
Санітарны стан Мінска ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзя характарызаваўся глыбокім крызісам камунальнай гаспадаркі, забруджваннем глебы, вады і паветра, а таксама пастаяннымі інфекцыйнымі захворваннямі жыхароў.

У Мінску канца 19 — пачатку 20 стагоддзя адкіды падзялялі на дзве асноўныя катэгорыі, для якіх у дварах выкопвалі спецыяльныя ёмістасці. Па-першае, гэта памыйныя ямы, якія ўладкоўвалі пад драўлянымі прыбіральнямі для збору выпражненняў. Па другое — памыйныя ямы, яны прызначаліся для вадкіх бытавых адкідаў — бруднай вады, рэшткаў ежы. Санітарны стан гэтых аб'ектаў быў незайздросным. З-за шчыльнай забудовы (у раёнах Нямігі і вуліцы Гандлёвай яна даходзіла да 80 % усёй плошчы дзялянак) ямы часта перапаўняліся, і бруд сцякаў на агароды, у суседнія двары і проста на праезную частку. З-за дрэннага стану прыбіральняў, амаль поўнай адсутнасці абсталяваных памыйных ям і вельмі нядбайнага ўтрымання існуючых адбывалася пастаяннае забруджванне рэк (у першую чаргу Свіслачы) і грунтавых вод.
Вадаправод у сучасным разуменні адсутнічаў, а калодзежная вада была моцна забруджаная сцёкамі. Гэта тлумачылася тым, што глыбіня калодзежаў у Мінску была невялікая, і таму піць ваду было небяспечна, па гэтай прычыне гараджане, каб спатоліць смагу, часта аддавалі перавагу піву, якое варылі на прыватных броварах.
У 1891 годзе мінскі санітарны урач П. Грацыянаў адзначаў, што "… па вуліцах горада, дамы якіх забяспечаны вадой, ... шырокімі ручаямі цякуць брудныя воды з кухонных ракавін і ваннаў, накіраваныя прама ў раку". Сюды ж часта сцякалі нечыстоты, утвораныя ад таго, што жыхары злівалі ў двары ваду, дзе мылі бялізну, вымочвалі скуру жывёл. Таксама сюды злівалі ваду з лазняў, пральняў, шпіталяў і фабрык. Пробы вады з ракі Свіслач, якія былі ўзяты ў 1893 годзе ў пяці месцах горада Мінска, паказалі наяўнасць аміяку, кіслот, арганічных рэчываў жывёльнага паходжання. Існавала і кепская звычка: жыхары (асабліва верхніх паверхаў) нярэдка вылівалі памыі з вокнаў непасрэдна ў двор. Гэта прыводзіла да моцнага смуроду, асабліва ўлетку.
Вуліцы Мінска доўгі час у большасці заставаліся небрукаванымі, патаналі ў брудзе восенню і вясной і ў пыле летам. Хаця ў цэнтры на некаторых вуліцах былі драўляныя тратуары і брукаванка на праезнай частцы.

Адсутнічала цэнтралізаваная каналізацыя, а так званыя рынштокі (сцёкавыя канавы) забіваліся смеццем і брудам. Вадкія і цвёрдыя адходы сцякалі ў спецыяльныя памыйныя ямы ў дварах жылых дамоў.
Ачысткай горада займаліся прыватныя асенізатары, іх звалі залатарамі. Чаму залатары? Тэрмін пайшоў ад іранічнай назвы фекаліяў — "начное золата". Па-першае, змесціва ям вывозілі выключна ўначы, каб не бянтэжыць гараджан з'едлівым пахам. Па-другое, паслугі чысцільшчыкаў каштавалі домаўладальнікам нятанна. Уначы па мінскіх вуліцах курсіравалі асенізацыйныя абозы — спецыяльныя драўляныя бочкі, якія цягнулі коні. Залатары ўручную вычэрпвалі бруд з ям, напаўнялі бочкі і вывозілі іх на ўскраіны горада, дзе былі так званыя палі асенізацыі. Часам нядобрасумленныя работнікі парушалі правілы і злівалі змесціва бочак у канавы або прыгарадныя лясы бліжэй да рысы горада. Дарэчы, з залатарамі ў Мінску стараліся не сварыцца і размаўлялі падкрэслена ветліва. Калі домаўладальнік грубіў або спрабаваў аблічыць работніка, залатар мог “выпадкова” перакуліць або разліць бочку наўпрост каля брамы крыўдзіцеля.
Для дажджавых і талых вод існавала асобная адкрытая ці напаўзачыненая сістэма. Вада сцякала па прыдарожных канавах, драўляных або каменных латках наўпрост у раку Свіслач. З-за адсутнасці ачысткі Свіслач у межах горада была моцна забруджаная.
Чаму зацягвалася будаўніцтва каналізацыі? Праекты цэнтралізаванай каналізацыі Мінскай гарадской управай абмяркоўваліся неаднаразова на рубяжы стагоддзяў. Аднак горад увесь час сутыкаўся з недахопам бюджэту, высокімі коштамі на імпартныя матэрыялы (напрыклад, трубы) і складанасцямі рэльефу. Толькі ў канцы 1920-х гадоў у Мінску зрабілі першыя біялагічныя ачышчальныя збудаванні і пачалася пракладка труб, якія нарэшце пазбавілі вуліцы горада ад начных асенізацыйных абозаў.
У дарэвалюцыйным Мінску, асабліва ў перыяд з 1890 па 1913 год, лютавалі маштабныя ўспышкі інфекцый. Афіцыйная статыстыка таго часу зарэгістравала каля 240 тысяч выпадкаў эпідэмічных захворванняў — у сярэднім па 10 тысяч хворых на год. І гэта пры насельніцтве каля 100 тысяч. Галоўнымі прычынамі былі шчыльнасць забудовы пасля пракладкі чыгункі, адсутнасць цэнтралізаванай каналізацыі і выкарыстанне ў побыце забруджанай вады з рэк і студняў.
Па-першае, гэта брушны і сыпны тыф, яго яшчэ падзялялі на "водны" і "брудны" тыфы. Брушны тыф распаўсюджваўся праз недабраякасную пітную ваду, куды траплялі сцёкі з памыйных ям. Сыпны тыф пераносілі вошы, якія пладзіліся ва ўмовах цеснаты і дрэннай гігіены на працоўных ускраінах. Успышкі захворвання былі практычна штогадовымі, а лятальнасць ад брушнога тыфа даходзіла да 11 %. Эпідэмічныя ачагі амаль ніколі не знікалі ў бедных раёнах.

Галоўны спадарожнік антысанітарыі — халера. Сцёкавыя гаспадарчыя і фекальныя воды Мінска сцякалі па рэльефе наўпрост у Свіслач і Нямігу. У гэтых жа рэках жыхары ўскраін пралі бялізну і бралі ваду для бытавых патрэб. Сполахі халеры часам літаральна паралізоўвалі горад. Смяротнасць ад яе ў тыя часы дасягала 50 %. Менавіта страх перад халерай справакаваў пабудову касцёла Святога Роха — святога апекуна перад чумой і халерай, а пазней — паскорыць і запуск першага вадаправода.
Вострыя дзіцячыя інфекцыі — дыфтэрыя, малярыя і шкарлятына — знаходзілі ідэальнае асяроддзе ў перанаселеных і вільготных драўляных дамах без вентыляцыі. Гэтыя хваробы забіралі тысячы жыццяў мінскіх дзяцей менавіта з-за страўнікава-кішачных інфекцый і дрэннай якасці вады. А смяротнасць ад "крывавага паносу" была вельмі высокай, пакуль у 1895 годзе мінскія ўрачы не пачалі паспяхова прымяняць першую супрацьдыфтэрыйную сываратку.
Не варта забывацца і пра натуральную воспу. Прычына яе распаўсюду: нізкі ўзровень вакцынацыі і дрэнны санітарны кантроль. І хоць масавая вакцынацыя ўжо існавала, у Мінскай губерні доўгі час не ставала якаснага прышчэпачнага матэрыялу. Да таго ж, і прышчаплялі патэнцыйных хворых нярэдка неадукаваныя людзі, з-за чаго перыядычна ўспыхвалі зацяжныя эпідэміі.
Інфекцыі распаўсюджваліся нераўнамерна. Галоўныя ачагі заражэння на карце Мінска — нізінныя берагі Свіслачы і Нямігі. Гэта раёны рынкаў, дзе глеба і вада былі максімальна прасякнуты бруднымі сцёкамі. А таксама Камароўка і Залатая Горка. У тыя часы — працоўныя ўскраіны са шчыльнай драўлянай забудовай, амаль поўнай адсутнасцю гігіены і вялікай колькасцю памыйных ямаў.
Барацьбу з гэтымі наваламі вяло створанае ў 1862 годзе Таварыства менскіх дактароў. Менавіта яны першымі пачалі біць трывогу, патрабуючы ад Мінскай гарадской управы закрыць брудныя калодзежы, забараніць зліў бруду ў вадаёмы і пабудаваць паўнавартасную каналізацыю.

Дактары разумелі тое, чаго чыноўнікі доўга не хацелі прызнаваць: эпідэміі — гэта не «божая кара», а вынік халатнасці гарадскіх уладаў і бруду. Яны давялі чынавенству, што сполахі брушнога тыфу і халеры выразна прывязаныя да канкрэтных адрасоў — брудных студняў, жытла беднаты ў нізінах Нямігі і працоўных ускраін — Камароўкі. Супраць лічбаў смяротнасці, якія дактары публікавалі ў прэсе, гарадская ўправа не магла нічога проціпаставіць і вядзяляла грошы на дэзінфекцыю.
Таварыства гадамі патрабавала спыніць практыку выкарыстання рэк горада ў якасці галоўнага водазабору і адначасова адкрытага каналізацыйнага калектара. Дактары дамагліся афіцыйнай забароны на мыццё бялізны ў Свіслачы ў межах горада, бо вышэй па плыні ў ваду траплялі бруд з бальніц і турмы. Яны літаральна прымусілі гарадскія ўлады засыпаць або ўзяць у трубы найбольш смуродныя адкрытыя канавы, куды сцякала кроў са скатабойняў і мыльная вада з прыватных лазняў.
Да з'яўлення вадаправода (1874 год) мінчане пілі ваду з калодзежаў, якія знаходзіліся за пару метраў ад памыйных ям. Дактары за свой кошт і ўласнымі сіламі праводзілі хіміка-бактэрыялагічны аналіз вады з гарадскіх крыніц. Выявіўшы ў вадзе студняў сляды фекаліяў, дактары вывешвалі публічныя папярэджанні і патрабавалі ад паліцыі закалочваць такія студні, нягледзячы на пратэсты домаўладальнікаў.

Доўгі час у Мінску ўвогуле не было структуры, якая адказвала б за чысціню. Таварыства мінскіх дактароў гадамі засыпала губернатара патрабаваннямі стварыць незалежны орган кантролю. У выніку пад іх ціскам у Менску была заснаваная Выканаўчая санітарная камісія. Урачы атрымалі права разам з паліцыяй прымусова заходзіць у двары, правяраць стан памыйных ямаў, штрафаваць нядбайных гаспадароў і кантраляваць якасць прадуктаў на Траецкім і Ніжнім рынках.
Улады неахвотна выдаткоўвалі бюджэт на медыцыну, лічылі, што "насельніцтва само вінавата ў хваробах". У адказ дактары разгарнулі магутную асветніцкую кампанію. Яны чыталі бясплатныя лекцыі пра важнасць кіпячэння вады і мыцця рук. Выдавалі брашуры на зразумелай для простых людзей мове, тлумачылі, чаму нельга выліваць памыі на вуліцу пад свае ж вокны.
Менавіта дзякуючы няспыннаму ціску Таварыства мінскіх дактароў, гарадская ўправа ў канцы 19 стагоддзя была вымушана прызнаць: без цэнтралізаванага вадаправода, без жорсткага кантролю за залатарамі Мінск проста не выжыве. Медыкі літаральна "выбілі" з бюджэту першыя буйныя асігнаванні на гарадскую інфраструктуру.

Кароста ўваходзіць у лік найболей распаўсюджаных паразітарных параз скуры. У старадаўняй Беларусі ажно да пачатку 20 стагоддзя яе лячылі пераважна сродкамі народнай медыцыны — тлушчавымі мазямі на аснове бярозавага дзёгцю, серы, пораху і атрутнай травы, а таксама тэрмічнай апрацоўкай адзення. Гэта таксама знахары і сяляне выкарыстоўвалі замовы і вербальную магію. І не толькі…

Часотка або кароста – гэта заразнае захворванне скуры, выкліканае кароставым кляшчом мікраскапічнага памеру (0,1–0,2 мм), які рухаецца пад скурай з хуткасцю 2–3 мм у дзень. У беларускай традыцыйнай культуры гэтую хваробу яшчэ называлі такімі словамі, як сверб, свербнік, зудзень, струб. Таксама сустракаліся дыялектныя назвы накшталт каросты вадзяной або проста казалі, што чалавека “вошы ядуць” ці “ліханец узяў”.
Сімптомамі каросты з’яўляюцца скураны сверб, асабліва ў вячэрні і начны час, дробны сып. Хвароба перадаецца пры шчыльным скураным кантакце і праз асабістыя рэчы. Кароставы клешч-зудзень прасочваецца ў верхні слой скуры, дзе жыве і адкладае яйкі. На скуры з’яўлXяюцца гнайніковыя струпы, тонкія хады праробленыя кляшчом – асабліва на запясцях, лакцях, жываце.
У мінулыя стагоддзі каросту гістарычна называлі “мужыцкай хваробай” або “хваробай бедных” з-за сацыяльна-эканамічных умоў жыцця сялян. І гэта было звязана не з нейкай біялагічнай схільнасцю, а выключна з побытам і гігіенай тагачаснай вёскі.
Вядома, што ў даўнія часы сяляне не мелі магчымасці рэгулярна мыцца, мяняць або выварваць адзенне і бялізну, што неабходна для знішчэння кароставага кляшча. Да таго ж сялянскія сем’і былі вялікімі і нярэдка жылі ў адной невялікай хаце, часам разам з жывёлай у зімовы час. Кароста ж перадаецца праз прамы скураны кантакт або супольную бялізну, ці агульныя рэчы, таму імгненна заражалася ўся сям’я. А карыстанне аднымі і тымі ж прыладамі працы, адзеннем з “чужога пляча” або начлег упокат на пакосе спрыялі хуткаму распаўсюджванню паразіта.
У адрозненне ад сялян, шляхта і паны мелі доступ да лекаў і сродкаў гігіены, таму хварэлі радзей і вылечваліся хутка.

Здаўна было заўважана, што пры каросце патрэбныя сродкі, якія “выпальваюць” або сушаць скуру. А сучасная навука пацвярджае, што кароставы клешч баіцца серы, кіслаты і дзёгцю. Таму выкарыстоўвалі наступныя метады.
Адным з распаўсюджаных сродкаў змагання з каростай была серная мазь якую шмат дзён запар уціралі ў скуру. Серу бралі з запалак ці куплялі ў крамах. Серны парашок змешвалі з жывёльным маслам або з густым мылам. Серу таксама таўклі са свіным салам. Часам для гэтых мэтаў выкарыстоўвалі звычайны паляўнічы порах.
Бярозавы або хваёвы дзёгаць быў галоўным антысептыкам. Хворыя месцы змазвалі чыстым дзёгцем або змешвалі яго з каровіным маслам ці з нутраным салам – здорам. Рабілі мазь і з бялку курыных яек ці курыных вывяржэнняў, змяшаных з бярозавым дзёгцем. Апроч бярозавага дзёгця хворую скуру таксама змазвалі газай (керасінам) і рознымі ртутнымі мазямі.
Выкарыстоўвалі сумесь бярозавага дзёгця з сінім купарвасам ці шкіпінарам. Нацёрты такімі мазямі павінен быў хадзіць цэлы тыдзень і не змываць лекі. Потым трэба было памыцца і выпіць сумесь серы з вадой. Хворага шмаравалі свіным тлушчам, перамешаным з паляўнічым порахам або з бярозавым дзёгцем ці коранем дзівасілу. Такую працэдуру праводзілі на добра нагрэтай печцы.
Бярозавы дзёгаць
Скурны клешч вельмі кепска пераносіць кіслае асяроддзе. Таму каросту мылі моцным квасам, старым бурачным расолам ці сыроваткай. Дзяцей, хворых на каросту, змазвалі малаком-сырадоем. Ужывалі мазь з сырога кораня конскага шчаўя са свіным тлушчам, авечы тлушч з соллю, воўчы тлушч. Змешвалі парашок з хатніх мух і корань каровінай кісліцы. У малаку варылі вінныя ягады з настоек і прыкладалі да хворых месцаў. Рабілі таксама дрожджавыя кампрэсы з соллю.
Скуру, асабліва калі адчуваўся моцны сверб, абмывалі настоем або адварам з розных лекавых траў (святаянніку, чэмеру, дзівасілу, багуну), часныку, лісця тытуню, шкарлупін грэцкіх арэхаў, кары крушыны. Таксама скуру прысыпалі грэчневай мукой або сухой глінай.
Святаяннік
Важнай часткай лячэння была гарачая лазня. Чалавека добра парылі бярозавымі ці дубовымі венікамі, пасля чаго мазалі самаробнымі мазямі. Адзенне і бялізну хворага абавязкова выварвалі ў крутым кіпені з попелам або выпальвалі ў пячы, каб хвароба не вярнулася.
Беларуская народная медыцына захавала шматлікія тэксты замоў, дзе хваробы скуры часта ўяўляліся як жывыя істоты, якіх трэба супакоіць, выгнаць або перадаць неадухоўленым прадметам. Так, існавала замова ад скураных высыпак і балячак, якую чыталі над вадою, ёй потым абмывалі хворага чалавека, а пасля гэтага ваду трэба было выліць “на сухія лясы, на гнілыя балоты, дзе людзі не ходзяць, дзе жывёла не блукае”.
Калі лічылі, што кароста з’явілася ад сурокаў або ліхога вока, хворае месца сімвалічна выціралі кавалкам шэрай воўны альбо тканіны, на якую нагаворвалі тэкст замовы, а потым спальвалі яе. Вось тэкст адной з такіх замоў:
“Шла баба з запечка, несла каросту ў рэшаце. Рэшата сунулася, кароста мінулася. Ня тут табе, кароста, стаяць, ня тут табе цела раба Божага (імя) вязаць, чырвоную кроў піць, белую косць сушыць. Ідзі ты на мохі, на балоты, на чароты. Там табе піццё і ядзенне, а рабу Божаму (імя) – збаўленне. Тфу, тфу, тфу, прападзі!”
З даўніх часоў і да вынаходніцтва антыбіётыкаў і вакцын ізаляцыя або выгнанне хворых былі адзінымі эфектыўнымі спосабамі спыніць эпідэміі і выратаваць астатніх жыхароў паселішча. Да таго ж, у старажытнасці хваробы часта лічылі божым пакараннем ці праклёнам. Жыхары баяліся, што прысутнасць хворага чалавека навядзе гнеў вышэйшых сіл на ўсю абшчыну.
Такая жорсткая, але вымушаная практыка выгнання з паселішча захавалася ў гісторыі і паданні аднаго урочышча пад назвай Кароставая баба, якое месціцца каля вёскі Сяўкі. Гэта ў Лоеўскім раёне на Гомельшчыне, на самай мяжы з Украінай. Там над глыбокім ярам стаіць старадаўні дубовы крыж, увесь абвіты вышыванымі ручнікамі і даматканымі тканінамі. Уніз вядуць прыступкі з каранёў векавых дрэў. На дне калодзеж. Кажуць, што яго выкапаў манах з Кіева-Пячорскай лаўры, які прыходзіў сюды для пустэльніцкага жыцця. У дупле дуба знаходзіцца абраз Божай Маці, каля якога людзі пастаянна пакідаюць свечкі, кветкі, ручнікі, хустачкі.
Паводле падання, раней у вёсцы жылі рыбакі. У 16 стагоддзі жонка аднаго з рыбакоў захварэла на каросту. Неўзабаве хвароба ўразіла ўсіх жыхароў наваколля. Людзі вырашылі выгнаць рыбачку. Жанчына прыйшла да дуба і там у дупле зрабіла сабе жытло. Штодня яна прамывала раны вадой з калодзежа. Лекары ніяк не маглі справіцца з пошасцю. Рыбакі вырашылі забіць “кароставую бабу”. Але калі спусціліся ў яр, то ўбачылі, што жанчына стаяла на каленях каля дупла і малілася перад абразом Божай Маці. Цела яе было чыстым.

Два каласы – дзве праўдзівыя песні!
Поплеч, як сёстры, ідуць у свет…
Колькі вы радасці людзям прынеслі
Колас жытнёвы і Колас-паэт.
Раман Тармола-Мірскі
З творчасцю Якуба Коласа кожны беларус знаёмы яшчэ з дзяцінства. Яго імя — сімвал нашай літаратуры, сімвал беларускага паэтычнага слова. Успамінаем лёс, творы і цікавыя факты з жыцця творцы.

Сапраўднае імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — класік беларускай літаратуры, вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Заснавальнік беларускай мастацкай прозы, беларускага рамана, аўтарытэтны педагог некалькіх пакаленняў творчай моладзі, вучоны, арганізатар навукі, дзяржаўны і культурны дзеяч.
Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах.
«Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, быў лесніком. Чалавек ён быў невялікай адукацыі: умеў распісацца, чытаць па-польку і па-руску. Маці мая, Ганна Юр’еўна з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына».
Праз год пасля нараджэння маленькага Косці сям'я пераехала ў Ласток. Там сыны паступілі на навучанне да Алеся Фурсевіча, які прывіў ім першапачатковыя навыкі чытання і пісьма.
У 1892 годзе Міцкевіч паступіў у Мікалаеўшчынскую пачатковую школу, дзе для яго адкрыўся свет літаратуры — казак, вершаў і прозы Пушкіна, баек Крылова. У падлеткавыя гады Канстанцін шмат меў зносіны са сваім дзядзькам Антонам, начытаным чалавекам, які моцна паўплываў на кніжныя густы хлопчыка.
Пасля заканчэння школы Канстанцін пасяліўся з бацькамі ў Альбуці, дзе дапамагаў ім весці гаспадарку і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў педагагічную семінарыю. Да 1894 года адносяцца першыя літаратурныя доследы Міцкевіча – верш «Вясна», байка «Лісіца і варона». Бацька заахвочваў яго захапленне і марыў, што сын выб'ецца «ў людзі» і не будзе зарабляць цяжкай фізічнай працай.

У 1898-м юнак стаў навучэнцам Нясвіжскай гімназіі, дзе яму далі месца за дзяржаўны кошт. Падчас вучобы ён чытаў рускіх і айчынных класікаў (напрыклад, менавіта тады ён пазнаёміўся з творчасцю Янкі Лучыны, што зрабіла на яго велізарнае ўражанне), а таксама беражліва збіраў і запісваў мясцовыя казкі, паданні і прыметы. У гэты ж час Міцкевіч спрабуе пісаць прозу на беларускай мове і складаць вершы аб прыродзе («Ручай», «На полі вясною»).
Вядома, што ў гэты час былі створаны паэмы «Страх» і «Каля вогнішча», але, на жаль, іх тэксты не захаваліся. Малады пісьменнік знайшоў падтрымку сярод выкладчыкаў семінарыі. Асабліва меў ласку да яго Ф. Кудрынскі, які бачыў у ім будучага захавальніка беларускай культуры і спадчыны.
У пачатку 20 стагоддзя Кастусь Міхайлавіч, атрымаўшы працу настаўніка ў палескім сяле, пачаў грамадскую працу: даставаў і чытаў нелегальную літаратуру, вёў знаёмствы з рэвалюцыянерамі, праводзіў гутаркі з сялянамі. Удзел у падпольным з'ездзе дзеячаў адукацыі 9 ліпеня 1906 г. паставіў крыж на яго выкладчыцкай дзейнасці — сход разагналі прадстаўнікі ўлады, і Міцкевіча пазбавілі права працы.
Да таго часу створаныя пісьменнікам творы складаліся ў стол. Першая публікацыя адбылася толькі 1 верасня 1906-га – у віленскай газеце «Наша доля», якая друкавалася на беларускай мове, з'явіўся адзін з вершаў, падпісаны «Якуб Колас». У Міцкевіча быў і іншы псеўданім – Дзядзька Карусь, пад якім упершыню выйшаў яго празаічны твор – апавяданне «Слабады», але пазней ён канчаткова зрабіў выбар на карысць першага імя.
У гэты час пісьменнік выходзіць на новы ўзровень: ад простых бытавых жыццяпісаў ён пераходзіць да алегорый і філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. У гэтым жанры напісана яго знакамітая кніга «Казкі жыцця». У 1906-м, нягледзячы на забарону ўладаў, Колас вярнуўся да працы настаўнікам і адкрыў прыватную школу ў сяле Смалярня.
У 1907 годзе ён пераехаў у Вільню, каб заняць прапанаваную яму пасаду загадчыка літаратурнага аддзела ў мясцовай газеце «Наша ніва», але праз некалькі тыдняў быў вымушаны пакінуць горад па патрабаванні паліцыі. Наступную зіму ён правёў у вёсцы Сані, а ў 1908-м яго арыштавалі і прыгаварылі да 3-гадовага турэмнага зняволення за антыграмадскую дзейнасць. Частка абвінавачанняў была ілжывай, але даказаць гэтага пісьменнік не змог.
Усе належныя 3 гады Колас правёў у Мінскім астрозе. Ён бавіў час за напісаннем новых вершаў і аповесцей і перадаваў іх на волю для публікацыі. Менавіта тады ён звярнуўся да буйных літаратурных форм і пачаў працу над паэмамі «Сымон-музыка» і «Новая зямля». У 1910 годзе быў выдадзены першы вялікі зборнік.
Выйшаўшы з турмы, Якуб Колас зноў звярнуўся да выкладання – спачатку працаваў у вёсцы Купяцічы, а потым у Пінскім парафіяльным вучылішчы. У 1912 годзе выйшаў зборнік апавяданняў у Вільні, а ў 1913-м асобныя творы былі выдадзены ў Санкт-Пецярбургу.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Колас адвёз сям'ю ў Маскоўскую губерню і адправіўся на вайсковую службу. У 1917-м ён у званні падпаручніка служыў на Румынскім фронце, аднак пасля цяжкай хваробы яму дазволілі вярнуцца дадому і аднавіць настаўніцкую працу. У вершах беларускага паэта загучалі антываенныя матывы і заклік да аднаўлення разбураных вайной сёл і вёсак.
Пік грамадскай актыўнасці Якуба Коласа прыпаў на 1920-1930 гады. Ён атрымаў званне «Народны паэт Беларускай ССР» і прыжыццёвую пенсію, але неўзабаве трапіў у поле зроку рэпрэсіўных органаў. Рушылі ўслед ператрусы і допыты, абвінавачванні ў прапагандзе кулацтва. Коласа прымусілі публічна каяцца ў «палітычных памылках». Становішча яго стала бязвыхадным: як грамадзянін ён знаходзіўся пад татальным кантролем, як творца — у поўным тупіку. Услаўляць палітыку партыі ён не мог і не ўмеў, але проста адмовіцца гэта рабіць было немагчыма.
Падзеям Вялікай Айчыннай вайны паэт прысвяціў зборнікі «Голас зямлі», паэмы «Адплата» і «Суд у лесе». За гэтыя працы ён атрымаў званне заслужанага дзеяча, пасля чаго вярнуўся ў Мінск.

З будучай жонкай Марыяй пісьменнік пазнаёміўся на настаўніцкіх курсах у Пінску. Яны ўступілі ў шлюб у чэрвені 1913-га і пражылі разам 33 гады.
У асабістым жыцці пара была шчаслівая, і жонка прыклала шмат намаганняў для раскрыцця творчага патэнцыялу мужа. Марыя нарадзіла траіх дзяцей — Міхаіла, Данііла і Юрыя. Колас перажыў каханую жонку, якой не стала ў траўні 1945 года, пасля складанай аперацыі, і да канца жыцця бедаваў аб страце.

У канцы жыцця здароўе пісьменніка моцна аслабла. У апошнія 10 гадоў ён часта хварэў на запаленне лёгкіх, але нават у ложку працягваў працаваць. 13 жніўня 1956 года Якуб Колас памёр проста за працоўным сталом. Чыннік смерці сапраўды не вядомы, хутчэй за ўсё, ізноў абвастрылася лёгачная хвароба. Цела пісьменніка было пахавана ў Мінску, на Вайсковых могілках.
Імя Якуба Коласа носіць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, Цэнтральная навуковая бібліятэка, плошча ў сталіцы Беларусі і больш за дзесятак вуліц у розных гарадах.
Заір Азгур успамінаў: «Перада мной сядзеў чалавек з вусікамі і з эспаньёлкай у такой задумлівай і рамантычнай позе, што мне ён раптам здаўся падобным на аднаго з герояў Аляксандра Дзюма. Не то Партос, не то нехта з іншых змушкецёраў».
2 Зубы вырываў без анэстэзіі
«Учора пайшоў да дантысткі. Сказала, што трэба корань выдаліць. Хацела абязболіць, а я сказаў, што не варта псаваць дзясну — лепш проста вырваць так. Корань вырвала. “Ну, церпялівы народ — беларусы!” — пахваліла дантыстка».
3 Мецэнатства
Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдаткаваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі свой творчы шлях. Так, нікому не вядомаму студэнту Заіру Азгуру Якуб Колас у свой час плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю.
З юнака «выйшаў» сусветна вядомы скульптар. Падтрымаў пісьменнік і сціплую маладую дзяўчынку Ларысу Александроўскую, якая стала потым вядомай опернай спявачкай. На адрас Коласа штодня прыходзілі дзясяткі лістоў з просьбамі з усяго Савецкага Саюза.
4 Загадка прозвішча
У знак пашаны да вялікага продка (сапраўднае імя і прозвішча паэта — Канстанцін Міцкевіч) яго нашчадкі па жаноцкай лініі не бяруць прозвішча мужа, калі ўступаюць у шлюб, а захоўваюць сваё — Міцкевіч.
5 Любоў да мовы
У дзень сваёй смерці Якуб Колас напісаў ліст кіраўніцтву партыі, дзе выказаў сваю занепакоенасць станам беларускай мовы. Прадказаў яе заняпад, калі не будуць прыняты меры. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося ўсяго за некалькі гадзін да таго, як спынілася сэрца пісьменніка.
6 Захапляўся жанчынамі — жонка называла яго «благаняверны»
Паэт пісаў у адным з лістоў да жонкі: «Марусечка, мая родненькая, сярдзітая на свайго «благанявернага» (але ты заўсёды памылялася)»; Святлана. Мая мара, маё самае лепшае, што дае жыццё. Але яна не хіліцца да мяне. А Маруся? Б’е, ніякай літасьці. Божа мой, Божа!»; «Вядома, мае платанічныя захапленні не маглі аставацца незаўважанымі Марыяй Дзмітрыеўнай. Яна гэта цяжка перажывала, але яна ня ведала, што болей дарагога для мяне чалавека, чым яна, не было і няма на свеце, і што я быў верны толькі ёй адной»; «Для мяне жанчына — гэта тое самае, што для набожнага хрысціяніна ікона…»
7 У дзяцінстве верыў у тое, што разумее мову жаўранкаў
«…Мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што спявалі гэтыя птушкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень (…) Я памятаю… дзесь у небе (…) кружылася з песняю жаваранка (…), прыйшла мне ў галаву думка, што жаваранка просіць у Бога пажару. І мне паказалася, што з неба стала падаць штось маленькае цёмнае і ўпала каля маіх ног. Я паглядзеў — на зямлі ляжаў яшчэ не патухлы акурак папяросы…»
8 Не любіў пісаць алоўкам
«…не люблю я пісаць карандашом. Мне ўсё здаецца, што напісанае карандашом не мае ні вартасці, ні цікавасці».
Юрый Піліпавіч [мой сусед з Курасоўшчыны] успамінаў, як ён ды іншыя пасляваенныя мінскія дзеці вучылі вершы Якуба Коласа, прыходзілі да яго ў хату, дэкламавалі, а паэт частаваў іх за гэта цукеркамі, шакаладкамі і яблыкамі.
10 На яго працавалі палонныя немцы
«Вось я ўсё лета клапаціўся, каб зрабіць прыбудоўку і гараж. Зараз гэтыя работы і вядуцца. Нагналі цэлы двор немцаў, а яны робяць як мокрае гарыць. Спалілі палавіну маіх дроў, а работа ідзе марудна».

Паэму «Новая зямля» Якуб Колас пачаў пісаць яшчэ ў 1910 годзе, знаходзячыся ў мінскай турме, дзе адбываў пакаранне за ўдзел у рэвалюцыйнай працы сярод сялянства. У сваёй аснове, паэма «Новая Зямля» — аўтабіяграфічная. Многія героі маюць прататыпы: Міхал — бацька паэта, Ганна — маці, Антон — дзядзька.
У трагічным лёсе галоўнага героя паэмы Міхася аўтар паказвае лёс беззямельных сялян, якія марна спрабавалі вырвацца з-пад прыгнёту памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў. Паэма была скончана і поўнасцю апублікавана ў 1923 годзе. На рускай мове ўпершыню выдадзена ў 1949 годзе.

Дзеянне трылогіі адбываецца на тэрыторыі Палесся, Слуцка і Наднямоння. Паэму «Сымон-музыка» называюць скарбніцай беларускай мовы. Яна напоўнена музыкай слова таленавітага паэта, музыкай, якая ідзе з самых глыбінь беларускай зямлі. Паэма ўваходзіць у залаты фонд беларускай літаратуры. Гэта філасофская і адначасова рамантычная паэма не толькі аб трагічным лёсе мастака, закінутага ў гэты свет, але і аб нялёгкім лёсе беларускага народа, які апынуўся на перакрыжаванні розных культур, розных вераванняў, розных палітычных прыцягненняў.
«На расстанях»

Трылогія абмяркоўвае пытанні класавых адносін у беларускіх вёсках, праблему непісьменнасці сялян таго часу, адносіны паміж людзьмі і інш. Аўтар паказвае рознакаляровую палітыку грамадскага і палітычнага жыцця на фоне жывапісных пейзажаў і прыродных сцэн.
Але прырода выступае ў Коласа не толькі фонам, але і актыўным героем яго рамана. Геній беларускай класікі праводзіць паралелі паміж станам прыроды і станам грамадства.

У Беларусі 2 лістапада — Дзяды. Так Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу называюць у народзе.
У свой час Адам Міцкевіч, апісаў звычаі і традыцыі свята ў сваім эпахальным творы «Дзяды».
Гэтае свята глыбока ўкаранілася ў культуры і духоўнай спадчыне нашай краіны. Праваслаўныя адзначаюць яго ў трэці тыдзень пасля Пакрова, і гэта не проста чарговая дата ў календары — гэта сапраўды святы момант, калі мы ўспамінаем сваіх продкаў.
З кожным годам усё больш беларусаў адчуваюць важнасць гэтага дня. Восеньскія Дзяды — гэта не толькі даніна памяці тым, хто пайшоў ад нас, але і аднаўленне нашай ідэнтычнасці, звязанай са старажытнымі традыцыямі. У народных вераваннях існаваў укараніўшыся рытуал: у гэтыя святыя дні душы тых, хто пайшоў, вяртаюцца ў свае дамы. Чаканні і надзеі на тое, што яны прымуць удзел у памінальнай вячэры, каб дабраславіць сваіх нашчадкаў, надаюць Восеньскім Дзядам асаблівы сэнс і магію.

Падрыхтоўка да свята — гэта заўсёды асаблівы час, поўнае чараўніцтва і глыбокіх традыцый. Беларусы адзначаюць Восеньскiя Дзяды з трапятаннем i павагай, i гэты працэс пачынаецца задоўга да самага свята!
Сем'і па ўсёй краіне пачынаюць са стараннай падрыхтоўкі сваіх дамоў. У кожным кутку наводзяць парадак, бо існуе перакананне, што душы продкаў павінны быць сустрэты ў чысціні і ўтульнасці. А як жа інакш? Для ўсіх нас гэта важна — паказаць сваю павагу і любоў да тых, хто быў з намі некалі. Але гэта толькі пачатак падрыхтоўкі!

Не менш значнай часткай урачыстасці з'яўляецца догляд магілак продкаў. Беларусы клапатліва прыбіраюць апалае лісце, усталёўваюць новыя помнікі і агароджы, упрыгожваюць магілы яркімі кветкамі і зялёнымі хвойнымі галінкамі. У некаторых рэгіёнах нават абнаўляюць фарбу на помніках, дадаючы свежыя элементы дэкору. Гэта — не проста традыцыя, а жывая памяць аб тых, хто сышоў, і даніна павагі іх жыццю.
Не забываемся і пра духоўную падрыхтоўку! Напярэдадні свята, 1 лістапада, мы павінны жыць з чыстым сэрцам і добрымі думкамі, бо Дзень памяці — гэта не толькі святы ўспамін, але і магчымасць зноў звязацца з нашымі каранямі. Увечары сем'і збіраюцца за памінальнай вячэрай, на стале абавязкова павінны быць каша, хлеб, шклянка вады і лыжкі ў колькасці, якая адпавядае колькасці памерлых продкаў. Усё гэта пакідаюць на ноч, каб душы маглі прыйсці і адчуць любоў і клопат сваіх блізкіх.
Восеньскія Дзяды — гэта час, калі мы збіраемся з роднымі і блізкімі, каб дзяліцца гісторыямі пра нашых продкаў, расказваць пра іх жыццё і дасягненні. Гэта нагода ўспомніць аб важнасці нашай культуры і традыцый, якія працягваюць жыць у нашых душах. Кожны з нас робіць свой уклад у захаванне памяці, і гэта злучае нас больш чым словамі.

На Восеньскія Дзяды успамінаюць усіх продкаў незалежна ад іх месца пахавання. Галоўная падзея гэтага дня — вячэра ў памяць памерлых сваякоў (калі вясной, на Радаўніцу, мы ходзім «у госці да сваіх продкаў», то на Восеньскія Дзяды мы запрашаем іх за свой стол, каб пачаставаць і аддзячыць за дапамогу і заступніцтва).
Зімовыя, вясновыя і летнія Дзяды прысвячаюцца памяці нядаўна памерлых продкаў, блізкіх сваякоў, а восеньскія — цэламу роду. Таксама памінаць продкаў можна кожную суботу.
Напярэдадні Восеньскіх Дзядоў прынята прыбіраць хату, выносіць смецце, добранька вымыцца ў лазні, дзе пакідалі вядро чыстай вады і новы венік для душ продкаў. Важна — памыць вокны, бо лічыцца, што менавіта праз іх душы продкаў пападаюць у хату.
Жанчыны гатавалі розныя стравы. Гаспадар дома запальваў свечку, чытаў малітву і запрашаў усіх продкаў на вячэру. Перад трапезай у хаце адчыняліся ўсе дзверы, каб продкі маглі заходзіць і садзіцца за стол. Перад тым як прыступіць да чарговай стравы, частку яе адкладалі на спецыяльную талерку для духаў.

На бацькоўскую суботу накрывалі багаты стол, гатавалі 7, 9, 11 і больш абрадавых страў. Прычым кожная з іх падавалася парна ў цотнай колькасці (напрыклад, калі 7 страў, то на 14 талерках).
Галоўнай умовай было — паспрабаваць усю ежу, якая стаіць на стале.
Абавязкова гатуюць на Дзяды куццю, бліны, клёцкі, яечню, узвар, мяса. Адсюль і прыказкі: «На дзяды шмат яды», «Наеўся, як на дзяды». Па звычаі, частку кожнай стравы сімвалічна адкладаюць у асобны посуд для нябожчыкаў і на ноч са стала не прыбіраюць.

Урачыстая памінальная вячэра доўжыцца доўга, паводзіць сябе трэба стрымана. Пры гэтым трэба ўспамінаць лепшае ў сваіх памерлых сваяках, тыя ўчынкі, якімі можа ганарыцца не адно пакаленне гэтага роду.

Асоба строгіх правілаў, якія трэба выконваць у гэты дзень, у прынцыпе няма. Але ёсць шэраг павер'яў, звязаных менавіта са святочным сталом, якіх лепш прытрымлівацца:

Па тым, што адбываецца ў прыродзе на Восеньскія Дзяды, можна прадказаць надвор'е.
Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў

Апошні месяц восені раней меў старабеларускую назву грудзень (ад слова «груды» ў значэнні «замёрзлая зямля»).
Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў.

«У лістападзе гола ў садзе».
«Лістапад зіме сцежку пракладае».
«Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца».
У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо амаль без лісця, з`яўляюцца туманы. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ.
Дары восеньскага поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі земляробу, і, у першую чаргу, продкаў — «дзядоў».
Багаты стол запрашае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэйшымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелі і піліпаўскіх вячорках.
Назіранні селяніна ў лістападзе накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх ён вызначае будучае надвор`е. Неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з`явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчымы нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор`е наладзіцца.

Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары — дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкаў. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па ўсіх Святых — холад для ўсіх».
Раней у гэты дзень прынята было рэзаць курэй, варыць з кураціны смачны суп з локшынай, а таксама пячы пірагі з мясам птушкі, якія ў народзе празвалі курнікі.
Традыцыйны дзень ушанавання душ продкаў. Звычайна людзі наведвалі могілкі, даглядалі пахаванні, пакідалі на іх пачастунак. Вяртаючыся дадому, заклікалі «дзядоў» сесці за памінальны стол. Абавязкова ставілі так званую Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу.
Ушанаванне Казанскай іконы Божай Маці. За гэтым днём замацаваліся такія народныя назіранні. «Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег. На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. Што Казанская пакажа, тое і зіма скажа».
Якаў дзень. Па народным календары сяляне на дзень Якава правяралі конскую збрую, рабілі са скуры гужы (петлі ў хамуце) – таму гэты дзень меў назву гужнікі.
Нашы продкі лічылі, што надыходзіла пара прасці тканіну, таму дзяўчаты ладзілі вячоркі. Лістападаўскія ночы цёмныя, таму звычайна ў пярэднім куце хаты стаяла запаленая лучына. Пры яе святле падбіралі для вышывання ніткі, расшывалі пацеркамі ўборы.
Па народным календары трэба было паплакаць пра няшчасці і раскаяцца ў сваіх грахах. Лічылася, што менавіта гэта дазваляла сустрэць зіму з чыстымі думкамі. Па назіраннях нашых продкаў, у гэты дзень дождж – і той плача.
«Хітры» дзень. Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: «Да Змітра – дзеўка хітра, а па Змітры – мужчына хітры». На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. Змітроў дзень у старыя часы параўноўвалі ў прыродных прыкметах з Вялікаднем і іншымі святамі. «Змітрок па снегу – і Вялікдзень па снегу, а Змітрок голы – і Вялікдзень таксама».
Часта давалі зарокі – абяцанні, якія тычыліся розных сфер чалавечага жыцця. Нашы продкі верылі, калі ў гэты дзень даць абяцанне і выканаць яго, то ўсё дрэннае застанецца ў мінулым. Невыкананне зароку пагражала стратай добрага меркавання пра сябе. Былі такія прыкметы: калі пойдзе сёння снег, то вясна будзе ранняй; калі раніцай туман, то хутка будзе адліга.
Дзень Параскевы Пятніцы. Па народным календары дзень Параскевы Пятніцы, якая лічылася апякункай прадзіва. У гэты дзень забаранялі прасці, ткаць, а таксама выносіць попел, мужчынам – араць. У вёсках ладзіліся так званыя «ільняныя агледзіны», калі жанчыны і дзеўкі выносілі на паказ атрапаны лён. Маладыя дзяўчаты на Параскеву маліліся аб добрых жаніхах.

У вусных календарах гэты дзень называлі аўчарнік, авечніца. Раней у гэты час у паўднёвых раёнах Беларусі адбывалася апошняя стрыжка авечак. На Настассю-аўчарніцу кармілі па хатах пастухоў за тое, што яны ахоўвалі чараду. Гэты дзень таксама лічыўся ў народзе святам млынароў, таму што замярзалі рэкі і на млынах спынялася праца.
Нашы продкі ў гэты дзень адзначалі свята паляўнічых. Трэба было абавязкова зацкаваць хоць аднаго «імяннога» зайца, інакш будзе няўдача ўвесь год. Лічылася, што «Хто ў гэтыя дні з'есць маленькі кавалачак заячага мяса, будзе прыгажуном».
Кузьма-Дзям'ян (Кузьмінкі). Нашы продкі называлі гэты дзень Кузьмінкамі. Напярэдадні асаблівае стаўленне было да курэй. На ноч птушак накрывалі бочкай, каб яны не аслеплі і каб ім не нашкодзіў дамавік. Да світання наступнага дня трэба было засячы спецыяльна адкормленую да Кузьмінак курыцу, каб раніцай прыгатаваць святочны пачастунак.
Кузьмінкі – свята шаўцоў і кавалёў, свята дзявоцтва, курыныя імяніны. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям'яна, якія змагаліся са змеем. У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы: «Кузьмінкі – пра восень адны памінкі». Абавязкова ў гэты дзень на абед гатавалі курыцу, казалі так: «На Кузьму-Дзям'яна курыцу на стол».
У старыя часы гэты дзень называлі Жытніцы: сяляне аглядалі свіраны, клеці і жытніцы, бо ад іх залежала, ці добра зімой захаваецца ўраджай. Казалі так: «Жытніца поўная – дык і душа вольная».
Раней дзяўчаты лічылі так: калі ў гэты дзень вытчаш кросны, тады і пра жаніха можна будзе падумаць. Але трэба было паставіць ткацкі станок без падказкі маці. 16 лістапада рэкамендавалі па магчымасці пазбягаць людных месцаў, а таксама пераносілі на другі дзень доўгую дарогу і стараліся не сварыцца адзін з адным.
У гэты дзень у старыя часы людзі казалі: «Ярома – сядзі ў хаце», бо лічылі 17 лістапада нешчаслівым. Стараліся нікуды не хадзіць без асаблівай патрэбы і не пачынаць ніякіх спраў. У народзе казалі, што ў гэты дзень усе духі выходзяць на свабоду і спрабуюць пранікнуць у хату, каб узяць вугалю з печы. Таму не давалі нікому агню, нават калі за ім прыходзілі суседзі.
У гэты дзень маладыя дзяўчаты маліліся пра жаніхоў, а таксама варажылі на суджанага. Хлопцы, у сваю чаргу, запрашалі дзяўчат на гулянні, якія часам доўжыліся да самай раніцы. А яшчэ 18 лістапада спяшаліся нарыхтаваць на зіму чорную рэдзьку, бо яе выкарыстоўвалі пры лячэнні прастудных захворванняў.
Звычайна ў гэты перыяд на шматлікіх рэчках з'яўляўся лёд, злучаліся берагі.

Нашы продкі ў гэты дзень прыкормлівалі каля сваіх хат зімовых птушак. Сяляне пачыналі хадзіць на зімовую рыбалку, бо лёд на рэках і азёрах да гэтага часу станавіўся ўжо трывалым.
У гэты дзень стараліся не працаваць: «Міхала мы святкуем, каб гром не біў нас». Міхалаў дзень называлі апошнім святам году, бо набліжаўся калядны пост (ад 28 лістапада да 6 студзеня). У асаблівай пашане былі людзі старэйшага пакалення: 21 лістапада ўнукі павінны былі абавязкова адведаць сваіх бабуль і дзядуль.
Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня зіма ўстае на ногі. У гэты дзень быў звычай рабіць травяныя настоі: запарвалі ў печы лісце брусніц, крапівы, корань лопуху і злівалі гэта ўсё ў кадку.
Звычайна нашы продкі ў гэты дзень дапамагалі бедным. Казалі так: «Ад мяне – дабро, ад вас – цяпло»
Сяляне збіраліся ў далёкую дарогу і адпраўляліся на кірмашы, каб прадаць свой тавар. Нашы продкі лічылі, што з гэтага дня сцюжа, што ні дзень, то горш.
На Палессі ў гэты дзень стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, падараваць што-небудзь.
Нашы продкі прыкмецілі, што ў гэты дзень звычайна раней бывала вельмі халодна. Таксама яны абавязкова правяралі, ці раптам не засталося што ляжаць у полі ці на агародзе, бо ад гэтага часу зямля павінна была ад усяго адпачываць.
У старыя часы людзі лічылі, што ад гэтага дня пачынаюцца сапраўдныя халады. Усе апраналіся цяплей, таму, напрыклад, была такая прымаўка: «Піліп дзяцей апранае». У гэты дзень прынята было выносіць у двор закуску дамавіку, каб вадзілася скаціна. Жанчыны заканчвалі апрацоўку ільну, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак.
Ад гэтага дня пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самага Раства. З гэтага часу, калі, паводле народнага выказвання, «дзень толькі да поўдня», а потым ужо цямнее, пачыналіся вячоркі і попрадкі, на якіх дзяўчаты пралі і спявалі. Наколькі плённай была работа, настолькі ж плённы быў затым і наступны этап — ткацтва: «Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш».
У гэты дзень надвор'е звычайна яшчэ вельмі нявызначанае, восень ніяк не саступае зіме, здараюцца адлігі, і гэта перададзена ў каляндарнай прыкмеце: «На Мацея дарога (зіма) пацее».
Нашы продкі ў гэты дзень сустракалі халодны паўночны вецер. Лічылася, што ад яго залежаць і зімовыя дарогі, і завеі, і ўся зімовая здабыча. Звычайна ўначы выпадаў снег, на якім стараліся абавязкова пакачацца — адкаціцца ад апошняга восеньскага месяца да зімовага надвор'я, да моцнага жыцця.
One fine body…