30.12.2018
30.12.2018

Малпа, Тыгр, Свіння… Усіх – 12!

logo
Думкі ўслых
0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ўсё ж цікава, калі штосьці агульнавядомае трохі перайначваць па-свойму. Бывае, атрымліваецца досыць удала. Вось як у мяне... Ведаю ж, што Новы год па кітайскім календары святкуюць у лютым. Тады быццам бы і пачынае панаваць адна з 12 жывёл Буды. Але, як кажуць, дзе я, а дзе кітайцы (з усёй павагай да іх!). Таму ў мяне жывёлы гасцююць пад ёлкай у навагоднюю ноч!

«Якія?!»  – здзіўлена папытаецеся вы. Ды цацкі! Жывое парася прыцягнуць у кватэру пакуль жадання не ўзнікае. Хаця шмат хто любіць трымаць у якасці хатніх гадаванцаў міні-свінак ці нават свінак в’етнамскіх! Але гэта дакладна не мой варыянт... Таму – цацкі.

Люблю перачытваць легенду пра тое, як Буда шукаў 12 жывёл, каб кожнай уручыць кіраванне годам. Памятаеце?! Згодна з ёй, першым быў Пацук (Мыш), затым Буйвал (Бык, Карова), Тыгр (добра, што хоць некалькі жывёл – без варыянтаў), Трус (Заяц), Дракон, Змяя, Конь, Каза (Авечка + мужчынскія варыянты абедзвюх. Жартую! Але штосьці ў гэтым ёсць), Малпа, Певень, Сабака (варыянтаў не прапаноўваць!), Свіння (Кабан). У мяне ж атрымаўся крыху іншы парадак. І першай была – Малпа.

Невялікую завабліва-яркую цацку чырвонага колеру да Новага года мне неяк падаравала каляжанка. Адсядзеўшы два тыдні пад ёлкай, Малпа знайшла сабе зручнае месца на паліцы. На наступны год я выпадкова ўбачыла ў продажы невялічкага Пеўніка. І набыла, сама не ведаю, чаму, чарговы сімвал года па кітайскім календары. Так пад ёлкай апынуліся ўжо дзве цацкі – адна перадавала ўладу другой.

Вось з таго часу ў нашай сям’і з’явілася традыцыя: у апошніх чыслах снежня набываць чарговую мяккую цацку. Прычым купіць усе адразу асабіста мне было нецікава. Значна цікавей – па адной у год.

Шчыра кажучы, па некаторыя давялося пабегаць-паездзіць. Іншыя з’яўляліся ў продажы літаральна 31-га снежня. Памятаю, як доўга не магла рашыцца набыць Змяю… Бр-р-р-р-р-р! Непрыемныя адчуванні. Асабліва калі прыгадаць сустрэчу з імі, жывымі, у лесе падчас збору ягад ці грыбоў.

Згледжваеш-то яе заўсёды знянацку! А тады і віск, і піск, і крыкі на ўвесь лес, і сэрца з грудзей выскоквае. Але ж, як кажуць, з песні слоў не выкінеш. Толькі ўсе цацкі-змеі, якія трапляліся, былі сапраўды такімі, што страшна іх у рукі ўзяць!

Нарэшце ўбачыла ў нашым аддзяленні сувязі больш-менш прывабную. Але ж во бяда! Трэба мне сёння, а аддзел не гандлюе ўжо. І толькі дзякуючы знаёмаму аператару сувязі, якая перабралася праз высокі бар’ер і прадала мне цацку, я яе займела ў той год.

Дужа арыгінальная трапілася Свіння – з тэніснай ракеткай! А вось за Быком (ён жа – Карова, ён жа – Буйвал, і ўсё ў адной асобе. Жартую!) давялося выбірацца са сваёй правінцыі ў Мінск, бо не было нічога цікавага на мясцовых базарах.

Паехала – і не пашкадавала. Апрача прыгожага жоўценькага колеру цацка парадавала і іншым: пры націсканні выдавала такое мычанне, што ўсе навакольныя проста клаліся ад смеху! І пра кожны сімвал года, пра асаблівасці яго выбару і набыцця можна расказваць цэлыя гісторыі. А яшчэ ж іх можна прыдумляць!

Але вось ужо цацак – адзінаццаць. Засталася апошняя – Авечка. Альбо Каза.

Напачатку не вырашыла, каго набыць. Хто прыгажэйшы. А пасля – пачалося, як заўсёды. То памерчык не той, то колер, то выраз… хм… «фэйсу» (каб жа не пакрыўдзіць сімвал года!). І таксама, як заўсёды, аказалася, што першая думка была правільнай. Да першай жа ўпадабанай Авечкі я і вярнулася.

Раней марыла: вось збяру 12 цацак – і на гэтым спынюся. І буду пасля штогод урачыста садзіць іх пад ялінку. А пасля задумалася… Мо, да кожнай падабраць пару? «Не, досыць і гэтых!» – пераканаўча сказалі мне сямейнікі. Ну, добра!

Самае цікавае, што праз 12 гадоў Свіння яшчэ захавала «голас»! Батарэйка не села, во дзіва! І зараз пры націсканні ёй на жывоцік даносіцца: «Хру-хру-хру! Хачу гуляць!» І музыка... Як жа захапляльна!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 25

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".