Інфармацыйна-адукацыйная агітацыйная акцыя, прысвечаная Сусветнаму дню донара, прайшла ў ГЗЦ «ГАЛЕРЭЯ Мінск» пад дэвізам «Падумай пра іншых. Здай кроў. Падзяліся жыццём!».
Арганізатары акцыі – Міністэрства аховы здароўя, РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, Служба крыві - выказалі вялікую падзяку ўсім, хто добраахвотна і бескарысліва здае кроў для выратавання чалавечага жыцця.
Адраджаць бязвыплатнае донарства ў Беларусі пачалі з 2013 года. Сёння колькасць добраахвотнікаў у параўнанні з мінулымі гадамі павялічылася ў 16 разоў.
Ларыса Гушчына, намеснік дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій:
– Акцыю такога маштабу мы ўпершыню праводзім у гандлёва-забаўляльным цэнтры для шырокага прыцягнення ўвагі грамадскасці да донарства. Звычайна падобныя мерапрыемствы праходзілі на базе нашага цэнтра – мы запрашалі ганаровых донараў (тых, хто здаў кроў больш за 400 разоў), сямейныя дынастыі донараў, а таксама актыўных донараў сярод медработнікаў. На працягу года нашы выязныя брыгады на пастаяннай аснове праводзяць акцыі бязвыплатнага донарства ў ВНУ і працоўных арганізацыях.
Донарскі рух прыйшлі падтрымаць грамадскія арганізацыі «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускае таварыства ўрачоў, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый, байкеры, студэнты і тыя, хто загадзя стэлефанаваўся з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій і запісаўся на данацыю.
Выстава малюнкаў дзяцей – рэцыпіентаў крыві з РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі стала яркім упрыгажэннем у рамках акцыі.
Урачыстую цырымонію ўзнагароджання ганаровых донараў адкрыў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. У сваім выступленні ён падзякаваў усім донарам за гуманны крок і выказаў спадзяванне на тое, што шэрагі донарскага руху з кожным разам будуць папаўняцца.
– Сёння сучасная фармацэўтычная навука не прыдумала замены натуральнай цэльнай крыві. На жаль, мы схільныя да шматлікіх захворванняў, лячэнне якіх магчыма толькі прэпаратамі крыві і яе кампанентамі. Мне вельмі хочацца, каб вы расказалі сваім сябрам пра тое, што гэта не балюча, даступна і высакародна, – сказаў міністр.
Кожны трэці пацыент, які паступае на лячэнне, хоця б раз мае патрэбу ў пераліванні кампанентаў і прэпаратаў крыві. Без донарскай крыві немагчыма аказанне медыцынскай дапамогі пры лячэнні пацыентаў з хірургічнай, акушэрска-гінекалагічнай, анкалагічнай і гематалагічнай паталогіяй.
Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Людміла Макарына-Кібак:
– Нават аднаразовая здача крыві - гэта маленькі подзвіг кожнага чалавека.
Уладзімір Сарокін, ментар Рэспубліканскага сацыяльнага праекта па развіцці бязвыплатнага донарства крыві «У Беларусі – Добрае Сэрца»:
– Па выніках 2017 года донарамі крыві ў Беларусі сталі каля 100 тысяч чалавек, з іх больш за 47 тысяч на бязвыплатнай аснове. Наш донарскі рух у рамках праекта «У Беларусі - Добрае Сэрца» актыўна падтрымлівае студэнцкая моладзь, ваенныя, супрацоўнікі сферы IT-тэхналогій, розныя ўстановы і прадпрыемствы ўсіх сфер дзейнасці.
Сабраная кроў была дастаўлена ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, дзе кожная доза была пратэсціраваная на біяхімічныя паказчыкі і маркеры віруснай інфекцыі.
Ларыса Гушчына, намеснік дырэктара па трансфузіялогіі РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій:
– У першую чаргу мы зацікаўлены, каб кожная данацыя была бяспечная для таго, каму пасля кроў будзе пераліта.
Фота – Алеся Лазарава, Аксана Жураўлёва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by