Адзін з маіх улюбёных матэрыялаў, які да таго ж для мяне ў нейкай ступені лёсавызначальны – лён. З працы над ільняной калекцыяй пачынаўся мой шлях як дызайнера.
Адны з самых папулярных сукенак з маіх калекцый – ільняныя. Да таго ж гэта ўдзячны, пластычны, універсальны матэрыял з старажытнай і багатай гісторыяй.
Беларускі лён
Чалавецтву лён знаёмы ўжо больш за 5 тысяч гадоў. Да гэтага часу не ўстаноўлена, дзе ўпершыню было выткана льняное палатно. Згадкі пра ільняную вопратку вядомыя з часоў старажытных Егіпта і Рыма. На Блізкім Усходзе яна з'яўлялася прадметам раскошы.
Старажытныя ткачы ўмелі ствараць настолькі тонкую і лёгкую тканіну, што праз некалькі яе слаёў прасвечвала цела.
Адкрыйце Біблію, колькі там прыкладаў нашэння адзення з лёну! Святы Аўгустын казаў, што ў поўсці ёсць нешта цялеснае, а ў лёне – духоўнае. І дагэтуль у хрысціянстве лён сімвалізуе чысціню.
У Старажытным Егіпце лён насілі фараоны і іх намесьнікі, палатно служыла ў якасці грашовай адзінкі, выкарыстоўвалася пры пахаванні. Палатняныя ільняныя ветразі ўвайшлі ў гісторыю з адкрыццямі Калумба і іншых мораплаўцаў. Шэдэўры вялікіх мастакоў захаваліся да нашых дзён на льняных палотнах ... Сапраўды, гэтая тканіна проста містычная!
У даўнія часы лён шанавалі за яго ачышчальныя ўласцівасці, адзенне служыла своеасаблівым абярэгам і ахоўвала цела чалавека, які яго насіў. Таму да лёну ставіліся трапятліва і з павагай. Такому стаўленню ёсць нават навуковае абгрунтаванне.
Дзякуючы сучасным даследаванням, навукоўцы даказалі, што вопратка з ільняной тканіны паляпшае кровазварот, зніжае стамляльнасць, стымулюе ахоўныя сілы арганізма, а значыць чалавек менш хварэе. Некаторыя ўрачы сцвярджаюць, што пад ільнянымі бінтамі раны гояцца хутчэй. Усе гэтыя якасці з поўным правам дазваляюць назваць ільняную вопратку экалагічна чыстай.
Дзіўна тое, што нешматлікія айчынныя дызайнеры працуюць з гэтым высакародным матэрыялам, ведаючы ўсе гэтыя факты.
Часта з-за стэрэатыпаў пра ільняную вопратку, як пра простую і непрэзентабельную. І, нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце лён карыстаецца шалёнай папулярнасцю, у нашым гандлі часцей за ўсё можна сустрэць пашытую з яго бясформенную вопратку, што глядзіцца недарэчна. У асноўным гэта сукенкі ў этнастылі з традыцыйнай вышыўкай або аплікацыяй, свабодныя штаны і блузы-кашулі. А класічных сілуэтаў практычна не знайсці.
Часта, прапаноўваючы сваім кліенткам выбраць лён да адзення, сутыкаюся з стэрэатыпнымі адгаворкамі. Мабыць, найбольш частая – уласцівасць льнянога адзення моцна мяцца.
Яшчэ чамусьці жанчыны баяцца здавацца непрэзентабельнымі – бо тканіна даволі бюджэтная. І калі кошт тканіны наадварот можа быць яе перавагай, то мятасць некаторых сапраўды адпуджвае. Але ж яна з'яўляецца «фішкай» гэтага матэрыялу!
Дарэчы, вы заўважалі, што белы лён не жаўцее ад часу, як бавоўна? Гэта таксама перавага, асабліва для летняга адзення. А як прыемна целу!
І хто сказаў, што льняная вопратка не можа быць прывабнай?
З таго матэрыялу можна ствараць адзенне ў любым стылі і насіць яго з любой нагоды. Яно будзе глядзецца не менш эфектна, чым пашытае з дарагіх тканін. У маіх калекцыях ёсць і ўрачыстыя сукенкі, якія паспяхова «выгульвалі» гаспадыні на ўрачыстасцях і выклікалі захапленне і кампліменты.
Ёсць паўсядзённыя варыянты, але не звыклыя «мяшкі», а жаноцкія сукенкі, выкананыя ў стылі 50-х. Ёсць таксама строгія і лаканічныя мадэлі, зробленыя ў дзелавым стылі. З усімі сваімі задачамі тканіна спраўляецца на выдатна, а пачуццё камфорту, якое яна дорыць, складана пераацаніць.
Сёння лён – гэта стыль, лад жыцця, нават прэстыж.
Для сучаснага гарадскога жыхара, які знаходзіцца ў пастаянным руху і стрэсе, важныя якасць і практычнасць. Лён дае гэта з лішкам.
Нездарма ва ўсім свеце цікавасць да яго расце з кожным годам, а выбар фактур вельмі разнастайны. У спалучэнні з бавоўнай лён становіцца больш мяккім, з шоўкам – лёгкім і імклівым, з поўсцю – больш цёплым.
Калі вы яшчэ сумняецеся, ці патрэбна вам ільняная вопратка, мой адказ – так! Спрабуйце, насіце, любіце і атрымлівайце задавальненне!
Фота Антаніны Марозавай.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by