04.12.2019
04.12.2019

Будзь у тэме. Прайдзі тэст. Абараніся ад #ВІЧ

logo
Навiны
0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Бясплатна прайсці экспрэс-тэст на ВІЧ можна падчас рэспубліканскай прафілактычнай акцыі «З прыцэлам на здароўе: 90-90-90. Будзь у тэме. Прайдзі тэст. Абараніся ад #ВІЧ». Яна праходзіць з 20 лістапада па 10 снежня на беларускіх прадпрыемствах і ў грамадскіх месцах.

Будзь у тэме. Прайдзі тэст. Абараніся ад #ВІЧ»

З самай раніцы 3-га снежня экспрэс-лабараторыя на колах адправілася на ААТ «Інтэграл». У складзе мабільнай брыгады спецыялістаў – эпідэміёлагі і псіхолаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтаральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Разам з арганізатарамі ініцыятывы прадпрыемства наведалі і журналісты Слушна.

Падчас правядзення акцыі ўсе жадаючыя, а іх было больш за 80 чалавек, змаглі прайсці экспрэс-тэст на ВІЧ па сліне, атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, а таксама кансультацыі экспертаў РЦГЭіГЗ.

Будзь у тэме. Прайдзі тэст. Абараніся ад #ВІЧ»

Большасць сярод тых, хто ў гэты дзень вырашыў высветліць свой ВІЧ-статус, – маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Зрэшты, бліжэй да абедзеннага часу пачалі падыходзіць і іх старэйшыя калегі. Дарэчы, многія з тых, хто прыйшоў на акцыю, прызнаваліся, што праходзяць падобны тэст на ВІЧ упершыню.

Як падкрэсліў у гутарцы з журналістам партала эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтаральных вірусных гепатытаў РЦГЭіГЗ Павел Юроўскі, экспрэс-тэст, які вызначае ВІЧ-статус па сліне, цалкам даступны: яго можна набыць у аптэцы. Час, праз які робіцца вядомым вынік, – 15 хвілін. На пытанне, якая хібнасць тэсту, спецыяліст адзначыў, што яго адчувальнасць складае 99,61%, а спецыфічнасць – 100%. Прасцей кажучы, з 1 тысячы пробаў толькі ў 4-х верагодны памылкова станоўчы вынік.

Праверыць свае веды па праблеме ВІЧ/СНІД і атрымаць невялікія прэзенты можна было, адказаўшы на пытанні віктарыны. Практычна ўсе з тых, хто адважыўся ўзяць удзел у імправізаванай гульні, дэманстравалі добрую дасведчанасць па праблеме ВІЧ/СНІД. Разам з тым, некаторыя не змаглі правільна адказаць на пытанні, якія тычацца так званага перыяду акна захворвання і шляхоў перадачы ВІЧ. У прыватнасці, цяжкасці выклікалі такія варыянты адказаў, як: ці перадаецца ВІЧ праз пацалунак і ўкусы насякомых.

Дарэчы, вы можаце праверыць свае веды па праблеме ВІЧ/СНІД самі, адказаўшы на некаторыя пытанні віктарыны:

  1. Што такое перыяд акна?
  2. Што такое ВІЧ?
  3. Што такое СНІД?
  4. Якія вядомыя шляхі перадачы ВІЧ?
  5. Ці існуе лячэнне або вакцына ад ВІЧ?
  6. Якое сцвярджэнне дакладнае: ВІЧ перадаецца
  • праз поціск рукі;
  • ад маці да дзіцяці (пры цяжарнасці, родах, кармленні);
  • праз пацалункі;
  • пры палавым акце;
  • праз прадметы ўжытку;
  • праз укусы насякомых;
  • пры ўнутрывенным увядзенні наркотыкаў.

ААТ «Інтэграл» – не адзінае прадпрыемства, дзе пабывала мабільная лабараторыя. Завіталі ўжо ў ААТ «Кандытарская фабрыка «Слодыч», ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», Камароўскі рынак, ААТ«Крыніца», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», ШАТЭ-М Плюс і іншыя. Наперадзе – яшчэ шэраг прадпрыемстваў Мінска і Мінскай вобласці. Сярод іх – студэнцкая вёска, СААТ «Камунарка», ААТ «Мінскі завод ігрыстых вінаў».

Паводле статыстыкі СААЗ, на планеце жыве больш 37,9 млн ВІЧ-станоўчых людзей. У нашай краіне, па дадзеных на 1 лістапада 2019 года, з дыягназам «ВІЧ-інфекцыя» пражываюць каля 21,8 тысяч чалавек. Мужчын сярод іх больш, чым жанчын – 63,6% і 36,4% адпаведна.

Штогод у нашай краіне фіксуецца больш за 2 тысячы новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Прычым у апошнія гады часцей за ўсё выпадкі захворвання рэгіструюцца сярод людзей ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў. Больш за 80% з іх заразіліся палавым шляхам.

У Беларусі прайсці тэставанне на ВІЧ-інфекцыю добраахвотна і ананімна можна ў любой лячэбнай установе, у якой арганізаваны працэдурны кабінет. Акрамя гэтага, на базе грамадскіх некамерцыйных арганізацый створаныя ананімна-кансультацыйныя пункты.

Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты ў Беларусі, якія стаяць на дыспансерным уліку, бясплатна атрымліваюць лекавыя прэпараты для антырэтравіруснай тэрапіі. Міністэрства аховы здароўя Беларусі праводзіць актыўную палітыку ў галіне супрацьдзеяння распаўсюджванню ВІЧ і рэалізацыі ўзятых на сябе абавязацельстваў па дасягненні ў 2020 годзе стратэгічнай мэты ЮНЭЙДС 90-90-90 (выявіць 90% людзей, якія жывуць з ВІЧ, 90% з іх узяць на лячэнне і ў 90% з узятых на лячэнне дасягнуць невызначальнай нагрузкі ў крыві).

Своечасова пачаўшы лячэнне і прытрымліваючыся ўсіх рэкамендацый урача, людзі, якія маюць ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 15

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».