Беларускі жывапісец Валерый Шкаруба — яркі прыклад мастака, якому заўсёды была цікавая яго радзіма. У сваіх пейзажах творца шматгранна адлюстроўваў прыгажосць і ўнікальнасць беларускай прыроды, знаходзіў па ўсёй краіне месцы, якія натхнялі і ўзрушалі яго ўнутраны мастацкі свет.
Два гады таму Валерый Шкаруба пайшоў з жыцця. Але ж мастакі не паміраюць, іх галасы і думкі гучаць і жывуць у іх творах. 27 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылі рэтраспектыўную выстаўку «Валерый Шкаруба. In Memoriam», прысвечаную памяці і 65-годдзю з дня нараджэння творцы.
Экспазіцыя выстаўкі разгарнулась у вякілай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея ў галоўным корпусе. У яе склад увайшлі 55 твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, а таксама сям'і Валерыя Шкарубы.
Кожны твор мастака — своеасаблівы гімн прыродзе Беларусі. Яго персанальныя выстаўкі, геаграфія якіх надзвычай шырокая, з поспехам прайшлі не толькі ў Беларусі, але і ў прэстыжных музеях і галерэях Расіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Кітая, Японіі.
Валерый Фёдаравіч нарадзіўся ў 1957 годзе ў Барысаве Мінскай вобласці. У дзяцінстве будучы жывапісец пакутаваў ад прыроджаных дэфектаў гаворкі і моцнага заікання, што не дазваляла яму паўнавартасна мець зносіны са сваімі аднагодкамі. Маленькі Валера вымушаны быў большую частку вольнага часу праводзіць у адзіноце, а што робіць разумнае, не па гадах развітае дзіця, калі застаецца адно? Вывучае навакольны свет, людзей і прыроду і, вядома ж, малюе іх. З часам жывапіс для Валерыя Шкарубы з простага хобі ператварыўся ў асноўную прафесію, і нават — сэнс жыцця.
Валерый Шкаруба выпрацаваў свой уласны стыль у жывапісе, яго яшчэ называюць графікай на палатне, фотарэалізмам. Ствараецца ўражанне трохмернасці выявы. Шмат хто ў яго творах бачыць блізкія сэрцу куткі малой радзімы, думаючы, што менавіта там ён пісаў свае палотны.
У выяўленчым мастацтве нават з'явілася паняцце «шкарубаўскі пейзаж».
Аднойчы ўбачыўшы карціны мастака, пачынаеш шукаць падобныя сюжэты ў рэальнасці.
Творца называў сябе сумным мастаком. У яго палітры спакойныя і стрыманыя тоны. Ён заўсёды імкнуўся да таго, каб карціна была шматпланавай. Работы Валерыя Шкарубы як быццам пакрыты смугой. Здаюцца загадкавымі і таямнічымі. І справа зусім не ў фарбах і тэхніцы. Галоўны сакрэт — асаблівы стан прыроды, які так любіў і імкнуўся перадаць майстар.
— Тата мне заўсёды казаў: «Оля, забудзься, што існуе слова — сойдзе. Калі за нешта бярэшся, рабі гэта з поўнай аддачай». Тата ўмеў шчыра і па-сапраўднаму радавацца чужому поспеху і чужому шчасцю, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі дачка мастака Вольга Шкаруба. — Да таго, што ён рабіў, да людзей, якія былі з ім побач, ставіўся з вялікай цеплынёй і любоўю. Яго адкрытае сэрца адначасова рабіла яго моцным і ўразлівым.
Валерый Шкаруба вельмі любіў адлюстроўваць у сваіх работах снег. Казаў, што менавіта снег прыдае беларускаму пейзажу магію і загадкавацсць. Таксама яшчэ адзін сімвал пейзажаў творцы — дарога, якая не сканчваецца, таму што дарога — гэта жыццё, шлях, рух.
Краявіды Валерыя Шкарубы не прывязаны да пэўных геаграфічных пунктаў. Але многія людзі ў гэтых работах пазнаюць прасёлкавую дарогу, якая вяла менавіта да іх дома.
І мастацтвазнаўцаў, і людзей, далёкіх ад мастацтва, літаральна зачароўвае яго вытанчанае майстэрства, якое стварае настрой светлага суму і адухоўленасці, стрыманая гама колераў. Здаецца, што бачыш, як калыхаецца трава пад подыхам ветру і бяжыць рабізна па вадзе. Перад такімі карцінамі хочацца затрымацца даўжэй, разважаючы пра вечнае і ўзвышанае.
Валерыя Шкаруба, безумоўна, можна назваць чалавекам не толькі таленавітым, але і ўнікальным. Яго работы экспанаваліся ў штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку, на выстаўках беларускіх мастакоў у Еўрапарламенце, на выстаўцы ў Палацы Нацый у Жэневе, на 51-й Венецыянскай міжнароднай біенале мастацтва ў 2005 годзе. Акрамя таго, мастак браў удзел у выстаўцы беларускага жывапісу ў Цэнтры П'ера Кардэна ў Парыжы, у японскім горадзе Сендаі, у палацы Хофбург у Вене.
Культура сяброўства. У Нацыянальным мастацкім адкрылась беларуска-кітайская выстаўка
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by