Дзіця прачынаецца сярод ночы з вачыма, поўнымі слёз: «Ножкі баляць!» Бацькі ў разгубленасці і паніцы, бо напярэдадні ўсё было ў парадку. У галаве мільён і адно пытанне: што рабіць, як дапамагчы, да каго звяртацца? Галоўнае ў такой сітуацыі – захоўваць спакой. Магчыма, дзіцяці балюча, бо ён... расце.
Што такое роставы боль і як дапамагчы малышу з ім справіцца, журналісту Слушна распавёў дзіцячы хірург, траўматолаг-артапед 5-й дзіцячай гарадской паліклінікі г.Мінска Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі.
Роставы боль: што, дзе, калі?
Паводле неафіцыйнай статыстыкі, скаргі на боль росту ўзнікаюць у кожнага другога дзіцяці ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў.
Як правіла, дзіця скардзіцца на хваравітасць у мышцах сцёгнаў і галёнкі, рэдка – у руках.
Характэрная асаблівасць роставага болю ў тым, што ён нагадвае пра сябе менавіта ўвечары і ўночы, хаця мышцы знаходзяцца ў напрузе і падвяргаюцца нагрузкам на працягу ўсяго дня. Эксперт тлумачыць гэта рознасцю актыўнасці мазгавых цэнтраў.
Як дапамагчы?
Боль росту даволі інтэнсіўны, і параўнаць яго па адчуваннях можна з моцным ударам. Але сам па сабе ён не страшны і не прыводзіць ні да якіх непрыемных наступстваў, калі не лічыць перапуджанага дзіцяці, які прачынаецца сярод ночы, бо ў яго нешта баліць. Але ў такой сітуацыі, пагадзіцеся, і даросламу зрабілася б не па сабе.
Нягледзячы на гэта, хваравітасць у канечнасцях праходзіць даволі хутка. Але граматная дапамога і ўдзел бацькоў зусім не пашкодзяць.
- Перш за ўсё трэба супакоіць дзіця. Раскажыце яму, што нічога страшнага не адбываецца, ён проста расце.
- Лёгкі масаж, пагладжванне ножак нармалізуюць кровазварот і дапамогуць хваравітым адчуванням адступіць.
- Калі дзіця вельмі адчувальнае, эмацыянальна лабільнае альбо скардзіцца на моцны боль, дапаможа доза ібупрафену. Але ў большасці выпадкаў масажу і спакойнай мамы побач цалкам дастаткова, каб суняць боль росту.
Як адрозніць боль росту ад паталогіі?
Тым не менш, любыя скаргі дзіцяці на самаадчуванне – нагода для бацькоў праявіць насцярожанасць, падкрэслівае эксперт. Часам пад боль росту могуць маскіравацца даволі сур'ёзныя паталогіі, напрыклад, артрыты. У сілу ўзросту дзіця не ў стане выразна апісаць характар, інтэнсіўнасць і лакалізацыю болевых адчуванняў – мышачны гэта боль або ламота ў суставах.
Таму варта звярнуць увагу на наступныя фактары:
- дзіця скардзіцца на боль у нагах не толькі ўвечары/ўночы, але і ўдзень;
- заспакаяльны масаж не прыносіць палягчэння;
- болесуцішальны прэпарат не дае эфекту;
- з'яўляюцца прыпухласць, пачырваненне, ацёкі;
- узнімаецца тэмпература.
Калі назіраецца хаця б адзін з гэтых сімптомаў, Сяргей Емяльянаў-Янкоўскі настойліва рэкамендуе наведаць педыятра і як мінімум здаць агульны і біяхімічны аналіз крыві. Пры неабходнасці, каб выключыць сур'ёзныя паталогіі, урач прызначыць дадатковыя абследаванні.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by