Я далёка не прыхільнік раздаваць парады і ўсялякія гатовыя рашэнні і глыбока перакананы, што вопыт, атрыманы ў выніку ўласнага пражывання той ці іншай сітуацыі, неацэнны. Але ўсё ж хачу прапанаваць вашай увазе вельмі простыя рэкамендацыі, якія, магчыма, змогуць дапамагчы, калі вы даведаліся, што ваша дзіця ўжывае наркотыкі.
Рэкамендацыя 1
Не варта рабіць з гэтага таямніцу. Вы шакіраваныя, вам сорамна, страшна, здаецца, што адбылося нешта вельмі жудаснае, што ні ў якім разе ніхто не павінен пра гэта даведацца. Але трэба расказаць аб праблеме ўсім членам сям'і. Па-першае, яны павінны ведаць, што пражываюць альбо кантактуюць з чалавекам, які знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Па-другое, чым больш інфармацыя ўтойваецца, тым большая верагоднасць, што залежны з часам пачне карыстацца гэтым на карысць сабе.
Рэкамендацыя 2
Паспрабуйце наўпрост пагутарыць з залежным. Вельмі важна не пераходзіць на асуджэнні, абразы і абвінавачванні. Паверце, любы залежны і так перапоўнены негатыўным стаўленнем да сябе і свету, ваша ацэнка толькі пагоршыць яго стан. Паспрабуйце пагаварыць пра свае пачуцці і даведайцеся, што адбываецца з ім. Пакажыце, што вы гатовыя яго прыняць з усімі яго думкамі і эмоцыямі.
Рэкамендацыя 3
Максімальна падрабязна даведайцеся, якія наркотыкі ён ужывае, як даўно і наколькі часта. Ці ёсць фізічнае прывыканне, псіхалагічнае, ці захоўвае ён наркотыкі дома. Гэтая інфармацыя будзе неабходная ў далейшым для фарміравання поўнай карціны залежнасці і апісання яе спецыялістам.
Рэкамендацыя 4
Прапануеце яму дапамогу. Даведайцеся, ці гатовы ён спыніцца і пачаць нешта мяняць. Наркаманія – хранічнае і невылечнае захворванне. Скажыце яму пра гэта. Для таго, каб пачаць выздараўліваць, неабходна шмат сіл і ўнутранага жадання.
Рэкамендацыя 5
Звяжыцеся са спецыялістамі ў галіне лячэння наркаманіі ў сваёй мясцовасці. Паспрабуйце арганізаваць сустрэчу з вашай сям'ёй і непасрэдна самім залежным.
Калі ваш залежны сваяк адмаўляецца ісці на кантакт, закрыты, не прызнае сваю залежнасць, кажа, што можа справіцца сам, што праблемы няма, што ўжываў толькі аднойчы – неабходна заняць выразную і цвёрдую пазіцыю.
- Перастаньце захоўваць вялікія сумы грошай і каштоўнасці дома.
- Калі бачыце, што ваш блізкі знаходзіцца ў стане наркатычнага ап'янення і гэта можа пагражаць вашаму здароўю і здароўю вашай сям'і, не пускайце яго дадому, памяняйце замкі, пастаўце клямку, што замыкае дзверы знутры.
- Калі паводзіны наркамана агрэсіўныя і маюць гвалтоўны характар – выклікайце міліцыю.
- Залежны можа прыдумляць фантастычныя і кранальныя гісторыі, пагражаць, маніпуліраваць, ствараць цэлыя канцэрты, каб вы далі ці пазычылі яму грошы – не верце яму і не спансіруйце ўжыванне.
- Ваша пазіцыя павінна быць выразная і непахісная (хоць гэта і вельмі складана). Ніякіх кампрамісаў. Альбо залежны пачынае лячэнне і вы гатовыя яму дапамагчы ў гэтым, альбо вы ўсяляк перастаеце падтрымліваць яго «разгульнае» жыццё.
- Абавязкова знайдзіце і пачніце наведваць групы ўзаемадапамогі для сваякоў, якія сутыкнуліся з праблемай наркаманіі ў сям'і (Наранон, Аланон). Па магчымасці звярніцеся да псіхатэрапеўта каб працаваць над сітуацыяй, што склалася.
- Вельмі важна не заставацца сам-насам са сваім бяссіллем, калі залежны сваяк працягвае ўжываць наркотыкі і не мае намеру спыняцца. Як мага больш кантактуйце з роднымі, блізкімі, сябрамі.
Наркаман – вялікае гора для ўсёй сямейнай сістэмы, але выйсце ёсць. Галоўнае – своечасова звярнуцца па дапамогу, не панікаваць і не спрабаваць яго ратаваць аднаму. Памятайце: самае важнае ў вызваленні ад нарказалежнасці – жаданне самога залежнага. Без яго, на жаль, усе дзеянні, накіраваныя на ратаванне тапельца, могуць прывесці да яшчэ больш сумных наступстваў.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by