Навучальны год распачаўся, гэта значыць – бацькі пачынаюць задумвацца аб неабходнасці пошука рэпетытара для сваіх дзяцей. Выбар настаўніка – важная і няпростая задача. Да яе варта паставіцца сур'ёзна.
Карэспандэнт «Слушна» падрыхтавала для вас карысную інструкцыю.
Школьны настаўнік |
Рэпетытар |
- Працуе з цэлым класам;
- Абавязкова мае педагагічную адукацыю;
- Працуе па вучэбным плане. |
- Працуе індывідуальна або з малой групай;
- Можа не мець педагагічнай адукацыі;
- Сам падбірае сабе вучняў, працуе па ўласным графіку і ўлічвае здольнасці навучэнца. |
Тут усё залежыць ад узросту і асабістых здольнасцяў вучня. Магчыма, у старшакласніка ўжо ёсць пэўнае ўяўленне пра будучыню. Тады асаблівых праблем на дадзеным этапе не будзе.
Але што рабіць, калі ўяўлення няма? У такім выпадку варта абмеркаваць гэтае пытанне з дзіцем. Важна разумець, што прымусіць падлетка нешта зрабіць проста таму што «так трэба», хутчэй за ўсё не атрымаецца.
Калі толькі вы не заматывуеце яго магчымай перспектывай. Школьнік мусіць сам усвядоміць, чым яму дапаможа рэпетытарства. Жаданне бацькоў і «добрыя» адзнакі – не з'яўляюцца матывацыяй.
Існуе некалькі варыяцый рэпетытарства. Акрамя класічных індывідуальных заняткаў ёсць і групавыя.
Заняткі праводзяцца як вочна, так і анлайн.
Адназначнага адказу, што з гэтага лепш, быць не можа: усё індывідуальна.
Таму разам з дзіцем варта разгледзець адразу розныя варыянты, даведацца пра плюсы і мінусы кожнага.
Прафесійны выкладчык павінен быць гуманным, прытрымлівацца сучасных поглядаў, улічваць дзіцячую і падлеткавую псіхалогію. Таксама важна добра ставіцца да дзяцей з пазіцыі настаўніка, які паказвае і накіроўвае, цікава даносіць інфармацыю. Праявы злосці, запалохванне, крык – прыкметы непрафесіяналізму.
Не варта забывацца пра індывідуальнасць.
Станоўчыя водгукі пра выкладчыка – справа, вядома, добрая, але, як кажуць, адна шапка на ўсіх не налезе.
Нельга крытыкаваць дзіця, калі ў яго, у адрозненне ад дачкі вашай сяброўкі, стасункі з рэпетытарам або прадметам не заладзіліся.
Канфлікт з рэпетытарам нельга пускаць на самацёк, таму што гэта можа прывесці да зніжэння паспяховасці, страты матывацыі і нават псіхалагічнай траўмы вучня. У выпадку, калі вы штосьці заўважылі, трэба разабрацца ў сітуацыі.
Для гэтага неабходна пагаварыць як з рэпетытарам, так і з дзіцем, зразумеуць абодва бакі.
Трэба захоўваць добразычлівасць у размове, памятаць, што абраза і неканструктыўная крытыка выкладчыка канчаткова знішчаць яго аўтарытэт. Тыя самыя дзеянні ў адносінах да дзіцяці таксама не абяцаюць нічога добрага.
Восень — самы час прыгадаць дзяцінства і зрабіць гербарый. Мы прапануем вам некалькі гістарычных фактаў, а таксама парады па падрыхтоўцы раслін ды іх выкарыстанні.
Гербарый – гэта не толькі калекцыя засушаных раслін, але і спецыяльная ўстанова, дзе яны захоўваюцца.
Самыя буйныя гербарыі свету месцяцца ў Парыжы, Нью-Йорку і Санкт-Пецярбургу.
Першыя гербарыі з'явіліся ў 16 стагоддзі па ініцыятыве італьянскага доктара і батаніка Лукі Гіні. Вучоны вынайшаў спосаб засушвання раслін паміж папяровымі лістамі.
Сам тэрмін пачаў ужываць пазней французскі батанік Жозэф Турнефор. А шведскі прыродазнаўца Карл Ліней прапанаваў тэхналогію па зборы раслін, якая да гэтага часу амаль не змянілася.
У Расіі першы гербарны ўзор заклаў Пётр I.
Датай стварэння беларускага гербарыя лічыцца 1932-гі – год адкрыцця Цэнтральнага батанічнага саду.
Праца гербарыя ў Беларусі некалькі разоў перарывалася, і толькі ў 2010 годзе ён аформіўся як асобнае падраздзяленне. Як і іншым калекцыям свету, наш гербарый мае ўласны акронім (імя) – MSKH. Гэта адзінае сховішча, якое маштабна адлюстроўвае разнастайнасць флоры Беларусі і з'яўляецца нацыянальным здабыткам.
Цікава, што большасць гербарыяў свету занесены ў спецыяльную базу, а таксама перанесеныя ў электронны фармат, хаця гэта не заменіць жывога ўзору.
Існуе некалькі спосабаў падрыхтоўкі ўзораў для вашага будучага гербарыя.
Сушка раслін пад прэсам. Усім вядомы спосаб, калі мы закладваем лісточкі і кветачкі паміж старонак кнігі і заціскаем між іншымі тамамі.
Гэта вельмі просты варыянт, але сам працэс дастаткова доўгі, і такая сушка не пасуе для больш сакавітых прадстаўнікоў флоры.
Сушка раслін пры дапамозе праса. Гэта найбольш небяспечны спосаб для раслін, таму што вельмі лёгка спаліць кветачку або лісцік, перавысіўшы тэмпературу або сілу націску. Перад прасаваннем расліну неабходна перакласці некалькімі пластамі паперы. Прагладжваць трэба акуратна, таму што ад вашых рухаў залежыць выгляд батанічнага матэрыялу.
Сушка кветак пры дапамозе водапаглынальнага рэчыва. Аматарам сушаных раслін дапаможа… манка, крышаная крэйда або іншае водапаглынальнае рэчыва. Гэты спосаб як раз для сакавітых і буйных відаў. Падыходзіць для тых, хто хоча стварыць букет з сухацветаў, таму што дазваляе захаваць форму.
Важна! Паколькі высушаныя расліны робяцца крохкімі, для захавання формы можна апырскаць іх фіксатарам, напрыклад, лакам для валасоў.
Тыя, каго не цікавіць навука, могуць паспрбаваць сябе ў творчасці. З засушаных кветачак і лісточкаў можна складаць кампазіцыі, рабіць карціны і паштоўкі ў падарунак або калекцыянаваць свае шэдэўры.
Мастацтва асібаны з'явілася ў Японіі 600 гадоў таму і да гэтага часу застаецца папулярным.
Таксама апошнім часам папулярныя гербарныя кампазіцыі пад шклом. Такія карціны – цудоўнае аздабленне інтэр'еру. Галоўны прынцып тут – мінімалізм. Акрамя таго можна рабіць кулоны ды мыла з засушанымі кветкамі. Гэта выдатная магчымасць падарыць сабе ці блізкаму чалавеку кавалачак лета.
Гэта маштабны вулічны мастацкі аб'ект з прыроднага матэрыялу, у тым ліку з апалага лісця. З яго можна ствараць як стылёвыя ўзоры, так і розныя фігуры: казачных персанажаў, напрыклад. Магчыма, гучыць дзіўнавата, але на справе выклікае захапленне.
Безумоўна, больш прыемна бачыць у сваім двары арыгінальную інсталяцыю, чым проста кучу сухога лісця. Адзіны мінус гэткай творчасці – недаўгавечнасць.
Гарачыня стаяла ўжо як не месяц. Такая задуха! Ані расінкі, ані дажджынкі. Усё навокал пачало сохнуць, чэзнуць. Адно машкара мак таўчэ і радуецца, што яе час настаў. Куры і тыя, купаючыся ў гарачым пяску, паразяўлялі сваё дзюбкі, нібы пытаюцца: “Калі ўжо гэта скончыцца?”
Котка Ліза, разамлеўшы ў сваім кажушку, расцягнулася акурат пасярод бабулінай часныковай градкі і спіць. Толькі два буслы-бацькі, што ўжо каторы год жывуць на ваданапаўняльнай вежы за вёскаю, пільнуюць за кожным рухам ў прыродзе і думаюць-мяркуюць як выгадаваць дзетак.
Няма дажджу і жабак няма. А двое малых буслянятаў толькі і чакаюць, каб іх пакармілі, а пад’еўшы, соладка спяць ва ўтульным гняздзечку.
Ад спёкі ўсё жывое сцішылася, схавалася. Толькі конікамі і гадавалі буслы сваіх буслянятак. І тых лавіць станавілася ўсё цяжэй – чым больш спякотны быў дзень, тым вышэй тыя скакалі ды мацней стракаталі.
– І калі ж гэта дождж прыйдзе? – апусціў дзюбу ў скрусе бацька-бусел. – Ніводнай жабкі сёння так і не бачыў.
– На досвітку абляці стаўкі ў акрузе і прырэчышча, – раіць бусліха. – Павінны там хавацца.
Дзве жабкі – старэйшая Кхэ-кхэ і маладзенькая Ква-ква – таксама сумавалі без вады ў зацені вербалозу ды алешніку. А раней жа яны вольна скакалі па падворках ды агародах, дзе раслі кусцістыя півоні ды сакавітыя клубніцы.
На паляванне яны выходзілі, як спадала спёка і мінала небяспека патрапіць у драпежныя лапы, рабілася цёмна і таямніча. Такі час для ўсяго жывога ў дзікай прыродзе самы спрыяльны для харчавання. Акрамя буслоў.
А жабкі пачуваліся дужа добра, бо вярнуліся ў агародчык, які штодня паліваўся чалавекам. Ноччу ад зямлі цягнула вільгаццю і прахалодай. З жоўтых, сабраных ў “кошычкі” кветак гаючага дзівасілу падалі на жабак халодныя кропелькі. І ад таго яны набіраліся сілы.
Яшчэ больш цешыліся яны, калі надвячоркам выпадала раса і ў вільготнай траве мігцелі зоркі.
Вось і цяпер разгаманіліся Кхэ-кхэ і Ква-ква, а іх спеў падхапілі іншыя жабкі. Разбудзілі яны буслоў, у якіх з’явілася надзея на смачны сняданак для дзетак сваіх.
– Вунь там яны, чуеш?
– Так, чую, чую!
Бусел угледзеўся і заўважыў, як акрыялі жытнёвыя каласы. Яны выпрасталіся і ўскінулі свае зярняткі ў неба, усыпанае каляровымі зоркамі, што мігцелі і здаваліся жывымі.
– Хадзіце да нас! – выгукнулі буслы да зорак. – Пасвяціце нам, а мы жабак дзеткам сваім пашукаем.
Але зоркі маўчалі.
– Ква-ква! Я толькі што кузурку вялікую праглынула. Дурненькая прыліпла да майго язычка.
– Не крычы, зоры вунь як свецяць, а буслянка зусім побач, – перасцерагае Кхэ-кхэ сяброўку Ква-ква.
– Добра, добра, але такая прахалода зараз.
– Гэта што. Вось я летась жыла ў стаўку. Там і ручай побач, заўсёды была сытаю. Толькі чырвоная дзюба таго бусла і цяпер перад вачыма стаіць. Доўгая і вострая, быццам джала ці шыла.
– Буслоў яна баіцца! Вунь у мяне ўся спіна ў яго аўтографах. Ты б не так загаварыла, калі б столькі разоў уцякала ад таго цыбатага, – праквакала Ква-ква.
– Усё вам дрэнна: і халадэча, і залішняя спякота, – азваўся дзівасіл. Ён даваў прытулак жабкам і лічыў сябе кветкай. – А як мы, кветкі, раней раслі на адной гары. Глеба там была неўрадлівая, пясчаная, а калі наляталі сухавеі, высушвалі яе дашчэнту.
– Цяжка вам жылося на гары, – паківалі жабкі.
– Але. І мы знайшлі выйсце: перабраліся ў лясы ды пералескі, а хто і бліжэй да чалавека.
– Мы таксама знойдзем выйсце, – азвалася Кхэ-кхэ. Тут не ўпалюеш ні мухі, ні жучка, ні тлі, бо побач расце пастарнак.
– Ну і што? – не зразумеў Дзівасіл.
– А тое, што гэта расліна выдзяляе рэчыва, шкоднае для мух ды жукоў.
Раптам побач вухнуў пугач – начная сава. Не паспелі жабкі ачомацца ад страху, як праляцеў кажан.
– Якая нявыхаваная птушка! – усклікнула Ква-ква.
– Гэта звярок, даражэнькая, – паправіла Кхэ-кхэ. – І ён палюе на тых жа шкоднікаў, што і мы.
– Усім трэба жыць, – пагадзілася Ква-ква.
– Але. Праўда, выжывае самы дужы, – паківала Кхэ-кхэ. – У прыродзе ўсё збалансавана.
– Усё роўна ад таго цыбатага мы збяжым. Мы ж спрытныя і ўмеем плаваць пад вадою.
– Нешта мы залішне самаўпэўненыя. Давай лепш паспрабуем выклікаць дождж, – прапанавала Кхэ-кхэ.
І жабкі затупалі вакол калодзежа, тройчы яго абскакаўшы.
На золку наляцеў шустры вятрыска, прыгнаў агромністую кашлатую хмару. Бліснула маланка і зашумеў выратавальны цёплы дожджык.
Схамянуліся і кінуліся наўцёкі да рэчкі жабкі. Ім падалося, што ў ранішнім пошуме дажджу крыляе бусел, вышукваючы дзеткам сняданак. І ў лічаныя імгненні Ква-ква і Кхэ-кхэ плылі на белых гарлачыках.
Непадалёк ад Ліды, пры дарозе на Ліпнішкі, ёсць вёска Цвермы. За ёй на ростанях вось ужо не адно стагоддзе вабіць людзей незвычайнае святое месца. Яно лічыцца адным з сямі цудаў Лідчыны. Сюды падчас урачыстых набажэнстваў цячэ бясконцая плынь вернікаў розных канфесій.
Кажуць, тады нават дажджавыя хмары над Цвермамі рассейваюцца. А самае галоўнае – людзі тут ачуньваюць ад шматлікіх хвароб.
Гаворка пойдзе пра рэшткі цудадзейнай лекавай сасны і каплічку каля яе, дзе захоўваецца не менш цудадзейнае драўлянае распяцце Ісуса Хрыста. А пачыналася ўсё так. Згодна з паданнем, каля дарогі, што злучала вёскі Цвермы і Дворышча, расла сасна. Пачалася навальніца і заспела ў дарозе жанчыну з нямым дзіцём. Жанчына вырашыла схавацца пад сасной. Маланка ляснула ў дрэва. Напалоханы нямы хлопчык выгукнуў: “Мама!” Жанчына ад радасці і здзіўлення падняла вочы да неба і ўбачыла, што сасна быццам перажыла пакуты: усе яе галінкі былі перакручаныя. Неўзабаве пра цуд даведаліся ў наваколлі.
Людзі вырашылі ўшанаваць сасну і паставілі побач драўляны крыж. З таго часу многія вылечваліся тут. У падзяку вешалі на галінкі дрэва вышываныя ручнікі і фартушкі, звярталіся да дрэва з просьбамі, загадвалі жаданні.
Сасна лічылася не толькі святой, але і недатыкальнай.
Калі хто спрабаваў ускараскацца на яе, падаў і калечыўся. З цягам часу дрэва, з якога быў зроблены крыж, пачало рассыпацца. Вернікі як вялікую рэліквію бралі трэскі і неслі іх дадому.
Другое паданне распавядае пра вялікую буру, якая паваліла крыж. Жыхар вёскі Стэфан Валяль забраў з крыжа фігуру Хрыста дахаты і паклаў у свіран. На другі дзень Стэфану прысніўся сон, дзе ён пачуў: “Навошта ты трымаеш мяне ў свіране?” Пасля гэтага Стэфан аслеп. Ягоная жонка разам з суседзямі дапамагла яму зрабіць новы крыж, прымацаваць фігурку Хрыста і паставіць яго на старым месцы. Калі ўсё было зроблена, зрок вярнуўся да Стэфана. Новы крыж, як і сасну, лічаць цудадзейным. Штогод у дзень цуду і да самай смерці Стэфан з жонкай спраўлялі для ўсёй вёскі пачастунак.
Старажылы вёскі Цвермы сцвярджаюць, што не раз звярталіся да крыжа і сасны, і часта хваробы адступалі. Адну жанчыну вылечылі ад сардэчнай недастатковасці, іншых людзей – ад сухотаў, шкарлатыны, шмат каго ад галаўнога болю ды іншых хвароб. Неяк нават з Вільні прыязджала вяльможная пані і ў срэбных рублях паклала вялікую ахвяру. І католікі, і праваслаўныя ў любое надвор’е ішлі і ехалі сюды, каб памаліцца аб сваім здароўі і здароўі блізкіх. На крыж навязвалі палатняныя фартушкі з нашытымі маленькімі крыжыкамі, аздобленыя ўдзячнымі надпісамі. Іх забаранялася здымаць пакуль самі не спарахнеюць.
Неяк чалавек з суседняй парафіі ўласным коштам накрыў крыж цынкавай бляхай. З бакоў абклаў дошкамі, а пад крыжам уладкаваў стол-алтарык. Разышлася пагалоска, што каля прыдарожнага крыжа аб’яўляецца сам Хрыстос. З таго часу фурманкі пачалі з’язджацца сюды нават з далёкіх ваколіц. У нядзелю там, бывала, збіраліся некалькі тысяч чалавек.
Замест таго, каб пайсці да касцёла на імшу, праводзілі час у малітвах каля сасны пад крыжам, складалі грошы на столік. Тады і вырашылі на тыя ахвяраванні ўзвесці капліцу. Тры гады ішло будаўніцтва, і на другі дзень Тройцы у 1935 годзе капліцу асвяцілі па каталіцкім абрадзе. На свята сабралася каля 15 тысяч вернікаў.
У 1960 г. камуністы разбурылі святыню, але вернікам удалося выратаваць крыж і перанесці яго ў Тракельскі касцёл. Пасля знішчэння капліцы, якая была помнікам архітэктуры народнага дойлідства, на яе месцы меркавалі паставіць геадэзічны знак. Сасна, якая на той час была ў тры абхваты, замінала. Яе таксама вырашылі знішчыць. Але, як толькі пачалі пілаваць, з дрэва пацякла смала падобная да крыві. Работнікі спалохаліся і пакінулі хвою ў спакоі.
Пасля раны святыня неўзабаве завалілася. Ніхто не наважыўся распілаваць ляжачае дрэва.
У 2007 годзе на сродкі вернікаў каля сасны была пабудавана новая капліца. У яе вярнулі і крыж з рэшткамі фігуркі Хрыста, які 47 гадоў захоўваўся ў Тракельскім касцёле. У тым жа годзе на Сёмуху каплічку асвяцілі. Яна атрымала назву Узвышэння Святога крыжа. З таго дня штогод на гэтае свята тут адбываюцца фэсты. З’яўленню капліцы папярэднічала свая гісторыя.
Мясцовы фермер яшчэ ў маладосці ўбачыў сон. Быццам ён стаіць каля векавой сасны і трымае у руках яе галінку. А па ёй з шыпеннем паўзе змяя. Ён хоча адступіць, але няма куды. Раптам чуе голас: ”Не бойся! Яна цябе не кране. Пастаў каля сасны крыж!” Ён прачнуўся і вырашыў паставіць крыж, але не паспеў – захварэў. У 2006-м ён разам з жонкай і сынам на гэтым месцы ўсталявалі металічны крыж. Хвароба сышла. Пасля гэтага вырашылі збудаваць тут капліцу.
Сёння старая сасна абдымае каплічку сваімі сухімі разгалістымі галінкамі. Яны расквечаны рознакаляровымі ахвярнымі стужкамі, якія з прашэннямі і малітвамі навязваюць паломнікі. Яны вераць, што цудадзейнае дрэва выканае іх просьбы.
Папулярная памылковая думка кажа, што шчаслівыя адносіны – гэта тыя, у якіх не бывае сварак. А вось канфлікты – гэта ўжо нібыта «канец усяму». Ну, ці пачатак канца. Насамрэч рознагалоссі ўзнікаюць абсалютна ва ўсіх, а іх вырашэнне, наадварот, спрыяе збліжэнню і пераходу на новы віток блізкасці. Шмат што залежыць ад таго, як менавіта партнёры паводзяць сябе ў канфлікце.
Пошук кампрамісу і новых спосабаў выйсця са спрэчнай сітуацыі не толькі дапамагае ўмацаваць сувязь у пары, але і спрыяе маладосці і актыўнасці мозгу, ажно да абнаўлення яго клетак.
Калі вам здаецца, што дастаткова толькі сустрэць «патрэбнага чалавека», а далей усё пойдзе само сабой, дык у мяне для вас дрэнныя навіны. Над адносінамі давядзецца працаваць. Сучасны свет сутыкнуўся з цікавым парадоксам: па дадзеных сацапытанняў, каханне і задаволенасць адносінамі ў большасці людзей стаіць на першым месцы ў жыцці! А вось уменне будаваць гэтыя самыя адносіны рэзка пацярпела: колькасць адзіночак расце катастрафічна. А таксама тых, хто быццам бы і хоча сустракацца, але «трапляюцца заўсёды не тыя». Ці быццам бы даўно ў шлюбе, але «церпім адно аднаго».
Сучасная псіхалогія адносінаў смела заяўляе: блізкая эмацыянальная прыхільнасць неабходная кожнаму чалавеку, яе можна навучыцца будаваць. Трэба наша жаданне і прызнанне таго факту, што ўсё ж такі для нас гэта вельмі важна (застаецца не забывацца на гэта нават падчас сваркі).
Нашыя паводзіны і рэакцыі на розныя сітуацыі, у тым ліку і канфліктныя, – родам з дзяцінства. Гэта атрымалася паказаць з дапамогай вядомага эксперыменту «Незнаёмая сітуацыя» (у разуменні кахання і адносінаў ён лічыцца такім жа важным, як і эксперымент Ньютана для разумення закону сусветнага прыцягнення ў фізіцы!). Распрацавала яго псіхолаг-даследчык з Канады Мэры Эйнсварт. З яго дапамогай яна канчаткова аформіла ідэі «тэорыі прыхільнасці» Джона Боулбі і яе галоўную ідэю: фарміраванне глыбокай узаемнай блізкасці – галоўны імператыў для кожнага чалавека.
Мама з дзіцем 1-3 гадоў запрашаюцца ў незнаёмае памяшканне. Праз некаторы час туды заходзіць спецыяльна падрыхтаваны супрацоўнік, а мама сыходзіць. Часцей за ўсё дзеці рэагуюць на яе знікненне вельмі бурна: плачуць, кідаюць цацкі, разгойдваюцца з боку ў бок. Праз тры хвіліны пасля таго, як дзіця знаходзілася адзін на адзін з незнаёмым дарослым, мама вяртаецца.
Рэакцыя малога на гэты момант уз'яднання лічыцца асноўнай у эксперыменце. Яна дазволіла Боулбі і Эйнсварт падзяліць тыпы эмацыянальнай сувязі, якія склаліся паміж дзіцем і мамай, на тры катэгорыі.
1. Надзейны тып.
Дзеці хутка супакоіліся і вярнуліся ў кантакт з мамай. Мамы звычайна цёплыя і спагадлівыя.
2. Трывожна-амбівалентны тып.
Дзеці працягвалі нервавацца і пасля вяртання мамы, дэманстравалі варожасць альбо патрабавальнасць, чапляліся за маці. Такія маці эмацыянальна непаслядоўныя: то лашчаць дзіця, то адштурхоўваюць ад сябе.
3. Тып, які пазбягае.
Малышы застаюцца абыякавымі да вяртання маці. Яны не выказваюць ні радасці, ні гневу, ні засмучэння. Маці, па назіраннях, – халодныя, выракаюцца.
Аматары тэорыі прыхільнасці ўпэўненыя, што наш тып прыхільнасці напрамую звязаны з тым, як мы бачым сябе і іншых. Доктар Сью Джонсан, сябра Амерыканскай псіхалагічнай Асацыяцыі, адзначае, што гэтыя ментальныя мадэлі вызначаюць, як мы рэгулюем свае эмоцыі, што чакаем ад стасункаў, як інтэрпрэтуем дзеянні партнёра. Тып прыхільнасці закладвае ў нас паводніцкія шаблоны. І ў адпаведнасці з імі мы дзейнічаем як у паўсядзённым жыцці, так і ў перыяд канфліктаў.
Больш паспяхова будуюць адносіны людзі з надзейным тыпам прыхільнасці. Яны ўпэўненыя ў тым, што яны самі вартыя кахання і добрага стаўлення. Такімі ж лічаць па змаўчанні і навакольных. Гэта прыводзіць да таго, што яны не імкнуцца пазбегнуць канфлікту, замаўчаць яго, не пачынаюць адразу абараняцца або нападаць. Яны шчыра зацікаўленыя вырашыць праблему так, каб добра было кожнаму ўдзельніку адносінаў. «Надзейны тып» гатовы вучыцца будаваць каханне і верыць у свае адносіны.
На жаль, не ўсім пашанцавала мець дадзены тып прыхільнасці. А на постсавецкай прасторы ён наогул хутчэй выключэнне, чым правіла. Людзі з трывожным патэрнам ідэалізуюць іншых, сумняваюцца ў сваёй каштоўнасці і ў тым, што яны добрыя партнёры. Ім пастаянна трэба ўхваленне і запэўніванні ў каханні і ў тым, што іх не кінуць. Тып, што пазбягае, – людзі, якія самі лічаць сябе годнымі і для кахання, і для клопату. А вось іншыя вакол «чамусьці» заўсёды не такія: ненадзейныя, несур'ёзныя і г.д. Так што нібыта і хочацца адносінаў добрых, а будаваць іх і няма з кім.
Усе гэтыя патэрны паводзінаў могуць існаваць не ў чыстым выглядзе, а змешвацца паміж сабой у залежнасці ад сітуацыі. Сутнасць у тым, што яны ўплываюць на тое, як чалавек будуе адносіны. Напэўна, вы заўважалі: на словах чалавек кажа пра тое, як яму каштоўна быць у пары. А вось на справе робіць усё, каб гэтай пары ў яго якраз і не было.
Але адчайвацца не варта! Справа ў тым, што згубныя патэрны паводзінаў можна адсочваць у сваіх паводзінах і мяняць іх на канструктыўныя! Мастацтву вядзення канфлікту з блізкім чалавекам можна вучыцца. Гэтак жа, як і мастацтву адносінаў у цэлым. Для глыбінных зменаў, вядома, патрабуецца час. А часам і дапамога спецыяліста. Але сёе-тое змяніць у паўсядзённым жыцці можна і самастойна.
Буйныя даследчыкі ў галіне тэорыі прыхільнасці, даследчыкі з Калумбійскага ўніверсітэта – нейрабіёлаг, псіхіятр вышэйшай катэгорыі Амір Левін і бакалаўр паводніцкіх навук, магістр сацыяльна-арганізацыйнай псіхалогіі Рэйчал Хелер – называюць пяць асноўных прынцыпаў вядзення канфліктаў з каханым чалавекам. Яны характэрныя для людзей з надзейным тыпам прыхільнасці, але навучыцца ім можа кожны.
Пра сваю другую палавінку важна клапаціцца гэтак жа, як і пра сябе. Грэбаванне патрэбамі каханага чалавека ў выніку паўплывае на вашыя эмоцыі, задаволенасць і фізічнае здароўе. У здаровых адносінах няма пазіцыі, што ўсё выконваецца ці «па-твойму», ці «па-мойму». Важныя прапановы абодвух партнёраў, кожны атрымлівае сваю порцыю клопату і разумення.
Людзі трывожнага тыпу ці таго, які пазбягае прыхільнасцяў, часта не могуць вырашаць спрэчныя пытанні адразу. Трывожныя ўпэўненыя: любая спрэчка азначае, што каханы чалавек збіраецца сысці, гатовы адмовіцца ад яго і ад стасункаў наогул. Таму такія людзі замест вырашэння канкрэтнай, часта невялікай праблемы рэагуюць занадта востра: абвінавачваюць, плачуць, маўчаць, імкнуцца ўкалоць балюча, каб заўважылі іх патрэбы. І такім чынам правакуюць яшчэ большыя праблемы. Людзі тыпу, што пазбягае, наадварот, глушаць свае патрэбы ў блізкасці, эмацыянальна зачыняюцца. Чым мацнейшая сварка, тым мацнейшае іх жаданне збегчы. Трэба памятаць, што важныя тэмы трэба абмяркоўваць. Вядома, не заўсёды рашэнне знаходзіцца тут жа. Але калі дазволіць крыўдам назапашвацца, дык у будучым яны абавязкова нагадаюць пра сябе.
Калі спрэчны момант складаецца ў тым, хто будзе мыць зараз посуд, дык не трэба пераносіць яго на ўсе сферы жыцця: «а вось ты заўсёды», «як жа мне надакучыла», «рабі, што хочаш, я наогул сыходжу» і г.д. Паспрабуйце заставацца ў рамках пэўнай тэмы, адмовіцца ад крыўдных каментароў, прыніжэння.
Здаровыя адносіны, якія прыносяць задавальненне, – гэта праца дваіх. Не можа быць такога, што адзін спрабуе вырашыць пытанне, а другі проста прысутнічае пры гэтым. Эмацыянальна ўцягнутыя ў сітуацыю павінны быць абое. Памятайце, што мэта – знайсці рашэнне, што падыходзіць для дваіх. Пастарацца пры гэтым не адказваць з'едлівасцю на з'едлівасць, не ўцякаць ад праблемаў.
Умець выразна агучыць свае патрэбы – асобнае мастацтва, якому варта павучыцца. Напрыклад, многім цяжка прама сказаць: «Я хачу правесці з табой час сёння, я засумаваў». Часцяком інфармацыя падаецца ў выглядзе абвінавачванняў: «Вечна ты на тэлефоне вісіш».
Для таго, каб сваркі праходзілі максімальна канструктыўна, трэба загадзя настроіць сябе на добрае. Гэта не той штучны пазітыў, які набіў аскому, усім ужо надакучыў і мала працуе. Тут гаворка больш пра давер да жыцця і да свайго выбару. З гэтым чалавекам вы знаходзіцеся ў адносінах, і вы верыце ў тое, што гэтыя адносіны могуць быць шчаслівымі. Нешчаслівыя вам навошта?
Такім чынам, падчас сваркі лепей думаць не пра тое, якая яна «дурніца», а ён «казёл», а вось пра што:
У канфліктных сітуацыях трэба думаць пра добрае. Калі вы чакаеце ад суразмоўцы падвоху, дык міжволі пачынаеце паводзіць сябе так, як быццам абараняецеся, і тым самым пагаршаеце сітуацыю. Пазітыўныя думкі пра тое, што вам хочуць дабра, дапамогуць пабудаваць дыялог у патрэбным ключы.
Заўважыць і змяніць стратэгіі паводзінаў, якія перашкаджаюць нам будаваць адносіны, можна. Для гэтага дастаткова жадання і руплівай працы (самастойнай або са спецыялістам). Загваздка ў тым, што хацець гэтага павінны абое ў пары. Калі канфлікт заключаецца ў тым, што адзін уцякае, а другі даганяе (розныя патрэбы ў блізкасці), да паўнавартаснага кампрамісу прыйсці наўрад ці атрымаецца. Важныя крокі насустрач.
Крыніца, пра якую пойдзе гаворка, называецца Ільінскай і знаходзіцца непадалёк ад вёсак Стайкі, Царкавішча і Звонь Ушацкага раёна. Месца, дзе бруіць цудадзейная вада не простае, яно завецца ў народзе Прошчай. Лес вакол Прошчы – хваёвы і лічыцца Святым.
Кажуць, што ў ім нават авадні, камары і мухі не вядуцца. Побач Святое возера, куды паводле легенды правалілася Ільінская царква. Калі дзяўчына хацела хутка знайсці жаніха, ёй трэба было на Купалле акунуцца ў тую крыніцу.
Святыня і сапраўды знаходзіцца ў адметным месцы. Пад гарой, на якой у канцы ХІХ cтагоддзя была ўзведзена драўляная царква ў гонар Святога Іллі. У беларускай народнай традыцыі кожны ўзгорак, які вылучаўся на мясцовасці, сімвалізаваў для тутэйшага люду сакральны цэнтр. У старажытныя часы на ўзвышшы месцілася свяцілішча, а ў хрысціянскія часы – храм. Свяцілішча або храм і крыніца пад узгоркам складалі адзіны культавы комплекс. А тут яшчэ і Святое возера побач...
Раней у царкве Святога Іллі знаходзіўся аднайменны абраз. Побач – дзве маленькія каплічкі і велізарны драўляны крыж. У самым пачатку ХХ стагоддзя каплічку ўзвялі і над крыніцай. Каля крыніцы заўсёды было людна, але асабліва шмат народу збіралася 2 жніўня – у Дзень Святога Іллі.
Паводле біблейскага падання, прарок Ілля жывым узнёсся на нябёсы. А паводле старадаўніх язычніцкіх вераванняў нашых продкаў, гэты святы замяніў сабою магутнага бога Перуна. Таго самага, які распараджаўся дажджом і навальніцамі, кіраваў вайсковымі справамі, апекаваўся земляробствам, абараняў ад усялякіх няшчасцяў. Людзі верылі: калі Ілля раззлуецца, дык можа наслаць навальніцы, град і сухмень.Таму яго яшчэ называлі Ілля-Грамоўнік.
З гэтым прысвяткам звязана мноства народных звычаяў і прыкмет. Пасля Іллі забараняецца купацца, нібыта з гэтага часу чэрці хаваюцца ад стрэл прарока ў ваду і могуць зацягнуць чалавека на дно, каб забраць ягоную душу. Лічыцца, што вада пасля Іллі становіцца халоднай. Казалі: “Ілля ўкінуў у ваду алядня (лёду)”. У дзень памяці святога ладзілі хрэсны ход і прасілі ў святога дажджу або яснага надвор’я. Працаваць у гэты дзень было непажадана, паколькі верылі, што святы можа пакараць чалавека за гэта няўродам і хваробамі.
Заўсёды лічылася, што крынічная вада ў гэты дзень валодае асаблівай лекавай сілай менавіта да абеду. Яна здымае ўсе хваробы, асабліва дапамагае пры хваробах вачэй. Лекуе і хатнюю жывёлу – змывае сурокі і ўпуды. Як плату за ваду, каля крыніцы клалі палотны, грошы, прадукты… А каб добра вяліся авечкі – воўну. Многія ў гэты дзень “бралі ахвяры”, што значыць паўзлі ад царвы да крыніцы на каленях і “загадвалі на хваробу“, напрыклад, казалі: ”прашу,каб вочы добра бачылі”.
Да крыніцы прыходзіла шмат моладзі. Пасля вадасвяцця ў лесе ладзілі танцы з гармонікам. Дзяўчаты вадзілі карагоды, а хлопцы мерыліся сілай – біліся каламі. Каб забяспечыць сябе добрай доляй і здароўем на ўвесь год, купаліся ў Святым возеры або абліваліся крынічнай вадой, асвечанай прысутнасцю святога Іллі-Грамоўніка.
У канцы 1930-ых гадоў царкву разабралі і перавезлі на пабудову калгаснай стайні. Крыж знішчылі. Але людзі працягвалі хадзіць да сваёй спрадвечнай святыні. Крыніца дапамагала ім ў жыцці. У пачатку 1990-х гадоў набажэнствы аднавіліся. На месцы былога храма паставілі вялікі драўляны крыж, крыніцу ўзялі ў зруб. У наш час у святочны дзень у Стайскі бор прыязджаюць вернікі з усёй Полаччыны.
На ўзгорку каля крыжа адбываецца ўрачыстае набажэнства, падчас якога ахрышчваюць не толькі дзетак, але і сталых людзей. Тут запальваюць свечкі і на паднос ахвяруюць грошы, успамінаюць тых, каго няма ўжо на гэтым свеце. Адбываецца асвячэнне вады. Калі вада асвечаная, спецыяльна выбраны чалавек з царкоўнага атачэння чэрпае ваду вядром, прынесеным з храма. Людзі напаўняюць посуд, многія адыходзяць і цалкам абліваюцца вадой.
Да калодзежа прымацавана спецыяльная скрыначка, куды ахвяруюць грошы. Пасля сем’ямі рассцілаюць абрусы ў навакольным лесе і палуднуюць. У гэты дзень раённае кіраўніцтва арганізуе сюды падвоз людзей спецыяльнымі аўтобусамі. У лесе працуе гандлёвы пункт райспажыўтаварыства.
У вёскі Стайкі, Звонь і Царкавішча Ушацкага раёна можна патрапіць толькі па вясковых дарогах.
Вёска Стайкі нават не на ўсіх картах ёсць. Але яшчэ не было такога, каб жадаючыя патрапіць у Стайскі бор-Прошчу не знайшлі туды дарогі. Славутую Ільінскую крыніцу ведае ды ўшаноўвае ўсё наваколле, і кожнаму падкажуць шлях да яе.
Вы памятаеце Лепісіна і Быляка, вітамінных чалавечкаў? Яны вынайшлі спосаб, як засцерагчы дзяцей ад алергіі, правялі майстар-клас па выцісканні соку з яблыкаў і апельсінаў. А сёння ратуюць яблыньку і вучацца пераадольваць страх.
Лепісін хаваўся ад пякучага сонца пад яблыняй. Ён пацягваў са шклянкі яблычны сок і паглядаў на заклапочанага Быляка. Той хадзіў з задуменным выглядам вакол яблыні, падымаў вочы ўгору, падфутбольваў паданкі і нешта мармытаў пад нос.
— Слухай! – не вытрываў Лепісін, – досыць кругі наразаць. Хадзем пасядзім разам у цяньку.
— Чакай! Бачыш, я заняты.
Лепісін памаўчаў колькі хвілінак. Урэшце Быляк прысеў побач, дастаў з кішэні аловак і нататнік ды запісаў: “Яблыкі ападаюць!!!” І паставіў ажно тры тлустыя клічнікі.
— Яблыкі ападаюць! – паўтарыў ён з уздыхам, глянуўшы на Лепісіна.
— Дык можа, ім пара? Можа, яны спелыя?
Быляк моўчкі падняў з травы яблык, памыў яго вадой з бутэлькі і працягнуў Лепісіну. Той адкусіў кавалачак і скрывіўся.
— Ой, не! Не спелыя!
— І семкі ў іх – бачыш – белыя. А ў спелага яблыка яны бурыя.
— Дык чаго ж яны тады падаюць?
— Прычыны могуць быць дзве! – падняў угору палец Быляк. – Недахоп вады або празмерная колькасць вады ў глебе. А ўважаючы, якое сёлета засушлівае лета стаіць, можна меркаваць, што мы маем…
— Недахоп вады! – падсумаваў Лепісін. – І што рабіць?
— Паліваць! Дапаможаш?
— Яшчэ пытаешся! Вядома, памагу!
— Толькі май на ўвазе, – папярэдзіў Быляк, – каб паліць дрэўца, вады трэба куды больш, чым для кветак.
— Ведаю! Давай вёдры! – скамандаваў Лепісін.
— Ох і папрацавалі вітамінныя чалавечкі! Цягаць невялічкімі вядзерцамі ваду для вялікай яблыні не так і лёгка. Добра, што возера побач. Каб было весялей, пырскаліся! Палілі яблыню, прылеглі адпачыць.
— Гімнастыка штораніцы – гэта сіла! – разважаў Лепісін. – Так што мне тыя вёдры – лёгенькая размінка. А ты зноў задумаўся?
Быляк крыху павагаўся, а пасля спытаў:
— Слухай, як думаеш, страшна ім падаць з гэткай вышыні?
— Каму? – ажно папярхнуўся Лепісін.
— Каму, каму… Яблыкам! Як падумаю, што мне трэба было б з верхняй галінкі скочыць, ажно моташна робіцца!
Лепісін задраў галаву:
— Хто яго ведае… Можа і страшна… А давай паспрабуем!
— Давай! – згадзіўся Быляк. – А халаты белыя апранаць будзем? Гэта ж таксама эксперымент!
— Не, у халатах скакаць з дрэва небяспечна! Можна зачапіцца крысом.
Чалавечкі спрытна ўскараскаліся на галінкі, што былі не дужа высока ад зямлі. Паглядзелі ўніз.
— Ну як, галава не круціцца? – спытаў Лепісін.
— Здаецца, не. Ну што, разам?
— Разам. Раз! Два! Тры!
І яны разам скочылі. І ім спадабалася! Зноў і зноў залазілі вітамінныя чалавечкі на яблыню! Яны хутка асмялелі і скакалі ўжо нават з самых верхніх галінак. Праўда, не заўсёды ўдала. Адзін выцяў плячо, другі руку. Найбольш дасталося Лепісіну. Няўдала прызямліўшыся, ён і нагу выцяў, і падрапаў каленку. Быляк дапамог сябру дабрацца дамоў. Там яны трошкі паспрачаліся, чым лепш апрацаваць ранку: ёдам ці зялёнкай. Нават пазванілі ў 103 і запыталіся.
Перакісам вадароду! – адказалі ў “хуткай дапамозе”.
Драпіны прамылі перакісам і забінтавалі. А пасля запісалі ў нататнік заўвагу: “Садавіне лепш падаць з галінак ўвосень, калі пад дрэвам ужо дастаткова апалай лістоты”. А знаёмым дзецям параілі скакаць толькі з невысокіх дрэў і абавязкова апрацоўваць драпіны перакісам. Каб хутчэй загойваліся!
Харчаванне ў жыцці кожнага чалавека адыгрывае важную ролю. Штодзённы рацыён павінен утрымліваць неабходную колькасць пажыўных рэчываў, мікра- і макраэлементаў. Ад гэтага залежыць наш стан здароўя, самаадчуванне і праца імунітэту.
Як правільна харчавацца ў сезон прастудаў і рэспіраторных інфекцый? Як арганізаваць свой рацыён, калі ўсё ж такі захварэлі?
Пра гэта распавяла Анастасія Косава, загадчыца аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя .
Па словах Анастасіі Косавай, не існуе якога-небудзь аднаго прадукту, які б зрабіўся тым чароўным сродкам, што дасць магчымасць не захварэць. Штодзённы рацыён чалавека павінен змяшчаць адэкватную колькасць асноўных нутрыентаў: бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мікра- і макраэлементаў, вітамінаў і вады. Ён прадугледжвае некалькі груп прадуктаў, уключаючы зерневыя (хлеб, макароны, крупы), гародніну і садавіну, кісламалочныя і мясныя (крыніца бялку).
Гародніна з'яўляецца крыніцай вітамінаў, складаных вугляводаў і клятчаткі (спрыяе падтрыманню нармальнай мікрафлоры кішэчніка). СААЗ рэкамендуе ўжываць не менш за 400 г рознай гародніны і садавіны ў дзень.
Цыбуля і часнок утрымліваюць аліін, які пераўтворыцца ў аліцын. Гэтае рэчыва яшчэ называюць прыродным антыбіётыкам. Аліцын валодае бактэрыцыдным і супрацьгрыбковым дзеяннем.
Своеасаблівым аналагам часнаку і цыбулі з'яўляецца імбір, які адрозніваецца больш прыемным смакам і пахам. У ім таксама ўтрымліваецца аскарбінавая кіслата, вітаміны групы В, А, цынк, кальцый, ёд. Імбір валодае імунастымулюючым і імунамадулюючым дзеяннем, павялічвае супраціўляльнасць арганізма і дапамагае яму змагацца з патагеннымі агентамі.
Наймагутнейшым стымулятарам і прыродным антыбіётыкам называюць куркумін, які змяшчаецца ў куркуме. Гэтае рэчыва перашкаджае бактэрыяльным ускладненням і вірусным інфекцыям, патлумачыла спецыяліст.
Актыўна аднаўляе нашу імунную сістэму аскарбінавая кіслата. Яна ўтрымліваецца ў лімонах, шыпшыне, чорных парэчках і журавінах, квашанай капусце, балгарскім перцы і зялёнай ліставой гародніне.
Прыкладна 80% нашага імунітэту фарміруецца ў кішэчніку. Таму для яго здароўя важна ўключыць у свой рацыён кісламалочныя прадукты. Бялок удзельнічае ў сінтэзе гармонаў і імунных бялкоў, а значыць, меню варта дапоўніць рыбай, мясам, птушкай.
Напрыклад, Амега 3 і поліненасычаныя тлустыя кіслоты ўдзельнічаюць у стварэнні такога рэчыва, як сурфактант (ён на 90% складаецца з фасфаліпідаў), якім знутры пакрытыя альвеолы лёгкіх. Сурфактант падтрымлівае іх у выглядзе пузыркоў і не дае «зліпнуцца» на выдыху, а таксама паскарае трапленне кіслароду ў кроў.
Не варта забывацца і на пітны рэжым. Рэкамендаваная доза ў дзень – 10 мл на 1 кг масы цела чалавека. Калі ёсць якія-небудзь хранічныя захворванні, гэтую дозу варта адкарэктаваць са сваім урачом.
І яшчэ адзін немалаважны нюанс. Хімічны склад ежы павінен адпавядаць ферментным сістэмам арганізма. Не варта ўжываць у ежу прадукты, якія не ўласцівыя нашаму рацыёну. Гэта можа выклікаць перанапружанне гэтых сістэмаў. Безумоўна, ежа павінна быць бясшкоднай.
Звяртайце ўвагу на цеплавую апрацоўку мясных вырабаў і рыбы. Гародніна і садавіна павінны быць старанна вымытыя. Прымаць ежу трэба 3 разы на дзень. Пры гэтым прыёмы ежы варта падзяліць так, каб не адчуваць голаду і не пераядаць. Калараж павінен адпавядаць патрэбам чалавека ў залежнасці ад узросту, полу і віду дзейнасці. А вось ад любых дыетаў, упэўненая спецыяліст, пакуль варта ўстрымацца.
Калі чалавек толькі пачынае хварэць, яго рацыён абавязкова павінен быць максімальна паўнавартасным, утрымліваць неабходную колькасць тлушчаў, бялкоў і вугляводаў.
У выпадку, калі хвароба знаходзіцца ў самым разгары, эксперт параіла харчавацца ў ашчаджальным рэжыме. Ежа павінна быць падзеленая на дробавыя частыя порцыі. Стравы варта гатаваць на пары альбо ў духоўцы.
Падчас выздараўлення неабходна падтрымаць кішэчнік, мікрафлора якога можа пацярпець у выніку прыёму розных лекавых прэпаратаў, напрыклад, антыбіётыкаў. У гэтых адносінах добра сябе зарэкамендавалі кісламалочныя прадукты. Харчавацца варта пакуль у ашчаджальным рэжыме, але можна ўводзіць у рацыён гародніну і садавіну.
У лесе паміж вёскай Дарасіно і пасёлкам Радуга Любанскага раёна ва ўрочышчы Студзянец спрадвеку бруіцца святая крынічка. Людзі ўпэўненыя, што цудадзейная вада лекуе многія хваробы, асабліва, калі ісці да яе пешшу.
Каардынаты: Вёска Дарасіно Любанскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца ў 6 км ад пасёлку Урэчча і 25 км ад Любані. Ад вёскі Дарасіно да святой крыніцы – 6 км.
Над крыніцай узведзены калодзеж, стаяць крыжы. Раней тут была даволі вялікая капліца. Увогуле, святыня вельмі старажытная, калі яна з’явілася, дакладна сказаць немагчыма. Верагодна, шанавалі яе яшчэ з далёкіх паганскіх часоў. Паводле архіўных звестак, тут збіраліся на кожную маладзіковую нядзелю і ахвяравалі крыніцы сувоі палатна, лён, воск і грошы. Такое магло адбывацца ў часы ўшанавання беларусамі Месяца.
Вядома, спачатку царква вельмі непрыязна ставілася да старадаўніх традыцыйных культаў. Таму крынічку, на месцы якой быў узведзены калодзеж глыбінёй у паўтары метры, перыядычна засыпалі, а крыжы вакол калодзежа і каплічку знішчалі. Але людзі штораз упарта аднаўлялі сваю святыню і працягвалі хадзіць да яе лекавацца, а ў падзяку за ацаленне прыносіць ахвяраванні і ставіць крыжы.
Паводле адной з іх, некалі на гэтым месцы было поле, дзе стомленаму пастушку ў сне з’явілася Божая Маці і паказала месца, дзе ён можа спатоліць смагу і набрацца сіл. Прачнуўшыся, хлопчык знайшоў на пазначаным месцы крыніцу з чысцюткай вадой.
Другі варыянт легенды апавядае пра аратая, які апрацоўваў поле на двух валах. Ён таксама стаміўся і прылёг адпачыць каля вялікага каменя. І ў сне пачуў, быццам нехта кажа яму: “Падыміся і адсунь камень!” Калі аратай прачнуўся, так і зрабіў. І адбыўся цуд: з-пад каменя зацурчэла вада.
Да крыніцы збіраюцца вернікі з усяго наваколля. Мясцовыя жыхары пабудавалі каля калодзежа капліцу і паставілі дванаццаць крыжоў, на якія павязвалі стужкі, фартушкі і прасілі ў Божай Маці здароўя. Калі крыж парахнеў, яго спальвалі, а попел закапвалі каля бліжэйшага дрэва. Але больш за ўсё людзі прыходзілі сюды на
Прэпалавенне (серада чацвёртага тыдня пасля Вялікадня) і на Макавей, або Мядовы Спас, 14 жніўня. У гэтыя дні асвячаў ваду з крыніцы святар з дарасінскай царквы, і яна лічылася асабліва дзейснай ад хвароб. Перад гэтым у царкве адбывалася адпаведная служба. Затым вернікі хрэсным ходам ішлі вакол храма і неслі абраз Божай Маці. Потым з абразом накіроўваліся да крыніцы. Дарогу на ўсім шляху да святыні высцілалі саматканым палатном, а ўздоўж дарогі кленчылі вернікі...
Новая хваля змагання са святыняй пачалася ў 1930-я гады ХХ стагоддзя.
Мясцовыя ўлады прыбралі крыжы, крыніцу засыпалі і завалілі камянямі. Але, як сцвярджае новая легенда, адзін з актыўных выканаўцаў гэтай справы неўзабаве аслеп. У сне да яго з’явілася Божая Маці і сказала, што ён ведае, за што пакараны. Распавядаюць, што нараніцу гэты чалавек прыпоўз на каленях да крыніцы, раскапаў яе, раскідаў камяні, прамыў вадой вочы і зноў зрабіўся відушчым. А ў падзяку за ацаленне пабудаваў на гэтым месцы калодзеж.
У пасляваенныя гады тут адбываліся калгасныя святы з канцэртамі, з раённага цэнтра прыязджалі аўталаўкі, разгортваўся гандаль.
У канцы ХХ стагоддзя мясцовыя людзі аднавілі старадаўнюю традыцыю хрэснага ходу, асвячэння вады і ўсталявання крыжоў, на якія вернікі і сёння вешаюць стужкі і ручнікі. Штогод на Мядовы Спас падчас малебну і асвячэння вады ў калодзежы людзі просяць святара асвяціць мёд, мак, чарніцы, моркву новага ўраджаю.
Пасля малебну вернікі набіраюць з сабою асвечаную ваду, якая нібыта не псуецца і выкарыстоўваюць яе як лекавы сродак. Потым па старадаўняй традыцыі людзі збіраюцца сем’ямі і ладзяць святочны абед. Абавязковы ласунак у гэты дзень – макавая поліўка.
Калі Вы хочаце далучыцца да гэтага незвычайнага свята, наведайце крынічку 14 жніўня. Толькі спачатку трэба прыехаць у вёску Дарасіно і разам з працэсіяй хрэснага ходу прайсці пешкі да святыні. Як сцвярджаюць старажылы, толькі так вада з незвычайнага калодзежа дапаможа вам вылекавацца канчаткова.
Апроч святой вады, якую вы набярэце пасля асвячэння, трэба тройчы падысці да абраза Божай Маці, перажагнацца, укленчыць і прайсці пад ім. У гэты час трэба папрасіць у Божай Маці, чаго Вам не стае. Калі здароўя – прасіце здароўя, ладу ў сям’і – прасіце ладу, калі ў дзяўчыны няма хлопца – і з гэтым звяртайцеся. Але рабіць гэта трэба ад шчырага сэрца. І не забудзьце прыхапіць з сабою кветкі, якія ў якасці падзякі пакінеце каля крыжа. Або стужку, якую павяжаце на крыж.
З чым звязаная частая праява кандыдозу ў мужчын? Ці ўплывае ён на сэксуальную функцыю? Як правільна лячыць малочніцу ў мужчын, каб яна больш не вярталася? Што рабіць для прафілактыкі?
Пра малочніцу ў жанчын нам раз-пораз нагадвае рэклама, заклікаючы вылечыцца, усяго толькі прыняўшы адну таблетку. Насамрэч «кандыдоз вонкавых палавых органаў», альбо «кандыдозны баланапастыт» (так афіцыйна называецца малочніца ў хлопцаў), дакучае і прадстаўнікам моцнага полу. Прычым для таго, каб падхапіць такую праблем, зусім не абавязкова весці актыўнае палавое жыццё, захварэць можа нават дзіця. А вось чароўнай таблеткі для лячэння не існуе.
Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі моцнага полу хварэюць на кандыдоз прыкладна ў 6 разоў радзей за жанчын, праблема гэтая досыць распаўсюджаная. На пытанні журналіста Слушна адказаў Раман Еўсцігнееў, уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка).
Фактары, якія правакуюць развіццё кандыдозу ў мужчын:
— Для таго, каб выключыць гэтыя фактары, патрабуецца паралельнае абследаванне органаў і сістэмаў, у тым ліку і аналізы крыві на ВІЧ, парэнтэральныя гепатыты. Магчыма, спатрэбіцца кансультацыя імунолага. У выпадку, калі працэс абмежаваны палавымі органамі, агульны стан пацыента не пакутуе. Аднак пры выяўленым зніжэнні імуннай абароны можа ўзнікнуць паражэнне ўнутраных органаў і сістэмаў. Калі кандыдоз узнікае часта (4 і больш эпізодаў на працягу года), ёсць верагоднасць пэўных спадарожных праблемаў са здароўем, неабходна праводзіць дадатковую дыягностыку.
Малочніца ў мужчыны негатыўна ўплывае і на яго палавую функцыю. Адбываецца гэта па некалькіх прычынах:
— Магчымае таксама прымяненне сістэмных прэпаратаў для прыёму ўнутр у спалучэнні з мясцовай тэрапіяй. На час лячэння варта выкарыстоўваць прэзерватыў альбо цалкам выключыць палавыя кантакты. Адной таблеткай кандыдозны баланапастыт не вылечыцца, на жаль. Пазбавіцца ад кандыдозу раз і назаўжды, з гарантыяй не захварэць больш ніколі, немагчыма. Грыбы роду Кандыда з'яўляюцца прадстаўнікамі нармальнай флоры кішэчніка, палавых шляхоў у жанчын, такім чынам, у кожнага маецца ў арганізме рэзервуар гэтых грыбкоў. Пры ўзнікненні правакацыйных фактараў можа развіцца захворванне.
Для прафілактыкі кандыдозу ў мужчын наш эксперт Раман Еўсцігнееў вылучае некалькі асноўных момантаў:
Малочніца ў мужчын можа выяўляцца толькі на палавых органах альбо быць сігналам іншых непаладак у арганізме. Пры ўзнікненні праблемы 4 разы на год і часцей патрабуецца абследаванне. А вось меры прафілактыкі хаця і здаюцца вельмі знаёмымі і простымі, усё ж такі рэальна працуюць.
На Магілёўшчыне, на мяжы Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў, непадалёк ад вёскі Шапялевічы, месціцца ўнікальны прыродны аб’ект – возера Хатомля (Хотам’е, Хіцімля), плошчай больш за адзін гектар. Возера адносіцца да ледавіковых і звязана падземнай плынню з ланцужком другіх азёраў. Мясцовыя жыхары называюць возера Святым або Чорным і распавядаюць, што вада ў ім лекавая: калі ўмыцца ёю або выкупацца, хваробы адступаюць.
Аўтамабілем: з Мінска па трасе М4 на Магілёў, затым паварот на Бялынічы. З Бялыніч па аўтамабільнай дарозе Н10001 да в. Шапялевічы, ад в. Шапялевічы 3 км у бок в. Гоенка. Каардынаты GPS: 54.104156,29.516873.
Вакол возера цудоўны бор, шмат грыбоў і ягад, а ў ім самім – мноства рознай рыбы. Глыбіня Хатомлі месцамі дасягае 8 м. Але падступіцца да возера цяжка з-за забалочанасці берагоў. Таму мясцовыя людзі ўпэўненыя, што вадаём не мае дна. Гадоў дваццаць таму супрацоўнікі Шапялевіцкага лясніцтва па ўсім перыметры возера ўсталявалі масткі з прыступкамі. З іх зручна купацца ці проста нахіліцца, каб набраць вады. А яна ў возеры і сапраўды незвычайная: утрымлівае шмат іонаў серабра, мае характэрны чорны колер, чыстая і мяккая.
Пасля купання скура быццам змазана крэмам. Людзі ўпэўненыя – вада лекавая, асабліва дапамагае ад скураных і залатушных хвароб. А калі набраць яе з сабой, можа прастаяць некалькі гадоў і не страціць свежасці. Па статыстыцы і расповедах мясцовых, у возеры ніхто ніколі не тануў. Вада трымае!
Кажуць, што некалі цудадзейную сілу возера заўважылі манахі ды пабудавалі тут скіт, завялі гаспадарку.
Пазней скіт знік, а на яго месцы ўзвялі драўляны храм. Тут выконваліся абрады, ладзіліся хрэсныя хады. Асабліва ўрачыста святкавалі дзень Іаана Хрысціцеля – займеннік язычніцкага Купалля. Каб ушанаваць святое месца, памаліцца і паспавядацца Усявышняму, папрасіць у яго аздараўлення ад хвароб, на гэта свята збіраліся людзі з навакольных мясцін, прыязджалі здалёк паломнікі. У савецкія часы святыню разбурылі, а бярвенні скацілі ў возера.
Потым, кажуць, знайшлі ў возеры крыж з царквы, які праляжаў некалькі дзесяцігоддзяў і не спарахнеў. Крыху даўжэй прастаяла маленькая каплічка над крынічкай каля возера, яе яшчэ памятаюць старажылы.
У навакольных вёсках дагэтуль можна пачуць легенды пра возера, якія дзіўным чынам перагукваюцца з няпростай гісторыяй нашага краю. Быццам некалі на месцы возера была вёска з храмам. Падчас чарговай варожай навалы людзі ў жаху схаваліся ў храме. Пакуль вораг паліў і рабаваў іх дамы, яны маліліся. Бог пачуў іх малітву, і царква з людзьмі схавалася пад зямлёй, а над імі з’явілася надзвычай чыстае возера. Так яны знайшлі супакой пад тоўшчай вады.
І сёння, калі прыкласці вуха да зямлі на беразе возера, можна пачуць гукі званоў. Але самае цікавае адбываецца ўначы перад Вялікаднем. Нібыта над вадой уздымаецца царская брама ад патопленай царквы. Ярка гараць свечкі, а анёлы так прыгожа спяваюць “Алілуя”, што той, хто пачуў, не можа крануцца з месца, пакуль не ўзыдзе сонца.
Высокі працэнт утрымання серабра ў азёрнай вадзе некаторыя тлумачаць тым, што калісьці ў возера скінулі скарб, дзе было шмат срэбных рэчаў, і яны паступова распускаюцца ў вадзе. А другія людзі ўпэўнены, што на дне ляжыць затопленая залатая карэта.
У наш час 7 ліпеня па праваслаўным календары адзначаюць дзень Іаана Хрысціцеля.
Калі свята прыпадае на выхадны, тут адбываецца сапраўднае паломніцтва. Сюды едуць на машынах і на конях, на матацыклах і роварах, ідуць пешшу. Вераць: менавіта ў гэты дзень азёрная вада валодае асаблівай лекавай сілай. Возеру ж ахвяруюць манеты і кветкі. Многія праводзяць Купальскую ноч з 6 на 7 ліпеня у навакольным лесе – паляць вогнішчы, начуюць у намётах.
Апоўдні 7 ліпеня да возера прыязджае некалькі святароў, часта нават са сталіцы. Адбываецца служба і вадасвяцце. Потым па старадаўнім звычаі людзі зрываюць некалькі лісткоў з дубкоў, якія растуць на беразе возера, апускаюць іх у ваду, каб дома пакласці за абразы. Яны ўпэўнены, што такія лісточкі-абярэгі на працягу цэлага года будуць ахоўваць дом ад розных няшчасцяў. Пасля вадасвяцця пачынаецца фэст.
Прыязджаюць аўталаўкі з Круглага і Бялынічаў. У лесе рассцілаюць абрусы і палуднуюць, але п’яных ніколі не бывае.
Так у гэты дзень каля возера сыходзяцца мінулае і сучаснасць. Як і многія стагоддзі таму цудадзейнае возера аб’ядноўвае вакол сябе беларусаў і шчодра адорвае іх здароўем.
Жыхары вёскі Крамянец Лагойскага раёна Мінскай вобласці здаўна ўшаноўваюць камень-следавік, што знаходзіцца ў 500 м ад вёскі ў лясным урочышчы пад назвай Святы Камень або Дальжбы. Гэтае месца можна смела назваць сучасным дзейсным свяцілішчам, бо тут дзіўным чынам перапляліся тыпова язычніцкія традыцыі з хрысціянскімі. Камень, мяркуюць, валодае цудадзейнымі якасцямі: дорыць людзям здароўе.
Калі ехаць з боку Лагойска на аўтамабілі, трэба праехаць усю вёску Крамянец. За вёскай будзе пясчаны кар’ер, за ім поле. Праз поле трэба прайсці сцяжынкай у бліжэйшы лес па правую руку. Пры ўваходзе ў лес справа і будзе камень-следавік.
Непадалёк ад каменя навукоўцамі была выяўлена курганная група, а вакол валуна выбрукоўка з камянёў невялікіх памераў. Большыя з іх ляжаць па краях і арыентаваныя па баках свету. Побач прасочваецца падмурак ад колішняй капліцы. Мясцовыя людзі памятаюць расповеды дзядоў, што раней месца вакол каменя было агароджана тынам з веснічкамі. Шанавалі камень з даўніх часоў.
Два разы на год: на Іллю і на Спас тут ладзіліся кірмашы, а святар праводзіў набажэнствы. Усё гэта дало падставы называць гэты комплекс Крамянецкім свяцілішчам. У 1987 г. валун узялі пад ахову дзяржавы. Паколькі мясцовыя жыхары дагэтуль шануюць гэтае месца і захоўваюць легенды, звязаныя з незвычайным каменем, з 2014 г. камень пад аховай ЮНЭСКА.
На паверхні каменя пяць невялікіх штучных выемак глыбінёй каля 5 см, якія нагадваюць сляды. Кажуць, што іх пакінуліці ці то Божая Маці, ці то сам Бог або нехта са святых, калі сыходзілі з неба. Некалі побач бруіла крынічка. Над ёй зрабілі зруб. Дажджавая вада, якая збіраецца ў выемках на камені, як і вада з крыніцы-калодзежа здаўна лічылася гаючай. Верылі, што яна асабліва дапамагае ад хвароб вачэй. Тыя, хто пакутавалі на ныркі і пячонку, таксама пілі тую ваду. А каб захаваць прыгажосць і маладосць, трэба было штораніцы гэтай вадой умывацца. Шанавалі камень і бяздзетныя, якія пасля кантакту з ім маглі мець дзяцей.
Пасля вайны калодзеж закідалі зброяй, і вада там знікла.
Раней верылі, што да каменя пажадана прыходзіць да світанку. Перад гэтым абавязкова мылі ногі. На камень клалі дары: ежу, грошы, палотны, хусткі, ручнікі, на галінках дрэў развешвалі стужкі. Потым дакраналіся да вады ў слядках. Калі яе там не было, бралі ваду з калодзежа і налівалі ў выемкі. Вада са слядка лічылася асабліва гаючай, ёй прамывалі хворыя месцы. Калі ж прыходзілі да каменя пасля змяркання, то выкарыстоўвалі ваду, якая збіралася ў калюжыне пад каменем. Ахвяраванні раз на тыдзень збіраў “божы служка” і раздаваў жабракам. Лічылася, што іншаму, хто асмеліцца ўзяць прынашэнні, камень нашле хваробу.
Традыцыя шанавання каменя працягваецца і ў наш час.
На Вялікдзень сюды нясуць фарбаваныя яйкі і велікодны пірог, на Тройцу кладуць зялёныя галінкі, на Купалле – кветкі, на Спас – яблыкі. Некаторыя прыходзяць сюды ў любы час, калі патрэбна дапамога: вылечыць хваробы, выратаваць хатнюю жывёлу. Калі ідуць у грыбы і ягады, абавязкова просяць у каменя ўдачы, а набраўшы дароў лесу, крыху пакідаюць на валуне. У час вяселля да каменя ходзяць маладыя, каб папрасіць сямейнага ладу. Як і даўней, на камень кладуць падарункі. Цяпер гэта ў асноўным грошы, кветкі, цукеркі, печыва.
Славіцца камень сваёй здольнасцю “рэгуляваць надвор’е”. Калі доўга не было дажджу ў засушлівае лета, да яго прыходзілі дзевяць удоў. На месцы яны падсоўвалі пад валун дзевяць калоў у чалавечы рост, прыўздымалі яго і прамаўлялі: “Божанька, дапамажы, дожджык прынясі!” Назаўтра або на трэці дзень абавязкова ішоў дождж.
Калі дождж быў больш непатрэбны, калы выцягвалі, і камень апускаўся. У выпадку зацяжнога дажджу валун таксама зрушвалі з месца.Такі абрад часта праводзілі да 1985 года, а апошні раз – у жніўні 2012-га. Таму калісьці камень насіў назву Даждзьбогаў. Але цяпер гэтую назву забылі.
Паводле павер’яў, камень нельга пераносіць ў іншае месца. Адна з легенд расказвае, што калісьці ў суседняй вёсцы Бабры пан будаваў дом і вырашыў пакласці камень у падмурак. Але камень стаў плакаць, і вакол заўсёды стаяла вада. Дом пачаў гніць, а яго жыхары захварэлі. Пану прысніўся сон, у якім камень прасіў адвезці яго на ранейшае месца. У Бабры камень везлі на чатырох конях, а назад лёгка ўправіўся адзін конь.
Па другой легендзе, некалі камень забіралі ў падмурак капліцы, якую будавалі на могілках. І тут пайшоў моцны працяглы дождж. Аднаму чалавеку прысніўся камень, які прасіў вярнуць яго на спрадвечнае месца. Інакш дождж не спыніцца да таго часу, пакуль ён не пакрыецца вадой. Могілкі ж месцяцца на высокай гары, і людзі ўявілі, што здарыцца патоп. Хуценька адвезлі камень на месца…
І новая легенда: камень хацелі забраць у мінскі Музей валуноў. Пагрузілі яго на машыну, але дно кузава правалілася, і машына не зрушыла з месца. Камень вярнулі туды, дзе ён ляжыць ужо не адно стагоддзе.
One fine body…