Праўду кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, а прыклад мастачкі Аксаны Аракчэевай гэта пацвярджае.
Аматары кнігі ведаюць яе найперш як ілюстратара: мастачкай аздоблена больш за шэсцьдзясят кніг для дзяцей!
Мне пашчасціла супрацоўнічаць з Аксанай Аракчэевай як аўтару кніг-карцінак «Мяне завуць Лахнэска» і «Балотныя прыгоды», «Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі». Тады, у працэсе стварэння ілюстрацый, я заўважыла вельмі чуйнае стаўленне мастачкі да слова.
Пасля ж разам з Аксанай мы стваралі кнігу з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», былі ўкладальніцамі кнігі ўспамінаў «Бэз малюецца на шчасце» — пра тату мастачкі, мастака, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Барыса Аракчэева. І зноў праца Аксаны з тэкстамі, іх апрацоўка, напісанне асабістых успамінаў паказалі, якія сакавітыя тэксты яна можа ствараць.
Таму, на мой погляд, не дзіўна, што ўвосень мінулага года адбыўся літаратурны дэбют мастачкі Аксаны Аракчэевай – чытачам яна падарыла кнігу «Фанечка. Мандарынавыя гісторыі», дзе і тэкст, і афармленне – яе.
Тут зазначу асобна – Аксана вельмі любіць сабак. І зараз у яе мінскай кватэры жыве сабачка. А папярэдняя ўлюбёнка, якая даўно сышла на вясёлку, Фанечка — перасялілася і жыве зараз у названай кніжцы.
Вядома ж, калі хатнія гадаванцы з дня ў дзень на вачах, якіх толькі гісторый не нагледзешся і ў якія толькі з імі не трапіш! Вось і Фанечка – гераіня кнігі – вельмі любіць мандарынкі. Яна не зусім разумее, чаму яны «выспяваюць» пад Новы год і дзе растуць да гэтага. Яна настойліва шукае іх па гарадскіх дварах падчас прагулак і едучы з гаспадарамі на рыбалку.
Фанечка жыве ў намёце, плавае на гумовай лодцы, варыць з сябрам Ягорам юшку – адным словам, жыве шчаслівым жыццём, якое язык не павернецца назваць сабачым!
Не здарма кнігу адразу палюбілі дзеці і дарослыя! Кніга багата і дэталёва ілюстраваная, што дапамагае ўнікаць у шматслоўе ў тэксце. Што не прапісанае словамі – дадаецца ілюстрацыямі. Гэта здорава і захапляльна, бо дапамагае чытачу ўключыцца ў апавядальніцкі працэс і як бы дафантазіраваць, даствараць вакол прапанаванай дзеі свой свет.
Малайцы і выдаўцы – РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”». Выдатная паліграфія, буйны шрыфт, шмат паветра на старонках – усё гэта памнажае прывабнасць выдання.
Бонусам у кнізе – старонкі-расфарбоўкі лістоты разнастайных дрэў і кустоў: таполі, вішні, каштана, бярозы, шыпшыны, рабіны – і пад імі Фанечка шукала-вынюхвала мандарынкі, але дарма…
У анатацыі да кніги сама мастачка напісала: «У свеце кніжнай ілюстрацыі я жыву, быццам вяртаюся ў дзяцінства. Таму атрымліваю вялікую асалоду, калі малюю. Самае галоўнае для мяне – буйства фантазіі і незвычайныя дробязі. Кожная намаляваная мной кніжка – як маё дзіця. І ўпершыню напісаная гісторыя пра сабачку Фанечку, які рос і сталеў разам з маім сынам. Вельмі хачу пажадаць вам, мае маленькія сябры, атрымаць асалоду ад гэтай гісторыі!»
Сапраўды, паспяшайцеся! Любую кнігу лепш чытаць, чым пра яе расказваць. Кнігу можна набыць у кнігарнях, спытаць у бібліятэках.
З «Фанечкай» дадатковая порцыя сонечнага святла вам забяспечаная, бо стварыла яе сонечная мастачка і чалавек – Аксана Аракчэева.
Ад сябе дадам: калі народзяцца новыя ўдалыя літаратурныя творы, як чытач і літаратуразнаўца буду шчыра радая!
https://bel.24health.by/pachala-skladac-kazki-gaduyuchy-dachku-razglyadaem-dzicyachyya-knigi-raisy-baravikovaj/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by