24.12.2021
24.12.2021

Няхай Святло заўжды перамагае цемру!

logo
Беларускі код
0 92
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэтая ноч будзе па-сапраўднаму светлай – для тых, хто 25 снежня святкуе Раство, Божае Нараджэнне. Свята, поўнае радасці, любасці і замілавання. З Богам і верай у сэрцы. І нават тыя, хто далёкі ад гэтага, адчувае штосьці магічнае і таямнічае. І быццам увачавідкі мы назіраем, як святло Віфлеемскай зоркі перамагае цемру...

Памятаю, як раней, у часы праваднога радыё, з задавальненнем слухала службу з Чырвонага касцёла. Мяне заўсёды прыцягвала тая беларуская мова ксяндзоў з польскім вымаўленнем. І словы, здаецца, пранікаюць прама ў душу. І хочацца быць лепшай і чысцейшай, рабіць толькі добрыя ўчынкі...

Люблю бываць у касцёлах. Розных. Беларускіх і замежных. Сядзець на лаўцы, слухаць арган, ціха думаць пра штосьці сваё, скіраванае туды, у вышыню... Разглядаць святых на абразах, адмысловы роспіс сцен і столі. І сапраўды адчуваць прысутнасць чагосьці невытлумачальнага, але такога добрага і прыемнага сэрцу. І звяртацца да яго з просьбай дараваць здароўе блізкім...

Неяк не выпадала бываць на святкаваннях Божага Нараджэння ў кагосьці ў хаце. Зрэшты, зразумела. Гэтае свята лічыцца найперш сямейным. Але па існуючых здаўна традыцыях таго, хто 25 снежня завітае да каталікоў па якой патрэбе ці проста так, прымаюць, як самага дарагога госця.

Затое аднойчы мы, карэспандэнт і фотакарэспандэнт чэрвеньскай раённай газеты, рабілі да гэтага дня фотарэпартаж з адной з каталіцкіх вёсак Чэрвеньшчыны – Печышча. Людзей і на той час там заставалася не так ужо і шмат. І не ўсе былі каталікамі. Але тыя, з кім мы пазнаёміліся, сапраўды запомніліся сваімі разважаннямі і аповедамі. Запомніліся на дзесяцігоддзі...

Калісьці атрымлівалася глядзець фрагменты начной імшы з Чырвонага касцёла. Таямнічыя словы, урачыстасць моманту, промні дабрыні – здавалася, усё гэта адчувальна лунае па гэты бок экрана. Невытлумачальна, але факт.

Магчыма, гэта сапраўды голас крыві. У некаторых пісьмовых крыніцах мы знаходзілі ўзгадкі пра тое, што Адамовічы некалькі стагоддзяў таму былі каталіцкага веравызнання. Магчыма, нашыя продкі. І памяць роду ў гэтыя па-асабліваму светлыя ноч і дзень па таямнічым зорным партале, які раскрываецца ў нябёсах, дасягае нашых сэрцаў. Інакш адкуль гэтае пачуццё заспакоенасці душэўнай, гэтае адчуванне цуду?!

...Углядаюся ў таямнічае зорнае неба – і, здаецца, чую, як дзесьці пераліваюцца на розныя галасы пяшчотныя срэбныя званочкі. Заплюшчваю вочы – і ўяўляю службу ў Чырвоным касцёле. Чаму там?! Бо мне ён вельмі падабаецца. Хаця і даводзіцца бываць не часта.

Так прыемна бачыць сапраўдных вернікаў! Якія яны адухоўленыя! І твары іх сапраўды асветленыя радасцю ад кранальнасці моманту. А мне чамусьці хочацца нават крыху паплакаць. Ад паўнаты пачуццяў. Асабліва калі глядзіш на дзетак, якія так шчыра моляцца...

У мяне ёсць некалькі знаёмых каталікоў, у рэале і ў сеціве, якіх сёння з задавальненнем павіншую з іх святам. Вось некаторыя проста мімаходзь расказвалі пра тое, як будуць адзначаць, але нават у гэтых сціплых словах чуліся чаканні цуду.

І няхай ён сёння, той ЦУД, тыя таямнічасць і ўрачыстасць моманту, любасць і замілаванне, неверагодная дабрыня паселяцца ў сэрцах усіх, хто з трапяткой душой святкуе Божае Нараджэнне! Моцнай вам веры, шаноўныя сябры, здароўя, шчасця, дабрабыту, усяго самага звычайнага зямнога і ўзнёслага нябеснага!

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 92

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".