Без гучных слоў, без выхвалення, але – урачыста і святочна… З Міжнародным днём роднай мовы, шаноўныя сябры!
21 лютага – цудоўная нагода, каб пастасавацца па-беларуску альбо прамовіць хаця б пару сказаў, што памятаюцца яшчэ са школы… Ці прыгадаць свой самы першы беларускамоўны клас. У якім вучыліся альбо які вучылі.
А мне хочацца сёння прыгадаць найперш верш… Не, не пра мову – на мове! Які падчас нашых цяперашніх зацяжных дажджоў я даволі часта цытую альбо ўвогуле дэкламую цалкам. Бо калісьці ён так лёг на душу, што радкі запомніліся самі.
Вось так на роднай мове мой знаёмы пісьменнік-зямляк, сябра пісьменніцкага саюза Генадзь Аўласенка з Чэрвеня лёгка і нязмушана здолеў распавесці пра каханне. І калі ж яго яшчэ дэкламаваць, як не ў ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ?!
Сыпле з раніцы дождж...
Сыпле з раніцы дождж,
Ды й даволі густы.
Па тэорыі подласці,
добра вядомай.
Я чакаю цябе.
Я чакаю, а ты
З-за дажджу
засталася, напэўнае, дома!
Я чакаю цябе...
Толькі,
колькі ж чакаць?!
(Парасон, як знарок,
я забыўся таксама!)
Трэба некуды й мне...
Ды куды ж уцякаць?
Можа ў краму?
Ды, пэўна ж, зачынена крама!
Ну, вядома, зачынена,
Вось і замок
На мяне пазірае
паблажліва-сонна.
Я ж ужо
да апошняе ніткі прамок!
(Гэта ж трэба – ізноўку
не ўзяць парасона!)
А цікава мне ўсё ж –
захварэю ці не?
(Па тэорыі подласці –
дык без сумнення!)
Раптам бачу – праз дождж
Ты ідзеш да мяне!
- Вось і я! Выбачай!
Не крыўдуй за спазненне!
Зачакаўся? Прамок?
- Ды з чаго прамакаць!
Ды хіба ж гэта дождж!
Гэта ж нейкая дробязь!
А чакаць...
Гэта ж вельмі прыемна – чакаць!
І кахаць!
І чаго для каханай не зробіш!
Вось ужо 28-ы год я карыстаюся беларускай мовай у штодзённым ужытку. Але і да гэтага часу ўсё роўна атрымліваю шмат пытанняў: як? чаму? навошта? І непрыемныя сітуацыі таксама здараюцца. Але і тых, з кім можна хаця б у сацыяльных сетках пастасавацца па-беларуску, відавочна большае. І гэта вельмі прыемна.
Я ўжо не кажу пра тое, колькі гадоў маю магчымасць займацца любімай журналісцкай працай менавіта на роднай мове. І калі цябе з дапамогай усюдыіснага сеціва чытаюць у Расіі і на Украіне… Калі ўкраінскія сваякі кажуць: «А нам практычна не трэба пераклад – і так усё зразумела…» Гэта прыемна ўдвая!
Вядома ж, нікога не агітую і не пераўпэўніваю. Кожны мае права мець сваю родную мову. Проста трэба дазваляць гэта іншым – размаўляць на СВАЁЙ мове ў сваёй краіне…
За столькі гадоў у Міжнародны дзень роднай мовы ўжо распавядала і пра тое, і пра гэта. А калі сёлета абдумвала, пра што ж яшчэ можна згадаць, мая каляжанка Ганна якраз даслала мне відэа. Магчыма, вы яго таксама бачылі – гуляе па сеціве. Апытанка па-беларуску для студэнтаў-медыкаў (прывітанне табе, Антось! Пазнала знаёмага журналіста!).
Каментаваць не буду. Высновы няхай робіць кожны сам. Асабіста для мяне – было б смешна, каб не было так сумна… Затое ідэю пераняла. Спадзяюся, калегі – аўтары відэа – не пакрыўдзяцца?! Пару слоўцаў таксама «ўцягнула». 🙂
Тэст
Такім чынам, сябры, для вас – невялікая апытанка-тэст да Міжнароднага дня роднай мовы. Праверце сябе!
За кожны правільны адказ налічваем 1 бал, за няправільны – 0 балаў. Па-а-а-аехалі! 🙂
1. Туберкулёз па-іншаму называецца:
а) пранцы
б) эпісклерыт
в) сухоты
2. Пякотка – гэта па-руску:
а) ожог
б) изжога
в) язва
3. Піць гарбату з цытрынай – значыць:
а) каву з апельсінам
б) глінтвейн з мандарынам
в) чай з лімонам
4. Спадчынная хвароба беларускага паэта Максіма Багдановіча:
а) сардэчная недастатковасць
б) сухоты
в) гепатыт
5. «Захварэць на…» па-руску гучыць:
а) заболеть из-за чего-нибудь
б) заразиться от кого-то
в) заболеть чем-то
6. Беларуская пісьменніца Зоська Верас склала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі… слоўнік» (падстаўляем замест шматкроп’я прапушчанае слова):
а) філалагічны
б) медыцынскі
в) батанічны
7. Паражніна – гэта:
а) поласць
б) вена
в) пнеўманія
А цяпер знаёмімся з правільнымі адказамі і вынікамі.
Правільныя адказы:
- в) сухоты
- б) изжога
- в) чай з лімонам
- б) сухоты
- в) заболеть чем-то
- в) батанічны
- а) поласць
Вынікі:
6-7 балаў. Вы можаце смела размаўляць у паліклініках ды іншых медыцынскіх установах па-беларуску! Узровень дазваляе. 🙂
3-5 балаў. Перад тым, як садзіцца-класціся ў крэсла да беларускамоўнага стаматолага, пацікаўцеся, а што ён мае на ўвазе, кажучы пра абцугі?! 🙂
1-2 балы. Лепей не згадваць на прыёме ва ўрача, ці ёсць падазрэнне на сухоты… 🙁
0 балаў. Не засмучайцеся! У медыцынскіх установах рэдка сустрэнеш беларускамоўнага медыка (хаця, вядома ж, на жаль).
І бонусам (усміхніцеся) – загадка ад маёй бабулі Ксеніі (светлая ёй памяць!), якая родам са Смаленшчыны, з беларускай яе часткі: «Ляцеў літар, сеў на калітар. Пытаецца ў кохтаркі:
– Дзе твае пыхтаркі?
– Мае пыхтаркі – стрык гарадзец».
А разгадка такая:
«Ляцеў каршун, сеў на брамку. Пытаецца ў курыцы:
– Дзе твае кураняты?
– Мае кураняты – у крапіве!» 🙂
Маеце штосьці сваё – цікавае, адметнае, беларускае, ды яшчэ звязанае з медыцынай?! То дасылайце! І дзяліцеся вынікамі, якія атрымалі, прайшоўшы апытанку!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by