Свята «Александрыя збірае сяброў» у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці сёлета пройдзе 11-12 ліпеня. Святкаванне традыцыйна адбудзецца на беразе Дняпра. Як і штогод, гасцей свята чакае вялікая забаўляльная праграма, тэматычныя пляцоўкі, канцэрты і дыскатэкі, конкурсы, выступленні творчых калектываў, народных тэатраў, майстроў мастацтваў з усіх рэгіёнаў Беларусі і іншых краінаў.
Мы даведаліся, як святкаванне пройдзе сёлета і што падрыхтавалі для гледачоў арганізатары мерапрыемства. Па словах намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерыя Малашкі, падчас святкавання будуць захаваныя ўсе меры засцярогі.
Александрыйскі кірмаш і калідор эпох
Свята «Александрыя збірае сяброў» сёлета пройдзе ўжо ў 11-ы раз. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, гасцей чакае шмат цікавых і па-свойму ўнікальных творчых рашэнняў, а таксама сюрпрызаў. Асноўнай тэмай свята стане працяг Года малой радзімы. Чырвонай ніткай праз усе мерапрыемствы свята, падкрэсліў Валерый Малашка, будуць праходзіць ідэі Купалля і народнага касцюма.
Ужо ў другі раз разгорнецца выстава прадукцыі ААТ «Мінскі трактарны завод» пад назвай «Зроблена ў Беларусi». Як адзначыў Валерый Малашка, на экспазіцыі можна будзе не толькі паглядзець на тэхніку, але і задаць пытанні, якія вас цікавяць, спецыялістам завода.
Адчыніць свае дзверы «Александрыйскі кірмаш» – святочная выстава-кірмаш, падчас якой будуць працаваць экспазіцыйна-тэматычныя купальскія падворкі. Парадуе гасцей свята і «Александрыйская гасцiна» з вуліцамі «Спажывецкая» ды «Гандлёвая» – з гандлёвымі радамі і летнімі кавярнямі.
На выставачнай пляцоўцы «Свята кнiгi» будуць прэзентаваныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў верасні ў Бялынічах.
Маленькім гасцям свята, безумоўна, спадабаецца актыўнасць «Лёва з Магілёва» і магчымасць паласавацца салодкай прадукцыяй (марожаным, глазураванымі сыркамі і салодкімі дэсертамі), а таксама наведаць дзіцячую дыскатэку «Святочны дэнс» з удзелам дзіцячых творчых калектываў Магілёўшчыны, удзельнікаў тэлешоу «Голас. Дзеці» з Магілёўскай вобласці, аніматараў і клоунаў. «Свята цырка» парадуе яркімі эстрадна-цыркавымі нумарамі і шоу розных цыркавых жанраў.
Цікавай і пазнавальнай будзе маладзёжная пляцоўка з выставачнай экспазіцыяй «Калідор эпох». Для яе наведвальнікаў будзе прадстаўленая ўнікальная магчымасць пабываць у 19, 20 і 21 стагоддзях. Тыя, хто вырашыцца на «вандраванне» ў часе, убачаць сялянскую хату і двор, паназіраюць за працай каваля, ганчара, сталяра, даведаюцца, як плесці кошыкі. Самыя актыўныя змогуць паспрабаваць распілаваць бервяно, вырабіць масла, паўдзельнічаць у ткацкіх і ганчарных работах.
Затым госці перамесцяцца ў кватэру савецкага перыяду (экспазіцыя канца 20 стагоддзя). Дарэчы, тут можна будзе ўспомніць калісьці любімыя многімі забавы – паскакаць праз рызінку і пагуляць у класікі. Экспазіцыя 21 стагоддзя парадуе прэзентацыяй сістэмы «разумны дом», дэманстрацыяй апошніх навуковых і селекцыйных дасягненняў, захапляльным мерапрыемствам «Займальная фізіка».
Акрамя гэтага, на свяце адбудзецца паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Беллегпрам».
Арыгінальная канцэпцыя гала-канцэрта
Безумоўна, галоўным нумарам свята стане гала-канцэрт «Мая Александрыя» і феерверк. Як распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга, разгорнецца галоўнае дзейства на Аляксандраўскім лузе.
У творчых эпізодах будзе паказанае дзяцінства героя, юнацтва, служба ў войску, перыяд станаўлення як асобы, прафесіянала, сямейныя ўзаемаадносіны. Падчас канцэрту прагучаць многія вядомыя хіты ў новых аранжыроўках. Фінальным акордам стане спецыяльна напісаная з гэтай нагоды песня «Мая Александрыя».
Удзел у музычным свяце возьмуць артысты розных пакаленняў. Сярод іх – народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Уладзімір Громаў, Станіслаў Трыфанаў, Алена Спірыдовіч, зоркі эстрады Іна Афанасьева, Алёна Ланская, спевакі Саша Нэма, Аляксандр Саванец, Яўген Курчыч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Аверкаў, дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, ансамбль «Сябры», ВІА «Беларускія песняры», групы «Чысты голас», «Правакацыя», «Статус», «Аўра», мужчынскі хор «Усіхсвяцкі», народная артыстка Украіны Ірына Білык, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Дзяніс Майданаў і іншыя. Свае творчыя нумары падораць калектывы і выканаўцы Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
Як адзначыла Ірына Дрыга, вядучым канцэрта будзе народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін.
Як дабрацца
Валерый Малашка адзначыў, што ўсе дэталі транспартнай даступнасці свята ўжо прапрацаваныя. Расклад руху цягнікоў Магілёўскай чыгункі будзе перасякацца з асноўнымі падзеямі фестывалю. Дамоўленасць ёсць і з аўтапаркамі: даехаць да Александрыі можна будзе з Мінска, Магілёва і Оршы. Варыянты ад'езду таксама скарэктаваныя з праграмай мерапрыемстваў.
Акрамя гэтага, сёлета будзе прадастаўленая магчымасць для размяшчэння ўладальнікам дамоў на колах, а таксама індывідуальным турыстам, для якіх будзе арганізаваны палатачны гарадок.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by