07.05.2023
07.05.2023

Крэм з SPF-фактарам увесну. Чаму гэта важна

logo
Прыгажосць і догляд
0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Увесну так і хочацца папесціць сябе сонечнымі ваннамі. Разам з тым, нават вясновае сонца зусім небяспечнае, асабліва для пяшчотнай і тонкай скуры твару. Агрэсіўнае ўздзеянне ўльтрафіялету на і так стомленую ад зімовых месяцаў скуру правакуе з'яўленне маршчынаў, робіць яе сухой і абязводжанай, правакуе з'яўленне пігментных плямаў. Менавіта таму ўвесну касметолагі раяць выкарыстоўваць доглядавыя касметычныя сродкі з SPF-фактарам.

Чаму не варта грэбаваць такой абаронай не толькі ўлетку, але і з першымі вясновымі промнямі, Слушна патлумачыла ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

Каварны ўльтрафіялет

Юлія Баранава

УФ-выпраменьванне не залежыць ад тэмпературы, надвор'я ці пары года. Непрацяглае ўздзеянне ўльтрафіялету карыснае для здароўя, бо з яго дапамогай выпрацоўваецца вітамін D. Аднак доўгае знаходжанне пад сонечнымі промнямі цягне за сабой рызыку апёкаў, з'яўлення пігментацыі, фотастарэння скуры, аслабленне імунітэту, павелічэнне рызыкі развіцця раку скуры. Дарэчы, фотастарэнне і так званае сапраўднае старэнне – не адно і тое ж. І з праявамі фотастарэння змагацца нашмат складаней.

Яшчэ адным негатыўным наступствам уздзеяння ўльтрафіялету могуць стаць фотадэрматыты (запаленчая рэакцыя скуры з утварэннем сыпу, пухіроў).

Прычынай такой адчувальнасці да сонечнага святла могуць быць некаторыя касметычныя працэдуры альбо прыём пэўных лекавых сродкаў (сульфаніламідаў, тэтрацыкліну, супрацьзачаткавых таблетак), у складзе якіх утрымліваюцца рэчывы, што павышаюць адчувальнасць скуры да ўльтрафіялету (фотасенсібілізатары).

Існуе тры тыпы УФ-прамянёў. Прамяні тыпу А (UVA) здольныя пранікаць скрозь аблокі нават у пахмурнае надвор'е. Такое выпраменьванне самае небяспечнае. Яно нічым не затрымліваецца, здольнае пранікаць у глыбокія слаі скуры, выклікаючы яе фотапашкоджанне.

Прамяні тыпу В (UVB) не менш небяспечныя. Менавіта яны з'яўляюцца прычынай сонечных апёкаў. Зрэшты, абараніцца ад іх прасцей, UVB-выпраменьванне паглынаецца адзеннем, асабліва светлым. Самыя агрэсіўныя – прамяні тыпу С, але да Зямлі яны не даходзяць, а паглынаюцца яе азонавым слоем.

Юлія Баранава:

– UVA-прамяні правакуюць ранняе старэнне скуры, з'яўленне маршчынаў. Яны пранікаюць у глыбокія слаі скуры, парушаюць злучальную тканку, што прыводзіць да страты эластычнасці. UVB-прамяні стымулююць пачырваненне, пігментацыю і апёкі, а таксама рост клетак эпідэрмісу, спрыяючы патаўшчэнню скуры.

Што такое SPF (Sun Protect Factor)

Сонцаахоўны крэм (санскрын) – сродак, які абараняе ад шкоднага ўплыву сонечнага выпраменьвання на скуру. Пасля абрэвіятуры SPF заўсёды ідзе лічба, якая пазначае час бяспечнага знаходжання пад сонцам. Гэта значыць, калі на тубе касметычнага сродку ёсць індэкс SPF-15, дык час бяспечнага знаходжання на сонцы складае 150 хвілін (сярэдні час, які чалавек можа без шкоды для здароўя знаходзіцца пад сонечнымі промнямі без абароны, – не больш за 10 хвілін).

Крэм

Каму крэм з SPF-абаронай проста неабходны

У рэгулярны дзённы догляд уводзіць сонцаахоўныя сродкі можна пасля 25 гадоў, прычым фактар абароны павінен быць не меншы за 30. Акрамя таго, не варта грэбаваць падобнымі сродкамі людзям са светлай скурай, прычым, чым яна святлейшая, тым вышэйшым павінен быць фактар SPF.

Юлія Баранава:

– Крэм з SPF (не менш за 50) абавязкова варта выкарыстоўваць падчас альбо пасля курсу хімічных пілінгаў (паверхневых і сярэдніх), лазернай шліфоўкі, іншых працэдур. Акрамя таго, наносіць такія касметычныя сродкі рэкамендуецца падчас лячэння гіперпігментацыі скуры альбо пры прыёме прэпаратаў, у складзе якіх ёсць вітамін А (нярэдка яны прызначаюцца пры дэрматалагічных захворваннях скуры, у тым ліку акнэ і разацэа). Справа ў тым, што вітамін А павышае адчувальнасць скуры да ўздзеяння сонца.

Дэкаратыўная касметыка з SPF

Варта памятаць, што дэкаратыўная касметыка не памяншае і не павялічвае SPF-фактар крэму, а індэксы розных касметычных сродкаў, нанесеных на скуру, не падсумоўваюцца.

Касметыка

Юлія Баранава:

– Сёння ў асартыменце прадстаўленая даволі шырокая лінейка доглядавай касметыкі і дэкаратыўных касметычных сродкаў з SPF. Аднак пры іх выкарыстанні ёсць невялікі нюанс. Нават калі вы наносіце дзённы крэм SPF 15 і пудру SPF 10, значэнне індэксаў не падсумоўваецца. Заўсёды працуе сродак з найбольшым значэннем SPF-фактару.

Калі вы рэгулярна карыстаецеся дэкаратыўнай касметыкай з SPF-фактарам, адмаўляцца ад дзённага крэму з падобным дзеяннем не варта. Толькі аднаго танальнага крэму альбо пудры для паўнавартаснай абароны ад сонца недастаткова. Акрамя таго, паколькі дэкаратыўная касметыка не прадугледжвае нанясення тоўстага слою, на скуру трапляе невялікая колькасць сродку. І замест заяўленага вытворцам SPF 30 можна атрымаць 10.

Юлія Баранава:

– Усе сродкі, якія валодаюць сонцаахоўным фактарам, трэба абнаўляць, бо іх дзеянне не бясконцае. Але наносіць дзённы крэм з SPF, напрыклад, кожныя 2-3 гадзіны даволі праблематычна. У гэтым плюс выкарыстання дэкаратыўнай касметыкі. Абнавіўшы макіяж, вы тым самым дадасце трохі абароны ад сонца. Часцяком узнікае дыскамфорт пры выкарыстанні сродкаў з SPF-фактарам: скура хутка робіцца тлустай і макіяж скачваецца. У такім выпадку рэкамендую выбіраць сродкі з меншым утрыманнем дыяксіду тытану і серыі для тлустай і праблемнай скуры. Звычайна ў назве ўтрымліваецца слова «маціруючы».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 21

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Прыгажосць і догляд"