14.03.2021
14.03.2021

Калі перад вачыма мушкі. Дэструкцыя шклопадобнага цела

logo
Хваробы ад А да Я
0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прастора паміж хрусталікам і сятчаткай у воку запоўненая напаўвадкім гелем – шклопадобным целам. Яна займае каля 2/3 аб'ёму вочнага яблыка і надае яму форму. У норме шклопадобнае цела цалкам празрыстае. Калі яно губляе сваю аднастайнасць і празрыстасць, з'яўляюцца плаваючыя памутненні перад вачыма ў выглядзе мушак, кропак, ліній, нітачак, павуціння альбо іншых іншародных уключэнняў, якія затуманьваюць зрок і перашкаджаюць у паўсядзённым жыцці. Размова ідзе пра дэструкцыю шклопадобнага цела.

Дэструкцыя шклопадобнага цела.

Чаму шклопадобнае цела губляе сваю празрыстасць і аднастайнасць, хто ў групе рызыкі і ці можна пазбавіцца ад гэтай паталогіі, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска Майя Ланская.

Навошта нам трэба шклопадобнае цела

Шклопадобнае цела (humor aquosus) з'яўляецца пастаяннай структурай вока. Яно не можа аднаўляцца, і ў выпадку яго страты замяшчаецца ўнутрывочнай вадкасцю. Шклопадобнае цела надае правільную форму воку, забяспечвае яго несціскальнасць (калі яно цалкам выцякае, дык вока здзімаецца, як шарык). Акрамя таго, яно абараняе сятчатку ад страсенняў, у ім змяшчаюцца пажыўныя рэчывы. Для таго, каб вока добра бачыла, шклопадобнае цела павінна быць абсалютна празрыстым, бо яшчэ адной яго задачай з'яўляецца праламленне святла, якое паступае на сятчатку.

Што такое дэструкцыя шклопадобнага цела

Прасцей кажучы, гэта разбурэнне яго натуральнай структуры ў выніку якіх-небудзь зменаў.

Дэструкцыя шклопадобнага цела. Як выглядае вока.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Шклопадобнае цела складаецца з асобных гелепадобных валокнаў. Калі яны пачынаюць губляць празрыстасць альбо мяняць структуру, гэта адбіваецца на зроку. Чалавек бачыць пастаянна плаваючых мушак, чарвячкоў, жучкоў, нітачкі і г.д. Асабліва яны добра прыкметныя на фоне яркай чыстай паверхні, напрыклад, на фоне снегу альбо асветленай белай столі, пры прыжмурванні. Калі асвятленне слабае, памутненні звычайна не бачныя. З-за руху мутных часціцаў услед за рухам вока бывае цяжка сфакусаваць позірк на пэўным прадмеце, а пастаянная мітусня выклікае псіхалагічны дыскамфорт.

Шклопадобнае цела не папаўняецца і не абнаўляецца. Гэта азначае, што калі іншароднае цела трапіла ў яго, напрыклад, кроў альбо іншыя клеткі, дык яны так і застануцца там. Гэтыя дробныя часціцы блакуюць святло, якое праходзіць праз вока, тым самым адкідваючы маленькія цені на сятчатку. Гэтыя цені і ёсць тыя самыя мушкі. На жаль, з'явіўшыся аднойчы, яны не будуць даваць спакою ўсё жыццё.

З узростам частка гелепадобнай субстанцыі натуральным чынам разбураецца і робіцца больш цякучай (разводзіцца ўнутрывочнай вадкасцю). З-за гэтага раствораныя ў вадзе часцінкі мінеральных рэчываў, рассеяныя па шклопадобным целе вока, могуць зліпнуцца. Гэта таксама прыводзіць да з'яўлення плаваючага «смецця».

Дэструкцыя шклопадобнага цела. Мужкі, чарвячкі перад вачыма.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Часам у шклопадобным целе могуць з'яўляцца пустоты. І тады пацыенты скардзяцца на маланкі перад вачыма. Асабліва гэта заўважнае пры рэзкай змене асвятлення (святло-цемра).

Калі паталагічны працэс развіўся толькі ў пэўным участку шклопадобнага цела, размова ідзе пра частковую дэструкцыю, калі ён закрануў усю структуру – пра поўную. З часам частковая дэструкцыя можа перайсці ў поўную.

Дэструкцыя шклопадобнага цела сустракаецца ў 70% пацыентаў, асабліва пасля 50 гадоў, і з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных афтальмалагічных праблемаў.

Акрамя моцнага псіхалагічнага дыскамфорту з-за плаваючых мушак, пры моцнай дэструкцыі адбываецца парушэнне зроку.

Прычыны зменаў структуры шклопадобнага цела

Дэструкцыя шклопадобнага цела. Што адбываецца з вокам.

У першую чаргу, на гэта ўплываюць узроставыя змены. Вока таксама старэе, а гель, які яго запаўняе, робіцца не такім празрыстым і эластычным.

Часта дэструкцыя шклопадобнага цела дыягнастуецца ў людзей з блізарукасцю. З-за гэтай паталогіі вока ў іх расцягваецца, робіцца большым. За кошт гэтага шклопадобнае цела спрабуе заняць большы аб'ём, чым неабходна ў норме. Але яно не можа рэгенераваць, таму аб'ём папаўняецца за кошт унутрывочнай вадкасці. У выніку шклопадобнае цела робіцца больш вадкім, што прыводзіць да парушэння яго структуры.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Дэструкцыя нярэдка сустракаецца ў жанчын пасля 50 гадоў, калі надыходзіць менапаўза і адбываюцца гарманальныя змены ў арганізме. Акрамя таго, гэтая паталогія можа ўзнікнуць на фоне хранічных захворванняў, напрыклад, цукровага дыябету (з-за павышэння пранікальнасці сценак капіляраў сасудзістай абалонкі могуць адбывацца кровазліцці ў поласць шклопадобнага цела).

Прычынай развіцця дэструкцыі можа стаць траўма вока. Прычым не абавязкова пранікальная, але якая прывяла да моцнага страсення шклопадобнага цела.

Дэструкцыя шклопадобнага цела. Калі прычына – траўма.

Розныя запаленчыя захворванні вачэй, асабліва цяжкія, таксама могуць справакаваць сур'ёзныя змены шклопадобнага цела, ажно да моцнага зніжэння зроку. Напрыклад, увеіт (запаленне сасудзістай абалонкі вока).

Сярод іншых прычынаў, якія могуць прывесці да дэструкцыі, – розныя сасудзістыя парушэнні (у тым ліку артэрыяльная гіпертэнзія, дыстрафічныя змены сасудаў), эндакрынныя і метабалічныя змены, хірургічнае лячэнне вачэй.

Часам шклопадобнае цела адыходзіць ад сятчаткі. У такіх выпадках у анамнэзе пішуць «задняе адслаенне шклопадобнага цела».

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Пацыентаў гэта часта палохае, і яны думаюць, што размова ідзе пра адслаенне сятчаткі. Гэта няправільна. Разам з тым, калі вам паставілі такі дыягназ, неабходна прайсці дакладнае абследаванне, рэгулярна назірацца ў афтальмолага.

Дэструкцыя шклопадобнага цела. Агляд афтальмолага.

Лячэнне захворвання

Кансерватыўнага лячэння дэструкцыі няма. Часам мушкі і павуцінкі могуць памяншацца ў памерах, рабіцца менш выразнымі, і людзі да іх прывыкаюць.

У цяжкіх выпадках, калі значна зніжаецца зрок, выконваецца хірургічнае ўмяшанне (вітрэктамія). Падчас аперацыі шклопадобнае цела выдаляецца, а ўнутрывочная прастора запаўняецца спецыяльным газам, які з часам рассмоктваецца і замяшчаецца ўнутрывочнай вадкасцю. Такая аперацыя складаная і мае шмат пабочных эфектаў і ўскладненняў.

Прафілактыка дэструкцыі

Якой-небудзь спецыфічнай прафілактыкі, якая можа прадухіліць дэструкцыю шклопадобнага цела, не існуе. У асноўным, усе прафілактычныя мерапрыемствы накіраваныя на лячэнне і кампенсацыю асноўнага захворвання, якое прывяло да зменаў у структуры шклопадобнага цела.

Дэструкцыя шклопадобнага цела.

 
Майя Ланская
Афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска
Сваім пацыентам я таксама рэкамендую імкнуцца не падымаць цяжару, асабліва рыўком, не працаваць уніз галавой, пазбягаць лішніх страсенняў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 20

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».