Што могуць азначаць бактэрыі 3+ у аналізе мачы? Частыя паходы ў прыбіральню ноччу – гэта захворванне мочапалавой сістэмы альбо псіхалагічная праблема? Якія аналізы здаць, каб высветліць прычыну цыстыту? Ці будуць праблемы з патэнцыяй з-за хранічнага прастатыту?
На пытанні чытачоў адказаў загадчык кафедры ўралогіі і нефралогіі БелМАПА, к.м.н. Дзмітрый Тарэндзь.
Кансультацыя ўролага
Бактэрыі ў мачы
Дачцэ 8 гадоў. Летась праходзілі лячэнне (бактэрыі +++ у агульным аналізе мачы, 10^5 Escherichia coli пры пасеве на флору), аналізы прыйшлі ў норму. Да лячэння рабілі УГД нырак, наведалі гінеколага, усё добра. Сёлета ў агульным аналізе мачы: бактэрыі +, пры паўторным аналізе – тое ж самае. Дзіця ні на што не скардзіцца. Ці варта турбавацца, здаваць дадатковыя аналізы, рабіць УГД?
– У дзяцей і дарослых можа быць бессімптомная бактэрыўрыя, калі ў аналізах мачы ўзбуджальнік выяўляецца, але ў пацыента няма якіх-небудзь скаргаў і сімптомаў, характэрных для інфекцый мачавых шляхоў. І ў большасці выпадкаў наяўнасць бактэрый у мачы не патрабуе лячэння. Аднак, калі гаворка ідзе пра дзяцей, сітуацыя патрабуе дадатковага абследавання для выяўлення прычынаў гэтай бактэрыўрыі, бо многія анамаліі мачавых шляхоў у дзяцей могуць працякаць бессімптомна. Таму рэкамендую паўторна здаць аналіз мачы на пасеў і пры захаванні такога ўзроўню бактэрый звярнуцца да дзіцячага ўролага.
Што могуць азначаць бактэрыі 3+ у аналізе мачы?
– Часта гэты паказчык у агульным аналізе мачы не азначае нічога дрэннага. Магчыма, проста сам аналіз быў здадзены не па правілах. Неабходна здаваць ранішнюю сярэднюю порцыю мачы нашча пасля туалету вонкавых палавых органаў у стэрыльны посуд. Наяўнасць бактэрый можа быць першай прыкметай інфекцыі мочавыводзячых шляхоў. Таму, калі пры паўторным правільна выкананым аналізе бактэрыі зноў будуць выяўленыя, неабходна здаць яшчэ аналіз мачы на пасеў (даследаванне уракультуры), каб высветліць, якія мікробы выклікаюць запаленне і да чаго яны адчувальныя.
Як пазбавіцца ад кішэчнай палачкі ў мачавым пузыры? Пастаянна высейваецца пры бакпасеве мачы. Пакутую з-за частых позваў у прыбіральню, рэзі і болю ў мачавым пузыры. З-за кішэчнай палачкі ўтварылася несфарміраваная лейкаплакія ўрэтры мачавога пузыра, ужо 15 гадоў жыву з гэтым.
– Гаворка пра рэцыдывавальны бактэрыяльны цыстыт і адну з хранічных формаў запалення мачавога пузыра – лейкаплакію мачавога пузыра, хутчэй за ўсё. Дадзеная сітуацыя патрабуе шпіталізацыі ва ўралагічны стацыянар, каб выканаць цыстаскапію з біяпсіі мачавога пузыра (ці без яе). І калі сапраўды будзе выяўленая лейкаплакія, яна павінна быць ліквідаваная хірургічным эндаскапічным спосабам: з дапамогай электракаагуляцыі альбо энергіі лазера.
Частае мочаспусканне
Дзяўчына, 25 гадоў. Калі кладуся спаць, пастаяннае адчуванне, што мачавы пузыр не цалкам пусты, гэта не дае заснуць. Даводзіцца два разы хадзіць у прыбіральню, хаця ўжо амаль «пуста». Калі на працягу 20 хвілін не засну, здаецца, што зноў хочацца ў прыбіральню. Ніякага болю пры мочаспусканні не адчуваю. Калі нервуюся, таксама часцей хочацца ў прыбіральню. Гэта прыкмета нейкага захворвання альбо проста я сама так настроілася?
– Для адэкватнай ацэнкі апісанага рэкамендую весці дзённік мочаспускання. На лісце паперы на працягу 2-3 дзён запісвайце час і аб'ём кожнага мочаспускання (трэба мачыцца ў мерны посуд) удзень і ўночы. Гэта дасць разуменне, наколькі сімптомы, што вас турбуюць, значныя і ці варта займацца далейшым абследаваннем. З вынікамі рэжыму мочаспускання трэба звярнуцца да ўролага. Ён падкажа, што рабіць далей.
Мне 24 гады. Перад сном пастаянна ўзнікае жаданне схадзіць у прыбіральню «па-маленькаму», пры гэтым пры паўторным паходзе мочаспусканне адбываецца ў вельмі малых колькасцях (пры звычайным жаданні на працягу дня з гэтым усё ў парадку). Жаданне паўтараецца практычна адразу пасля выхаду з прыбіральні, у сувязі з чым бывае вельмі складана заснуць. Гэта звязана з органамі мочаспускання альбо псіхалагічная праблема?
– Рэкамендую 2-3 дні весці дзённік мочаспускання, выканаць агульны аналіз крыві і мачы для выключэння сур'ёзнай інфекцыйнай паталогіі ніжніх мачавых шляхоў, зрабіць УГД нырак і мачавога пузыра. І з гэтымі дадзенымі запісацца на прыём да ўролага. Вельмі часта на прыёме, аналізуючы дадзеныя рэжыму мочаспускання і аповед пацыента, атрымліваецца высветліць, што гэта не зусім медыцынская праблема, а больш псіхалагічная.
На што могуць паказваць частыя позвы да мочаспускання, асабліва ўвечары перад сном? Як лягу ў ложак, магу 5 і больш разоў уставаць у прыбіральню. Да гэтага прапіла фурамаг і канефрон, паколькі быў цыстыт. Пасля гэтага аналізы былі ў норме.
– Інфекцыі мачавога пузыра (востры альбо хранічны цыстыт) могуць выклікаць такія сімптомы, як нактурыя – начныя паходы ў прыбіральню больш за адзін раз. Гэты стан можа быць звязаны са зніжанай ёмістасцю мачавога пузыра нейрагеннай прыроды з-за нейкага захворвання. Таксама прычынай можа быць такі стан, як гіперактыўны мачавы пузыр, які досыць часта распаўсюджаны як сярод жанчынаў, так і сярод мужчын, і патрабуе лячэння спецыфічнымі лекавымі прэпаратамі.
Яшчэ адна прычына нактурыі – павышанае мочавыдзяленне ў начны час з-за начной паліўрыі, што патрабуе больш стараннага абследавання, у тым ліку на спецыяльныя гармоны. Таму рэкамендую 2-3 дні весці дзённік мочаспускання, выканаць агульны аналіз крыві і мачы, УГД нырак і мачавога пузыра. І з вынікамі запісацца на прыём да ўролага.
Мне 63 гады, вяду здаровы лад жыцця, займаюся тры разы на тыдзень у спартзале. 7-10 разоў ноччу хаджу ў прыбіральню, пастаянна не высыпаюся. Гэтая праблема ў мяне каля 10 гадоў. Пасля кансультацый у розных уролагаў Мінска праходзіў прызначаныя курсы лячэння, але праблема засталася. Ці можна запісацца да вас на прыём? І што параіце?
– З улікам вашага ўзросту, характару мочаспускання магчымыя два захворванні: дабраякасная гіперплазія прадсталёвай залозы (адэнома) альбо гіперактыўны мачавы пузыр. Улічваючы працягласць вашага анамнэзу, я б рэкамендаваў звярнуцца да мяне на кансультацыю з дадзенымі ўсіх папярэдніх абследаванняў і лячэння.
Я кансультую ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы (+375 (17) 265-22-24), у прафесарска-кансультатыўным цэнтры БелМАПА (017 374-06-25; 029 394-07-37; 033 660-27-97) і медыцынскім цэнтры «Доктар Профі».
Мне 47 гадоў. Вось ужо 17 гадоў пакутую ад праблемы з пачашчаным мочаспусканнем: удзень мачуся прыкладна кожныя 2 гадзіны, ноччу ўстаю ў прыбіральню 3-4 разы. Лячыўся ў розных медцэнтрах, але знайсці прычыну і ліквідаваць праблему так і не ўдалося. Цукровага дыябету – няма, розных інфекцый – няма, рабіў ПЦР. З вашага пункту гледжання, у чым прычына маёй хваробы? Можа быць, гэта паталогія нырак?
– З улікам працягласці захворвання не выключана, што ў вас гіперактыўны мачавы пузыр. Гэта сур'ёзная распаўсюджаная праблема. Яна можа мець нейрагенную прыроду, калі ў яе аснове ляжыць іншае захворванне, якое цягне парушэнне інервацыі (забеспячэнне органаў і тканак нервамі) мачавога пузыра. Напрыклад, захворванні галаўнога мозгу, спіннога мозгу, перыферычнай нервовай сістэмы. Калі ў ходзе абследавання гэтыя прычыны не выявіліся, магчыма, маецца ідыяпатычная форма гіперактыўнасці дэтрузара альбо сапраўдны сіндром гіперактыўнасці мачавога пузыра.
Па вялікіх эпідэміялагічных даследаваннях, распаўсюджанасць сімптомаў, характэрных для гэтага захворвання, у свеце дасягае 16-20%. У большасці выпадкаў прызначаецца медыкаментознае лячэнне. Прымяняюцца атрапінападобныя прэпараты, якія ўздзейнічаюць на рэцэптары мачавога пузыра і здольныя расслабляць яго, тым самым зніжаючы частату мочаспускання. Калі гэта не дапамагае, існуюць іншыя, больш інвазіўныя метады лячэння. Сёння ва ўралогіі для вырашэння гэтай праблемы шырока выкарыстоўваецца батулінічны таксін, які ўводзіцца ў сценку мачавога пузыра для яго расслаблення, і іншыя малаінвазіўныя метады лячэння.
Цыстыт і ўрэтрыт
Чаму ў некаторых выпадках пры цыстыце ўрачы выпісваюць антыбіётык амаксіцылін, а ў некаторых – толькі фурамаг?
– Пры лячэнні вострага цыстыту ў дарослых пацыентаў прэпаратам выбару з'яўляюцца лекавыя сродкі нітрафуранавага рада, у прыватнасці, фуразідын. У дзяцей прэпаратамі выбару могуць быць іншыя лекавыя сродкі, дазволеныя па ўзросце. Калі ж гаворка ідзе пра рэцыдывавальны цыстыт (хранічнае запаленне мачавога пузыра), дык лячэнне прызначаецца ў адпаведнасці з вынікамі бактэрыяльнага пасеву мачы. Падбіраецца прэпарат, да якога адчувальныя выяўленыя мікраарганізмы. Ім можа быць, у тым ліку, і амаксіцылін.
Якія аналізы трэба здаць, каб высветліць прычыну цыстыту?
– Каб высветліць прычыну цыстыту, трэба здаць агульны аналіз мачы (сярэдняя порцыя). Калі ж маецца хранічны цыстыт (паўтараецца больш за 2 разы за апошнія 6 месяцаў альбо больш за 3 разы за апошні год), у стандарты абследавання ўваходзіць аналіз мачы на пасеў.
Калі адбылося чарговае абвастрэнне цыстыту, не трэба адразу прымаць прэпарат, які раней вам дапамагаў. Лепей спачатку здаць агульны аналіз мачы і аналіз на пасеў. Гэта неабходна, каб выявіць канкрэтны ўзбуджальнік. Часцей за ўсё гэта будзе урапатагенная кішэчная палачка, аднак, трэба ведаць, да чаго яна адчувальная, каб не страляць з гарматы па вераб'ях, а прызначыць канкрэтны антыбіётык. На практыцы ж пры рэцыдыве большасць жанчынаў звяртаецца да ўролага, ужо прыняўшы лекавы сродак, які раней дапамагаў пры цыстыце. Тады здаваць аналіз на пасеў не мае сэнсу.
Па дадзеных некаторых даследаванняў, распаўсюджанасць цыстыту параўнальная, а то і вышэйшая, з распаўсюджанасцю інфекцый дыхальных шляхоў. Лічыцца, што за сваё жыццё на цыстыт перахварэе кожная трэцяя жанчына. У мужчын цыстыт, як правіла, не ўзнікае.
Для прафілактыкі захворвання трэба пазбягаць пераахаладжэння, насіць якасную бялізну без швоў з натуральных матэрыялаў, праводзіць гігіенічныя працэдуры ў напрамку «спераду назад». Інфекцыя ў мачавы пузыр жанчынаў трапляе спачатку з прамой кішкі на скуру пахвіны, адтуль – у пераддзвер'е похвы, затым у мочаспускальны канал і потым уверх – у мачавы пузыр.
Лячылі ад цыстыту дзіця антыбіётыкам (прапілі 5 дзён амаксіцылін), па прызначэнні педыятра. Праз тыдзень рэцыдыў, трапілі ў бальніцу. Калі раней наогул не ведалі, што такое цыстыт, дык пасля бальніцы стабільна раз на год здараюцца эпізоды. Стараемся берагчыся, цёпла апранаемся, не сядзім на халоднай падлозе. Як надалей не дапускаць абвастрэння?
– Калі ў дзіцяці ёсць рэцыдывавальная інфекцыя мачавых шляхоў, сітуацыя патрабуе больш паглыбленага абследавання для выключэння прычынаў, якія выклікаюць хваробу. Часта гэтыя прычыны маюць прыроджаны характар (анатамічны альбо функцыянальны). Яны павінны быць выяўленыя і знаходзіцца пад наглядам урача. Магчыма, з гэтым нічога не трэба будзе рабіць, але часам патрабуецца пэўная карэкцыя.
У Беларусі існуе Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай уралогіі (https://2gdkb.by/tsentry/respublikanskij-tsentr-detskoj-urologii) на базе 2-й ГДКБ. Калі вы з педыятрам зафіксавалі частыя абвастрэнні цыстыту, мэтазгодна звярнуцца ў дадзены цэнтр.
Чым адрозніваецца цыстыт ад урэтрыту?
– Дадзеныя захворванні адрозніваюцца лакалізацыяй. Урэтрыт – гэта запаленне мочаспускальнага канала, а цыстыт – запаленне мачавога пузыра. У жанчынаў гэтыя станы цяжка адрозніць. Паколькі інфекцыя ў жаночы мачавы пузыр пранікае ўзыходзячым шляхам – праз ўрэтру, дык першапачаткова магчымае запаленне ўрэтры, а затым ужо мачавога пузыра. У мужчын запаленне мачавога пузыра – вельмі рэдкі стан, а вось запаленне мочаспускальнага канала (урэтрыт) часцей носіць спецыфічны характар і звязанае з інфекцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам (ІППШ).
Прастатыт, сіндром хранічнага тазавага болю
Як вы ставіцеся да выкарыстання інгібітараў 5АР (у прыватнасці, фінастэрыду) пры сіндроме хранічнага тазавага болю ў маладога чалавека, 28 гадоў? Дзяцей мець не планую, палавым жыццём не жыву і не планую, такім чынам, пабочнае дзеянне ў выглядзе бясплоддзя і гіпалібідэміі не хвалюе. Тамсулазін не пераношу з-за выяўленай артастатычнай гіпатэнзіі. Быў бактэрыяльны прастатыт. Каля года прымаю фінастэрыд і дутастэрыд. Боль і дыскамфорт зменшыліся.
– Інгібітары 5АР – гэта прэпараты выбару ў лячэнні сімптомаў захворванняў ніжніх мачавых шляхоў, выкліканых дабраякаснай гіперплазіяй прадсталёвай залозы. Гэта значыць, яны ў асноўным прымяняюцца для патагенетычнага лячэння павелічэння прадсталёвай залозы, бо прыводзяць да яе памяншэння ў памерах за кошт блакавання дзеяння метабалітаў мужчынскага гармону тэстастэрону.
Гэтыя прэпараты дазволеныя, па дадзеных некаторых даследаванняў, могуць прызначацца пацыентам з хранічным прастатытам альбо сіндромам хранічнага тазавага болю. Але ў такім узросце большасці сваіх пацыентаў з гэтым сіндромам я асабіста дадзеныя прэпараты не прызначаю з-за іх пабочных эфектаў: парушэнне лібіда, эрэкцыі, павелічэнне грудных залозаў.
Таксама не пачынаю лячэнне з гэтых прэпаратаў дабраякаснай гіперплазіі прадсталёвай залозы, дадаю іх да іншых прэпаратаў толькі ў тым выпадку, калі тыя малаэфектыўныя ці бачу, што сімптомы захворвання прагрэсуюць. Паколькі вас не хвалююць вышэйназваныя пабочныя эфекты, а прэпараты вам дапамагаюць, дык не бачу падстаў ад іх адмаўляцца. Гэтыя лекі прызначаныя для працяглага прыёму.
Мне 35 гадоў. Дыягназ «хранічны прастатыт» паставілі ў 15 гадоў. Нічога не турбуе, акрамя начных хаджэнняў у прыбіральню. Адзін час прымаў некалькі гадоў прастамол уна. Прывык спаць па 5 гадзін у суткі, бо з-за начных абуджэнняў у прыбіральню цяжка потым заснуць. З-за чаго я захварэў на гэтую хваробу ў 15 гадоў? Якія праблемы мяне чакаюць у будучым у плане патэнцыі? Якая верагоднасць развіцця раку прастаты?
– Падлеткавы ўзрост не характэрны для ўзнікнення хранічнага прастатыту. Таму, хутчэй за ўсё, захворванне мела іншую прычыну. У маладых людзей гэта часцей дысфункцыянальнае мочаспусканне, магчыма, нейрагеннай прыроды. Неабходна прааналізаваць сітуацыю і высветліць прычыну ўзнікнення запалення прадсталёвай залозы ў такім раннім узросце. Захворванне органа цесна звязанае з праблемамі эрэкцыі і патэнцыі, але гэта розныя паталогіі. Не заўсёды прастатыт вядзе да зніжэння патэнцыі.
Зараз няма доказнай базы, што хранічны прастатыт спрыяе развіццю раку прадсталёвай залозы. Так, ёсць назіранні, што ў мужчын з хранічным прастатытам пухліна прадсталёвай залозы сустракаецца часцей. Але я лічу, што гэта проста звязана з больш частымі наведваннямі ўролага такімі пацыентамі і, адпаведна, лепшай выяўляльнасцю.
З-за чаго можа з'явіцца прастатыт і што трэба рабіць, каб яго не было?
– Гэта вельмі шырокая праблема. Існуе хранічны бактэрыяльны прастатыт (ХБП). Многія лічаць, што гэта адзін з асноўных яго відаў. Але сапраўдны ХБП сустракаецца толькі ў 15% выпадкаў. Найбольш частая форма – хранічны небактэрыяльны прастатыт, ці сіндром хранічнага тазавага болю, калі прычынай запалення з'яўляюцца не бактэрыі. Альбо бактэрыі, якія мы пакуль не можам выявіць метадамі лабараторнай дыягностыкі.
Такім чынам, прычыны захворвання могуць быць выкліканыя інфекцыяй у мочаспускальным канале, якая пранікае ў прадсталёвую залозу. Але адразу адзначу, што выразнай доказнай базы паміж ІППШ і прастатытам няма. Нельга сцвярджаць, што хламідыі, мікаплазмы, трыхаманады выклікаюць гэтае захворванне.
Іншыя прычыны прастатыту:
- пастаянны рэфлюкс (закід) мачы ў пратокі прадсталёвай залозы;
- дысфункцыянальнае мочаспусканне;
- хімічнае запаленне – пранікненне з мачы хімічных агентаў у тканку прадсталёвай залозы;
- імуналагічныя змены, якія запускаюць каскад рэакцый, што прыводзяць адразу да хранічнай формы захворвання;
- нейрагенныя прычыны: парушэнне інервацыі мышцаў тазавага дна прадсталёвай залозы, парушэнне кроватоку ў органе (адток крыві па венах таза) і інш.
Сёння лячэнне хранічнага прастатыту і сіндрому хранічнага тазавага болю робіцца больш індывідуалізаваным. Высвятляюцца прычыны, асноўныя сімптомы, якія найбольш хвалююць, і плануецца далейшая тэрапія, якая можа кардынальна адрознівацца ад пацыента да пацыента.
Ці абавязкова весці актыўны лад жыцця (бег альбо трэнажорная зала), каб не было прастатыту? Ці можна абмежавацца пэўнымі мінімальнымі фізпрактыкаваннямі?
– Актыўны лад жыцця вельмі добра ўплывае на якасць жыцця мужчыны і здароўе яго рэпрадуктыўнай сістэмы. Любыя актыўныя рухі паляпшаюць кровазварот органаў малога таза. А калі яны добра забяспечваюцца крывёй, іх функцыянальныя здольнасці павялічваюцца ў некалькі разоў. Апрача вышэйназваных актыўнасцяў, я б рэкамендаваў больш часу гуляць на свежым паветры на доўгія адлегласці.
У кантэксце спорту магу ўдакладніць, што ёсць доказы магчымага згубнага ўздзеяння на прадсталёвую залозу пры прафесійным занятку веласпортам.
Якія віды прастатыту бываюць? Ці маглі б вы прывесці спасылкі на даступную літаратуру пра гэтую праблему?
- Востры прастатыт;
- хранічны бактэрыяльны прастатыт;
- хранічны небактэрыяльны прастатыт;
- бессімптомны прастатыт.
Рэкамендую пачытаць: В.А.Малачкоў, І.І.Ільін. Хранічны ўрэтрагенны прастатыт.
Працую на складзе замарожанай прадукцыі. Заўважыў, што за час працы ў холадзе з'яўляецца рэзкі востры боль у пахвіне, на пару секунд. Што гэта можа быць і да каго звярнуцца?
– Часцей за ўсё такія сімптомы (рэзкі боль, які тут жа праходзіць) нехарактэрныя для праблемаў з мочапалавымі органамі. Уралагічны боль мае больш працяглы характар. Але хачу адзначыць, што пераахаладжэнне – фактар рызыкі ўзнікнення інфекцыі мачавых шляхоў у жанчынаў і хранічных запаленчых працэсаў у прадсталёвай залозе ў мужчын. Для пачатку трэба звярнуцца да тэрапеўта.
Ускладненні пасля анказахворванняў
У мужа (44 гады) выявілі рак прамой кішкі 3 ст. У жніўні ён перанёс тры аперацыі па выдаленні пухліны ў Мінскім гарадскім анкадыспансэры. У выніку мужу вывелі стому (калапрыёмнік) і цыстастому (мочапрыёмнік). Казалі, што праз месяц цыстастому павінны прыбраць, але вось ужо трэці месяц муж пакутуе з ёй, пры перакрыванні трубкі вадкасць можа выходзіць праз задні праход, ды і трубка рызыкуе ўвесь час выпасці. Нядаўна ноччу трубка амаль вылезла, мачавы пузыр перапоўніўся, муж уставіў трубку назад, але пасля гэтага пачалося моцнае запаленне мачавога пузыра з тэмпературай і дрыжыкамі. З-за тэмпературы яго не ўзялі на абследаванне ў анкадыспансер, але аналізы паказалі, што каранавіруса ў мужа няма. Цяпер нам адмаўляюць у лячэнні, бо анкадыспансер зачынілі «пад кавід». Мы баімся, што запаленне можа адбіцца на нырках і іншых жыццёва важных органах. Што параіце ў такой сітуацыі? Можна трапіць да вас на кансультацыю?
– Хутчэй за ўсё размова ідзе пра фарміраванне пузырна-рэктальнага свіршча – штучна сфармаванага паміж поласцю мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі. Тэрмін у 4 месяцы з'яўляецца прыдатным для выканання рэканструктыўнай аперацыі для аднаўлення адэкватнага мочаспускання без цыстастомы. Канчаткова гэтае пытанне можна вырашыць пасля агляду пацыента для ацэнкі гатоўнасці яго мясцовых тканак да такой аперацыі, паколькі пасля камбінаванага лячэння пасляпрамянёвыя запаленчыя змены могуць захоўвацца працяглы час, што будзе перашкаджаць добраму гаенню пасля рэканструкцыі.
Рэкамендую сабраць дадзеныя абследаванняў, лячэння і звярнуцца да мяне на кансультацыю для планавання спецыялізаванай дапамогі. У нашай клініцы, якая месціцца ў МАКБ, выконваюцца аперацыі як па ўралагічных, так і па анкаўралагічных паталогіях і іх наступствах.
Выдаленая левая нырка (рак лаханкі). Як правільна харчавацца, каб не пазбавіцца пакінутай ныркі? Акрамя гэтага шмат пазваночных грыжаў. Якія нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты (НСЗП) лепей прымаць для зняцця болевага сіндрому? Раней прымала ібупрафен, але высветлілася, што ён можа правакаваць рак ныркі.
– Цяпер найбольш важна правільнае дыспансернае назіранне за сваім асноўным захворваннем – ракам лаханкі, што патрабуе пэўнай частаты наведвання ўрача ў першы і наступныя гады. Гэта неабходна, каб не прапусціць прыкметы прагрэсу альбо рэцыдыву захворвання. Магу вас супакоіць: у большасці выпадкаў людзі з адзінай ныркай, якая да аперацыі была ў нармальным функцыянальным стане, жывуць гэтак жа, як і пацыенты з дзвюма ныркамі, якасць жыцця не церпіць.
Асаблівых рэкамендацый па дыеце мы такім пацыентам не даем. Адзіная рэкамендацыя – ужыванне дастатковай колькасці вадкасці ў любым выглядзе, каб у ныркі была пастаянная нагрузка вадой, і яна адэкватна функцыянавала, што зніжае верагоднасць іншых захворванняў.
Даказаны факт, што НСЗП могуць згубна ўплываць на функцыю нырак, выклікаючы ў іх лекавае запаленне – міжтканкавы нефрыт. Пытанне трэба вырашаць індывідуальна, супастаўляючы неабходнасць прыёму НСЗП для купіравання болю з іх магчымымі пабочнымі эфектамі на ныркі. Сучасныя селектыўныя НСЗП валодаюць меншым уплывам на нырачную тканку. Гэта такі прэпарат, як этарыкаксіб, да прыкладу.
Фота – Аксана Жураўлёва і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
https://bel.24health.by/urolog-anton-glavinskij-o-spermogramme-potencii-i-besplodii-video/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by