Рагавіца вока мае форму сферы і аднолькава выгнутая ва ўсіх напрамках (у выглядзе купала). Такая пабудова дае магчымасць правільна факусаваць святло на сятчатцы, размешчанай у задняй частцы вока, праецыруючы дакладны малюнак. Калі рагавіца з-за самых розных прычынаў робіцца няроўнай, гэта адбіваецца на якасці зроку. Размова ідзе пра такое захворванне, як астыгматызм.
Што ж такое астыгматызм? Як яго распазнаць? Ці існуюць спосабы лячэння захворвання? Журналіст Слушна запыталася ў афтальмолага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска Майі Ланской.
«Астыгматызм» у перакладзе – адсутнасць фокусу
Рагавіца і хрусталік вока, як мы ўжо адзначалі, аднолькава выгнутыя ва ўсіх напрамках. Калі яны не з'яўляюцца роўнымі ці не маюць аднолькавай крывізны, прамяні святла пераламляюцца няправільна, што прыводзіць да праблемы рэфракцыі. Вока бачыць невыразна, контуры малюнка размытыя, расплывістыя, лініі скрыўленыя.
Пры астыгматызме малюнкі факусуюцца альбо перад сятчаткай, альбо за ёй, што робіць адлюстраванні размытымі.
Калі ступень астыгматызму невялікая, дык гэта практычна не ўплывае на дакладнасць зроку. На самых ранніх этапах яго можна зблытаць са звычайнай стомленасцю вачэй. Разам з тым, па меры прагрэсавання захворвання зрок значна пагаршаецца. А праблема пагаршаецца яшчэ і тым, што чалавеку з астыгматызмам патрэбныя ачкі са спецыяльнымі лінзамі, нашэнне якіх само па сабе прыносіць дыскамфорт, а таксама можа выклікаць галавакружэнне, галаўны боль і млоснасць.
Ступень астыгматызму выяўляецца ў дыёптрыях. Рэцэпт, выпісаны на акуляры альбо лінзы, будзе ўтрымліваць абрэвіятуру CYL (cylindrus). Лічбы пасля гэтага абазначэння паказваюць неабходную карэкцыю. Пры гэтым абавязкова ўказваецца становішча восі цыліндра AX (axis) у градусах ад 0 да 180. Гэта звязанае з асаблівасцямі пераламлення святла, якое праходзіць праз цыліндрычную лінзу.
Існуе яшчэ і астыгматызм крышталіка. Але ён сустракаецца радзей і не так выяўлены.
Паталогія прыроджаная і набытая
Самая частая прычына астыгматызму – прыроджаныя асаблівасці будовы вока, якія закладваюцца яшчэ ва ўлонні маці. Як правіла, калі ў бацькоў ёсць гэтае захворванне, дык з вялікай доляй верагоднасці яно будзе і ў дзяцей.
Астыгматызм можа быць набытым. Напрыклад, у дзіцяці своечасова не выявілі парушэнні зроку ці яно адмаўляецца насіць акуляры. Дзіця расце, але пры гэтым увесь час жмурыцца і напружвае зрок. Ускладніць сітуацыю могуць хранічныя захворванні. Усё гэта прыводзіць да парушэння сілкавання рагавіцы і развіцця астыгматызму.
Прывесці да прагрэсавання астыгматызму можа і такое захворванне, як кератаконус. Часцей за ўсё да яго схільныя маладыя мужчыны высокага росту і хударлявага целаскладу. Чаму з'яўляецца гэтае захворванне, дакладна невядома, але сярод правакацыйных фактараў спецыялісты вылучаюць гарманальныя парушэнні і паталогіі шчытападобнай залозы.
Самыя частыя сімптомы астыгматызму
Дакладны пералік агульных сімптомаў, якія паказваюць на наяўнасць у чалавека астыгматызму, вызначыць складана. У кожным асобным выпадку яны будуць рознымі. Як правіла, на прыёме ў афтальмолага пацыенты скардзяцца на:
- размытае адлюстраванне;
- дваенне ў вачах;
- пагаршэнне зроку ўдалеч (у некаторых выпадках і паблізу);
- невыразнае адлюстраванне;
- скрыўленне ліній прадметаў;
- стомленасць вачэй з-за пастаяннага напружання (можа таксама балець галава).
Акуляры, лазерная карэкцыя ці замена хрусталіка
Выявіць захворванне магчыма толькі з дапамогай камп'ютарнай аўтарэфрактаміі (з дапамогай гэтай дыягнастычнай працэдуры можна ацаніць пераламленне светлавых прамянёў у аптычнай вочнай сістэме). Візуальна паталогію заўважыць нельга.
Для карэкцыі праяў захворвання выкарыстоўваюцца спецыяльныя астыгматычныя акуляры альбо лінзы. Разам з тым, калі ступень астыгматызму вялікая, цалкам выправіць сітуацыю немагчыма. У цяжкіх выпадках выконваецца лазерная карэкцыя альбо аперацыя па замене хрусталіка.
З дапамогай лазернай карэкцыі змяняецца форма рагавіцы. Гэта трэба, каб правільна сфакусаваць светлавыя прамяні на сятчатцы.
Наша рагавіца вельмі тонкая. Яе таўшчыня складае прыкладна 500-550 нанаметраў. Таму паўторных аперацый не выконваецца (так званая дакарэкцыя магчымая толькі на працягу бліжэйшых месяцаў пасля аперацыйнага ўмяшання, пры ўмове, што з першага разу не атрымалася дамагчыся вынікаў). Калі рагавіца першапачаткова тонкая – 420-450 нанаметраў, гэта з'яўляецца супрацьпаказаннем да лазернай карэкцыі. Праводзіць падобнае ўмяшанне не будуць таксама, калі не споўнілася 18 гадоў.
Калі іншых варыянтаў няма, выконваецца аперацыя па замене хрусталіка. На яго месца ўстанаўліваецца спецыяльная лінза (яе называюць тарычнай). У адрозненне ад звычайных, тарычныя лінзы маюць сферацыліндрычную форму, а таксама розныя аптычныя сілы ў вертыкальным і гарызантальным кірунках.
Для таго, каб астыгматызм не прагрэсаваў, неабходна выконваць зрокавы рэжым. Напрыклад, 30 хвілін працы за камп'ютарам, а затым паўгадзіны адпачынку. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя вочныя кроплі, якія сілкуюць рагавіцу і не даюць ёй перасыхаць (толькі пасля кансультацыі ўрача!). Не перашкодзіць і выкананне зрокавай гімнастыкі, якую, як і любую іншую, варта выконваць рэгулярна.
Што яшчэ карысна ведаць:
Камп’ютарны зрокавы сіндром і сіндром сухога вока
Прыроджаная дыстрафія сятчаткі: як адтэрмінаваць страту зроку (+ВІДЭА)
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by