05.02.2021
05.02.2021

5 правілаў для мозгу, альбо Наперад, эрудыты!

logo
Думкі ўслых
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па сутнасці, кожны з нас эрудыт. Толькі ў большай ці меншай ступені. Вы са мной згодныя?! 🙂 А гэта значыць, што сёння ў нас свята – Дзень эрудыта. І ён жа з’яўляецца своеасаблівым напамінам, што час пачаць трэніраваць мозг, калі вы яшчэ не робіце гэтага рэгулярна. Так-так, зарадка патрэбная не толькі нашаму целу, але і мозгу. Па тых жа прычынах – для здароўя і добрага самаадчування. Прычым у любым узросце.

Трэніруем мозг. Фізічная актыўнасць.

Тыя, хто адлюстроўвае мозг са штангай у руках, маюць рацыю! Бо фізічныя практыкаванні наўпрост аказваюць уплыў і на нашу разумовую дзейнасць. Рух – гэта не толькі жыццё, а яшчэ і нармальнае кровазабеспячэнне мозгу. Таму аматары пасядзець і паляжаць на канапе перад тэлевізарам, ды яшчэ рэгулярна закусваючы фастфудам, часцяком маюць не дужа добрыя памяць і ўвагу.

Вось паспрабуйце, разлёгшыся на канапе, выпіўшы піва і закусіўшы яго чыпсамі, вывучыць затым: «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…» І паглядзіце, колькі часу вам на гэта спатрэбіцца… А паспрабуйце прыгадаць тыя ж радкі, вывучаныя яшчэ ў школе, падчас прабежкі. Думаю, хтосьці нават цэлы верш працытуе! 🙂

А мозг наш вельмі любіць кісларод! Так што не забываемся на разнастайную фізічную актыўнасць у любую пару года! Прагулкі, прабежкі, шпацыраванне, скандынаўская хада… Лыжы, канькі, сноўборд… Выбар багаты! Галоўнае – не заседжвацца. Нават калі ваша праца – толькі за камп’ютарам альбо ноўтам. А рэгулярныя перапынкі навошта?! Не для таго, каб з’есці чарговы гамбургер… 🙂

Трэніруем мозг. Фізічная актыўнасць у офісе.

Чым яшчэ мы можам парадаваць і падтрымаць свой мозг, каб памяць нас не падводзіла, калі мы меней за ўсё гэтага чакаем? Вядома ж, сном. Моцным і здаровым. Не кароткім і не доўгім. Нармалёвым. У сярэднім, васьмігадзінным.

Так што як жаўрукам і совам, так і дзятлам ды іншым птушкам (жарт!) трэба задумацца, калі лепей класціся спаць, каб падымацца ў тэрмін без праблемаў. І каб час заставаўся хаця б на лёгкую ранішнюю гімнастыку. І на прачытанне якога верша на памяць… 🙂

Бо наш мозг вельмі любіць, калі мы вучымся. Прыгадваем ангельскую мову ў межах школьнай праграмы ці вывучаем на прафесійным узроўні. А калі вы не валодаеце беларускай мовай, дык і такія трэніроўкі таксама ўхваляюцца. Як і разгадванне красордаў, сканвордаў…

Трэніруем мозг. Разгадваем сканворды.

Мая мілая мамачка вельмі шмат вершаў ведала на памяць і рэгулярна вучыла яшчэ. Любое віншаванне ў яе заўсёды суправаджалася чытаннем вершаваных радкоў. Вельмі любіла разгадваць красворды і радавалася, калі я купляла для яе аб’ёмныя зборнікі… Яе яснасці розуму, аб’ёму ведаў маглі б пазайздросціць і маладыя…

Вы яшчэ не лічыце сябе эрудытам?! Тады тэрмінова бярыцеся за набыццё новых ведаў! Між іншым, вельмі карысна паўдзельнічаць у якіх-небудзь інтэлектуальных гульнях. Ці хаця б папрысутнічаць на іх. Во дзе сапраўды мозг працуе!

Напрыклад, у нас у Чэрвені ўжо больш за 20 гадоў запар у лютым традыцыйна ладзіцца дзіцячы міжрэгіянальны напачатку, а цяпер ужо і міжнародны (!) фестываль інтэлектуальных гульняў «Ігуменская завея». Там збіраюцца сотні эрудытаў! Вось чыім памяці ды мозгу можна толькі па-добраму пазайздросціць…

Трэніруем мозг. «Ігуменская завея» ў Чэрвені.

Вучоныя і даследчыкі для падтрымання мозгу ў належным стане ў любым узросце раяць выконваць 5 нескладаных правілаў.

  1. Асвойванне новай справы, захаплення. Не ўмееце гуляць у шахматы? Навучыцеся! Гэтая гульня выдатна развівае розум і логіку. Гуляйце ў шахматы рэгулярна. Можна віртуальна – у сеціве. Але як для некаторых электронныя кнігі ніколі не заменяць папяровыя, так і магчымасць трымаць у руках фігуры і глядзець на рэальную шахматную дошку не заменяць віртуальныя шахматы. Зрэшты, для трэніроўкі мозгу падыходзіць усё!
  2. Актыўнасць і стасункі. Але ўлічваючы сітуацыю з пандэміяй каранавіруса… Больш бяспечна сапраўды замяніць іх на віртуальныя. Асвоілі вайбер? Вяртаемся ў скайп. Рэгіструемся ў зуме. Магчымасцяў – мора! Галоўнае – стасавацца! Каб не даць мозгу скукожыцца ад суму ў адзіноце…
  3. Здаровая дыета. Сочым за ўласным харчаваннем, падкормліваем мозг гароднінай, садавіной, арэшкамі… І на рыбу з яе амегай-3 таксама не забываемся…
  4. Здаровы лад жыцця ў выглядзе фізічнай актыўнасці. Адмовіцца ад транспарта там, дзе гэта магчыма. Хадзіць па лесвіцы ўверх-уніз. Рабіць штодзённы шпацыр, праходзячы па некалькі кіламетраў. Падыдзе ўсё!
  5. Стрэс, стоп! Уважліва сочым за ўласным узроўнем трывожнасці, своечасова зніжаем яго рознымі спосабамі. І проста не заганяемся з любой прычыны! Хаця, вядома ж, прасцей параіць зрабіць гэта. Але калі даходзіць да справы… Ну, хаця б стараемся.

Трэніруем мозг. Змагаемся са стрэсам.

… Трэніруючы памяць сёння, прыгадваем, што ў народным календары 5 лютага – Агапій-паўхлебнік. Дзень са сваімі цікавымі традыцыямі. Лепей ужо, мабыць, і не напішу, чым напісала. Таму падрабязнасці чытаем тут.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".