Сустрэліся аднойчы два браты – зялёны палявы Конік і хатні Цвыркун. Гаманілі пра жыцце-быццё, розныя забавы. Вырашылі здзейсніць турыстычны паход на Нарач – самае вялікае і чыстае возера сінявокай Беларусі.
Ужо больш за месяц стаяла нясцерпная спёка. Трава наўкола павыгарала. Дрэвы, птушкі і звяры млелі без дажджу. І няма дзе схавацца ад невыносных сонечных промняў. Толькі жучкам ды матылькам, мурашам ды саранчы рознай радасць і раздолле. Вось і Конік ажно спіну сваю падсмажыў, але пасля кампрэсу з малака Багоўкі, якім яна лекавала небараку смылець перастала.
Ішлі браты, ішлі, і застала іх ў дарозе цёмная ноч.
— Дзе начаваць будзем? – спытаў Цвыркун.
— Давай пашукаем месца дзе цяплей. А вунь у тую хаціну! – ён паказаў ў бок прыцягальнай вока прыгожа пафарбаванай вясковай хаты. Святло ва ўсіх вокнах, значыць там людзі жывуць. Там і пераначуем.
— Ну, няхай будзе па-твойму, пойдзем – пагадзіўся Конік.
Ціхенька, нават клямка не рыпнула, увайшлі браты ў хату. Убачылі пафарбаваную ў белае вялікую печ. Схаваліся ў запечку. Тут утульна і цёпла.
Цвыркун вельмі задаволены. Толькі непакоіла яго адно: каб дыхлафосам не травілі. А Конік нервуецца, тупае сваімі спружыністымі нагамі. Але ўсё ж калі Цвыркун трохі сагрэўся, Конік прапанаваў:
— Пайшлі адсюль. Тут чыста і ўтульна, але… Але не магу я больш тут сядзець. Мне патрэбна воля. Пайду ў поле ці на луг. Там паветра свежае. Луна свеціць. І трава навокал густая-густая. Пойдзем разам, га?
Пагадзіўся хатні Цвыркун.
Ішлі яны ішлі і выйшлі ў вялікае і шырокае поле. Такое вялікае, што край яго пад самы далягляд цягнецца. І наўкола такое раздолле. Свежы ветрык гуляе-забаўляецца з травамі і краскамі лета.
Конік адразу таньчыць пачаў ад радасці.
— Якое раздолле! Якая асалода!
— Не, брат, мне тут не зусім утульна! Ды і холадна! – дрыжачым голасам пачаў скардзіцца Цвыркун.
— І чаму я пагадзіўся хату пакінуць? А давай вернемся назад у хату! А тое прастуджуся і згіну так і не здзейсніўшы ўласны турыстычны подзвіг. А так хочацца хоць аднойчы пабачыць Нарач! І пакупацца.
— А давай я знайду для цябе цёплпе месца! Там ты не толькі сагрэешся, але і пераначуеш, – прапанаваў Конік.
— Паспрабуй! Толькі каб цёпла-цёпла было. І ніхто не замінаў.
– Пастараюся!
І пайшоў Конік шукаць для цеплплюбівага брата ўтульнае жытло.
Прыгаў, прыгаў, а калі і пешкі тупаў. Убачыў нарэшце вялікую сасновую сухадрэвіну, што сіратліва стаяла ўзбоч лугавінкі. Паглядзеў, паглядзеў, затым палапаў: кара тоўстая, ёсць адтуліны куды можна лёгка пралезці.
Вярнуўся Конік да Цвыркуна, а той дрыжыць, ледзь зуб на зуб пападае.
— Сядай мне на спіну. Панясу цябе ў цёплпе-цёплпе мясцечка!
— Дзякуй табе! Давай хутчэй! Я ўжо мусіць зусім акалеў. Не адчуваю ні ног, ні носа.
— Ат, нічога страшнага, хутка сагрэешся! Усё будзе добра!
І як скочыць, скочыць, што за тры ўсяго скачкі ля той сухадрэвіны ледзь спыніўся.
— Вось мы і ля твайго жытла. Конік падсадзіў брата на ствол дрэва і паказаў уваход пад кару, які ён раней вызначыў.
— Давай залазь! Тут ты не толькі сагрэешся, але і хутка заснеш. Але як уладкуешся паведамі мне голасам.
Пакуль Конік чакаў водгуку Цвыркуна той ужо моцна пахропваў, што ажно дрэва садрагалася.
— Я ж казаў, што хутка сагрэешся… Толькі б раніцай не забыцца яго разбудзіць, каб халадком працягнуць турыстычную вандроўку.
Конік узрадаваўся, што ўладкаваў сябра.
— Зараз я вольны! І адразу ж далучыўся да агульнага хору тысяч такіх жа конікаў.
І ад тых перапеваў срэбна-блакітныя зоркі і ясны месяц на небе свяцілі ярчэй, а наваколле было абуджана настолькі, здавалася, што і не скончыцца ноч, і вечна будуць іграць на сваіх смычках конікі. І наш Конік будзе ў тым хоры вядучым салістам. І будзе цёпла і радасна на душы.
Раніцай наступнага дня зялёны палявы Конік паскакаў да старой сухадрэвіны.
Ускочыў на ствол і дастаў свой смычок. Ён доўга граў-стракатаў, але з-пад кары – ні гу-гу. Ён так стараўся, ажно заходзіўся.
Нарэшце штосьці зашкрэбалася пад карою. Конік прыадчыніў дзверцы жытла. І толькі пасля таго пачуў соннае: «Ды ўстаю, устаю!»
— Ты і так усю ноч праспаў!
— Дзякуй табе, Конік! Так соладка спалася! І цёпла быыццам пад коўдраю.
— Менш гавары, а больш рабі. Збірайся, кажу, хутчэй! Ды гайда на возера!
Шлях іх быў нядоўгім. Яны няспешна рухаліся да мэты. Конік ведаў, што вада з раніцы халодная. Пакуль прыйдуць вада і сагрэецца пад зыркімі сонечнымі промнямі.
Так тое і атрымалася. Возера Нарач сустрэла братоў лёгкай шэранню дробных хваляў. Азёрнае люстэрка баразнілі яхты ды кацеры, мноства катамаранаў. Людское мора і неўтаймоўныя чайкі радаваліся яснаму сонейку і лагоднай прахалодзе вады.
— А-яй! Яны ж нас заклююць!
— Магчыма. Але ж ты не адзывайся і не вылазь асабліва на бераг, – папярэджваў вопытны Конік.
— Будзь уважлівым!
— Пастараюся!
— Тады паплылі.
Яны падышлі да берага, Цвыркун не адважыўся ўлезці ў ваду, а толькі акунаў кончыкі пальцаў нагі. Затое Конік смела забраўся на сцяблінку чароту, разгайдаўся і – шабулдых! – у ваду, зрабіўшы ў паветры трайное сальта. Ён уляцеў у ваду, не распырскаўшы пры гэтым ні кропелькі.
Матылькі, што сядзелі побач і бачылі гэты скачок, дружна запляскалі ў ладкі. Так у ваду можа скакаць толькі жаба або выдатны спартсмен.
Конік ўспомніў сябе маладога, калі першы раз даваў нырца ў вялікую дажджавую лужыну. Пырскаў было як ад палівальнай машыны. Цяпер ён як сапраўдны плавец разразаў грудзьмі ваду.
Цвыркун глядзеў і зайздросціў старэйшаму брату. Нарэшце асмеліўся і прыгнуў. Тым часам падплыў Конік і падтрымаў Цвыркуна.
— Толькі не хвалюйся! Спакойна працуй рукамі і ўсё атрымаецца.
— Я плыву! Ура-а!
Радавалася яго поспеху і сіняе чыстае неба, што вісела над імі, над ўсім вадзяным люстэркам, і ўсё жывое прыбярэжнай зоны.
Цвыркун раптам перавярнуўся на спіну, удыхнуў у сябе паветра і лёг на ваду. «Глядзіце, глядзіце, ён не плыве, а ўсё роўна не тоне!» — крычалі здзіўлена камары з чароту.
Тым часам Цвыркун некалькі разоў лоўка перакуліўся ў вадзе так, што толькі ногі мільгалі.
«Ха-ха-ха!» – гучна смяяліся камары.
— Вось бы нам так навучыцца плаваць!
А Конік таксама паказваў усё новыя і новыя трукі: паднырнуў пад аднаго камара і пачаў казытаць яму жывот.
«Ой-ой-ой!» — запішчаў камар і кінуўся наўцёкі.
Сонца стаяла ў самым зеніце і ля невялікай суседняй рачулкі пасвіўся вясковы статак. Усяго якіх пяць каровак. Конік згледзеў іх, выскачыў з вады і прыг-скок – ускочыў на спіну адной з чорна-пёстрых і зайграў на сваёй скрыпачцы.
Ды так, што кароўкі падышлі да яго, натапырыўшы вушы, слухалі. І вочы іх свяціліся той жа радасцю.
– Ну ты даеш, Конік! – ухваляў яго Цвыркун. – І пакупацца, і пайграць каровам паспяваеш.
— Для гэтага мы з табою сюды і прыйшлі!
І як прыгне-скокне – бах! – зноўку ў ваду.
Ох, як было весела! Браты плавалі навыперадкі, давалі нырца і рабілі выкрутастыя піруэты, пырскаліся і каталіся адзін ў другога на спінах. Так забаўляліся да самага вечара. Вылезлі з вады, калі сонца ўжо садзілася за далягляд. Ды і есці ўжо захацелася.
— От ужо накупаліся дык накупаліся!
— Так. Цяпер патрэбна абсохнуць.
Вылезлі на бераг і занялі кожны свой ляжак.
— Якое цудоўнае возера! – зазначыў Конік! – Дзіва што сюды едуць лячыцца і адпачываць нават з замежных краін.
— І мы замежнікі?
—Не, мы свае, мясцовыя! А ці ведаеш ты легенду пра Нарач?
— Не, не чуў! – адказаў Цвыркун. – Раскажы, калі ласка!
— Тады слухай.
У далёкія часы пра гэтае чароўнае возера было вядома не толькі ў нашай краіне, але і ў далёкім замежжы.
У адной з вёсак, што прыляпілася да адгаго з берагоў возера, жыла прыгожая дзяўчына-сіраціна Найрыта, хаця аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы ў яе былі блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхалася. Вабілі яе акуратна заплеценыя ў касу залацістыя валасы. Голас у яе быў высокі і гучны.
Расказвалі, што калі-нікалі сядзе на беразе возера грае на гуслях ды спявае. У гэты час і птушкі спынялі свой спеў. Людзі забываліся пра сваё гора.
Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскай пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і прапанаваў Нары спяваць у яго пакоях.
— Як гэта – спяваць у яго пакоях? – спытаў Цвыркун.
— Быць жонкаю!
— Зразумеў.
— Слухай далей. Але Нара сябравала з хлопцам, якога звалі Андрэем. Вось ён назваў Нару сваёй нявестай. Пан прызнаў хлопца, бо адразу ўспомніў, чырванеючы ад злосці.
— Дык ты і ёсць сын таго самага Пятра, што бунтаваў мне народ? І загадаў прыслужнікам звязаць смелага хлопца і адвезці ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў.
Калі ў наступны раз пан зноў наведаўся да Нары, каб забраць яе. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згодная на вяселле. Служанкі завялі Нару ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. І была такой прыгажуняй, што я нават не магу табе апісаць.
— Я сам ўявіў!
— Тады слухай далей, – супакойваў Конік нецярплівага Цвыркуна. – Дык вось, пакланіляся яна пану ды папрасіла перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся.
Нара тым часам смалякамі, што прывезла з сабою, падпаліла ўсе пакоі жаніха.
— Во малайчына!
— Не перабівай, Цвыркун!
— І калі шугануў чорны дым з акон, а на даху заскакалі чырвоныя языкі полымя, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы паімчалася ў сваю вёску. Прыйшла на тое месца, дзе з хлопцам тым, Андрэйкам, сустракала ўсход сонца. Прыхілілася да клёна ды горка заплакала.
Раптам пачуўся конскі тупат. Панскія служкі шукалі Нару. Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара. Адзін чалавек не вытрымаў і выдаў дзяўчыну.
— Жывую не возьмеце! – крыкнула ворагам Нара і кінулася да возера.
Цёмныя хвалі з белымі грабянямі набягалі адна на другую, а ля берага калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэйкам не раз каталіся. Спрытна яна ўхапілася за нос і, адштурхнуўшыся ад берага, ускочыла ў човен.
— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх тых, хто загінуў ад тваіх рук, – прашаптала Нара.
Ад злосці панскія служкі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў сё далей і далей, потым зусім знік ў хвалях. Усю ноч бушавала і стагнала возера…
З таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны. Да нашых дзён дайшла назва Нарач.
— Як цікава! Шкада, што так хутка закончылася наша вандроўка, — прамовіў Цвыркун.
— Так. А цяпер – на зваротны шлях!
— Сядай на спіну. І трымайся!
Прыг-скок, прыг-скок – весяліліся браты.
Раптам Конік спыніўся, ледзь не скінуў свайго вершніка.
— Глядзі, якая прыгожая кветачка! Вунь колькі іх: цэлае мора! Я так люблю па іх прыгаць. Адчуваеш якая гэта асалода: прыгаць па пахучых кветках! Не тое, што ў гарохавым полі, дзе зараз мая хата і дзеці. Трэба іх вывесці на кветкавы луг. Няхай забаўляюцца.
— А пакуль давай завітаем у госці да Багоўкі, – прапанаваў Конік. – Яна неаднойчы мяне запрашала.
— Давай! Толькі букецікі кветак збяром.
— Правільна! А як жа з пустымі рукамі да жанчыны завітаеш! Сорамна.
Гаспадыня, быццам прадчувала гасцей: пякла слодычы. Калі падышла да дзвярэй каб паглядзець хто прыйшоў, узрадавалася. «Ну, нарэшце сабраўся, дружа Конік! Малайчына!» Яна падышла да люстэрка і пачала папраўляць сваю грыўку. Усміхнулася свайму адлюстраванню. Яна і праўда была прывабнай.
— Прывітанне, госці! Праходзьце, калі ласка!
— Вось гэтыя кветкі табе! — Конік перадаў букецік палявых кветак.
— А гэта мой брат!
— Цвыркун! — прадставіўся. — І гэты букецік летніх красак для вас.
— Багоўка мяне зваць! Дзякуй за кветкі! Цудоўна! Праходзьце, хлопцы, сядайце. Я ўжо і слодычаў напякла.
Начаставаўшыся слодычамі з пахучай гарбатай, браты шчыра падзякавалі гаспадыню і запрасілі іншым разам завітаць да іх у госці. Цвыркун ззяў ад шчасця і дзякаваў Коніка за цудоўна праведзены дзень.
Браты разышліся ў розныя бакі – зялёны Конік застаўся ў полі, а хатні Цвыркун пайшоў у вёску, да чалавека. Пад прыпечкам яму заўжды ўтульна.
На гэтым і завершым сённяшняе падарожжа.
А ў палях і на лугах буяла лета. Раскашавалі раздолле і харашыня.
Жыў у лесе Чараўнік. Зазнайка, ганарлівец ды насмешнік. Лясныя жыхары не супраць жартаў, але ад іх толькі Чараўніку весела. Астатнім жа — адна згрызота.
Наладзяць зайцы свята, прыйдуць да яго:
— Дзядзька! Зрабі нам, калі ласка, вясёлку.
А ён усміхнецца ў доўгую бараду, махне чарадзейным пруточкам — і перапэцкае зайцоў фарбамі усіх колераў. Тыя некалькі дзён у рацэ сядзяць, адмываючы свае футаркі. Бо як схавацца ад воўчых зубоў чырвонаму ці сіняму зайцу?
Або ў засуху, калі ўсё жывое ад смагі пакутуе, дажджу ў Чараўніка папросяць — а замест вясёлых кропелек на зямлю перапуджаныя жабкі шмякаюцца.
І так заўсёды. Прасілі яго, ушчувалі — як гарохам аб сценку. Мядзведзь нават прыпалохаць спрабаваў! Ды Чараўнік махнуў пруточкам — у Мядзведзя замест вушэй два зялёныя лопухі павіслі. Ледзь удалося касалапаму гаспадару ўлагодзіць Чараўніка, каб вушы вярнуў.
Няма зладу са старым.
Сабраліся звяры на лясную раду і вырашылі: няхай застаецца адзін! Ніхто больш не звяртаўся па яго дапамогу, не цікавіўся жыццём.
Толькі самы церпялівы прыяцель Вожык не здаваўся. Ды Чараўнік зноў не ўтрымаўся — пасадзіў яго, соннага, на ліст гарлачыка пасярод возера. Ну і нацярпеўся Вожык страху! Ледзь не патануў, дабіраючыся да берага. І пасля гэтага да «жартаўніка» — ні нагой!
Сумна стала Чараўніку, хоць вый ад адзіноты. А зачапіць каго-небудзь першым фанабэрыя не дазваляла.
Аднойчы, гуляючы па вершалінах ялін, ён пачуў, як Вожык гасцей на вечарыну запрашае:
— Гэй, суседзі дарагія! Прыходзьце да мяне ў нядзельку. Зайкі, вавёрачкі, браткі-мурашы, мятлікі, светлякі — усім месца знойдзецца.
Чараўнік зарадаваўся — можна будзе і пірагамі паласвацца, і пацеху наладзіць.
Спусціўся ніжэй, галлём назнарок зашумеў, пракашляўся …А Вожык моўчкі зірнуў на яго і патупаў сваёй дарогай. Узяла Чараўніка крыўда. Гэта ж трэба: казявак нейкіх паклікалі на свята, а яго, магутнага Чараўніка, — не. Ну, ён ім пакажа! Моц ды сілу чарадзейскую явіць!
Думаў-думаў Чараўнік, як адпомсціць за знявагу і надумаў.
Позна ўвечары, калі лес заснуў, абуў Чараўнік мяккія пантофлі і нячутна пайшоў па лесе. Убачыць павуцінне між галінак — здыме ды ў глыбокую кішэню хавае. Шмат назбіраў. А вярнуўшыся дамоў, пашыў з павуціння вялізную торбу.
У прызначаны дзень выправіўся ён з торбай на балота. Там вечарамі слаўся такі густы туман — хоць нажом рэж. Напхаў Чараўнік туману пад самыя завязкі і ў свой лес падаўся. Ідзе і ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць на ўсё наваколле. А дарога няблізкая! Стаміўся, ледзь ногі валачэ. Ды вось і пагорачак знаёмы, адсюль да вожыкавай хаткі рукой падаць.
Заспяшаўся Чараўнік, не згледзеў кораня старой сасны, што на сцяжынку выпер, зачапіўся ды паляцеў кулём з пагорачка. І шышак набіў, і чарадзейны пруточак згубіў, і мех падраў. З усіх дзірак хлынуў густы халодны туман. Наваколле як растала за белай завесай. Крутануўся Чараўнік у адзін бок, у другі — стаіць туман сцяной. Зямлю вакол абмацаў — няма пруточка. Паспрабаваў закляццем туман разагнаць:
— Прэч, туман! Прэч! У балота гнілое, у купіны сырыя, пад пні трухлявыя! Прэч!
Дзе там! Без пруточка чарадзейнага якая варажба. А туман клубіцца вакол, вочы засцілае, нос забівае. Страшна стала Чараўніку — ніколі яшчэ не заставаўся без сілы чарадзейскай. Кідаўся ён кідаўся, шукаў-шукаў дарогі — дарэмна. Сеў разгублены і стомлены на зямлю і захліпаў-загаласіў:
— Дапамажыце!.. Гэй, хто-небудзь! А-у-у!
А ў Вожыка вечарына ў самым разгары. Светлячкі, як маленькія ліхтарыкі, зіхацяць. Музыкі-конікі граюць, госці скачуць полечку-трасуху.
Сам гаспадар Вожык са жвавай Вавёрачкай прытупвае, моладзі дыхту задае.
Весела ўсім, радасна. Ды тут Заяц вушы натапырыў:
— Чакайце-чакайце! Здаецца, клікаў хтосці…
Музыка сціхла, прыслухаліся — праўда. Відаць, нехта ў бяду трапіў.
Сабраліся ўсёй грамадой ды пайшлі на голас. Светлячкі спераду — дарогу асвятляюць.
Прыйшлі да нізінкі. Аж там за туманам нічога не відаць.
— Гэй, — гукнуў Вожык, — ёсць тут хто?
Сорамна Чараўніку адзывацца, але што зробіш...
— Братка Вожык! Я гэта, Чараўнік! Дапамажыце...
Насцярожыліся лясныя жыхары:
— Пэўна, зноў збіраецца свінню падлажыць.
Прыйшлося Чараўніку прызнацца, што збіраўся свята сапсаваць, дзеля гэтага і туману прыцягнуў, а справіцца з ім не можа — пруточак згубіў.
— Вось як! — кажа Вожык. — Што ж, варта за ўсе кпіны пакінуць тут цябе аднаго.
— Я больш не буду, — аж застагнаў Чараўнік. — Далібог.
Ну, не помсціць жа таму, хто трапіў у бяду. Кінуліся светлячкі з мурашамі ва ўсе бакі — знайшлі як бачыш чарадзейны пруточак, аддалі Чараўніку. Той махнуў ім — знік туман.
Бачыць Чараўнік — стаяць вакол звяры ды птушкі, даўнія яго знаемыя. Колькі разоў ён цешыўся іх бездапаможнасцю, а прыйшлося — і не змог без спагады іх абысціся.
— Даруйце, — прамовіў Чараўнік. Хоць і не прывык галоўку перад кім-небудзь хіліць, а ўсё ж прызнаў: — Дурныя жарты ў мяне выходзяць.
І, ці паверыце? Выправіўся! Жартаваць, праўда, не перастаў.Толькі жарты яго сталі дасціпнымі і няшкоднымі.
Чытайце таксама:
Музыка крыштальнага саду (казка)
Прагны рыбак (казка)
Дрэва (казка)
Мёры – раённы горад на Віцебшчыне, славуты фестывалем «Журавы і журавіны», рэспубліканскім гідралагічным заказнікам Ельня і візіт-цэнтрам заказніка. Праз дарогу ад яго – СШ №3. Даехаць да Мёр і не наведацца ў гэту школу «да Ермалёнка» – легендарнага стваральніка і кіраўніка краязнаўчага гуртка «Арганаўты мінулага», збіральніка і заснавальніка ажно чатырох музеяў – пасля локці кусаць за ўласнае легкадумства.
Тут, у школьных музеях, да прыкладу, захоўваецца адзіна вядомы ў свеце фальшывы арабскі дырхем. Эрмітаж імкнуўся выкупіць гэты экспанат у сваю багатую калекцыю, але «арганаўты…» не саступілі, бо патрыёты: маўляў, каму цікава паглядзець на манету – той няхай у Мёры едзе!..
Наогул жа ў экспазіцыі чатырох музеяў блізу трыццаці тысяч экспанатаў, сярод якіх нямала ўнікальных, рэдкіх. А пачыналася ўсё сорак пяць гадоў таму, у 1976-м, калі Вітольд Ермалёнак, выпускнік Гродзенскага педагагічнага інстытута, прыехаў працаваць у СШ №3 г. Мёры. Тады ж ён і стварыў гісторыка-краязнаўчы гурток «Арганаўты мінулага».
Калі гурткоўцы збіраліся ў першыя археалагічныя экспедыцыі, калегі дзівіліся: маўляў, нічога асаблівага ў гэтых месцах няма, што тут шукаць! Але паляўнічыя за таямніцамі так не лічылі. Праз дзесяць гадоў ад пачатку пошукавай дзейнасці ў «арганаўтаў» сабралася экспанатаў на цэлы музей, а яшчэ праз дзесяць гадоў за актыўную пошукавую, папулярызатарскую дзейнасць, удзел у археалагічных экспедыцыях разам з Акадэміяй навук і папаўненне фондаў найцікавейшымі знаходкамі музею прысвоілі званне «Народны»...
Сёння ў СШ №3 ажно чатыры музеі – краязнаўчы, Музей кнігі, Музей адукацыі Мёрскага раёна і «Этнаграфічная хатка». Што ні экспанат у іх – свая гісторыя з'яўлення ў экспазіцыі.
«Я заўсёды раю сваім вучням глядзець пад ногі, а не ў неба, і сам прытрымліваюся гэтага правіла, – распавядае Вітольд Ермалёнак. – Напрыклад, вось дынарый – рымская манета 280 г. н.э. У заходніх калекцыянераў ён каштуе не больш за 50 еўра, але для Беларусі ўнікальны, бо сведчыць пра гандлёвыя сувязі нашых продкаў з Рымам. Я знайшоў яго, калі чакаў аўтобус на прыпынку. Аглядаў зямлю – і на асфальце ўбачыў манету. Верагодна, яе «прывёз» камбайн, які ехаў з поля. Непадалёк цячэ Заходняя Дзвіна, якая была часткай шляху «з варагаў у грэкі». Вось рака і перадала «прывітанне» з даўніх часоў, а там ужо камбайн манету «падчапіў».
Гонар музея – сапраўдны турэцкі бубен. Мясцовы пан ўдзельнічаў у бітве, у якой войска Рэчы Паспалітай разграміла турэцкае, прывёз трафей – пра яго ёсць запіс у інвентарнай кнізе Мёрскага касцёла 1783 года.
А вось металічны пярсцёнак з надпісам, які сведчыць, што ў 1884 годзе па загадзе князя Святаполк-Мірскага акальцавалі і адпусцілі маладога шчупака. Праз два гады пан памёр. А шчупака… злавілі праз 109 гадоў, у 1993 годзе – тады і дасталі з жабраў пярсцёнак!
Не мала ў музеі экспанатаў, у літаральным сэнсе слова аплачаных працоўным потым і крывёй Вітольда Антонавіча. Напрыклад, дзеля таго, каб бабулі-суседкі ў бацькоўскай вёсцы саступілі яму старадаўнія кнігі, лета напралёт дапамагаў ім настаўнік касіць сена, абкошваць траву ля платоў... Аднойчы, вяртаючыся з Браслава ў Мёры, чакаў Вітольд Антонавіч аўтобуса на прыпынку ў Друі і ўбачыў, як стары паліць вогнішча і кідае ў агонь кнігі. Не раздумваючы, кінуўся ён выхопліваць кнігі, апёкся – але выратаваў...
Калі чуеш такія гісторыі непасрэдна ад збіральніка, даследчыка – каштоўнасць экспанатаў ўзрастае ў разы. Вось і едуць паглядзець і на музейныя скарбы, і на легендарнага настаўніка ў Мёры не толькі беларусы, а людзі з усяго свету.
– Усё самае цікавае – на роднай зямлі, -- кажа Вітольд Антонавіч. – Адшукваць нітачкі, якія звязваюць гісторыю края з гісторыяй іншых зямель – захапляльная справа. Паглядзіце хаця б на неверагодна цікавы экспанат – люстэрка Эміліі Плятэр. Палякі яе лічаць сваёй, латышы – сваёй, літоўцы – сваёй, а мы называем беларускай Жанай д’Арк. Перад паўстаннем 1831 года пані Эмілія збірала беларускі фальклор і забылася люстэрка ў сваякоў у Лужках. Люстэрка перадавалася з пакалення ў пакаленне. Я сорак год «паляваў» на яго – і вось нарэшце ўладальнікі саступілі люстэрка музею. Дык вось толькі адзін гэты прадмет дае магчымасць заглыбіцца ў гісторыю і прасачыць, разабрацца, як адна выбітная асоба нітуе некалькі народаў.
Калі ў нас у гасцях шведы – расказваем ім пра гарадзішча ў Прудніках, якое захавала сведчанні прысутнасці шведаў на Беларусі. Гасцей з Ізраіля цікавіць бытаванне яўрэяў на Мёршчыне – мы маем што паказаць. Аднойчы да нас на экскурсію прыехала турыстка з Мазамбік -- нават ёй мы знайшлі што паказаць, а менавіта манету падчас партугальскай калоніі Мазамбік, знойдзенай на Мёршчыне.
А вось самаробную кніжку «Беларускі год», якая захоўваецца ў Музеі кнігі, варта ўбачыць кожнаму беларусу. «За польскім часам» яе ад рукі перапісваў трэцякласнік Янак. Пабачыў цэлую беларускамоўную кнігу – і выпрасіў у ўладальніка пачытаць. Працаваў «перапісчык» уначы, бо ўдзень вучыўся і дапамагаў спраўляцца бацькам па гаспадарцы. Пісаў пры месяцовым святле, бо дарагой свечкі яму пашкадавалі, а лучыну паліць забаранілі, каб пажару не ўчыніў. Вось так здабывалася кніга на роднай мове, за якую ў тыя часы ў школе білі.
Для аматараў вандровак Вітольдам Ермалёнкам і яго «арганаўтамі» распрацаваны дзясяткі турыстычных маршрутаў па Мёрскім і суседніх раёнах – Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Шаркаўшчынскагім; з 2011 года штомесяц выдаецца газета «Мёрская даўніна», дзе распавядаецца пра новыя знаходкі, адкрыцці, сустрэчы ...
Галоўны міёрскі «Арганаўт» адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх «Выдатнік друку» і «Выдатнік адукацыі», прэмія «За духоўнае адраджэнне”…
– Галоўнае для мяне не званні і ўзнагарода, а называцца «краязнаўцам» – кажа сам настаўнік. – Гэта ганарова, бо сапраўдных краязнаўцаў у лепшым выпадку адзін на ўвесь раён, а шмат раёнаў іх не маюць увогуле. Краязнаўца гэта не той, хто напісаў пару артыкулаў ці кніг пра сваю мясцовасць. Гэта – абавязкова збіральніцкая дзейнасць і, як вынік, стварэнне музеяў для грамадства, а не прыватных калекцый, папулярызацыя музейнай дзейнасці ў грамадстве. Тады можна называцца краязнаўцам у пэўным значэнне гэтага слова.
Жыве і працуе Вітольд Ермалёнак, кіруючыся дэвізам, перанятым ад земляка Чэслава Сіповіча, стваральніка першага музея Францыска Скарыны ў Лондане.
– «Бог. Бацькі. Бацькаўшчына» – найлепшая формула патрыятызму, – лічыць краязнаўца. – Трэба шанаваць бацькоў, арыентавацца на ўласныя гісторю і спадчыну, культуру, дасягненні. Кожны маленькі каменьчык можа выклікаць павагу, цікавасць да сваёй зямлі. А будзе чалавек ведаць, будзе любіць і будзе абараняць тое, што любіць».
Пачатак гэтага навучальнага года для міёрскіх краязнаўцаў адметны: у межах праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай ўлады і грамадзянскай супольнасці» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза адчыніўся абноўлены гістарычны музей і ІТ-лабараторыя. Музей змяніўся, займеў сучаснае аблічча. Усе яго таямніцы нібыта перапакавалі і загарнулі ў новыя абгорткі. Праз гэта яны не перасталі быць таямніцамі, а толькі ярчэй заззялі і сталі мацней вабіць.
Чытайце таксама:
Крыніца Параскевы Пятніцы
«Міхал лічыў Нясвіж Парыжам», альбо Гайда ў горад, куды хочацца вяртацца!
«7 крыніц» – вада гаючая…
One fine body…