Нягледзячы на тое, што электронныя цыгарэты сталі «модным заменнікам» простых тытунёвых цыгарэт, існуе шмат плюсаў і мінусаў гэтага віду курэння. Хтосьці выбірае электрацыгарэту з-за магчымасці курыць, дзе душа пажадае, а хтосьці – з-за адсутнасці едкай дымавой заслоны або ў якасці спробы кінуць паліць. Непрыемны тытунёвы пах не будзе нікога турбаваць, можна забыцца на запальніцы, запалкі і попельніцы, апёкі, на небяспеку ўзнікнення пажару. Пры згаранні цыгарэты разам з дымам выдзяляюцца небяспечныя рэчывы. А курэнне электроннай цыгарэты прадухіляе ўдыханне аміяку, цыянідаў, угарнага газу, смолаў, цяжкіх металаў і яшчэ каля 4000 шкодных «кампанентаў» тытунёвага дыму.
Здавалася б, адны плюсы. Але ў гэтага медаля ёсць і адваротны бок.
Каварныя пасткі
Часцяком, змяніўшы простую цыгарэту на электронную, курцам не хапае тых адчуванняў, якія ўзнікаюць пры курэнні тытунёвых цыгарэт. Таму людзі павялічваюць дозу нікаціну, што, у сваю чаргу, вядзе да перадазіроўкі.
Большасць курцоў упэўненыя ў тым, што шкода ад гэтага віду курэння мінімальная. І, як правіла, перайшоўшы на электронныя цыгарэты, пачынаюць павялічваць частату курэння. У выніку – перадазіроўка нікаціну (галавакружэнне, агульная слабасць, боль у вобласці жывата, млоснасць, павышэнне слінавыдзялення, галаўны боль).
Няма дыму – няма пасіўнага курэння?
Зараз вядзецца актыўнае вывучэнне ўплыву пары электронных цыгарэт на арганізм чалавека. Выяўлена, што таксічных рэчываў у пары менш, чым у цыгарэтным дыме. Але навакольныя па-ранейшаму будуць міжвольнымі ўдзельнікамі працэсу курэння, удыхаючы рэшткі нікаціну, гліцэрыны, прапiленглiколю, араматызатараў і іншых рэчываў.
Электронная цыгарэта – спроба кінуць курыць?
Продаж электронных цыгарэт шырока разрэкламаваны. Часта можна пачуць, што цуд-цыгарэта дапаможа хутка і лёгка кінуць паліць. Але ж дадзены спосаб не дапамагае пазбавіцца ад псіхалагічнай залежнасці. І менавіта гэта не дазваляе многім кінуць паліць. Але, калі электронная цыгарэта – кароткі часовы крок на шляху да адмовы ад шкоднай звычкі, а не новая залежнасць, можна разгледзець і такі варыянт.
Выбар кожнага з нас
Звычайная цыгарэта або электронная? Курыць альбо кінуць? Кожны сам выбірае адказ, апраўдваючы свой выбар. На прасторах інтэрнэту можна знайсці вялізную колькасць рэкламы, форумаў, дзе можна вывучыць, як правільна карыстацца, чым запраўляць, дзе купіць «электроннае курава», падзяліцца ўражаннямі, меркаваннямі і г.д. На жаль, электронныя цыгарэты сталі чарговым модным захапленнем, а моладзь ідзе ў нагу з часам і модай. Як правіла, менавіта мода зацягвае ў чарговую залежнасць.
Нягледзячы на некаторыя плюсы, варта памятаць, што электронныя цыгарэты ўтрымліваюць нікацін, які выклікае рак. У іх сінтэзуецца фармальдэгід і іншыя канцэрагены. Бывалі выпадкі, калі электронная цыгарэта ўзрывалася прама ў руках, у роце, у кішэнях. Менавіта таму нельга казаць пра бяспеку электронных цыгарэт.
Курэнне – працэс удыхання прадуктаў распаду ці гарэння. І не мае значэння, тытунь гэта ці сумесь для палення. Удыхайце свежае паветра, дыхайце на поўныя грудзі!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by