02.10.2019
02.10.2019

Дзень пажылых?! А можа… Дзень мудрасці?!

logo
Думкі ўслых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Учора было адно са святаў, да якога асабіста я стаўлюся неадназначна. Ды і некаторыя мае сябры-знаёмыя – таксама. Міжнародны дзень пажылых людзей.

З аднаго боку, тое, што ўдзяляецца ўвага людзям ва ўзросце (хаця адзін раз на год – гэта мала, вельмі мала!), добра. А з іншага… Віншаваць чалавека з тым, што ён ужо пажылы (пажыўшы)… Калі абсалютная большасць дзесьці ў душы, сэрцы і нават розуме лічыць сябе яшчэ о-го-го (і правільна, між іншым, робіць!)… Неяк не камільфо.

Увогуле, бесцырымоннасць многіх, бывае, адчувальна напружвае. Я ўжо не кажу пра знакамітае і абсалютна невыкараняльнае «жЭнШЧына». Штораз уздрыгваю і крыўлю твар пры такім звароце… Але калі абсалютна незнаёмыя людзі звяртаюцца да маіх бацькоў «бабуля», «дзядуля» альбо кажуць так пра іх за вочы… Так і хочацца адказаць: «Знайшліся ўнучкі-ўнукі… У іх свае ёсць!»

Бо гэтак жа, як для сваіх бацькоў дзеці ў любым узросце, нават у 50-60 гадоў, усё роўна ДЗЕЦІ… Так і для мяне мае бацькі – не старыя, сталыя ды пажылыя. І справа тут зусім не ў пашпартным узросце і не ў класіфікацыі па гадах… Па адчуваннях, адносінах, стаўленні, чуллівасці сэрца…

Памятаеце, як звычайна мы захапляемся адухоўленымі тварамі на старых фотаздымках? Маўляў, зараз такіх няма… Але ў той час, між іншым, людзі выглядалі зазвычай старэйшымі за свой рэальны ўзрост. Асабліва калі займаліся цяжкай фізічнай працай, на зямлі ды па гаспадарцы… Турботы і неспрыяльныя ўмовы старылі заўчасна.

А зараз і не зразумееш, бывае, колькі чалавеку гадоў. І справа нават не ў падцяжках ды іншых касметычных працэдурах. Разумовая праца ўсё ж так не старыць, як фізічная. І калі ёсць хаця б мінімальны догляд сябе… На пажылых многія не цягнуць. І гэта здорава!

Толькі калі не перабор. Не тады, калі жанчына ў 80 гадоў апранаецца, як дзяўчынка, ва ўсё ружовенькае… Тэму спадарожнікаў жыцця, на некалькі дзесяцігоддзяў маладзейшых за спадарожніц, нават закранаць не буду! Бо лічу, што тут ужо – асабістая справа кожнага. І не трэба лезці да людзей са сваім «фу», калі ім самім камфортна адно з адным…

Учора паўсюль праходзілі самыя разнастайныя мерапрыемствы для пажылых людзей. Лекцыі, канцэрты, кінафільмы, выставы… А ў некаторых арганізацыях, на прадпрыемствах, ва ўстановах  нават грошы сваім колішнім супрацоўнікам, якія выйшлі на заслужаны адпачынак, выдзяляюць. А вось у той сітуацыі, калі была такая традыцыя, але пасля рэзка адмянілі… Бо знік такі артыкул у расходах, а свае грошы ніхто на гэтыя мэты збіраць не будзе… І так шмат куды добраахвотна-прымусова збіраюць… Але людзям непрыемна, непрыемна…

І вось возьмем саму назву свята – Міжнародны дзень пажылых людзей. Так, міжнародны, не намі ў Беларусі прыдуманы… Гэта рашэнне Генеральнай Асамблеі ААН 1990-га года. У Беларусі адзначаецца з 1992-га.

Калі ўсё ж, не прыдзіраючыся, яго пакінуць як знак увагі і пашаны да людзей ва ўзросце… Ці нельга прыдумаць якуюсьці сваю, іншую, адмысловую назву?! Ну, каб не рэзала так слых слова «пажылы» па асацыяцыі з «пажыўшым». А каб выклікала адны толькі станоўчыя эмоцыі. Штосьці накшталт «Дзень мудрасці»… Як вам прапанова?

Вось цудоўна, калі да гэтага дня, калі ён ужо ёсць, установы аховы здароўя прымяркоўваюць свае акцыі. Як мне падаецца, на гэта і трэба рабіць упор 1-га кастрычніка, напярэдадні ды і пасля. Бо многіх сталых магчымасць вымераць ціск дзесьці ў краме, атрымаць кансультацыю спецыяліста ў аптэцы, прайсці ў аддаленай вёсцы выязны флюарограф узрадуе вельмі і вельмі! Увага плюс клопат пра здароўе – сапраўды неацэнныя!

І як тут у сувязі з турботамі пра людзей сталых ні прыгадаць сацыяльных работнікаў, якія часцяком выступаюць як памочнікі па хатняй гаспадарцы, медсёстры, суразмоўцы і робяцца нават бліжэй за сыноў і дачок, якія жывуць далёка і бываюць толькі наездамі… Вось хто забяспечвае правядзенне, так бы мовіць, Дня пажылых для сваіх падапечных фактычна круглы год…

Не скажу нічога новага, калі зазначу, што клопат і ўвага нашаму старэйшаму пакаленню патрэбныя штодзённа, а не адзін раз на год. Што большасць дзяцей для сваіх бацькоў, уласна кажучы, і выконвае паспяхова.

Памятаю, як, з’яўляючыся  журналістам раённай газеты, па тым жа раёне вельмі часта ездзіла ў камандзіроўкі. І вы сабе не ўяўляеце, як жа радасна было сустракацца з людзьмі ва ўзросце, у каго дагледжанае жытло, зробленыя зручнасці ў доме, прыгатаваная ежа… І ўсё гэта – клапатлівымі рукамі дзяцей, унукаў і праўнукаў. І як жа штораз сціскалася ад жалю сэрца, калі бачыла адваротны малюнак…

Таму няхай такія дні, як 1-га кастрычніка, проста стануцца напамінам для тых, хто ўжо даўно нават не тэлефанаваў бацькам. Памятаеце немудрагелістую рэкламу з такімі словамі?! Дык вось вельмі яна актуальная і зараз…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".