18.11.2020
18.11.2020

Дзень цыбульнага супу-пюрэ. Імунітэт нам скажа «дзякуй»!

logo
Думкі ўслых
0 66
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Я, вядома ж, хацела б сёння, 18 лістапада, напісаць пра іншыя святы. Пра Дзень нараджэння Дзеда Мароза. Ці Дзень нараджэння Мікі Маўса. Але… Пішу пра важнае і карыснае. Бо сёння таксама і Дзень цыбульнага супу-пюрэ. А яшчэ – Сусветны дзень барацьбы супраць хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх (ХАХЛ).

… Цыбулю і часнок у нашай сям’і любяць. І на дачнай сядзібе і тое, і тое вырошчваем здаўна. Дакладней, мамачка звычайна вырошчвала. А сёлета, калі яе не стала, я таксама насадзіла цыбулі. І палезлі ўжо з зямлі добрыя пёркі з сяўка ды «сямейкі», звычайных і чырвоных. Але тут – жахлівы патоп, возера замест участка амаль на месяц… І пасля толькі некалькі «вадаплаўных» цыбулін выжыла… Як і некалькі часначын, пасаджаных пад зіму.

Але без бульбы, часнаку ды цыбулі, морквы ды буракоў, памідораў ды агуркоў мы не засталіся, дзякуючы татавай сястры, маёй цётцы Марыі, у якой дачная сядзіба знаходзіцца на яе і татавай радзіме – Уздзеншчыне. Так што калі не цыбульны суп-пюрэ, дык цыбуля ў любым супе ў мяне цяпер даволі часта. Так мамачка варыла супы. Так цяпер гатую і я…

Цыбулю і часнок у нашай сям’і любяць.

Памятаю, як даўней шмат чытала і чула пра тое, як людзі не любяць цыбулю. Хтосьці – сырую… Усё за той жа пах, як і часнок. А хтосьці – звараную ў супе (бе-бе-бе!). А мы неяк з братам з дзяцінства асабліва і не выкародвалі. Елі, што даюць.

Гэта ўжо пасля з цягам часу і сталеннем мяняліся дзесьці смакавыя звычкі, з’яўляліся альбо нелюбімыя стравы, альбо тыя, якія арганізм ну проста не прымае. На шчасце, у мяне і тых, і тых зусім няшмат. А ў гасцях увогуле з’ем усё… 🙂 Не выкародуючы…

Дык вось падыходзячы ўшчыльную да цыбулі. І да імунітэту. Які мы – памятаеце?! – стараемся падтрымліваць, асабліва ў сезон прастудаў і падчас пандэміі каранавіруса.

І размова найперш пра цыбулю рэпчатую. Якая не толькі павышае імунітэт, бо мае шмат вітаміну С, але і знішчае патагенныя мікраарганізмы. Дарэчы, наша мамачка і сама лячылася, і нас лячыла цыбуляй і часнаком яшчэ з дзяцінства. То трэба было ўдыхаць водар ад надзёртай цыбуліны пры насмарку… То мне, малой, прывязвалі раздаўлены часнок бінтом да пятак… Куды той гарчычнік! Во дзе былі адчуванні!

Ну, а цыбулю ў стравах я палюбіла ўжо самастойна. І ніколі не разумела тых, хто можа даставаць з гатовай салаты кавалачкі цыбулі… 🙂

Самае цікавае, што цыбуля, апроч іншага, нават здольная… пазбавіць ад бяссонніцы і турботнага стану! Калі яе есці за 2-3 гадзіны да сну. Шкада, што не напісана, у якім выглядзе.

Вядома, пры цеплавой апрацоўцы штосьці там карыснае губляецца ў параўнанні са свежай сакавітай хрумсткай цыбулінай… Але штосьці і застаецца. Плюс не забываемся, што цыбуля ў супе (тым жа пюрэ) зусім не бескарысная. Яе роля – аддаваць свае карысныя рэчывы вадкасці.

А вы гатавалі калі-небудзь цыбульны суп-пюрэ?! Я дык не… Паглядзела колькі рэцэптаў у інтэрнэце – і зразумела, што наўрад ці вазьмуся… Так што даруйце мне, аматары гэтага супу і тыя, хто сёння святкуе Дзень цыбульнага супу-пюрэ… Але я не зусім пра яго. Я пра асноўны складнік – цыбулю. А суп-пюрэ, дарэчы, любімы – гарбузовы. Яго таксама мамачка мая любіла гатаваць…

Так што пачакаю таго дня, калі гарбуз будзе руліць! А можа, і не пачакаю, а раней рукі дойдуць да вялікага, атрыманага ў падарунак ад дачкі суседкі па дачы гарбуза… Да яго ж без сякеры не падступіцца, і я не жартую зараз. Вось менавіта ў гарбуз такой формы і ператваралася карэта Папялушкі… 🙂

А што мы яшчэ не згадалі пра Яе Вялікасць Цыбулю?! Ой, ды многае! Тут шматтомнік толькі пісаць, а не блог… А лепей не пісаць, а цыбулю есці! У розных выглядах!

Вы ясце?! Выкарыстоўваеце цыбулю пры гатаванні?! І правільна робіце! Будзем спадзявацца, што ўласны імунітэт абавязкова скажа кожнай і кожнаму «дзякуй»! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 66

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".