У чалавечым арганізме паміж скурай, мышцамі, сухажыллямі і косцю размешчаныя так званыя сінавіяльныя сумкі, запоўненыя сінавіяльнай вадкасцю і знаходзяцца ў тых месцах паблізу суставаў, дзе адбываецца трэнне тканак. Яны служаць своеасаблівымі амартызатарамі, змякчаюць розныя рухі і ўздзеянні.
З-за пэўных прычынаў у гэтых месцах можа ўзнікаць запаленне (бурсіт), характэрнымі прыкметамі якога з'яўляюцца боль, асабліва пры руху, і ацёк тканак. Падрабязна пра бурсіт суставаў, яго дыягностыку і лячэнне журналісту Слушна распавёў траўматолаг-артапед кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін.
Хваробы суставаў
Што такое Бурсіт?
Бурсіт – вострае або хранічнае запаленне сінавіяльнай сумкі. Прычыны яго ўзнікнення часцяком невядомыя. Разам з тым, траўма, паўторная альбо вострая, інфекцыі і розныя артрапатыі (захворванні суставаў) могуць справакаваць развіццё дадзенай паталогіі. Узнікнуць захворванне можа практычна ў любым узросце.
Прычыны бурсіта
Чаму развіваецца захворванне? Часцей за ўсё прычына – мікратраўмы, якія адбываюцца з-за працяглай моцнай нагрузкі.
Напрыклад, бурсіты – часты «спадарожнік» спартсменаў. Мікратраўмы спрыяюць узнікненню запалення. У выніку ў сінавіяльнай сумцы выпрацоўваецца больш вадкасці, чым неабходна ў норме. Яна павялічваецца ў памеры, запаляецца і прыносіць боль пры нагрузцы.
Да запалення сінавіяльнай сумкі можа прывесці і інфекцыя. У такім выпадку размова ідзе пра інфекцыйны бурсіт.
Сімптомы бурсіту
Бурсіт суправаджаецца болем, асабліва падчас руху альбо пры нагрузцы. У спакоі, як правіла, боль сціхае. Можа ўтварыцца прыпухласць, ацёк альбо ўшчыльненне, у некаторых выпадках – пачырваненне. Рухі ў суставе абмежаваныя, хваравітыя.
Інфекцыя можа патрапіць і з суседніх тканак (інфекцыйны цэлюліт, артрыт), больш рэдкі шлях – эндагенны, калі інфекцыя пераносіцца крывёю.
Дыягностыка бурсіту
Дыягностыка захворвання заснаваная на клінічнай ацэнцы, выніках УГД, даследаванні сінавіяльнай вадкасці (пункцыя).
Пункцыя, а таксама агульны аналіз крыві (неабходны для выключэння сістэмнага запаленчага працэсу) часцей за ўсё выконваецца пры падазрэнні на інфекцыйны бурсіт.
Бурсіты маюць тры стадыі развіцця: вострую, падвострую і хранічную.
У вострай стадыі з'яўляецца рэзкі боль, ацёк і абмежаванне рухаў у суставе, стадыя доўжыцца 1-2 тыдні. Калі не лячыць, яна паступова пераходзіць у падвострую і хранічную стадыі. Небяспека нялечанага інфекцыйнага бурсіту заключаецца ў развіцці сістэмнага інфекцыйнага працэсу (інфекцыя можа патрапіць у кроў і распаўсюдзіцца па арганізме).
Лячэнне бурсіту
Пры лячэнні захворвання ўжываюць імабілізацыю (канечнасць абмяжоўваюць у руху), а таксама халодныя кампрэсы, мясцовую тэрапію.
Выкарыстоўваецца і мясцовая тэрапія – мазі, якія валодаюць супрацьзапаленчым і абязбольвальным дзеяннем.
Калі боль моцны, прызначаюцца лекавыя сродкі аналагічнага дзеяння, у цяжкіх выпадках – ін'екцыі глюкакартыкастэроідаў.
Прафілактыка захворвання складаецца ў ліквідацыі прычыны, якая можа выклікаць траўмаванне сінавіяльнай сумкі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by