Пацучок Фэлік і яго сяброўка Ларыска вельмі любяць падарожнічаць на аўтамабілях. Яны забіраюцца пад капот упадабанай машыны і ездзяць. Бывае, каб пачасаць зубкі, грызуць правады ў рухавіках – звычайны пацучыны занятак. А людзі злуюць – крычаць, абураюцца, ганьбяць пацукоў. Толькі Фэлік і Ларыска не дужа іх баяцца, бо застрахаваныя ў крутой кампаніі «Супрацькатэ».
– Ларыска, – сказаў аднойчы Фэлік, – трэба людзей выхоўваць! За што яны нас не любяць?
Ларыска пагадзілася – яна ва ўсім падтрымлівала свайго сябра.
Выхаванне вырашылі пачаць з кіроўцы джыпа, на якім падарожнічалі ўпершыню. Калі яе аўто прыпаркавалася ў двары, пацучкі шмыгнулі ўслед за нагамі на высокіх абцасіках у кватэру. Скок-скок – і, ускараскаўшыся наверх, яны затаіліся ў акенцы вентыляцыйнага люка.
Гаспадыня адразу рушыла на кухню. Спачатку да яе прыбеглі дзеці і заканючылі:
– Мама! Дай цукерку! Дай пячэньку!
– Чакайце! – строгім голасам адказала мама. – Колькі разоў казала вам: салодкае нашча нельга. Паясцё – тады.
– Дарагая, вячэра хутка? – з’явіўся на кухні і гаспадар.
Ён падышоў да пліты і стаў дзелавіта прыўзнімаць накрыўкі на рондалях.
Але ў рондалях было пуста. Да здзіўлення Фэліка і Ларыскі, гэта раззлавала не гаспадара, а гаспадыню.
Яна сярдзіта бразнула патэльняй.
– Слухай, родны, мы ў хату амаль што разам зайшлі. Ты з дзецьмі – нават крыху раней. Дайце мне хоць колькі хвілінаў управіцца! – казала яна ўгневана мужу, які ціхенька зачыняў за сабой дзверы.
Пасля гаспадыня ўздыхнула і схапілася за галаву:
– Вось табе маеш! Ажно галава разбалелася.
Яна прысела на крэсла, скіраваўшы позірк у бок вентыляцыйнага акенца, дзе ціхутка сядзелі Фэлік і Ларыска.
«Час прыспеў!» – вырашыў Фэлік і вытыркнуўся са схованкі.
На ўсялякі выпадак ён дастаў з кішэнькі нагавіцаў белую хустачку і замахаў – бо ведаў, што так парламенцёры сведчаць праціўніку пра мірныя намеры і жаданне перамоў. Да ўсяго, Фэлік прыязна ўсміхаўся, ды так шырока, што яго востранькія зубкі відаліся гаспадыні ўсе як адзін.
Натуральна, Фэлік разлічваў на тое, што гаспадыня ацэніць яго добразычлівасць. Але ў той толькі акругліліся вочы – ажно павыпіралі. Яна моўчкі хапала губай паветра.
Фэлік вырашыў, што гаспадыня не можа падабраць патрэбных слоў для прывітання. Ён свіснуў Ларысцы – каб яго сяброўка-красуня паказалася і дапамагла.
Ларыска, уся ў завушнічках, з валасамі, фарбаванымі ў зялёны колер, імгненна паўстала побач з Фэлікам.
– А-а-а-і-і-і! – пераходзячы на візгат, не сваім голасам закрычала гаспадыня і з нагамі ўскочыла на стол. – А-а-а-а-а-ааааааааааа!
Крычала яна так жудасна, што напалохала не толькі Фэліка і Ларыску. Прыбег гаспадар, за ім дзеці. Яны ашалела глядзелі на гаспадыню, а тая верашчала і тупала нагамі.
– Пацукі! – урэшце выціснула з сябе яна. – Адзін з хустачкай, другі зялёны!
– Дарагая! – лагодна сказаў гаспадар, здымаючы гаспадыню са стала. – Што табе зноў выдае? Ад той пары, як пацук перагрыз правады ў тваёй машыне, табе яны ўсюды здаюцца! Дайце рады! Цяпер ужо зялёныя і з хустачкай! Такіх наогул не бывае.
І гаспадар, стаўшы на крэсла, зазірнуў у вентыляцыйнае акенца.
Ага, будуць яго чакаць Ларыска з Фэлікам! Яны зашыліся ў вентыляцыйным ходзе так, што іх не відаць.
– Нікога там няма! – урачыста абвесціў гаспадар. – Ты проста стомленая. Колькі разоў я казаў, што трэба адпачыць, бо ты сябе зусім не беражэш. Заўтра ж едзем на мора!
– Ура! На мора! – закрычалі дзеці і адразу пабеглі збіраць заплечнікі.
Гаспадар сам стаў да пліты і прыгатаваў вячэру, а гаспадыня некалькі разоў памерала сабе тэмпературу, ціск, пульс і нават узважылася. Апошняя працэдура расстроіла яе больш за ўсё.
– Няўжо мне і праўда пацукі мрояцца? – мармытала яна. – І кілаграмаў лішніх набрала. Муж кажа праўду – трэба адпачыць. Нервы ў парадак прывесці і вагу скінуць. На мора!
І яна таксама пачала збіраць валізы.
За вячэрай шмат размоў было пра будучую паездку. І не толькі! Добра, што Фэлік і Ларыска не збеглі, а сядзелі, затаіўшыся, у вентыляцыйным ходзе і чулі ўсё, пра што гаварылася.
– Дарагая! – сказаў гаспадар. – Каб табе спакайней жылося па вяртанні, выклічам санэпідэмстанцыю. Няхай патруцяць пацукоў у доме.
Вось жа падлючыя гэтыя людзі! Пачуўшы такое, Фэлік і Ларыска тут жа шмыгнулі ў сутарэнні, каб папярэдзіць пра небяспеку. Суродзічы вельмі дзякавалі ім за клопат і абяцалі быць пільнымі.
Пасля гэтага пацучкам давялося вярнуцца ў кватэру. У іх нарадзіўся план: паехаць разам з сям’ёй на мора, каб прадоўжыць змаганне за справядлівасць.
Фэлік і Ларыска ціхутка забраліся ў гаспадарскія валізы – і затаіліся. Назаўтра пацучкоў разам з гаспадаром, гаспадыняй і дзецьмі цягнік панёс да мора.
Шчаслівай дарогі!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by