Выпадкаў заражэння каранавірусам у Беларусі не зафіксавана, паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ва ўсіх, хто звяртаўся ў медыцынскія ўстановы з прыкметамі вострай віруснай інфекцыі, былі выяўленыя вірусы грыпу А і В. Па словах міністра, у Беларусі ў поўным аб'ёме выконваюцца ўсе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Гэта датычыцца Нацыянальнага аэрапорта і іншых пунктаў пропуску па ўсёй мяжы Беларусі.
Завяршаюцца мерапрыемствы па святкаванні Новага года ў Кітаі. Таму ў бліжэйшы час мяркуецца вяртанне ў Беларусь кітайскіх студэнтаў і працоўных, а таксама беларусаў, якія адпачывалі ў Кітаі. З боку КНР, адзначыў Уладзімір Каранік, прымаюцца актыўныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання віруса за межы краіны. Усіх, хто вяртаецца з небяспечных па эпідэміялагічнай сітуацыі раёнаў, змесцяць на 14-дзённы карантын (столькі доўжыцца і інкубацыйны перыяд каранавіруса), і толькі пасля гэтага ім будзе дазволены выезд з краіны. Як паведаміў міністр, спісы людзей, якія павінны вярнуцца ў нашу краіну, удакладняюцца.
Акрамя гэтага, дадаў Уладзімір Каранік, прынятае рашэнне ўвесці дадатковыя меры па абароне тэрыторыі Беларусі ад завозу і распаўсюджвання каранавіруса: у Нацыянальным аэрапорце будзе наладжаны двайны кантроль.
У Нацыянальным аэрапорце таксама разгорнецца лабараторыя для дыягностыкі каранавіруса. Пакуль ідзе вызначэнне месца, дзе яна будзе размешчаная. Сярод тых, каму будзе рэкамендавана прайсці падобны тэст на наяўнасць або адсутнасць каранавіруса ў арганізме, – пасажыры, якія доўга знаходзіліся ў Кітаі.
У выпадку, калі ў чалавека адзначаныя ўсе прыкметы віруснай інфекцыі і ён няхай нават непрацяглы час знаходзіўся ў Кітаі, – гэта таксама абавязковая ўмова для правядзення тэст-даследавання на наяўнасць каранавіруса, дадаў Уладзімір Каранік.
Усе, хто прыбывае ў краіну, забяспечваюцца памяткамі пра неабходнасць назірання за сваім станам на працягу 14 дзён. Пры пагаршэнні самаадчування – выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, а не ісці ў паліклініку.
Як адзначыў міністр, вірус валодае нізкай кантагіёзнасцю і заразіцца ім даволі складана. Для гэтага неабходны працяглы кантакт з хворым чалавекам, напрыклад, сумеснае пражыванне. У зоне рызыкі таксама – медыцынскія работнікі.
У сваю чаргу галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, д.м.н., прафесар Ігар Карпаў патлумачыў, што пэўных спецыфічных клінічных прыкметаў у дадзенага каранавіруса няма. Менавіта таму асабліва важныя лабараторныя даследаванні.
Больш за ўсё, дадаў Ігар Карпаў, да рызыкі ўскладненняў схільныя людзі сталага ўзросту, якія, як правіла, маюць не адно хранічнае захворванне.
Распавялі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і пра меры прафілактыкі каранавіруса, якая заключаецца ў выкананні простых, але дзейсных правілаў: мыць рукі; не чапаць бруднымі рукамі вочы (слізістая вачэй можа стаць «брамай» для інфекцыі); пазбягаць кантактаў з людзьмі, у якіх ужо ёсць сімптомы інфекцыйных захворванняў.
Усе фотаздымкі ўзятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by