Паводле статыстычных дадзеных, ад варыкознай хваробы пакутуюць каля паловы жыхароў зямнога шара. Варыкознае пашырэнне венаў ніжніх канечнасцяў з'яўляецца самым распаўсюджаным захворваннем перыферычных сасудаў. І гэта зусім не касметычны дэфект, а сур'ёзная паталогія, якая ў некаторых выпадках патрабуе хірургічнага ўмяшання. А калі яе не лячыць, можа прывесці да цяжкіх наступстваў.
Аб прычынах і сімптомах варыкознай хваробы, сучасных метадах яе лячэння і прафілактыцы Слушна распавёў Іван Клімчук, галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н..
Што такое варыкозная хвароба?
Пры варыкознай хваробе сценкі венаў, па якіх кроў цячэ да сэрца, дэфармуюцца і робяцца шырэйшымі. З-за гэтага ім складаней выконваць сваю функцыю. У норме кроў цячэ па венах ніжніх канечнасцяў уверх, і дапамагаюць ёй у гэтым мышачныя скарачэнні і вянозныя клапаны, якія адкрываюцца па кірунку току крыві і затым зачыняюцца, каб не пусціць яе назад. Калі клапаны пашкоджаныя і не могуць цалкам зачыніцца, дык кроў вяртаецца ўніз. Узнікае залішні ціск на вянозную сценку, і яна дэфармуецца – расцягваецца. Вынік – набракшыя, з вузламі, звілістыя вены на нагах.
Не варта блытаць варыкозную хваробу са здаровай венай, якая можа быць бачная праз скуру. Часам гэта проста асаблівасць арганізма.
Хто ў групе рызыкі?
У 70-80% выпадкаў з'яўлення варыкознай хваробы – спадчынная схільнасць. Генетычны фактар – не адзіная, але адна з асноўных прычынаў развіцця захворвання.
Высокая рызыка развіцця варыкознай хваробы ў тых асобаў, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з працяглай статычнай нагрузкай. Напрыклад, у цырульнікаў, хірургаў, прадаўцоў і повараў.
Павышаная рызыка гэтага захворвання венаў у жанчын. Часам першыя яе праявы ўзнікаюць падчас цяжарнасці і з цягам часу могуць прагрэсаваць. Прыём гарманальных кантрацэптываў таксама робіць свой унёсак у развіццё варыкознай хваробы.
Часцяком варыкознае пашырэнне венаў, развіццё хваробы і прагрэсаванне, – прамое следства гіпадынаміі. Асабліва, калі чалавек пакутуе ад лішняй вагі.
Першыя прыкметы варыкозу
Пра пачатак варыкознай хваробы можа сведчыць наяўнасць на ніжніх канечнасцях сасудзістых зорачак, сетачак, з'яўленне няроўнасцяў па ходзе венаў.
Акрамя чыста касметычнага дэфекту, з часам з'яўляецца пачуццё цяжару ў нагах, стамляльнасць, магчымыя курчы ікраножных мышцаў.
Пасля ацёку пачынаецца наступная стадыя прагрэсавання захворвання. Змяняецца колер скуры, прычым не абавязкова ў вобласці вены. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў вобласці ўнутранай шчыкалаткі. Скура цямнее, робіцца шчыльнай, у гэтай зоне з'яўляецца хваравітасць. Фінальная стадыя варыкознай хваробы – гэта з'яўленне трафічных язваў, якія працяглы час не гояцца, а таксама часта рэцыдывуюць.
Лячэнне варыкозу
Для дыягностыкі захворвання выконваецца ўльтрагукавое даследаванне. З яго дапамогай можна вызначыць будову сценкі вены, вымераць яе дыяметр, памер, ацаніць функцыю вянознага клапана. Улічваюцца таксама скаргі пацыента. І толькі пасля гэтага вызначаецца тактыка лячэння.
Кампрэсійная тэрапія – універсальны метад, які добра сябе зарэкамендаваў. Звязаны з выкарыстаннем спецыяльнага кампрэсійнага трыкатажу (шкарпэткі, гольфы, панчохі і г.д.). Ён бывае рознай ступені кампрэсіі, якую пацыенту падбярэ ўрач. Варта ўлічваць, што такі трыкатаж з часам можа расцягвацца. Таму яго неабходна перыядычна мяняць.
Фармакатэрапія заключаецца ў прыёме спецыяльных лекавых прэпаратаў, якія ўплываюць на вянозную сістэму: павышаюць тонус венаў, паляпшаюць функцыянаванне вянознага клапана, валодаюць пэўным супрацьзапаленчым дзеяннем. Зрэшты, такія лекі дазваляюць паменшыць праяву сімптомаў хваробы, але не вылечыць яе.
Хірургічнае лячэнне дазваляе выдаліць паталагічна змененую вену. Такі метад пазбаўляе чалавека як ад праяў хваробы, а менавіта ад пашыраных венаў, так і ад сімптомаў захворвання.
Сёння існуе розны спектр аператыўных умяшанняў для лячэння варыкознай хваробы. Сярод іх – традыцыйная хірургія і малаінвазіўныя (малатраўматычныя) метады лячэння. У пэўных выпадках для аднаго пацыента даводзіцца камбінаваць розныя методыкі, напрыклад, хірургію ў класічным разуменні і малаінвазіўную лазерную хірургію.
З дапамогай малаінвазіўнай хірургіі няма патрэбы выконваць разрэзы і выдаляць «хворую» вену, прымяняць сур'ёзную анестэзію. Напрыклад, пры выкарыстанні эндавянознай лазернай каагуляцыі ў вену праз пракол уводзіцца лазерны святлавод і пад кантролем УГД вена запайваецца. Лячэнне праходзіць пад мясцовай анестэзіяй.
Акрамя таго, існуе методыка механіка-хімічнай аблітэрацыі: з дапамогай спецыяльных прыбораў сценка вены знутры раздражняецца, яна пачынае звужацца, і ў гэты момант у яе ўводзіцца хімічны прэпарат (склеразант), які запайвае сценкі вены. У гэтым выпадку анестэзіі не трэба зусім.
Склератэрапія ў чыстым выглядзе, калі выкарыстоўваецца толькі склеразант, які ўводзіцца ў вену, праводзіцца рэдка. Як правіла, на ранніх стадыях развіцця варыкознай хваробы або ў выпадках, калі іншы метад лячэння з-за тых ці іншых абставінаў немагчымы.
На жаль, пасля лячэння незалежна ад абранай методыкі ў 10-15% выпадках здараюцца рэцыдывы – варыкозныя вены з'яўляюцца зноў.
Прафілактыка варыкознай хваробы
Частка фактараў, якія могуць спрыяць развіццю захворвання, можна змяніць, тым самым значна паменшыць рызыку з'яўлення варыкознай хваробы венаў.
Чаго не любяць вены? Вены не любяць высокіх тэмператур, таму тым, у каго ёсць схільнасць да развіцця захворвання, не варта злоўжываць наведваннямі лазняў, саунаў або прымаць гарачыя ванны.
Жанчынам непажадана часта насіць абутак на высокіх абцасах. Перавагу лепей аддаваць туфлям на абцасе, не вышэйшым за 5 см.
Дарэчы, з усіх відаў спорту, якія дапамогуць пазбегнуць развіцця варыкознай хваробы, найлепшы – плаванне. Яно умацоўвае мышцы і мякка ўздзейнічае на чалавечы арганізм: нармалізуе тонус венаў і спрыяе дрэнажаванню вянознай крыві.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by