10.04.2023
10.04.2023

Грэчка на ўсе выпадкі жыцця. Карысць для здароўя (+рэцэпты)

logo
Карысныя прадукты
0 70
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Змест:

Грэчку часта называюць антыкрызісным прадуктам. Яна не толькі простая ў прыгатаванні, але і ідэальна спалучаецца з мясам, птушкай, рыбай, гароднінай, грыбамі, субпрадуктамі. Каштуе зусім нядорага, а пры жаданні грэчку можна вырошчваць на ўласным прысядзібным участку.

Разам з тым грэчка – надзвычай карысны прадукт. Лічыцца гіпаалергенным, і менавіта каша з грэчкі ўводзіцца ў прыкорм маленькага дзіцяці адной з першых. Таксама крупы не ўтрымліваюць глютэну, з'яўляючыся незаменным прадуктам харчавання пры цэліякіі. Але і для ўмоўна здаровых людзей усіх узростаў грэчка ўяўляе велізарную карысць.

да зместу

Карысць грэчкі

Грэчка 2

 

Грачаныя крупы адносяцца да групы псеўдазерневых, кампанію грэчцы складаюць кіноа і амарант. Грэчка не з'яўляецца травой і цалкам пазбаўленая глютэну. Хаця яе часцей выкарыстоўваюць як крупы, з грэчкі таксама пякуць бліны і хлеб, робяць макароны, заварваюць гарбату. У ход ідзе нават шалупінне – ім набіваюць лячэбныя падушкі, якія, кажуць, выдатна дапамагаюць пры бяссонніцы.

Грэчку справядліва адносяць да дыетычнай ежы з-за высокага ўтрымання вітамінаў, мінералаў і антыаксідантаў. Яна багатая на бялок, клятчатку і складаныя вугляводы. Пры гэтым мае нізкі глікемічны індэкс і таксама падыходзіць для харчавання людзей з цукровым дыябетам.

У 100 грамах грачаных крупаў ядрыцы ўтрымліваецца:

– вада –10%

– бялкі –13,3 г

– вугляводы –71,5 г

– тлушчы – 3,4 г

– цукар –0 г

– клятчатка –10 г

Энергетычная каштоўнасць прадукту складае 343 кілакалорыі ў 100 г.

Грэчка 4

Асноўная перавага грэчкі ў параўнанні з іншымі крупамі – яе ўнікальны амінакіслотны склад; высокая насычанасць пажыўнымі рэчывамі і антыаксідантамі, якія нярэдка адносяць да «суперпрадуктаў» (напрыклад, фітанутрыент рутын, дубільныя рэчывы, кацехін і г.д.). Гэтым абумоўленыя шматлікія станоўчыя эфекты грэчкі для здароўя чалавека: у прыватнасці, здольнасць кантраляваць узровень цукру ў крыві, зніжаць павышаны ціск і ўзровень «дрэннага» халестэрыну, паляпшаць страваванне і г.д.

Апроч іншага, грэчка служыць выдатнай крыніцай лёгказасваяльнага расліннага бялку і змяшчае 12 амінакіслотаў, у тым ліку 2 незаменныя. У сярэднім на 100 г крупаў прыпадае 13 грамаў бялку. Гэта меней, чым у бабовых, але больш, чым у рысе, пшаніцы і кукурузе.

У людзей, якія прытрымліваюцца прынцыпаў вегетарыянства альбо адчуваюць павышаную патрэбу ў бялку, стравы з грачаных крупаў павінны рэгулярна прысутнічаць у рацыёне. Гэта забяспечыць неабходнае спажыванне амінакіслотаў і бялку для падтрымання нармальных клетачных працэсаў, захавання мышачнай масы і атрымання энергіі.

Але якая б ні была карысная грэчка, ад яе лёгка стаміцца, калі не праявіць гастранамічную фантазію. Бо прымяненне грачаных крупаў у кулінарыі зусім не абмяжоўваецца падрыхтоўкай адной толькі кашы.

да зместу

Рэцепты страў з грэчкі

Грэчка фота 5

Прапануем вам некалькі простых, але на дзіва смачных і карысных рэцэптаў страў з грэчкі.

  • Перад падрыхтоўкай грэчку, як і любыя іншыя крупы, неабходна старанна прамываць пад струменем халоднай вады, каб выдаліць пыл і шалупінне. Крупы нельга замочваць загадзя – ад гэтага яны могуць страціць свой смак.
да зместу

Грэчка з гароднінай

Грэчка з гароднінай

Гэтая простая і сытная страва будзе даспадобы і дзецям, і дарослым.

Для яе прыгатавання спатрэбяцца:

  • Грэчка – 1 шклянка
  • Замарожаная агароднінная сумесь – 450 г
  • Соль па смаку
  • Свежая зеляніна для ўпрыгожвання.

Спачатку неабходна зварыць грэчку. Аб'ём вады павінен быць у два разы большым за аб'ём крупаў (у нашым выпадку – 2 шклянкі). Старанна прамытую грэчку заліць вадой, давесці да кіпення, злёгку пасаліць і варыць на маленькім агні пад зачыненай накрыўкай да гатоўнасці.

  • Каб крупы зварыліся хутчэй, у ваду, што кіпіць, можна пакласці кавалачак сметанковага масла – прыкладна 20 г.

Пакуль варацца крупы, разагрэйце патэльню і з даданнем невялікай колькасці расліннага алею і вады патушыце замарожаную гародніну. Гародніна гатовая, калі зробіцца мяккай. Дадайце сюды ж, да гародніны, прыгатаваную грэчку, пасаліце, змяшайце. Дайце страве патаміцца пад накрыўкай яшчэ 5 хвілін.

Перад падачай упрыгожце свежай зелянінай.

  • Замест замарожанай агародніны ў сезон можна выкарыстоўваць свежую – моркву, цукіні, памідоры, струкавую фасолю, брокалі.
да зместу

Супчык з грэчкі

Суп з грэчкай

Калі на грэцкую кашу глядзець ужо сіл няма ніякіх, і нават у якасці гарніру даесці яе не атрымліваецца, самы час прыгатаваць супчык. Не сумнявайцеся – у такім выглядзе грэчку даядуць усё. Яшчэ і дабаўкі папросяць!

Спатрэбіцца

  • Гатовая грэчка, колькі засталося, напрыклад, пасля ўчарашняй вячэры, але не менш за 0,5 шклянкі
  • 1,5 л курынага булёна
  • 2 сярэднія бульбіны
  • Невялікая морква
  • Маленькая цыбуліна
  • Перац чорны гарошкам – 2 шт.
  • Лаўровы ліст
  • Соль па смаку

Зварыць курыны булён. Для гэтага курыную грудку заліце халоднай вадой. Праз 5 хвілін пасля закіпання ваду трэба зліць. І заліць мяса наноў. Пасля таго, як вада зноўку закіпіць, пакіньце курыцу варыцца каля паўгадзіны. Затым мяса дастаньце з каструлі.

Пакуль рыхтуецца булён, моркву і цыбулю ачысціце і здрабніце (моркву на буйнай тарцы, цыбулю – парэзаць кубікамі). Падсмажце злёгку на патэльні ў невялікай колькасці расліннага алею.

Ачысціце бульбу і нарэжце дробнымі кубікамі. Пакладзіце ў курыны булён. Няхай суп гатуецца на невялікім агні пад зачыненай накрыўкай хвілін 15.

Грэчка

Пасля таго, як бульба злёгку падварыцца, дадайце падсмажаную гародніну, чорны перац, лаўровы ліст, соль па смаку, а таксама парэзанае кавалачкамі курынае мяса. І не забудзьцеся пра грэчку – яе туды ж, у агульны кацёл. Яшчэ 5-10 хвілін на агні пад зачыненай накрыўкай – і суп гатовы!

Гатуюць супчык з грэчкі і з сухімі крупамі. Тады іх закладваюць у каструлю адначасова з бульбай, папярэдне прамыўшы пад праточнай вадой.

да зместу

Крупенік грачаны са смятанай

Грэчка са смятанай

Немудрагелістая запяканка з грачаных крупаў з тварагом падыдзе і для сняданку, і для вячэры. Аднолькава смачная ў гарачым і ў халодным выглядзе. Ідэальная, калі падаваць яе са смятанай і печаным яблыкам.

Для прыгатавання спатрэбяцца

  • Грэчка – 1 шклянка
  • Тварог – 200 г
  • Яйка – 1 шт
  • Цукар – 2 ст л (можна абысціся і без яго)

Крупы прыгатаваць гэтак жа, як апісана ў рэцэпце грэчкі з гароднінай.

  • Перад гатаваннем злёгку абсмажце грэчку на сухой патэльні. У гатовай страве крупы раскрыюцца больш ярка і атрымаецца нашмат смачней.

Разатрыце тварог з яйкам і цукрам. Дадайце гатовыя і злёгку астуджаную грэчку, старанна змяшайце, каб усе інгрэдыенты раўнамерна злучыліся.

Форму для выпякання змажце алеем і прыцерушыце мукой, манкай або паніровачнымі сухарамі. Выкладзіце прыгатаваную грачана-тварожную масу ў форму і запякайце на працягу 40-45 хвілін у духоўцы пры 180⁰С. Калі скарыначка зверху падрумяніцца, зробіцца залацістай, запяканка гатовая.

Страва мае злёгку рассыпчатую кансістэнцыю, якая пры астыванні «схопліваецца» і робіцца меней крохкай. Падаюць запяканку парцыённа са смятанай.

Смачна есці і будзьце здаровыя!

📌 Гатуйце самі - гатуйце з намі!

Соя — «каралева пратэіну». Расказваем пра самую спрэчную травяністую расліну

Такое загадкавае чыа…

Рыс беднякоў, альбо Крупы па-ўсходняму булгур

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 70

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Карысныя прадукты"