На Дзятлаўшчыне, на самай мяжы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, каля вёскі Горка з некалькіх каменных брылаў утварылася арка. У народзе яе празвалі «Каменныя Вароты». Каб пазбавіцца ад хвароб, людзі прыязджаюць у Горку з усёй Беларусі. Яны ўпэўненыя: пройдзеш пад варотамі – і хваробу як рукой здыме. Праўда, лекуюць камяні толькі тых, хто прыйшоў са шчырай верай на ацаленне.
Гэтая цікавая мясціна знаходзіцца сярод высокіх пагоркаў – вакол адныя ўзвышшы. Відаць, і назву сваю вёска атрымала ад гары, што месціцца побач з паселішчам, яе вышыня каля 30 м. Паклонныя лекавыя камяні ўладкаваліся на вяршыні той горкі.
Каб патрапіць да іх, трэба праехаць праз вёску, а за ёй прайсці сцяжынай праз старыя вясковыя могілкі на схіле гары да невялікай драўлянай каплічкі блакітнага колеру. Каля капліцы пахаванні XVIII і XIX стагоддзяў з літымі чыгуннымі помнікамі. Трохі ўправа – і перад вамі знакамітыя валуны. Агромністыя, парослыя мохам, нагрувашчаныя адзін на другі зялёныя камяні з невялікай адтулінай паміж імі. Насамрэч гэта не некалькі камянёў, а адзін – велізарны расколаты пескавік, даўжыня якога – 9, шырыня – 6, а вышыня – 2 метры. Яго яшчэ называюць Святы Камень, Валун-Волат, Каменная Арка.
Лічыцца, што калі чалавек на каленях прапаўзе паміж кавалкамі каменя, то пазбавіцца ўсіх хвароб. Але трэба гэта рабіць тройчы: па сонцу і вяртацца супраць гадзіннікавай стрэлкі. Асабліва дапамагае ад радыкуліту. Кропелькі вады, якія ўтвараюцца на камяні ў час Велікоднага посту, з’яўляюцца лекавымі ад хвароб вачэй.
Мох з каменя таксама прызнаецца лекавым. Яго настойваюць на вадзе ці на гарэлцы. Загадваць жаданні таксама можна. Мясцовыя прыходзілі сюды маліцца, калі ў савецкія часы царква ў вёсцы была зачыненая. На асноўнай камлызе ўсталяваныя два драўляныя крыжы. На іх і на суседнія дрэвы вешаюць ручнікі, рознакаляровыя стужкі. Каменю ахвяруюць грошы, кветкі, ежу.
Пакаранне хваробай
Паданне кажа: некалі на вяршыні гары стаяў велізарны каменны храм, а арка была яго ўваходам. Потым каменная царква знікла і з’явілася драўляная, а арка засталася. Праз такую браму можна было не толькі свабодна праходзіць, але і праехаць на тройцы коней.
Увесну на Юр’я тут ладзілі конныя спаборніцтвы. Коннікі з усёй акругі павінны былі праскочыць праз каменныя вароты. Але аднойчы пад цудадзейнай брамай праязджаў пан, а за ім бег сляпы сабачка. Гэта абразіла святое месца.
З-за таго сабачкі, сцвярджаюць мясцовыя жыхары, камяні ўвайшлі ў зямлю і ўтварылі вузенькі праём, праз які можна прапаўзці толькі на каленях. Гэта небяспечна, камяні могуць абваліцца ў кожную хвіліну. Але людзі вераць у цудадзейную моц валуна і рызыкуюць.
Расказваюць, што неяк на Юр’я, калі людзі шанавалі камень, адзін лесаруб падышоў да іх і абазваў дурнямі. Пакруціў пальцам ля скроні і плюнуў. Неўзабаве ён страціў розум, пачаў брыдкасловіць і плявацца. Так працягвалася восем гадоў, і ні адзін лекар не мог дапамагчы. Потым яго жонка папрасіла ў каменя дараваць грэх. Яна сабрала з валуна ваду і дала мужу напіцца. Толькі пасля гэтага розум вярнуўся да хворага. Па іншаму варыянту, гэты чалавек памёр, а жонка і дзеці прыязджалі прасіць у каменя прабачэння.
Знікненне крыніцы
Унізе пад гарой знаходзіцца яшчэ адна святыня – культавая крыніца. Некалі яна выбілася з-пад дуба. І дуб, і крынічку пачалі ўшаноўваць. Потым ад дрэва застаўся толькі пень. У савецкія часы крыніцу закідалі смеццем, пень знішчылі. Пазней крыніцу расчысцілі, над ёй узвялі каплічку, дзе змясцілі абразы. Верылі: вада з крыніцы вяртае сляпым зрок. І не толькі.
Дапамагала яна кульгавым і тым, хто пакутаваў на другія хваробы. Так, святар, які служыць тут у Святадухаўской царкве, распавёў наступнае. Неяк да яго прыязджаў сваяк з Полацку. У мужчыны вельмі моцна балела спіна. Абліўся ён святой вадой некалькі разоў, выпіў яе, і боль сціх.
Але здарылася няшчасце. Тутэйшыя ўлады вырашылі навесці «парадак» – залілі пляцоўку вакол крыніцы бетонам. Атрымалася прыгожа, але… вада сышла. Тым не менш, людзі спадзяюцца, што крыніца вернецца і зноў будзе лекаваць людзей. Адновяцца і хрэсныя хады, якія штогод адбываліся ў дзень вясновага Юр’я ад вясковай царквы да крыніцы.
Капліца колеру неба
Гісторыя з ацаленнем мужчыны не адзіная. Месца святое, намоленае, таму цуды на незвычайнай горцы не рэдкасць. Вось яшчэ прыклад. Блакітную каплічку непадалёк ад расколатага каменя паўстагоддзя таму ўзвяла адна мясцовая жанчына, каб вылекавацца ад раку. Хвароба адступіла, як толькі капліца была пабудаваная. Цяпер памаліцца і пакаяцца ў грахах можна і ў каплічцы. Кажуць – дапамагае.
Ёсць і іншыя павер’і. Нібыта камяні абрынуцца, калі пад імі прапаўзе вялікі грэшнік. Але, мяркуючы па тым, што яны пакуль стаяць, не ўсё яшчэ згубленая. Таму людзі працягваюць прыходзіць сюды і нясуць каменю свае беды, гора і розныя напасці. Яны ўпэўненыя: калі Бог ужо аднойчы здзейсніў тут цуд, то так будзе заўсёды.
Як дабрацца? Даехаць ад Дзятлава да вёскі Горка можна на рэйсавым аўтобусе. Далей – спытаць дарогу да могілак. Гэта прыкладна 300 м ад вёскі. Потым трэба прайсці 200 м угару да капліцы. Справа ад яе вы ўбачыце валуны. Поспехаў!
Фота забяспечанае аўтарамі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by