Сакрэцік майго асабістага знаёмства з пісьменніцай Наталляй Бучынскай прыхаваю на дэсерт. Абяцаю, шаноўны чытач: пасля знаёмства з цудоўнымі кнігамі казачніцы будзе нагода яшчэ раз пляснуць рукамі і выгукнуць: «Аёечкі!»
Зараз жа – рушым у чароўны свет, створаны пісьменніцай. Паедзем на машыне, ды якой! Маленькая Машынка, гераіня дэбютнай кнігі Наталлі Бучынскай «Прыгоды Маленькай Машынкі» ( Мінск, «Мастацкая літаратура», 2008) – будзе нашым правадніком. Адразу стане зразумелым: пісьменніца размаўляе з хлопчыкамі і дзяўчаткамі на адной мове. Яна ўмее зацікавіць, заінтрыгаваць, падкажа выйсце са складанага становішча – але пры гэтым не будзе павучаць.
Нагод жа для павучання дастаткова, калі тычыцца правілаў паводзінаў на дарозе і стасункаў з пасажырамі, пешаходамі, удзельнікамі руху. Аднак з дапамогай Маленькай Машынкі, якую зусім нядаўна сабралі на заводзе, чытачам будзе не нудна, а захапляльна спасцігаць гэтую навуку. Дзве дарослыя паважаныя машыны, якія ўзяліся апекавацца над малой, пакуль яна падрасце ды паразумнее, і сталі Машынцы Мамай і Татам! Ёсць яшчэ адзін важны персанаж — кіроўца Толік.
Як рамантаваць машыну, як яна зладжана, чаму пачуваецца дрэнна? Якія машыны дапамагаюць ратаваць людзей, што здарыцца, калі парушыць правілы дарожнага руху? Навошта перабуваць машыну? Як дзейнічаць, калі трапіш у аблогу да кароў? А калі верабей едзе без білета ў аўтобусе — ён лічыцца «зайцам»? Разам з Маленькай Машынкай чытачы знойдуць адказы на гэтыя і шмат іншых пытанняў.
У 2012 годзе кніга «Приключения Маленькой Машинки» выдадзена на рускай мове (Мастацкая літаратура»).
«Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by» (Мінск, Мастацкая літаратура, 2013) — наступная кніга пісьменніцы. На мой асабісты погляд, гэта адна з самых незвычайных кніг у беларускай дзіцячай літаратуры.
Авечка Адэля працуе на ферме «Каляроўка»… авечкай! У яе абавязкі ўваходзіць штодзень хадзіць на пашу, скубсці траўку і гадаваць воўну, з якой атрымліваюцца прыгожыя швэдары, сукенкі і шалікі.
Але каб толькі гэтыя абавязкі, і кнігі не было б! Адэля — асоба амбітная, прадпрыймальная. Яна марыць пра славу. Выконвае свае непасрэдныя абавязкі як мае быць, але ж не абмяжоўваецца толькі імі. Яна змагаецца за чысціню на ферме, піша лісты ў «Грынпіс», ладзіць экспедыцыю за палярны круг, ездзіць па міжнародных выстаўках, дае і бярэ інтэрв’ю… А каб яе прыгоды не прапалі бясследна, намаўляе аўтарку, спадарыню Наталлю, напісаць пра яе (авечку Адэлю) кнігу!
Кніга атрымалася – чысты вітамін С! У ёй столькі гумару і вяселля, што яе можна смела рэкамендаваць кожнаму, хто шукае пазітыву і нагодаў для ўсмешак. Адэля са сваёй гаспадыняй, спадарыняй Наталляй, і сябрамі – козачкай Малімонкай і Баранчыкам – здольныя падараваць і тое, і другое!
«Атракцыён для вадзянікоў» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2015). Гэта кніга складаецца з трох казачных гісторый. Аб’яднаныя гісторыі тым, што ў іх дзейнічаюць жыхары вадаёмаў: вадзянікі, якія ладзілі ў возеры Доўгім атракцыёны; бабрыная сямейка, у якой Чырвоную кнігу Беларусі -- настольная; Наяда марская, якая дзеля салаўіных песень перабралася жыць з мора ў беларускія вадаёмы.
Нарэшце, цудоўная трылогія — «Прынцэса Алівія і жабіны вочкі» (2019) “Рыцар Квых і "жабіны вочкі" (2020), “Ква-Фея, Кваканцыя і "жабіны вочкі" (2021) – Мінск, выдавецтва «Беларусь».
Шмат хто з дзяўчатак марыць стаць прынцэсай. Не абмінае гэтая мара і дзяўчынку Зоську. Яе мары наканавана спраўдзіцца – і Зоська сілай казачнага лёсу робіцца прынцэсай Алівіяй! Ці так гэта проста? Ці значыць гэта раздаваць загады, уволю ласавацца торцікамі, з рання да вечара бавіцца з любімымі цацкамі? Ці, можа, быць прынцэсай азначае мець большую, чым у каго, адказнасць за свае словы і ўчынкі?
Чараўніцтва, ператварэнні – і вось ужо звычайныя жабкі, якія скачуць пад нагамі, робяцца феямі, маленькае цмачанё дурэе і забаўляецца з прынцамі, кароль Жудас ідзе вайной на караля Ладысвета… І ва ўсім гэтым новым, казачным – не толькі чароўным, але і небяспечным свеце – маленькай прынцэсе Алівіі дзеля выратавання свайго і казачнага свету належыць не забыцца сваё сапраўднае імя.
Ці ўдасца гэта дзяўчынцы? Ці вернецца яна ад казачных прыгод да сваёй сям’і? Магчымасць даведацца пра гэта, дадаўшы ў кампанію цудоўных кніжных сустрэч і сустрэчу з трылогіяй Наталлі Бучынскай, шаноўныя чытачы маюць. Усе тры кнігі пакуль ёсць у продажы. Таксама іх можна ўзяць у бібліятэках.
Пакуль прадаецца і кніга «Атракцыёны для вадзянікоў». Кнігі ж пра Маленькую Машынку і авечку Адэлю знайсці можна толькі ў бібліятэках.
Прыемных вам сустрэч з кніжным светам Наталлі Бучынскай!
Зараз жа — абяцаны «дэсерт» з сакрэцікам.
Пісаць пра кнігі Наталлі Бучынскай для мяне – асаблівая асалода і адказнасць, бо мы з Нататлляй – родныя сёстры. Дзве казачніцы з адной хаты. Супольныя згадкі дзяцінства, прыгоды і пракуды, сябры і прыяцелі, адны і тыя школа і настаўнікі, адметная лексіка родных мясцін… Але ў кожнай – свой погляд на свет, свае казкі. Дзе ні даводзілася бываць, сустракацца, выступаць – заўжды кажам пра гэта і не робім з гэтага таямніцы.
Дэсерт з сакрэцікам альбо легенда на дваіх
Але ж вось табе маеш! Па выхадзе кнігі «Сустрэча з пісьменнікам, альбо Як зрабіць урок чытання цікавым» (складальнік Ірына Буторына. Мінск, 2021, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»), якая складаецца з эсэ пра 24 дзіцячых пісьменнікаў Беларусі, сярод якіх ёсць эсэ Алены Масла і эсэ Наталлі Бучынскай пра дзяцінства, тэлефануе мне адзін пісьменнік і паведамляе ўзрушана:
– Лена! Бучынская ж твая родная сястра!
– Усё жыццё ведаю, – смяюся я, – і мы ж гэтага не хаваем!
– Я чуў, – прызнаецца пісьменнік, – але думаў, што гэта – ваша легенда! І вы яе ўсюды агучваеце! Толькі пачытаўшы вашыя эсэ, зразумеў, што гэта – праўда!
Чыстая праўда, нават калі падобная да легенды ці казкі!
Хоць хваліць свайго заўжды складана, тым не меньш: настойліва раю казкамі Нататллі аздобіць сваё лета і лета сваёй сям’і!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by