Байкаўскія крыніцы вабяць людзей са спрадвечных часоў. Раней гэта было месца пакланення сілам прыроды і паганскім багам, цяпер – месца правядзення праваслаўных абрадаў.
Раней – крыніца гаючай вады, а ў наш час большасць людзей сюды прыязджае проста па пітную ваду, хоць яе гаючыя ўласцівасці добра вядомыя мясцовым жыхарам.
Як дабрацца: да гэтага месца можна ехаць некалькімі дарогамі, кожная з якіх мае свае перавагі і хібы. Першая дарога ідзе ад вёскі Петухоўка Антонаўскага сельскага савета. Яна пачынаецца ад моста праз раку Проня, які падвешаны на тросах у некалькіх метрах над вадой. На супрацьлеглым беразе адразу пасля моста вас сустрэне лугавая сцяжынка, яна і павядзе да крыніц.
Другая і трэцяя дарогі вымагаюць пераезду ад вёскі Высокае на левы бераг Проні ў вёску Новаягораўку. Далей вы зможаце абраць цяністую лясную пясчаную дарогу або звілістую лугавую – па беразе Проні. Усе тры дарогі сыходзяцца каля Байкаўскіх крыніц.
Усяго на тэрыторыі ўрочышча Байкава паблізу вёсак Кузмічы і Петухоўка Чавускага раёна Магілёўшчыны з-пад зямлі і з-пад каранёў дрэў прабіваецца каля 20 крынічак, якія здаўна называюць Байкаўскія крыніцы. Яны раскіданы на плошчы каля паловы гектара. Некаторыя з іх маюць сталае месца, іншыя блукаюць.
Чыстая, празрыстая, сцюдзёная вада Байкаўскіх крыніц збіраецца ў два ручаі, якія затым зліваюцца ў адзін. Гэтая магутная плынь бяжыць, пятляючы паміж дрэў, і ўпадае ў прыгажуню Проню. Галоўная крыніца – адна з усіх, забраная ў драўляны зруб, бо так было спрадвеку заведзена ў нашых продкаў. Ваду можна набраць каля зруба, аднак самай гаючай лічаць тую, што выцекла адразу з сямі крыніц, куды кожная дадала частку сваёй сілы.
Людзі лічаць, каб споўнілася любое жаданне, трэба босым прайсці па ручаях. Адразу працінае невыносны холад, але пасля па ўсім целе разыходзяцца незвычайная сіла і лёгкасць. Амаль каля кожнай крынічкі тут стаіць крыж, дзе жалезны, а дзе драўляны. Тут жа – і абразы з выявай Божай Маці і маленькага Ісуса.
На Тройцу з Петухоўкі прыносяць абраз з выявай Святой Тройцы. Менавіта на гэтае свята крыніцу «адпраўляюць». Сюды збіраюцца сотні людзей з бліжэйшых вёсак і горада Чавусы, а хтосьці прыязджае і з далёкіх мясцінаў. Тут асвячаюць ваду, праходзяць малебны і народныя гулянні.
На крыжы павязваюць новыя ручнікі. Адбываюцца малебны і на іншыя святы: у Пятроў дзень (12 ліпеня), на Іллю (2 жніўня). На адной з крынічак вадасвяцце адбываецца на Уздзвіжанне. Перад святамі крыніцы чысцяць, рабіць гэта павінны менавіта жанчыны.
Людзі, якія прыходзяць да гэтага святога месца, часам павязваюць на галіны дрэў стужачкі, звяртаючыся да крыніц па дапамогу. Іншаму чалавеку чапаць гэтыя стужачкі нельга, вось і лунаюць яны на ветры доўгія гады, сімвалізуючы загаданыя жаданні, цудоўныя ацаленні і энергію, дадзеную жыватворнай крыніцай.
Байкаўскія крыніцы з’яўляюцца помнікам прыроды мясцовага значэння. Тутэйшыя людзі сцвярджаюць, што крыніцы гэтыя былі заўсёды, іх памяталі яшчэ продкі мясцовых старажылаў. З навамодных збудаванняў тут з’явілася толькі купальня.
Пра крыніцы расказваюць розныя легенды. Паводле адной з іх некалі жыў у гэтых мясцінах багаты чалавек – Архіп. Недалёка ад крыніц стаяў ягоны хутар. Лес, зямля каля крыніц і луг – усё належала яму. Таму тутэйшы лес здаўна і завецца Архіпавым. Крыніцай карыстаўся ўвесь люд, які жыў у блізкіх вёсках і сёлах.
Каля крыніц стаяла капліца. І старыя, і малыя ішлі сюды па гаючую ваду. Расказваюць, што Архіп вырашыў забараніць людзям карыстацца «сваёй» крыніцай. Ён знішчыў капліцу і паставіў там вадзяны млын. Але дарма Архіп задумаў гэтую справу. Адразу пасля гэтага ён моцна захварэў і злёг. Добрыя людзі параілі яму прыбраць млын з крыніцы, інакш неўзабаве памрэ. Неахвотна паслухаўся Архіп: прыбраў млын і аднавіў капліцу. І здароўе да яго вярнулася.
Паводле іншай легенды, цыганка ў крыніцы памыла бялізну, тая пакрыўдзілася і аб’явілася ў іншым месцы. Яшчэ па адной легендзе, аднавокі конь, які пасвіўся каля крыніцы, зваліўся ў ваду. Калі яго выцягнулі, ён стаў бачыць на два вокі. Даведаўшыся пра цуд, народ стаў прыходзіць сюды і лекавацца ад хвароб.
Старажылы прыгадваюць, як у 1960-х гадах ваяўнічыя атэісты спрабавалі знішчыць святыню: развалілі каплічку, спалілі крыжы, а самі крынічкі спрабавалі прыкрыць бетоннымі плітамі. Але тутуэйшыя жыхары не далі гэтага зрабіць, і непажаданыя госці з’ехалі. Потым усёй грамадой аднаўлялі крынічку. Мужыкі з навакольных вёсак паднялі бетонную пліту, адсунулі яе ўбок, і гаючая вада забруіла з новай сілай.
Вада з тутэйшых крынічак не толькі чыстая і смачная, а яшчэ і лекавая. Кажуць, калі пастаяць у ручаі некаторы час, то можна вылекаваць хворыя ногі. Здаўна лічаць, што вада з крынічак вылечвае ад слепаты. Бабкі-шаптухі дагэтуль выкарыстоўваюць святую ваду для лячэння дзетак ад пераляку. Асабліва карысна піць гэтую ваду раніцаю нашча.
У мінулыя часы, калі выганялі карову ў поле, яе акраплялі вадой з крынічкі. Ёй жа давалі папіць гэтай вадзічкі, калі яна ацеліцца. Галінкі алешыны, асвечаныя на крыніцах, выкарыстоўваюць супраць кратоў, а галінкі дуба і клёна закладаюць пад страху – ад навальніцы.
Набраная з Байкаўскіх крыніц вада можа гадамі заставацца чыстай, без асадку і паху, а гаючыя ўласцівасці захоўваюцца цягам года. Толькі трымаць яе трэба ў бутэльцы з цёмнага шкла ў зацішным месцы. Бабулькі раяць браць ваду менавіта з ручая, дзе змешваецца вада з некалькіх крынічак, – яна нібыта валодае большай сілай. Піць крынічную ваду трэба не з бутэлькі ці слоіка, а з конаўкі.
Апошнім часам штогод на Тройцу на Байкаўскіх крыніцах апроч рэлігійнага абраду асвячэння вады адбываецца міжрэгіянальны фэст «Зялёныя святкі». Падчас яго ладзяць кірмаш, дзе можна набыць вырабы майстроў з усіх запрошаных на свята навакольных раёнаў: з бісеру і саломкі, кашулі-вышыванкі, кераміку, плеценыя кошыкі, вязаныя рэчы, драўляныя лыжкі, разнастайныя цацкі ды ўпрыгожванні.
Таксама тут можна паглядзець канцэрт-конкурс фальклорных калектываў, якія выконваюць абрадавыя спевы і ладзяць рэканструкцыю вясновых траецкіх карагодаў паводле мясцовых звычаяў.
Вірусы, якія выклікаюць вострыя рэспіраторныя захворванні, актыўна цыркулююць у знешнім асяроддзі. Іх негатыўнае ўздзеянне на чалавечы арганізм узмацняецца з-за неспрыяльных умоў надвор'я: нізкіх значэнняў і рэзкіх перападаў тэмпературы паветра, рэзкай змены ўмоў навакольнага асяроддзя пры знаходжанні ў памяшканні (халодны вецер мяняецца на сухое паветра будынка), а таксама з-за недахопу сонечнага цяпла ў выніку кароткага светлавога дня.
Пазбегнуць сустрэчы з вірусамі складана, бо мы ўвесь час маем стасункі з людзьмі, якія могуць стаць крыніцай заражэння. Таму рызыка інфіцыравання – цалкам рэальная.
Пра асноўныя меры прафілактыкі грыпу і ВРІ журналісту Слушна нагадала загадчыца аддзела імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая.
У сезон прастудаў і ВРІ спецыялісты рэкамендуюць старацца радзей кантактаваць з іншымі людзьмі. Напрыклад, па магчымасці меней карыстацца паслугамі грамадскага транспарту, дзе магчыма – прайсці пешшу. Тым больш, што карысці ад пешых прагулак нашмат больш.
Памятайце, што рызыка захварэць на ВРІ ў шмат разоў павялічваецца пры наведванні мерапрыемстваў, якія мяркуюць збіранне вялікай колькасці людзей, асабліва ў закрытым памяшканні.
Калі ў вас маленькае дзіця, у перыяд сезоннага ўздыму вострых рэспіраторных інфекцый не пажадана браць яго з сабой у буйныя крамы і гіпермаркеты. Прычына тая ж: вялікая колькасць людзей, а значыць – высокая рызыка заражэння ВРІ.
Абмяжуйце кантакты свайго дзіцяці з хворымі людзьмі – не наведвайце без асаблівай патрэбы паліклінікі і бальніцы, не наведвайце з дзіцем хворых сваякоў.
Не грэбуйце гігіенай рук. Простыя на першы погляд дзеянні дапамогуць абараніцца ад вірусаў, якія могуць перадавацца кантактным шляхам. Калі няма магчымасці памыць рукі з мылам, можна выкарыстоўваць звычайныя гігіенічныя сурвэткі альбо антыбактэрыяльны сродак для рук.
Рэгулярна праводзьце ўборку памяшканняў. Пры вільготнай уборцы пажадана выкарыстоўваць дэзінфікуючыя мыйныя сродкі. Асаблівую ўвагу трэба надаваць паверхням, да якіх часта даводзіцца дакранацца (сталы, крэслы, дзвярныя ручкі). Не варта забывацца і на вільготную чыстку дзіцячых цацак.
Рэгулярна праветрывайце памяшканне. У сухім, пыльным, цёплым і нерухомым паветры вірусы могуць суткамі захоўвацца ў актыўным стане. Таму не варта забывацца таксама на ўвільгатненне паветра.
Абавязкова трэба праветрываць пакой, дзе знаходзіцца хворы чалавек. Аптымальнымі ўмовамі для таго, каб вірус грыпу не распаўсюджваўся ў памяшканні, з'яўляюцца тэмпература +20°С і вільготнасць паветра 50-70%.
Не забывайцеся пра «рэспіраторны этыкет»: прыкрывайце рот і нос аднаразовай хустачкай (яе трэба выкідваць адразу пасля выкарыстання), калі чхаеце ці кашляеце, рабіце гэта ў выгіб локця. Не чапайце лішні раз рукамі нос, рот і вочы.
Для прагулак на свежым паветры апранайцеся «па надвор'і». Пераахаладжэнне, як і перагрэў, можа спрыяць развіццю захворвання. Адзенне павінна быць зручным і камфортным.
Для заняткаў спортам выбірайце спецыяльную спартыўную вопратку, якая дазваляе вольна рухацца і не абцяжарвае потавыдзяленне, якое значна павышаецца падчас актыўных фізічных практыкаванняў.
Пажадана, каб прадметы гардэроба, якія датыкаюцца да цела, былі з натуральных тканінаў. Дарэчы, пасля прагулкі ў марознае надвор'е можна сагрэцца гарачай гарбатай з вострымі прыправамі (імбір, мята, карыца, гваздзік).
Для таго, каб павысіць устойлівасць арганізма да ўздзеяння рэспіраторных інфекцый, варта:
Для зніжэння канцэнтрацыі вірусаў у верхніх дыхальных шляхах эфектыўнае закапванне альбо арашэнне поласці носа солевымі растворамі, а таксама паласканне горла простай вадой.
Не займайцеся самалячэннем і не прызначайце самастойна супрацьвірусныя і імунамадулюючыя лекавыя сродкі. Прызначэнне лекаў нават з прафілактычнай мэтай – задача ўрача!
Правілы для тых, хто захварэў на ВРІ:
Сучасная кулінарыя налічвае больш за 150 відаў прыпраў. А колькі можаце назваць вы, адразу, не задумваючыся? Магу паспрачацца – з нейкі тузін, і ў асноўным тыя, што захоўваюцца ў вас дома. І гэта зразумела.
Калі ёсць знаёмая і неаднойчы правераная прыправа, цяжка прымусіць сябе паспрабаваць штосьці новае. Але толькі ўявіце, колькіх адценняў смаку і водару вы пазбаўленыя! На шчасце, усё можна выправіць. Ёсць тры правілы, запомніўшы якія, можна адкрыць для сябе шматаблічны свет спецый і рэзкіх траў, навучыцца імі карыстацца. І тады тытул Уладара смаку, лічыце, у вас у кішэні.
Калі монакампанентныя спецыі спецыі і рэзкія травы пасуюць да нейкага прадукту паасобку, дык іх смела можна змешваць адзін з адным, эксперыментуючы з прапорцыямі і колькасцю інгрэдыентаў.
Напрыклад, мяса аднолькава любіць цыбулю, усе віды перцу, чабор, маяран, а таксама гваздзіку і куркуму. Гэтыя вострыя прыправы і па адной здольныя зрабіць смак мясной стравы ярчэйшым, а ў кампаніі і тым больш. У залежнасці ад колькасці прыпраў і іх прапорцый будзе змяняцца смак самой стравы: ад больш далікатнага да вострага, ад салодкай да пікантнай... Дарэчы, індусы ўключаюць у свае знакамітыя Масалы (сумесі спецый) да 15 кампанентаў, імкнучыся гарманічна паяднаць 5 асноўных адценняў смаку: салодкі, горкі, даўкі, кіслы, востры.
Аднак, калі вы не індус, не варта залішне пераймацца. Памятайце: асноўнае прызначэнне рэзкіх траў – адцяняць і ўзмацняць смак прадукту, а не перабіваць і заглушаць яго.
Што можна смела спалучаць?
Вострыя прыправы дадаюць не толькі ў асноўныя стравы. Яны да месца ў выпечцы, дэсерце, гарбаце і ўзвары. Акцэнт у гэтым выпадку робіцца на вострыя прыправы з высокай канцэнтрацыяй эфірных масел, за кошт якіх стравы атрымліваюць насычаны водар, а часам і пікантную вастрыню. Найбольш папулярныя гваздзік, кардамон, імбір, мушкатовы арэх, карыца, кунжут, ваніль, аніс, мята, духмяны перац, фенхель і міндаль.
У самым пачатку дадаюць цэлыя вострыя прыправы. Напрыклад, духмяны або чорны перац гарошкам і чорны кардамон. Гэта неабходна для таго, каб вострыя прыправы паспелі прагрэцца і аддаць свой водар. У сярэдзіне працэсу гатавання самы час дадаць кмен, зялёны кардамон, фенхель.
Калі вы збіраецеся пасмажыць агародніну або мяса перад тушэннем, вострыя прыправы варта выкарыстоўваць на этапе абсмажвання. Так спецыі лепш «адкрыюцца», смак і водар гатовай стравы будуць больш насычаныя і яркія. За некалькі хвілін да гатоўнасці дадаюць парашковыя спецыі, свежую зеляніну, лаўровы ліст.
Дарэчы, лаўровы ліст, гваздзіку з гатовай стравы, а абсмажаны часнык перад тушэннем варта дастаць, у адваротным выпадку вострыя прыправы могуць даць непажаданую горыч і ежа будзе сапсаваная. Калі вы гатуеце ў кляры, спецыі дадаюць прама ў яго.
Густы ва ўсіх розныя, а гэта значыць, што няма і не будзе ўніверсальных рэцэптаў, якія спадабаліся б абсалютна ўсім. І строгіх правілаў, якія нельга было б парушыць, таксама няма…
Мала каму прыходзіла да галавы, што ў дробцы прыправаў, закліканых з банальнай яечні зрабіць шэдэўр кулінарнага мастацтва, тояцца карысць і шкода для здароўя чалавека. Адна і тая ж прыправа можа дадаць сіл, уздняць настрой, а можа давесці да... бальніцы.
Мы раскажам вам усю праўду аб чатырох самых папулярных вострых прыправах. Шмат гадоў запар яны ўваходзяць у сусветны ТОП-10 самых любімых і найбольш папулярных спецый. Іх уласцівасці ў роўнай ступені здольныя як умацаваць здароўе, так і падарваць яго. Такім чынам, усё, што вы хацелі ведаць пра спецыі, але не здагадваліся спытаць.
Да таго, як стаць улюбёнай і незаменнай прыправай хатніх гаспадыняў, ён набыў папулярнасць як сродак для лячэння цэлага шэрагу хвароб. Гаючыя ўласцівасці «лаўрушкі» асабліва ярка праявіліся пры лячэнні прастудных захворванняў, розных паражэнняў скуры і слізістых (ячмень, пролежні, грыбковыя захворванні, стаматыт), хваробаў печані і страўнікава-кішачнага тракту. Дагэтуль у народнай медыцыне папулярныя адвары, настоі, кампрэсы, прымочкі, інгаляцыі на аснове лаўровага ліста. Такому шырокаму прымяненню вострая прыправа абавязана ў першую чаргу сваім складам, багатым на вітаміны А, РР, С, групы В, каліем, жалезам, селенам, цынкам, меддзю. Дзякуючы мяккаму ўздзеянню на страўнік, лаўровы ліст — адна з нямногіх вострых траў, што падыходзіць для асоб з гастрытам, язвай страўніка і 12-перснай кішкі.
Проціпаказанні. У цуда-ліста ёсць якасці, якія замест чаканай карысці могуць нанесці шкоду. Напрыклад, з-за здольнасці ўплываць на згусальнасць крыві ад выкарыстання лаўрушкі варта ўстрымацца цяжарным жанчынам і маці ў час кармлення грудзьмі, людзям, схільным да крывацёкаў, а таксама тым, хто пакутуе на захворванні сэрца, печані. Моцна канцэнтраваны адвар лаўровага ліста — той самы выпадак, калі лекі становяцца атрутай нават для здаровых людзей.
Чорны, чырвоны, белы, духмяны — лепш назапасіць гарошкам і малоць уласнаручна перад тым, як дадаць у страву. Такім чынам захоўваецца каштоўнасць прыправы, у той час як пры доўгім захоўванні молатага перцу значная частка яго ўласцівасцяў папросту знікае. А там, паверце, ёсць што губляць.
Супрацьпаказанні. Зноў у баку малыя, а таксама ж людзі з павышаным крывяным ціскам, хваробамі сэрца і страўнікава-кішачнага тракту. Для іх любы перац пад забаронай: прынясе болей шкоды, чым карысці. Дарэчы, і здароваму чалавеку можа не паздаровіцца, калі занядбаць здаровым сэнсам і есці перац без меры. 6 гарошын або чвэрць чайнай лыжкі — максімум, які чалавек можа сабе дазволіць за раз без шкоды для здароўя. У адваротным выпадку аматары вострых (у прамым сэнсе) адчуванняў рызыкуюць атрымаць апёк гартані.
Мабыць, яго з пэўнасцю можна назваць царом прыпраў.
Імбір валодае супрацьзапаленчымі і болесуцішальнымі ўласцівасцямі, яго ўжыванне для прафілактыкі і лячэння прастудных захворванняў, ангіны, бранхітаў, пры мышачных і сустаўных болях не толькі апраўдана, але і прыносіць адчувальную палёгку. Даказаны і процірвотны эфект імбіру пры млоснасці любога паходжання: пры таксікозе, укачванні ў транспарце, марской хваробе, пераяданні, пасля курсаў хіміятэрапіі. У цэлым, ужыванне вострай прыправы ў ежу спрыяе ўмацаванню імунітэту, зняццю нервовага напружання і нават паляпшэнню зроку.
Супрацьпаказанні. Пры відавочнай карысці імбіру, ужываць яго ў ежу можна далёка не ўсім. Ён зніжае згусальнасць крыві, а значыць проціпаказаны тым, хто мае схільнасць да крывацёкаў. Выключыць вострую прыправу з рацыёну варта людзям з хваробамі страўніка і кішэчніка, печані, сардэчна-сасудзістай сістэмы, гіпертонікам і цяжарным жанчынам. Пры лячэнні вірусных рэспіраторных інфекцый ужыванне імбіру дапушчальнае пры невысокай тэмпературы і катэгарычна проціпаказана пры высокай. Акрамя таго, ужыванне імбіру без усялякай меры можа скончыцца праявай алергічных рэакцый, ванітамі і дыярэяй.
Калі імбір — цар, то гваздзіка — царыца сярод прадуктаў па змесціве антыаксідантаў. Зялёны чай (звыклая асацыяцыя на слова «антыаксіданты», ці не праўда?), журавіны, чарніцы, якія да нядаўніх часоў прызнаваліся непераўзыдзенымі барацьбітамі з вольнымі радыкаламі, — з гваздзікай і побач не стаялі. Моц антыаксідантных уласцівасцей крыецца ў высокім утрыманні эфірных масел у пупышках гваздзікі.
Прымяненне гэтай вострай прыправы сапраўды не ведае межаў. Яе кладуць у супы і кашы, выкарыстоўваюць у выпечцы, дадаюць у чаі і ўзвары. Пры правільным ужыванні адвары і настоі на аснове гваздзікі выдатна спраўляюцца з першымі сімптомамі прастуды, ліквідуюць насмарк, здымаюць боль у горле, палягчаюць кашаль, а таксама дапамагаюць супакоіць зубны боль і спрыяюць павышэнню апетыту.
Супрацьпаказанні. Наколькі дабратворна дзейнічаюць эфірныя алеі гваздзікі на ўмоўна здаровых людзей, настолькі шкоднымі яны могуць апынуцца для дзяцей да 2-х гадоў і асоб, якія пакутуюць на гіпертанію, гастрыт і язву. Гэтую вострую прыправу з іх меню трэба выключыць цалкам. Пазбягаць гваздзікі варта людзям з павышанай кіслотнасцю страўніка, паколькі яна здольная пагоршыць стан. А таксама цяжарным жанчынам з-за рызыкі тонусу маткі.
Галоўнае, пра што варта памятаць: не трэба падманвацца наконт безумоўнай карысці прыпраў з-за іх расліннага паходжання. Каб атрымаць максімальны станоўчы эфект ад ужывання тых ці іншых спецый, іх трэба не толькі разумна выкарыстоўваць, але і правільна выбіраць, а пасля захоўваць.
Сапраўдная зіма выдалася сёлета. З дзікімі завірухамі ды пякучымі маразамі, парывістымі ды калянымі вятрамі, вялікімі ды іскрыстымі снягамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі раніцай па дарозе ў садок ці школку таксама захінаюць свае вушкі і носікі, каб не прыхапіў іх мароз Траскун. А днём, калі выглядае пакуль яшчэ халоднае, але доўгачаканае сонейка і заблішчыць, заіскрыцца вясёлкай зіхатлівы сняжок, вы таксама, я ўпэўнены, выходзіце забаўляцца ў двор да сваіх сяброў. І трапляеце ў гэтую дзівосную казку прыроды.
І ў мяне, казачніка, кожнае сваё спатканне з сябрамі сваімі меншымі – птушкамі – пакідае цёплыя ўспаміны не толькі таму, што яны ўпрыгожваюць прыроду сваімі спевамі, яркім прыгожым убраннем, але і …
Паслухай гэтую цікавую казачную гісторыю пра тое, якія птушкі, што зімуюць у нашых садах ды парках, найбольш карысныя.
Сабраліся аднойчы птушкі ў садзе на свой сход, вырашыць, хто найбольш карысны для прыроды і чалавека. Першай, адкуль толькі ўзялася, азвалася сарока-Белабока. Села на галінку грушы.
— Чы-чы, чы-чы! Няўжо вам невядома, што лепшая з птушак – я? І як застракочыць на ўсё наваколле, быццам з кулямёта якога – чы-чы-чы! – Паглядзіце, якая я прываблівая!
— О-о-о! Дзе толькі фэст, то і я там ёсць! Не выхваляйся тут! Разгулялася як тая завіруха на ўсе галасы сваёй бязладнай песні – перадражніла цікаўную сароку з яшчэ больш задзірлівым норавам варона.
Кар-р, кар-р! Ці ж не бачна, што я тут самая галоўная? І пачала верш чытаць, хаця і асіплым голасам, але зразумела і дакладна, што ўсе здзівіліся, бо ніколі раней не чулі акрамя аднаго кар-р-р.
Стракатуха прыляцела
І на даху дома села,
Не жыццё адна марока,
Як пачне трашчаць …
Усе покатам рассмяяліся і, зразумеўшы пра каго гэта, пазіралі на сароку. — А цяпер ты адгадай маю загадку, не здавалася зняважаная сарока:
Матылі насіліся,
Над зямлёй кружыліся,
А як долу ўпалі –
Белым пухам сталі.
— Зярняты? .
— Э-э-эх! – раздаўся покрык сарокі. Табе толькі дармовыя зярняты і сняцца. Гэта – сняжынкі!
— Паляцелі, іншым разам, як выправім свой нораў, прыляцім, – прапанавала варона, прызнаўшы сваё паражэнне, нібыта роднага Хведара кумаў сват, падхапіла тую пад крыло.
Сорамна ім стала вось і зляцелі. Тым часам птушыны сход працягваўся.
— Як і змалку прывыклі спяваць на хлеб сарока ды варона, дзве выхвалякі-ганарліўцы – азваліся з куста каліны дзве птушачкі з бліскуча-чорным апярэннем, ружовымі брушкамі ды шэрымі спінамі, снегіры, а яшчэ іх гілямі завуць. – Лічым, што найбольшую карысць прыносіць лесу, радзей гарадскім паркам, ды садам… Але найперш адгадайце загадку:
Хоць не ляснік, хоць не цясляр,
А ў лесе важны гаспадар
Пасаду доктара займае:
Тук-тук! – ён дрэвы правярае.
Верабейка саскочыў з кусціка агрэсту на суседняю галінку парэчак, узняў сваю храбрую галоўку, задумаўся, нібы трымаючы акцёрскую паўзу, горда вымавіў:
— Гэта дзяцел! Я бачыў днямі чорнага такога ў чырвоным каптурыку.
— Але ж ён больш ў лесе працуе.
— Найбольшую карысць прыношу я, – не вытрымаў верабейка. – Я ўсё бачу і ведаю, што дзеецца ў гарадскіх парках ды садах. І я мошкі з кузуркамі збіраю.
— Так ды не так, браце, збіраеш, як мог бы – мовіла попельна-шэрая з блакітным адценем, белым брушкам з рыжаватымі пёркамі птушачка попаўзень. І палезла ўверх па камлі яблынькі. – Табе б больш зярнятак дармавых, ды якой мешанкі ад курак гаспадарскіх скрасці. Паглядзі на сябе, як растаўсцеў! І не сорамна?
— Я, я, – не чакаў такога сяброўскага выкрыцця, захваляваўся верабейка, – вы-ы-праўлюся, абавязкова вы-ы-праўлюся, – заікаўся, абяцаючы, перамяніцца... – А можна мне назваць іншых карысных птушак, чык-чырык?
— Паспрабуй!
— Шэрая мухалоўка, шчыгол, гарыхвостка, каралёк…
— Правільна ты называеш, але ж мы гутарым пра зіму.
— Тады толькі сінічка, мая суседка! – узрадавана вымавіў верабейка. – Гэта яна найбольш працалюбівая і рухомая. З раніцы да ночы збірае розных шкоднікаў-вусеняў ды іх лічынак, чык-чырык.
— Ну, што вы, сябры, – падала свой сціпленькі галасок сінічка Цінь-цінь. –Нічога асаблівага! Я раблю звычайную справу.
— Звычайную, кажаш, справу, але незвычайна яе выконваеш, – падтрымаў вераб’я попаўзень, які зляцеў з вялікага і разгалістага куста абляпіхі. – Бачым штодня як цэлыя чародкі жоўта-зялёных камячкоў шчыруюць-завіхаюцца ў садах і гарадскіх парках. Нават калі мітусіцца снег і завывае мяцеліца, – закончыў сход попаўзень.
— Не трэба, сябры, – зноўку азвалася сінічка Цінь-цінь. Не тое галоўнае, калі ўсе ведаюць пра цябе, а тое – каб справа, якую выконваеш, патрэбнай іншым была, – ціхенька так прамовіла і знікла ў глыбіні дрэў.
Гэтую размову птушак пачуў хлопчык Ільюша. Ён усыпаў колькі жменек семак і зярнятак проса ў кішэню, паклаў ў мяшэчак скрылькі сала.
— Ну, дзе вы падзеліся, мае памочнікі? Калі ласка, налятайце, падсілкуйцеся! – пачаў высыпаць ласункі.
Сінічкі адразу паселі ў свае кармушкі, якія ім яшчэ мінулай зімой змайстраваў Ільюшка, і дружна пачалі дзяўбсці свае любімыя ласункі.
— Дзякуй табе, хлопча! Мы аддзячым табе, і летам будзем збіраць шкодных чарвячкоў і вусеняў.
— Затрымаемся тут і на гняздоўе, і будзем абараняць твой сад, – радасна, у адзін голас, дапоўніла сяброўку некалькі сінічак.
Яны скачуць з галінкі на галінку, весела ценькаюць, перагаворваюцца, радуюцца ўдзячнасці чалавека.
— Малайцы, мае памочнікі! На наступную зіму я змайструю яшчэ тры сінічнікі, каб было дзе ўсім ад непагадзі схавацца. І новыя кармушкі – для пачастункаў. А яшчэ вакол сада пасаджу свежыя кусты каліны, глогу, шыпшыны. Ведаю, што вам яны падабаюцца.
Ён выняў з кішэні мяшэчак са скрылькамі сала і падвесіў кожны на асобныя сучкі.
Нечакана, як па ўзмаху казачнага дырыжора, падзьмуў лёгкі ветрык. Сад заспяваў сваю ціхую зімовую песню. Аб чым яна? Я прыслухаўся і зразумеў: аб самым спрадвечным – аб прыгажосці жыцця і прыроды.
У Магілёўскай вобласці, у некалькіх кіламетрах ад горада Слаўгарада і за 0,3 км на паўднёвы ўсход ад былой вёскі Кліны, знаходзіцца ўнікальная гаючая крыніца пад назвай Сіні Калодзеж, або Сіні Ключ ці Блакітная Крыніца. Менавіта такую назву можна ўбачыць на старых картах Магілёўскіх земляў. Блакітная Крыніца з’яўляецца помнікам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі, які ахоўваецца дзяржавай. Чым жа адметная гэта крыніца?
Як дабрацца: лепш за ўсё праехаць са Слаўгарада па дарозе Р140 пантонны мост, затым мост праз раку Галуба. Праз 1 км павярнуць налева і рухацца 500 м да крыніцы. Дарога — звычайная прасёлачная грунтоўка.
Увага: пантонны мост узімку можа быць разведзены, а крыніца знаходзіцца ў пойме Сажа і пры вясновых паводках яе залівае. Так што лепш наведваць Сіні Калодзеж улетку ці ўвосень.
Сіні Калодзеж — самая буйная з усіх вядомых крыніц не толькі ў Беларусі, але і на ўсім усходне-еўрапейскім абшары. Крыніца ўяўляе сабой невялікае маляўнічае возера дыяметрам 20–25 метраў у атачэнні лесу. З яго выцякае рака Галуба, што ўпадае ў Сож. Гэты вадаём і ёсць Сіні Ключ, Сіняе Азярцо, Сіні Калодзеж або Блакітная Крыніца. Лічыцца? што тут з-пад зямлі б’юць 120 ключоў.
Раней Сіні Ключ знаходзіўся на тэрыторыі вёсачкі Кліны, былая назва якой Слабада Сіняя. Паводле ўспамінаў яе жыхароў, тут ніколі не было калодзежаў і калонак, ваду заўсёды бралі з крыніцы. На жаль, вёска пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы і была выселена. Але радыяцыя не паўплывала на якасць вады ў Блакітнай Крыніцы.
Вада ў возеры з’яўляецца эталонам празрыстасці ды чысціні і мае незвычайны блакітна-бірузовы колер.
Паводле даследаванняў у ёй шмат іонаў срэбра, яна моцна мінералізаваная, а нітратаў і нітрытаў тут утрымліваецца ніжэй за крытычную канцэнтрацыю для пітной вады. Таксама выяўлена, што вада тут гідракарбонатна-кальцыевая, з падвышаным утрыманнем фтору, крэмнію, тытану, медзі ды шматлікіх іншых мікраэлементаў. Яна ніколі не псуецца, у крыніцы няма мікробаў, ваду можна піць наўпрост.
Крыніца мае багатае гістарычнае мінулае, існуе мноства паданняў і легендаў, аповедаў пра цудадзейныя выпадкі лекавання самых розных хвароб. Таму сюды ніколі не змяншалася плынь паломнікаў і зацікаўленых турыстаў з розных куткоў Беларусі і нават замежжа. Гавораць, што ў старажытныя часы вада ў крыніцы біла слупам вышынёй з чалавечы рост, а Сіні Калодзеж лічыўся святым. Тут месцілася свяцілішча, дзе праводзіліся старадаўнія рэлігійныя абрады.
Пазней, калі на нашы землі прыйшло хрысціянства, Сіні Ключ стаў адной з першых крыніц, дзе праводзілі абрад хрышчэння.
Пра крыніцу існуе і шэраг рамантычных паданняў.
Паводле аднаго, жылі ў даўнія часы на берагах паўнаводнай ракі Сож волаты Сцяпан і Марка. Закахаліся яны абодва ў прыгожую валатоўну Кацярыну і прыслалі да яе сватоў. Дзяўчыне быў любы Сцяпан, але і Марка не жадала пакрыўдзіць. Тады прыдумала Кацярына для хлопцаў выпрабаванне: кінуць з высокага берага Сажа па каменю. Чый камень далей патрапіць, з тым і пабярэцца шлюбам. І дала любаму меншы камень — са стол, а нялюбаму — з печку. Але ўсё адно далей кінуў нялюбы Марка.
У роспачы валатоўна стала на той камень і прамовіла: «Чым з нялюбым жыць, лепш пайду крыніцай служыць!», ударылася аб зямлю і пацякла спачатку бурнай ракой, а пасля прабілася ў нізкім месцы крыніцай. А той камень, што стаіць на полі каля крыніцы невыпадкова празвалі Маркаў Камень. Кажуць, кожны год апоўначы 14 жніўня можна ўбачыць каля крыніцы прывід Кацярыны: дзяўчына з доўгімі валасамі і ў белай сукенцы плача па сваёй няшчаснай долі.
З крыніцай звязана і паданне пра лесніка і русалку.
Гаворыцца, што некалі мясцовы ляснік Шэпіт каля крыніцы ўбачыў аголеную жанчыну, якая распусціла валасы і расчэсвала іх прыгожым грэбнем. Ён хацеў схаваць адзенне жанчыны і схапіць яе, але пад ягонай нагой хруснула галінка. Жанчына заўважыла лесніка і прамовіла, што «будзе ў яго род патопа», і знікла ў крыніцы. На другі дзень у лесніка патанула ў Сажы 19-гадовая дачка.
Яшчэ ў адным паданні расказваецца, што ў гэтай мясцовасці калісьці жыў князь і была ў яго адзіная дачка, якую ён вельмі любіў. Дзяўчына пакахала вясковага хлопца. Князь даведаўся пра гэта і загадаў прывесці яго ў палац. Пасля гэтага хлопца больш не бачылі. Дзяўчына ўвесь час хадзіла сумная і плакала. Аднойчы яна пайшла з дому і не вярнулася. Праз некаторы час людзі непадалёк знайшлі крыніцу з гаючай вадой.
У навакольных вёсках да нашага часу вераць: каб пазбыцца хвароб, трэба прыйсці на крыніцу ўначы і тройчы акунуцца. Тут вам распавядуць, што вада з Сіняга Ключа цудоўна загойвае розныя раны, здымае экзэмы, ацаляе ад поліартрыту, лекуе прастудныя захворванні, хваробы вачэй і галаўныя болі, умацоўвае імунітэт, дапамагае ад сурокаў і ўвогуле станоўча ўплывае на душэўны стан чалавека.
Каля крыніцы з даўніх часоў стаяў храм, які то знішчалі, то аднаўлялі.
У дарэвалюцыйныя гады шмат паломнікаў прыходзілі сюды ў 11-ю Пятніцу пасля Вялікадня і на Макавей 14 жніўня. Верылі, што ў гэтыя дні крынічная вада мае асаблівую лекавую сілу.
Каб вылекавацца, трэба тры разы туды і назад прайсці па сцюдзёнай вадзе.
Раней так рабілі: распраналіся, праходзілі тройчы крыніцу, потым апраналі новае адзенне, а старое пакідалі на беразе. Бывала, што на Макавей збіралі па некалькі вазоў ахвяраванага на карысць царквы палатна. Грошы ахвяравалі ў саму крыніцу.
За савецкім часам збірацца каля Сіняга Калодзежа было забаронена, на святы дзяжурыла міліцыя. Святкаванні аднавіліся ў канцы ХХ ст.
Сёння помнік прыроды з’яўляецца культавым прыродным аб’ектам.
Штогод 14 жніўня, у дзень памяці пакутнікаў Макавеяў, Сіні Калодзеж наведваюць дзясяткі тысяч людзей.
Каля крыніцы пабудавалі купель, а непадалёк — капліцу пакутнікаў Макавеяў.
Паблізу ляжыць валун вышынёй каля 1,7 м і дыяметрам больш за паўтара метры. Вераць, што камень, які называюць Маркавым, яшчэ і лекавы. Падчас святкавання да яго прытуляюцца ці дакранаюцца рукамі, наверх садзяць дзяцей.
На свята вакол крыніцы ладзяць хрэсны ход, падчас якога асвячаюць мёд, лекавыя зёлкі, моркву. Усё гэта людзі прыносяць з сабой для бласлаўлення і асвячэння. Потым на полі разгортваецца кірмаш, дзе можна набыць мёд, сувеніры, вырабы народных майстроў, вопратку, посуд і шмат што яшчэ.
Сучасных дзяцей часта абвінавачваюць у безадказнасці, недысцыплінаванасці і абыякавасці да бацькоўскіх настаўленняў. Ці ёсць на тое аб'ектыўныя прычыны або гэта глабальнае адрозненне пакаленняў?
Раней лічылася, што канчатковае фарміраванне мозгу ў дзяцей адбываецца ў раннім узросце. Сучасныя даследаванні кажуць пра тое, што аддзелы галаўнога мозгу, якія забяспечваюць адказнасць, фарміруюцца толькі ў 14-16 гадоў, таму, да прыкладу, няправільна патрабаваць ад дзяцей самастойнага планавання свайго вучэбнага часу або адказных адносінаў да выканання хатняга задання.
Мы папрасілі спецыялістаў пракаментаваць гэтае сцвярджэнне і даць парады дарослым, як жа вырасціць самастойнага чалавека.
Леанід Шалькевіч, галоўны пазаштатны дзіцячы неўролаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА:
– У кожным дзіцяці пры нараджэнні закладзеная пэўная генетычная праграма развіцця, якая актыўна працуе да 5-7 гадоў. Менавіта яна вызначае, у колькі дзіця перавернецца, сядзе, устане і пойдзе. Спачатку праграма выяўляецца ў пэўных рэфлексах, потым – у хуткасці засваення інфармацыі і ўменні яе перапрацоўваць, іншымі словамі – у навучанні.
Пасля 7 гадоў надыходзіць некаторая стабілізацыя гэтых працэсаў, і галаўны мозг ужо не фарміруе такой колькасці сінапсаў, як да гэтага. Таму, на мой погляд, зона адказнасці фарміруецца не да 14 гадоў, а нашмат раней. Іншая справа, што прывучаць да яе трэба ў працэсе гульні, пакуль гэта дзіцяці цікава, пакуль яно любіць капіяваць паводзіны дарослых. Потым гэтая цікавасць «сыходзіць».
У 5 гадоў дзяўчынка хоча мыць посуд, а мама ёй не дазваляе, бо яна можа што-небудзь разбіць. У 10 гадоў мама пачынае далучаць дачку да хатняй гаспадаркі, а ёй гэта ўжо нецікава – не прывыкла. Вучыць дзіця прыбіраць за сабой цацкі, складваць вопратку і даручаць яму іншыя нескладаныя абавязкі трэба з ранняга ўзросту, пакуль яму гэта цікава. Пасля гэта ўжо ўваходзіць у звычку (або не ўваходзіць, у каго як).
Чакаць, што ў падлеткавым узросце штосьці ўключыцца, дзіця ўсё зразумее і пачне дапамагаць бацькам ці возьмецца за вучобу, калі раней яно гэтага не рабіла, не трэба. Не ўключыцца.
Валянціна Шукан, псіхолаг, каардынатар Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, «Давер» (структурнае падраздзяленне 8-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска):
– Дадзеныя шматлікіх даследаванняў пацвярджаюць той факт, што пэўныя лобныя долі мозгу, якія адказваюць за сацыяльны кантроль і сацыяльна прымальныя паводзіны, актыўна фарміруюцца ў другім дзесяцігоддзі жыцця дзіцяці, бліжэй да 18 гадоў.
Так, у 7 гадоў дзіця ўжо можа глядзець на сябе збоку, ацэньваць свае ўчынкі, але гэта не значыць, што яно будзе адказным. Да нас у цэнтр ходзіць 14-гадовы падлетак з сям'і ваеннага. Нягледзячы на адказнае выхаванне бацькі, ён увесь час уляпваецца ў праблемныя сітуацыі. І калі мы пытаемся, як жа так атрымліваецца, ён адказвае, што пачынае думаць толькі пасля зробленага.
У сілу ўзросту падлеткі проста не бачаць і не ацэньваюць магчымыя наступствы сваіх учынкаў.
Святлана Паляшчук, псіхолаг Цэнтра «Давер»:
– Сёння сярод педагогаў і бацькоў бытуе тыповае меркаванне, што дарослыя нічога не вырашаюць і для падлеткаў аўтарытэтныя толькі аднагодкі. Але нядаўняе маштабнае расійскае даследаванне паказала зусім іншую карціну: у атрыманні, апрацоўцы і асэнсаванні інфармацыі на першым месцы для падлетка стаіць сям'я, на другім – Інтэрнэт, на трэцім – значны дарослы (старэйшы на некалькі гадоў таварыш, трэнер, педагог, дзядзька/цётка і інш.), і толькі на чацвёртым – аднагодкі.
Такія змены заканамерныя. Сённяшняя сацыялізацыя дзіцяці адбываецца ў інтэрнэце, а не ў двары. Так, бацькі водзяць дзяцей у шматлікія гурткі, але ў іх не паспяваюць завязвацца доўгатэрміновыя сацыяльныя кантакты (тое, што мы называем сяброўствам).
Акрамя таго, у адрозненні ад папярэдніх пакаленняў, арыентаваных на агульную задачу, цяперашнія дзеці выхаваныя на каштоўнасцях індывідуальнасці. А калі індывідуальнасці збіраюцца разам, гэта ўжо высокаканкурэнтныя адносіны, а не сяброўскія.
Так што бацька ці маці сёння застаецца аўтарытэтнай фігурай для дзіцяці і можа ўласным прыкладам уплываць на фарміраванне адказнасці. Аднак сучасныя бацькі раздражнёныя, часта крычаць на дзяцей.
Дзіця штосьці зрабіла не так – мама ў крык, замест таго, каб сесці і разабрацца ў сітуацыі. У выніку дзеці знаходзяцца ў пастаяннай трывожнасці і страху, яны не вучацца аналізаваць свае дзеянні. Другая крайнасць – бацькоўская гіперапека, калі навыкі самастойнасці проста не закладваюцца ў патрэбны час.
Сёння рэдкія дарослыя валодаюць самадысцыплінай, іх рэжым дня далёкі ад здаровага. Пры гэтым яны патрабуюць дысцыпліны ад дзяцей. Але ў падлеткавым узросце дзіця выконвае толькі тыя правілы, якімі жыве ўся сям'я. Немагчыма стварыць для яго асобныя нормы.
Таму, калі вы, да прыкладу, хочаце, каб ён праводзіў за камп'ютарам абмежаваны час, адключайце wi-fi і на сваіх гаджэтах.
Робім высновы паводле меркаванняў спецыялістаў.
Тры правілы для дарослых па выхаванні адказнасці ў дзецях:
Для любой мамы хвароба дзіцяці – сапраўдная бяда. Калі любімы вечны рухавік ператвараецца ў млявую ціхоню, якую не цікавяць ні цацкі, ні прысмакі, ні нават мульцікі, гэта заўсёды цяжка. Але, на жаль, дзяцінства без насмарку, кашлю і тэмпературы не бывае.
Дзіцячы арганізм мае шэраг асаблівасцяў, з-за якіх схільны да высокай рызыкі захворвання. Гэта так званыя крытычныя перыяды развіцця, калі ўзровень абмену рэчываў, скіраваны на забеспячэнне інтэнсіўнага росту і вагі дзіцяці, узрастае і прыводзіць да памяншэння рэзерваў абароны, альбо, прасцей кажучы, зніжэння імунітэту. Перыяды інтэнсіўнага росту дзіцяці, як правіла, прыпадаюць на ўзрост з 4 да 6 гадоў, з 11 да 12 гадоў і з 16 да 17 гадоў. У гэтыя перыяды дзеці могуць хварэць часцей.
Аднак павысіць імунітэт дзіцяці і навучыць дзіцячы арганізм супрацьстаяць розным вірусам ды інфекцыям цалкам здольная кожная маці.
Варта выконваць 5 простых правілаў, каб дамагчыся жаданага. Пры гэтым важна выканаць дзве ўмовы. Максімальны эфект гарантаваны, калі:
Лідзія Матуш, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хваробаў БДМУ:
– Прынцыпова важна пачынаць клапаціцца пра здароўе дзіцяці яшчэ на стадыі планавання. Стрэс, няправільнае харчаванне, недахоп вітамінаў, маларухомы лад жыцця, шкодныя звычкі і нават інфекцыі, якія мама перанесла падчас цяжарнасці, не лепшым чынам адаб'юцца на імунітэце яе дзіцяці. Так што, перш чым рыхтавацца да ўсвядомленага бацькоўства, ёсць сэнс перагледзець асноўныя моманты свайго жыцця, здаць аналізы на інфекцыі і прайсці курс лячэння, калі гэта неабходна.
Імунітэт дзіцяці фарміруецца ў сярэднім да 6-гадовага ўзросту, перш чым дасягне ўзроўню імуннай сістэмы дарослага чалавека. У раннім узросце – да 3-4 месяцаў – дзеці, як правіла, хварэюць рэдка: іх імунітэт ад уздзеяння знешніх інфекцый яшчэ абараняюць антыцелы мамы. Паступова іх колькасць зніжаецца, і арганізм дзіцяці пачынае выпрацоўваць уласныя антыцелы.
Кажучы простай мовай, здольнасць гэтых антыцелаў распазнаць і абясшкодзіць інфекцыю часцей за ўсё і абумоўлівае моц імунітэту. Павысіць супраціўляльнасць арганізма можна пры дапамозе вакцынацыі і стварэння належных умоў для жыцця і развіцця малыша.
Па магчымасці паспрабуйце хаця б паўгода карміць дзіця грудзьмі. У гэтым выпадку пры ўсіх іншых роўных умовах імунітэт дзіцяці падтрымліваецца імунаглабулінамі (антыцеламі), якія ёсць у матчыным малацэ. Максімальна высокі імунны эфект у малозіва – самага першага густога груднога малака, якое змяшчае вялікую колькасць антыцелаў.
У далейшым важным складнікам дзіцячага меню павінны стаць кісламалочныя прадукты. У тварагу, ёгурце, кефіры, ражанцы ды іншых кісламалочных прадуктах харчавання ўтрымліваюцца прабіётыкі – лакта- і біфідабактэрыі, якія спрыяльна адбіваюцца на мікрафлоры кішэчніка, нармалізуюць працэс стрававання. Штодзённае ўжыванне кісламалочных прадуктаў станоўча ўплывае на імунную сістэму дзіцяці.
А вось з цукрам, наадварот, трэба абыходзіцца асцярожна. Па меркаваннях спецыялістаў, празмернае ўжыванне цукру на 40% зніжае здольнасць арганізма змагацца з вірусамі і мікробамі. І размова не толькі пра цукеркі, шакалад альбо цукар у чыстым выглядзе. Яго больш чым дастаткова ў, здавалася б, бяскрыўдных соках і тых самых ёгуртах з дадаткамі. Таму, купляючы прадукты для дзіцячага харчавання, старанна вывучайце склад і аддавайце перавагу тым, у якіх утрыманне цукру мінімальнае альбо яго зусім няма. Чаго ўвогуле не павінна быць у рацыёне дзіцяці, асабліва са слабым імунітэтам, дык гэта чыпсаў, газіраваных напояў і любога фастфуду.
Адметнае месца ў рацыёне дзіцяці – агародніна і садавіна. Яны карысныя ў любым выглядзе, але ў сырым – асабліва. Пры гэтым не варта ганяцца за заморскімі прысмакамі, каб разнастаіць меню дзіцяці. Наадварот, дзецям да 3-х гадоў у прынцыпе не рэкамендуецца даваць экзатычныя агародніну, садавіну і ягады. Манга, авакада, памела, ківі, ананасы, папаю, цытрусавыя і нават бананы лепей адкласці на час, ды і пасля ўводзіць у меню паступова і асцярожна. Экзоты могуць быць не толькі цяжкімі для страўніка дзіцяці, але і выклікаць алергічную рэакцыю. Так што лепей звесці рызыку да мінімуму і зрабіць стаўку на мясцовае.
Калі малыш не выказвае асаблівай прыхільнасці да агародніны і садавіны, праявіце фантазію: настругайце з морквы, агуркоў, буракоў пацешных фігурак, накруціце з капусты і лісця салаты кветак. Зрабіце ўжыванне агародніны не толькі карысным, але і займальным заняткам. Паверце, вынік не прымусіць сябе чакаць: вітаміны і мінералы прыкметна ўмацуюць імунітэт вашага дзіцяці.
Ці ведаеце вы, што такое змучанае дзіця? Плач, перапады настрою, раздражняльнасць – тое, што ляжыць на паверхні. Калі зірнуць глыбей, высветліцца, што недахоп сну адбіваецца не толькі на псіхічным камфорце дзіцяці, але і на яго здароўі ў цэлым. Дзеці, якія рэгулярна не высыпаюцца, больш адчувальныя да інфекцый. Каб пачувацца добра, немаўлятам і дзецям да 6 месяцаў сумарна неабходна да 18 гадзін паўнавартаснага сну ў суткі, малышам да 1,5 года – 12-13 гадзін, дзецям ад 2 да 7 гадоў – не меней за 10-11 гадзін.
Безумоўна, усе дзеці розныя: у адных ужо да 8-й вечара сілы на зыходзе, а некаторых і апоўначы не пакласці. Тым не менш, паспрабуйце забяспечыць аптымальны рэжым дня, пры якім дзіця не будзе адчуваць недахопу сну. Класціся спаць і прачынацца раніцай варта ў адзін і той жа час. Правільны рэжым дня можа значна ўмацаваць імунную сістэму дзіцяці.
Лідзія Матуш:
– Бацькі часта выпускаюць з-пад увагі адзін важны момант: падрыхтоўку да дзіцячага садка. Рэжым у гэтым сэнсе мае ледзь не першаснае значэнне. Мяркуйце самі: пакуль мама ў адпачынку па доглядзе за малым, яна з найлепшых памкненняў можа дазволіць яму спаць даўжэй: да 9-10 гадзін раніцы. Ажно да таго самага дня, калі надыходзіць час ёй ісці на працу, а дзіцяці – у садок.
Цяпер будзільнік для ўсіх гучыць а 7-й, а часам і раней. Стрэс? Вядома, стрэс. Такія змены звыклага ладу жыцця ў тым ліку могуць адбіцца на зніжэнні імунітэту дзіцяці. Акрамя паўнавартаснага сну з вызначаным графікам аптымальны для ўмацавання імунітэту рэжым дня прадугледжвае таксама прагулкі на свежым паветры. Прычым у любое надвор'е. Не менш чым 2-3 гадзіны!
Адзінае выключэнне – дзеці да 10 месяцаў-1 года. Іх можна не весці на шпацыр, калі тэмпература паветра ніжэй за 15 градусаў і ветрана. Але нават у гэтым выпадку ёсць варыянт: дзённы сон у калясцы на балконе, напрыклад.
Калі ад нараджэння загартоўваць дзіця, яго імунітэт будзе значна вышэйшым. Пры спавіванні альбо змене падгузніка не бойцеся патрымаць нованароджанага колькі хвілін без нічога. Паступова павялічвайце час прыняцця паветраных ваннаў, давёўшы праз паўгода да 30 хвілін на дзень. Калі дзіця падрасце, можна пераходзіць да больш смелых працэдураў, напрыклад, кантраснага душу. Яго эфектыўнасць – у розніцы тэмпературы вады. Менавіта кантраст загартоўвае і спрыяльна ўплывае на ўдасканаленне імуннай сістэмы, павышае супраціўляльнасць арганізма. Пачынаць загартоўваць дзіця, нягледзячы на тое, слабы ў яго імунітэт ці моцны, варта з невялікіх перападаў тэмпературы, паліваючы толькі ступні малога. Працягласць кантраснага душу – 2-3 хвіліны.
Лідзія Матуш:
– Загартоўванне не азначае экстрэмальнасці. Аднолькава небяспечна акунаць немаўля ў палонку альбо захінаць ад любога ветрыку. Галоўнае ў загартоўванні – паступовасць і рэгулярнасць. І паветраныя ванны, і абліванне халоднай вадой – усё гэта элементы загартоўвання. Не варта лічыць іх нязначнымі. У пэўным сэнсе холад – сябар імунітэту.
Прамыванне носа халоднай вадой чароўным чынам ліквідуе насмарк і павышае супраціўляльнасць арганізма да рэспіраторных інфекцый. А любімы дзіцячы ласунак – марозіва, калі есці яго пакрысе, невялікімі кавалачкамі, выдатна «трэніруе» горла. Важны элемент у загартоўванні – апрананне дзіцяці па надвор'і, без лішніх загортванняў.
Многія бацькі, напрыклад, замест таго, каб навучыць дзіця правільна дыхаць на вуліцы носам, лічаць, што ў марозны альбо ветраны дзень яго варта максімальна абмежаваць ад уздзеяння знешняй тэмпературы. Таму нават твар яму захінаюць хусткамі і шалікамі так, што толькі вочы бачныя. Гэта няправільна! Дзіця дыхае, на варсінках шаліка асядае кандэнсат. У выніку яму яшчэ больш халодна.
Нікуды не знікаюць бактэрыі і вірусы, калі размова ідзе пра такую абарону ў перыяд пад'ёму рэспіраторных інфекцый. Іх жа дзіця назад і ўдыхае. А калі мама, да таго ж, не мые шалік штодня, дык, значыць, ужо назаўтра яна ахіне твар малога рассаднікам інфекцый. Нават самы моцны імунітэт не заўжды здольны вытрымаць такі «клопат».
Фізічна актыўныя дзеці, і гэта дакладна ўстаноўлена, хварэюць радзей за аднагодкаў, растуць больш моцнымі і дужымі. Знайдзіце дзіцяці занятак, які будзе яму даспадобы, запішыце на секцыю. Усё роўна, што гэта будзе: гульнявыя віды спорту альбо танцы, лёгкая атлетыка альбо ўсходнія адзінаборствы, плаванне альбо скачкі на батуце – галоўнае, каб у дзіцяці вочы гарэлі і яно наведвала трэніроўкі з задавальненнем. Зрабіце так, каб ранішняя гімнастыка зрабілася пастаянным пунктам у распарадку дня вашага дзіцяці. Гэта адно з базавых правілаў для падтрымання і павышэння імунітэту як у дзяцей, так і ў дарослых.
Дарэчы, нішто так не стымулюе дзіця да актыўнага і здаровага ладу жыцця, як прыклад уласных бацькоў. Хочаце, каб дзіця расло здаровым, самі пазбаўцеся ад шкодных звычак. Даказана, што ў мамы і таты, якія паляць, дзеці часцей хварэюць на бранхіты, лягчэй падхопліваюць інфекцыі і больш схільныя да захворванняў нервовай сістэмы, бо больш успрымальныя да шкоднага ўплыву пасіўнага курэння. Так што ваш уласны лад жыцця наўпрост уплывае на жыццё і здароўе вашага дзіцяці.
Лідзія Матуш:
– Не аднойчы даводзілася назіраць, як бацькі падвозяць сваіх дзяцей на асабістых аўто і ў сад, і ў школу. Зразумела, зараз і стагоддзе іншае, і рытм жыцця больш інтэнсіўны, і аўтамабіль даўно не раскоша, а неабходнасць і ў вялікім горадзе, і вёсцы. Але патрэбы чалавека ў руху, фізічнай актыўнасці пры гэтым застаюцца ранейшымі.
На жаль, часцяком мы самі пазбаўляем сябе магчымасці іх рэалізаваць. Калі бацькі скардзяцца, што дзіця наадрэз адмаўляецца па раніцах рабіць гімнастыку, увесь вольны час бавіць ля тэлевізара альбо ў планшэце, пытаюся: «А вы самі займаецеся па раніцах? Самі як бавіце свой вольны час?» І адказ, як правіла, відавочны.
У сям'і, дзе бацькі актыўныя, пасіўных дзяцей па вызначэнні быць не можа. Перш чым патрабаваць ад іх правільных ва ўсіх сэнсах паводзінаў, нялішне зірнуць на сябе збоку: дзеці – наша адлюстраванне. І прыклад, як мы, дарослыя, самі клапоцімся пра сваё здароўе, значна больш аўтарытэтны, чым тысячы правільных слоў і натацый з нашых вуснаў.
Нішто так не пагаршае здароўе дзіцяці, як стрэсы. Калі малое расце ў атмасферы пастаянных сварак і канфліктаў, яго арганізм губляе здольнасць супраціўляцца вірусам і бактэрыям. Навукова даказана, што дрэнны настрой, пачуццё крыўды ці страху зніжаюць імунітэт чалавека, а смех і радасць, наадварот, умацоўваюць здароўе.
Для добрага імунітэту дзіцяці важна знаходзіцца ў спакойнай псіхаэмацыянальнай атмасферы дома, у дзіцячым садку ці школе. Так што паспрабуйце не высвятляць свае дарослыя праблемы пры дзіцяці, не вымяшчаць на ім свае крыўды, стомленасць і раздражненне, максімальна ахоўвайце ад негатыўных эмоцый, і яно абавязкова адорыць вас здаровай і шчаслівай усмешкай.
Абрад акунання ў палонку, упэўненыя медыкі, можа стаць сур'ёзным выпрабаваннем нават для здаровых людзей. Бо рэзкі перапад тэмпературы – наймацнейшы стрэс для арганізма. Пры апусканні ў ледзяную ваду адбываецца спазм сасудаў, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў, што можа прывесці да даволі сур'ёзных наступстваў для арганізма.
Пра тое, каму не рэкамендуецца даваць нырца ў палонку на Вадохрышча, Слушна расказаў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па агульнай урачэбнай практыцы, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта, к.м.н., дацэнт Вадзім Сушынскі.
У першую чаргу, па словах Вадзіма Сушынскага, купанне ў палонцы супрацьпаказана людзям з хранічнымі захворваннямі, асабліва ў стадыі абвастрэння. Акрамя гэтага, з-за магчымых ускладненняў ныраць у халодную ваду не рэкамендуецца:
Для дзяцей, у якіх сістэма тэрмарэгуляцыі не гатовая да такіх перагрузак, падобныя выпрабаванні будуць шкодныя, а пераахаладжэнне надыходзіць значна раней, чым у дарослых.
Для цяжарных жанчын працэдура небяспечная надыходам заўчасных родаў. Апусканне ў халодную ваду таксама можа быць небяспечна для пажылых людзей, многія з якіх маюць сур'ёзныя хранічныя захворванні.
Ды і рабіць гэта трэба, дадаў эксперт, толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, дзе арганізавана дзяжурства медыцынскіх работнікаў.
Кантакт з халоднай вадой, як гэта адбываецца пры акунанні ў купель на Вадохрышча, выклікае цэлы шэраг рэакцый арганізма. Перш за ўсё адгукаецца сардэчна-сасудзістая сістэма: назіраецца спазм сасудаў, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў. Усё гэта можа прывесці да развіцця парушэнняў сардэчнага рытму, гіпертанічнага крызу, вострага каранарнага сіндрому.
А вось з галавой ныраць у палонку спецыяліст катэгарычна не раіць. Галава з'яўляецца магутнай рэфлекторнай зонай. Акрамя гэтага, пры апусканні з галавой у ваду існуе верагоднасць пераахаладжэння. Таму пасля выхаду з вады варта хутка прасушыць валасы і надзець галаўны ўбор.
Меркаванне ўрачоў адназначнае: загартоўка або паступовае пашырэнне дыяпазону магчымасцяў адаптацыі арганізма, напрыклад, да халадовых нагрузак, карысна.
Загартоўка дазволіць бяспечна перанесці такія сур'ёзныя выпрабаванні для арганізма, як акунанне ў ледзяную ваду, нават калі пры гэтым тэмпература навакольнага паветра будзе мінус 10 і нават мінус 20 градусаў.
У выпадку недамагання, пагаршэння самаадчування пасля купання варта звярнуцца да ўрача.
Як адзначыў галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н. Аляксей Часнойць, за некалькі тыдняў да купання пажадана адмовіцца ад алкаголю.
За некалькі гадзін да пагружэння ў ваду спецыяліст параіў добра паесці. Гэта забяспечыць арганізм энергіяй. Перш чым даваць нырца ў палонку, варта размяцца, напрыклад, выканаць некалькі фізічных практыкаванняў.
Не варта апускацца ў ваду з галавой, толькі па шыю. Спазм сасудаў галаўнога мозгу можа прывесці да страты прытомнасці. Пасля выхаду з вады трэба старанна выцерціся сухім махровым ручніком і надзець цёплую вопратку, а таксама выпіць гарачага чаю.
Усяго на вадохрышчанскія купанні, паводле звестак Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе» (Асвод), будуць задзейнічаны 54 выратавальныя станцыі, 36 выратавальных пастоў. Чакаецца, што сёлета колькасць жадаючых акунуцца ў палонку на Вадохрышча перавысіць 160 тысяч чалавек. Ва ўсіх месцах будзе арганізавана дзяжурства, у тым ліку прадстаўнікоў праваахоўных органаў і медыцынскіх работнікаў.
Фота – Алеся Лазарава.
Павышаны артэрыяльны ціск уяўляе сур'ёзную рызыку для здароўя. Каварства артэрыяльнай гіпертэнзіі – захворвання, пры якім павышаецца артэрыяльны ціск, у тым, што каля 50% людзей нават не падазраюць пра гэта. А прыкладна палова тых, хто ведае, практычна нічога не робяць для яго нармалізацыі. Але ж гэта пагражае развіццём цяжкіх ускладненняў (інсульт, інфаркт міякарда, вострая сардэчная і нырачная недастатковасць), многія з якіх цягнуць за сабой выхад на інваліднасць і смяротны зыход.
У новых рэаліях людзі з артэрыяльнай гіпертэнзіяй уваходзяць таксама ў групу рызыкі неспрыяльнага цячэння COVID-19.
Акрамя рэгулярнага прыёму гіпатэнзіўных прэпаратаў, якія нармалізуюць артэрыяльны ціск, існуе шэраг мераў, выкананне якіх значна паляпшае прагноз цячэння хваробы, а значыць, і якасць жыцця, зніжае рызыку ўскладненняў.
Экспертам нашага матэрыялу выступіў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.
Па дадзеных СААЗ, мужчыны ва ўзросце, старэйшым за 35 гадоў, з артэрыяльным ціскам, вышэйшым за 150/100 мм рт.сл., жывуць на 16 гадоў меней за тых, у каго ён у норме.
Пры сістэматычным павышэнні сісталічнага (верхняга) ціску на 20 мм рт.сл., а дыясталічнага – на 10 адз. рызыка заўчаснай смерці павялічваецца ў 2 разы. Калі павышаны ціск не карэктуецца на працягу доўгага часу, дык рызыка смяротнага зыходу вышэйшая ўжо ў 4 разы.
У людзей з павышаным ціскам у 7 разоў часцей узнікае інсульт, у 4 разы інфаркт міякарду і ў 2 разы – паражэнне артэрый ніжніх канечнасцяў.
Пры доўга існуючым павышаным артэрыяльным ціску чалавек можа не адчуваць змены ў сваім самаадчуванні. Сімптомы могуць быць настолькі слаба выяўленыя, што іх можна «спісаць» на звычайную стомленасць, недасыпанне. Сярод непрыемных адчуванняў часцей за ўсё могуць быць галаўны боль (як правіла, у вобласці патыліцы), задышка, боль у грудзях або крывацёк з носа.
Крытэрыем артэрыяльнай гіпертэнзіі з'яўляецца павышэнне значэнняў артэрыяльнага ціску – вышэй за 140/90 мл рт.сл. Тэрапія неабходная перш за ўсё для зніжэння рызыкі развіцця ўскладненняў.
Калі вы ўжо прымаеце лекі, змена ладу жыцця дасць магчымасць палепшыць іх эфектыўнасць, можа прывесці да зніжэння дазіроўкі або нават звядзе да нуля неабходнасць прыёму прэпарата. Напрыклад, вядома, што памяншэнне залішняй вагі на 2 кг можа знізіць сісталічны (верхні) артэрыяльны ціск на 1-2 адзінкі мм рт.сл. А зніжэнне сісталічнага ціску ўсяго на 2 мм рт.сл. зніжае верагоднасць смяротнага зыходу ў выніку інсульту на 6%, ад хваробы каранарных артэрый – на 4%.
Каб артэрыяльны ціск стабілізаваўся, неабходна:
Залішняе спажыванне солі прыводзіць да таго, што вадкасць затрымліваецца ў арганізме, а гэта прымушае сэрца працаваць больш інтэнсіўна, неспрыяльна ўздзейнічае на ныркі, і, як вынік, прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску. Нормай спажывання солі, па крытэрыях СААЗ, лічыцца 4-5 г у дзень, або 1 ч.л.
Як скараціць спажыванне солі? Вывучайце этыкетку, у прыватнасці, варта звяртаць увагу на ўтрыманне натрыю ў прадуктах. Калі гэты паказчык меншы за 0,1 г на 100 г, гэта сведчыць пра нізкае ўтрыманне натрыю. Утрыманне 0,2 г натрыю на 100 г лічыцца высокім. Як правіла, шмат солі ў каўбасе, вэнджанай рыбе, таматным соусе, соках, сырах і кансерваваных аліўках. Дарэчы, больш за ўсё мы спажываем солі з хлеба. Варта ўлічваць, што некаторыя прадукты могуць утрымліваць натрый у выглядзе іншых соляў (напрыклад, бензаат або глутамат натрыю).
Для нармалізацыі артэрыяльнага ціску добра дапамагае DASH-дыета, якая першапачаткова была распрацаваная для тых, хто хворы на артэрыяльную гіпертэнзію. Прытрымліваючыся рацыёну дыеты, можна знізіць паказчык сісталічнага ціску ад 8 да 14 мм рт.сл.
Былі таксама атрыманыя доказы таго, што DASH-дыета дапамагае стабілізаваць узровень цукру ў крыві, халестэрыну, зніжае верагоднасць развіцця інсульту. Яшчэ адным яе «пабочным» эфектам з'яўляецца нармалізацыя метабалізму і зніжэнне масы цела, асабліва пры павелічэнні фізічнай нагрузкі.
DASH-дыета ўключае ў сябе садавіну і гародніну, абястлушчаныя малочныя прадукты, суцэльназерневыя прадукты, птушку, рыбу і арэхі. Такі рацыён харчавання прадугледжвае ўжыванне ў абмежаванай колькасці чырвонага мяса, ласункаў і напояў, што ўтрымліваюць цукар, а таксама солі. У цэлым, DASH-дыета змяшчае меншую колькасць агульнага і насычанага тлушчу і халестэрыну, але больш калію, кальцыю, магнію, харчовых валокнаў і бялку, чым любая іншая тыповая дыета.
Асноўныя прынцыпы DASH-дыеты:
Асноўная крыніца энергіі для сэрца – гэта тлустыя кіслоты. Разам з тым, акцэнт трэба рабіць на поліненасычаныя тлушчы. Для папаўнення неабходнай колькасці карысных тлушчаў досыць есці 1-2 разы на тыдзень 100-150 г марской рыбы тлустых гатункаў (скумбрыя, фарэль, сёмга, селядзец). Крыніцай карысных тлушчаў могуць быць і арэхі.
Займацца варта штодня прыкладна па 30-60 хвілін. Дарэчы, калі выконваць гэтую ўмову кожны дзень, дык можна «страціць» яшчэ 4-9 мм рт.сл. сісталічнага ціску. Будзьце акуратныя і не дапускайце ператамлення, адчування дыскамфорту і задышкі. Нагрузку трэба павялічваць паступова і абавязкова звяртаць увагу на сваё самаадчуванне, а таксама на перыяд аднаўлення пасля практыкаванняў. Калі пасля трэніроўкі на працягу 5 хвілін пульс не нармалізаваўся, варта займацца з меншай нагрузкай і інтэнсіўнасцю.
Дарэчы, тым, хто на працягу доўгага часу сядзіць за маніторам камп'ютара, варта ўлічваць той факт, што гэта можа справакаваць павышэнне артэрыяльнага ціску. Таму абавязкова варта рабіць перапынкі на адпачынак.
Фізічная нагрузка – добрая падтрымка для зніжэння масы цела. Спецыялісты падлічылі, што кожныя 10 кг лішняй вагі, ад якіх вы пазбавіцеся, могуць знізіць узровень сісталічнага ціску на 5-20 мм рт.сл.
Рэгулярнае курэнне выклікае негатыўныя змены ў арганізме, якія прыводзяць да ўстойлівага павышэння артэрыяльнага ціску. Да таго ж, тытунёвы дым, які ўдыхае курэц, пашкоджвае сценкі крывяносных сасудаў і паскарае склеразаванне артэрый. Сёння даказана, што курэнне электронных цыгарэт валодае практычна тымі ж неспрыяльнымі эфектамі, што і курэнне тытуню. Адмова ад алкагольных напояў таксама прывядзе да зніжэння сісталічнага ціску.
Калій паляпшае дзейнасць сардэчнай мышцы. Норма – 5-6 г калію ў дзень. Напрыклад, 0,5 г калію на 100 г прадукту змяшчае ўрук, фасоля, марская капуста, чарнасліў, разынкі, гарох, бульба (запечаная «ў мундзіры»). Акрамя гэтага, калій ёсць у такіх прадуктах, як ялавічына, свініна, траска, хек, скумбрыя, кальмары, аўсянка, зялёны гарошак, таматы, буракі, радыска, зялёная цыбуля, парэчкі, абрыкосы і персікі (свежыя можна замяніць на сухафрукты).
Магній валодае сасудапашыральным і мачагонным дзеяннем, а таксама здольны прадухіліць спазм сасудаў. На магній багатыя жытні і пшанічны хлеб з вотруб'ем, кашы (аўсяная, прасяная, грачаная), гародніна (бурак, морква, зялёная салата, пятрушка), чорныя парэчкі, арэхі (міндаль і грэцкія).
Ужыванне малочных прадуктаў (малака, тварагу, сыру) забяспечыць арганізм кальцыем.
Калі доктар прызначыў вам гіпатэнзіўныя прэпараты, прымаць іх варта пастаянна, а не ад выпадку да выпадку. Зніжаць дозу, адмяняць лекі самастойна, нават калі ўзровень артэрыяльнага ціску не перавышае 120/80 мм рт.сл., нельга катэгарычна! Ад таго, як вы будзеце выконваць рэкамендацыі, залежаць вашыя здароўе і жыццё!
Сучаснае жыццё без электронных гаджэтаў нават немагчыма ўявіць. На іх завязанае літаральна ўсё: навука, вытворчасць і нават вольны час. Камп'ютарны зрокавы сіндром – стан, які надзвычай распаўсюджаны ў сучасным свеце і на працягу апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца прадметам пільнага вывучэння, – своеасаблівы пабочны эфект паўсюднага прымянення высокіх тэхналогій.
Пры доўгай пастаяннай працы з гаджэтамі камп'ютарны зрокавы сіндром не абмінуць. Пры гэтым ён у стане моцна пагоршыць якасць жыцця і ў цэлым негатыўна адбіцца на здароўі. Адно радуе: гэта не хвароба, якая патрабуе інтэнсіўнага спецыфічнага лячэння. Лепшая тэрапія – не дапусціць развіцця дыскамфортнага стану.
Пра сімптомы і прафілактыку камп'ютарнага зрокавага сіндрому Слушна даведаліся з прамога эфіру з афтальмолагам вышэйшай катэгорыі, дацэнтам кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н. Дзмітрыем Абельскім.
Парадокс у тым, што пакуль вы чытаеце гэты тэкст, дык таксама ставіце пад пэўную небяспеку свае вочы. З іншага боку, чытанне зойме ад сілы тры хвіліны, а карысную інфармацыю атрымаеце на ўсё астатняе жыццё.
Гэта комплексны стан, які абумоўлены ўздзеяннем шматлікіх фактараў. Прасцей кажучы, камп'ютарны зрокавы сіндром не азначае, што праблема ўзнікае толькі пры працы на камп'ютары. Аднолькава шкодзяць вачам любыя сучасныя крыніцы светлавога выпраменьвання: смартфоны, планшэты, лічбавыя рэкламныя білборды, разнастайныя асвятляльныя прыборы, якія працуюць на дыёднай аснове, і г.д.
Камп'ютарны зрокавы сіндром можа праяўляць сябе ў некалькіх варыяцыях:
Колькасць гадзін, праведзеных за камп’ютарам, у розных карыстальнікаў можа вар'іравацца ад адной гадзіны да 12.
Ёсць унікумы, якія цэлымі суткамі знаходзяцца ля манітора альбо з гаджэтам у руках.
Натуральна, вочныя мышцы не могуць вытрымаць такой нагрузкі. Як вынік – страта фокусу.
Аб'екты робяцца размытымі, чалавек адчувае цяжкасць, пераводзячы позірк з блізкага аб'екта на далёкі.
Напрыканцы дня зусім не атрымліваецца сфакусавацца на пэўным прадмеце («навесці рэзкасць»). Гэта так званыя астэнапічныя скаргі, якія, як правіла, могуць быць спалучаныя таксама з балючымі і/альбо дыскамфортнымі адчуваннямі ў вачах, галаўным болем і г.д.
Яшчэ адна праблема для чалавека, які шмат часу праводзіць, гледзячы ў манітор, – гэта нашмат радзейшае мірганне.
Гледзячы ў экран, чалавек у лепшым выпадку міргне 4-5 разоў у хвіліну (пры норме да 20!).
Гэтая праблема прыводзіць да таго, што практычна ўсе людзі, якія працуюць за камп'ютарам ці праводзяць залішне шмат часу ў электронных гаджэтах, пакутуюць ад сіндрому сухога вока.
Яшчэ лепей, калі ў шчыльным працоўным графіку вы знойдзеце час, каб выйсці з-за камп'ютара, прагуляцца на свежым паветры альбо пагуляць у настольны тэніс.
Дарэчы, менавіта гульня ў настольны тэніс дазваляе вачам актыўна адпачыць.
У ідэале – на працягу часу, праведзенага за камп'ютарам ці планшэтам, чаргаваць кароткія перапынкі з больш доўгімі, акцэнтаванымі.
Як паказвае вопыт, для прафілактыкі камп'ютарнага зрокавага сіндрому досыць усяго адной хвіліны адпачынку ў гадзіну. Галоўнае, не адпачываць ад камп'ютара ў… смартфоне.
Дарэчы, той жа спазм акамадацыі можна зняць медыкаментозна – вочнымі кроплямі, пры гэтым калі вярнуцца да звычайных зрокавых нагрузак без прафілактычных перапынкаў на адпачынак, вернецца і спазм.
Акрамя рэгулярных штогадзінных адпачынкаў, пры такой сімптаматыцы, лічыць эксперт, не абысціся без заменнікаў натуральнай слязы (штучнай слязы).
Немагчыма прымусіць сябе міргаць аптымальную колькасць разоў, працуючы за камп'ютарам. Інакш давядзецца ўстанавіць таймер, каб ён кожныя 5 секунд нагадваў пра неабходнасць міргнуць. Так сабе ідэя, ці не праўда? Пры гэтым слізістая вока па-ранейшаму мае патрэбу ў пастаянным увільгатненні і ачышчэнні.
Але перш чым прызначыць сабе прэпараты заменнікаў натуральнай слязы, лепей пракансультавацца з урачом. І не таму, што штучная сляза можа нашкодзіць. А таму, што ёсць нюансы.
Напрыклад, прэпараты, якія дапамогуць чалавеку з лёгкімі праявамі сухасці вока, могуць стацца бескарыснымі для чалавека з выяўленым сіндромам сухога вока. Маюць значэнне таксама паталогіі абмену рэчываў, анамалій будовы вока і многае іншае.
Вывучэннем камп'ютарнага зрокавага сіндрому вучоныя займаюцца дзесьці апошнія гадоў 15. Магчыма, у будучым, улічваючы шырокую распаўсюджанасць гэтага стану, будуць выпрацаваныя адзіныя падыходы і вынайдзеныя спецыфічныя прэпараты для яго карэкцыі.
Пакуль жа адзіным лячэннем застаецца прафілактыка камп'ютарнага зрокавага сіндрому:
Ці ведаеце вы, што набываць молатыя мускатны арэх, каляндру, імбір — усё адно што выкідаць грошы на вецер? Гэтыя спецыі практычна не захоўваюцца ў выглядзе парашку, страчваюць водар і карысныя ўласцівасці за лічаныя дні пасля адкрыцця ўпакоўкі.
Свае сакрэты ёсць практычна ва ўсіх спецый і вострых траў. Вы дакладна не памыліцеся з выбарам, калі будзеце ведаць і памятаць 5 залатых правілаў іх пакупкі і захоўвання.
Гэта могуць быць:
Якасць цэльных вострых траў, у адрозненне ад пакетаваных, можна ацаніць нават візуальна. Наяўнасць цёмных плям, пашкоджанняў, заломаў, перасушанасці альбо, наадварот, загнівання, непрыемны пах або поўная яго адсутнасць — тое, на што варта звяртаць увагу пры набыванні любых цэльных спецый і рэзкіх траў. Напрыклад, свежы корань імбіру роўны, гладкі, злёгку залацістага колеру, без бачных пашкоджанняў, у той час як непрыдатны для ўжывання усыпаны «вочкамі» накшталт бульбяных, шышкаваты, пацямнелы. А пры вырабе молатага імбіру і зусім часта выкарыстоўваюць некандыцыйныя карані, карысці ад якіх — кот наплакаў.
Проста ацаніць і ступень свежасці гваздзіковых палачак, калі купляць іх на вагу. Паколькі асноўная канцэнтрацыя эфірных масел знаходзіцца ў пупышцы, дастаткова крыху прамакнуць суквецце тонкай папяровай сурвэткай. Тлусты след будзе сведчыць на карысьць высокай якасці вострай прыправы.
Здрабняюць цэльныя спецыі пры дапамозе кавамолкі, млынка для спецый або ступкі непасрэдна перад тым, як дадаць у страву. Так прыправы максімальна захоўваюць свае духмяныя і карысныя ўласцівасці. І што важна: захоўваць цэльныя вострыя прыправы можна доўга. Якасць перцу гарошкам, суквеццяў гваздзікі, кмену, каляндры, палачак карыцы і ванілі не пагоршыцца на працягу 4 гадоў.
А вось свежы імбір у халадзільніку праляжыць не больш за 7 дзён. Падоўжыць тэрмін захоўвання каштоўнага кораня можна, высушыўшы яго, замарозіўшы або прыгатаваўшы цукаты. У такім выглядзе імбір варта спажыць на працягу 6 месяцаў.
Каштоўнасць насення маку і кунжуту захоўваецца да 24 месяцаў.
Інакш праз кароткі тэрмін ад водару не застанецца і следу — ён проста выветрыцца. Менавіта таму варта звярнуць асаблівую ўвагу на цэласнасць упакоўкі пры набыцці. Вялікай шкоды ад ужывання прэсных спецый не будзе. Зрэшты, не будзе і карысці.
Захоўваць молатыя прыправы лепш у шкляных, бляшаных, керамічных слоіках са шчыльна закручаным вечкам. Так спецыі лепш захаваюць уласны водар і не ўбяруць староннія пахі.
Запасацца прыправамі не варта. Тэрмін захоўвання ў іх не доўгі. Мускатны арэх, каляндра ў парашку «пражывуць» максімум месяц. Чыстыя (без солі і кансервантаў) мікшыраваныя прыправы а-ля «для свініны», «для курыцы», «для рыбы» прыдатныя на працягу 1 года.
Ад 6 да 12 месяцаў захоўваюць якасныя характарыстыкі молаты перац, папрыка, карыца.
Доўгажыхар сярод парашкападобных прыправаў — куркума. Яе спакойна можна захоўваць 3 гады.
Як бы ні цешыла вока рознакаляровасць рэзкіх траў на стальніцы ў рабочай зоне кухні або на рэйлінгу, больш разумна будзе схаваць іх у кухонную шафу або ў высоўную скрыню, максімальна абмежаваўшы доступ святла. Пад прамымі сонечнымі промнямі спецыі выгараюць, мяняецца не толькі іх колер, але і склад. Пад уздзеяннем святла разбураюцца эфірныя маслы і знікае пах. Некалі духмяная прыправа ператвараецца ў звычайны парашок.
Наадварот, калі гаворка вядзецца пра цыбулю, часнок, карані хрэну, герметычнасць і адсутнасць паветра ім пашкодзяць. Захоўваць іх лепш у сетках у прахалодным сухім месцы з пастаянным прытокам свежага паветра, папярэдне прасушыўшы. Ідэальным месцам у гарадской кватэры будзе балкон.
Некаторыя гаспадыні памылкова мяркуюць, што тэрмін прыдатнасці спецый можна падоўжыць, калі захоўваць іх у халадзільніку. На жаль. На холадзе выдатна пачуваюцца толькі разнавіднасці чырвонага перцу: востры, чылі, папрыка. Пераважная большасць молатых прыпраў не любяць нізкіх тэмператур. Як і высокіх. Таму іх неабходна захоўваць падалей ад пліты і ацяпляльных прыбораў.
Гэта значыць, што браць молатыя прыправы трэба толькі сухімі рукамі або лыжкай. Адназначна давядзецца адмовіцца ад звычкі запраўляць страву, якая гатуецца, насыпаючы спецыі са слоіка прама ў рондаль з варам або на патэльню. Пад уздзеяннем вільгаці, пары, кандэнсату спецыі набракаюць, вільгатнеюць, у іх утвараюцца камякі. Прыправа губляе не толькі эстэтычны выгляд, але і банальна псуецца.
Вільгаць шкодная і для цэльных спецый і прыпраў: яны могуць пагніць.
Аптымальны варыянт — дадаваць іх у стравы, што называецца, проста з градкі. Свежая зеляніна не захоўваецца працяглы час. Максімум некалькі дзён у халадзільніку. І тое пры выкананні шэрагу падрыхтоўчых працэдур. Папярэдне яе неабходна добра вымыць, затым на 5–7 хвілін змясціць у ёмістасць з вадой, каб травы ўвабралі неабходную колькасць вільгаці. Пасля чаго старанна прамакнуць папяровым ручніком і пакласці ў герметычны посуд (пераважна шкляны або пластыкавы). Поліэтыленавыя пакеты не пасуюць для гэтых мэтаў — у іх травы «не дыхаюць» і ад лішку вільгаці хутка згніваюць.
На дзень–два падоўжыць «жыццё» рэзкай травы можна, калі пакласці ў халадзільнік, папярэдне абгарнуўшы сцябліны вільготнай тканінай і загарнуўшы ў харчовую плёнку. Пры гэтым кожны дзень неабходна крыху падразаць расліны і змочваць тканіну свежай вадой.
А вось захаваць зеляніну, проста змясціўшы яе ў халадзільнік у слоіку з вадой, не атрымаецца. Яна актыўна выпарвае вільгаць праз лісце, у той жа час тэмпература вады пры такім спосабе захоўвання для траў некамфортная. Яны звянуць на вачах.
На крайні выпадак зеляніну можна замарозіць ці засушыць — цалкам або здрабніўшы. Без страты карысці і водару ў маразільнай камеры яна можа захоўвацца паўгода, сушаная — да года.
Спецыялісты адзінадушныя: для таго, каб атрымаць максімум карысці ад спецый і прыпраў, трэба ўжываць іх у ежу ва ўсёй разнастайнасці. У гэтым выпадку не абысціся без ведаў, як правільна спалучаць спецыі паміж сабой, калі і ў якія стравы іх варта дадаваць. Найвышэйшым пілатажам лічыцца ўменне самастойна прыгатаваць арыгінальныя, з багатым водарам і карыснымі ўласцівасцямі прыправы. Авалодаць гэтым майстэрствам не складана, і мы раскажам вам, як.
One fine body…