Е 621. Дазволена прымяненне глутамінавай кіслаты і яе соляў пры іх максімальным узроўні ў харчовым прадукце 10 г/кг. Выключэнне складаюць прадукты для дзіцячага харчавання, там, паўтаруся, выкарыстанне глутамату строга забаронена.
Давайце я так адкажу. Без выкарыстання глутамату ў айчыннай вытворчасці абыходзяцца, напрыклад, пры вырабе каўбас ці мясных прадуктаў вышэйшага гатунку або класа «экстра». Паляпшальнікі густу, як правіла, дадаюць да менш якасных і больш танных прадуктаў харчавання.
І ўсё ж такі найбольш распаўсюджана выкарыстанне глутамату ў кухні краін Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці, у Кітаі. Гэтую харчовую дабаўку гаспадыні выкарыстоўваюць у прыгатаванні хатніх страў у штодзённым харчаванні, і стаяць на стале яна можа, як у нас соль. Дарэчы, соль таксама ўзмацняе і раскрывае смак харчовых прадуктаў.
І апошняе пытанне.
Да паляпшальнікаў густу адносяцца харчовыя дабаўкі, якія маюць код Е600-699, ізамеры рыбануклеінавых кіслот і іх двунатрыевыя солі.
Вось толькі некаторыя з аналагаў глутамату:
У якасці смакавага рэчыва прымяняецца таксама лімоннакіслы натрый, або цытрат натрыю (Е331). Выкарыстоўваецца пры вытворчасці, уваходзіць у склад мноства газаваных напояў са смакам лімона, плаўленых сыроў, згушчанага малака і мармеладу. Дазволены да ўжывання ў многіх краінах, у тым ліку ў Расіі і краінах Еўропы.
https://bel.24health.by/shto-u-vas-na-talercy-raskazvaem-pra-shkodu-karysc-xarchovyx-dabavak/
One fine body…