Здаровы лад жыцця, дыета з высокім утрыманнем садавіны і агародніны, абмежаванне спажывання чырвонага і перапрацаванага мяса, дастатковая фізічная нагрузка, абмежаванне спажывання алкаголю, адмова ад курэння і падтрыманне аптымальнага ўзроўню масы цела могуць знізіць рызыку развіцця анкалагічных захворванняў. Акрамя таго, харчаванне адыгрывае немалаважную ролю ў працэсе лячэння і рэабілітацыі анкалагічных пацыентаў.
Рэкамендаванае ў рацыён харчавання
Малочныя прадукты. Кальцый, які ўваходзіць у склад малочных прадуктаў, неабходны для падтрымання аптымальнай мінеральнай шчыльнасці касцяной тканкі і рэгулявання крывянога ціску. Вынікі некаторых даследаванняў дазваляюць выказаць здагадку, што нізкі ўзровень кальцыю і недастатковае яго паступленне ў арганізм звонку павялічваюць рызыку развіцця каларэктальнага раку. Таму ўключэнне ў рацыён прадуктаў, якія змяшчаюць кальцый, пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі жыццёва неабходна. Малочныя прадукты і нават марозіва заўсёды павінны быць на вашым стале.
Прадукты з цэльнага зерня (аўса, проса, карычневага рысу, цэльнай пшаніцы). Цэльнае зерне ўтрымлівае ўсе тры часткі насення: вотруб'е, зародак і эндасперм. Яно адносіцца да тыпу цэльнай натуральнай ежы, бо не апрацаванае і не ачышчанае. Цэльнае зерне забяспечвае паступленне ў арганізм клятчаткі, магнію, вітамінаў ды іншых пажыўных рэчываў, якія зніжаюць рызыку ўзнікнення шматлікіх хранічных захворванняў і, у прыватнасці, ракавай паталогіі. Большая частка жыхароў Беларусі не атрымлівае дастатковай колькасці клятчаткі са штодзённым рацыёнам: сярэдняе спажыванне каля 16 г/сут пры рэкамендуемай колькасці ад 25 да 30 г/сут. Чым больш, тым лепш. Атрыманне дастатковай колькасці клятчаткі са штодзённым рацыёнам таксама спрыяе эфектыўнаму зніжэнню масы цела.
Бабовыя. Уключэнне ў ежу бабовых (чорныя бабы, фасоля, гарох і сачавіца) можа дапамагчы абараніць арганізм ад раку тоўстага кішэчніка. Гэта раслінная ежа, багатая на пажыўныя рэчывы (клятчатку, вітаміны групы В, вітаміны Е і бялок), флаваноіды і антыаксіданты, якія могуць дапамагчы інгібіраваць рост ракавых клетак і пухлінаў. Паспрабуйце прыгатаваць смачны суп з фасолі або сачавіцы. Не пашкадуеце.
Ярка афарбаваныя садавіна і агародніна ўтрымліваюць так званыя фітахімічныя рэчывы, якія валодаюць здольнасцю падаўляць запаленне, якое, у сваю чаргу, можа стымуляваць рост ракавых клетак і развіццё іншых захворванняў. Дыета, багатая на ярка афарбаваныя агародніну і садавіну, дапамагае абараніць арганізм ад розных хранічных захворванняў, у тым ліку ад хваробы сэрца, дыябету ды іншага. Уключайце ў рацыён сумесь з зялёных, жоўтых, аранжавых, чырвоных і фіялетавых прадуктаў штодня: ліставая зеляніна, гарбузовае насенне, цытрусавыя, крыжакветная агародніна (брокалі, каляровая і белакачанная капуста). Акрамя таго, з іх дапамогай можна папоўніць сутачную патрэбу ў вітаміне С, бэта-каратыне ды іншых пажыўных рэчывах. Захаванне дыеты з агародніны сямейства крыжакветных таксама можа знізіць рызыку развіцця раку малочнай залозы.
Тлустыя гатункі рыбы (ласось, сёмга) утрымліваюць вялікую колькасць Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў, якія паляпшаюць здароўе сэрца і могуць дапамагчы інгібіраваць рост ракавых клетак. У некаторых даследаваннях адзначаецца, што ў пацыентаў, якія замянілі чырвонае мяса на тлустыя гатункі рыбы, знізілася рызыка развіцця раку прамой кішкі, што робіць рыбу больш здаровай крыніцай жывёльнага бялку. Прыём рыбінага тлушчу ў капсулах з'яўляецца дадатковай крыніцай спажывання Амега-3 поліненасычаных тлустых кіслотаў. Многія з гэтых прэпаратаў узбагачаныя вітамінам Д, які мае вырашальнае значэнне для здароўя костак і імуннай сістэмы.
Варта адзначыць: хаця ў рыбе ўтрымліваюцца карысныя тлустыя кіслоты, паўнавартасны бялковы кампанент, такія яе гатункі, як тунец, кефаль, каралеўская скумбрыя, акумулююць у сваіх мышцах ртуць ды іншыя цяжкія металы і таксіны, якія наносяць шкоду здароўю чалавека. Таму ўключайце ў сваё харчаванне іх з асцярогай.
Аліўкавы алей з'яўляецца адным з асноўных прадуктаў «міжземнаморскай» дыеты, аснову якой, акрамя таго, складаюць садавіна, агародніна, бабовыя, цэльнае збожжа і арэхі. Дыета ўключае хатнюю птушку, рыбу, травы і спецыі. Чырвонае мяса абмежаванае ці цалкам выключаецца з сутачнага рацыёну. У даследаваннях даказана, што людзі, якія спажывалі дастатковую колькасць аліўкавага ды іншых раслінных алеяў, значна радзей пакутавалі ад каларэктальнага раку, раку малочнай залозы, стрававальнага тракта, органаў дыхання. Асабліва я рэкамендую алей з ільнянога насення. Гэта адзіны гатунак, у якім знаходзяцца натуральныя Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты ў аптымальнай колькасці.
Вялікую карысць арганізму прыносіць зеляніна, якую неабходна выкарыстоўваць не толькі для паляпшэння смакавых якасцяў ежы, але і як прафілактычны сродак. Зеляніна змяшчае антыаксіданты і валодае супрацьпухліннымі ўласцівасцямі. У лабараторных даследаваннях даказана, што экстракты траў (чабор, шалфей, размарын, мята) падаўляюць рост клетак раку тоўстай кішкі. Вучоныя праводзяць дадатковыя даследаванні па пытанні: ці валодаюць самі травы такім эфектам? А пакуль лічу, што неабходна ўключаць у харчаванне зеляніну ў дастатковай колькасці.
Жэньшэнь. Расліна, якая выкарыстоўвалася ў медыцыне краін Азіі на працягу тысячагоддзяў. Карысныя злучэнні жэньшэню, якія называюць гінсеназідамі, валодаюць супрацьпухліннымі ўласцівасцямі. Таму кубак жэньшэневай гарбаты ў вашым рацыёне будзе дарэчы.
Некаторыя даследаванні паказалі, што дыета з высокім утрыманнем мінеральнага селену і фоліевай кіслаты (вітамін В9) прыводзіць да значнага зніжэння рызыкі развіцця раку. Насенне сланечніка, грыбы, часнок, цыбуля, бразільскія арэхі, цэльнае зерне, ласось, сардзіны, палтус, ялавічная печань, ліставая зеляніна – крыніцы селену і фоліевай кіслаты.
Прадукты, ужыванне якіх варта абмежаваць
Чырвонае мяса. Бялок з'яўляецца важным кампанентам штодзённага харчавання. Чырвонае мяса, магчыма, не лепшы выбар у сутачным рацыёне, бо дыеты з высокім утрыманнем ялавічыны, свініны, бараніны значна павышаюць рызыку развіцця каларэктальнага раку, асабліва калі гаворка ідзе пра смажанае мяса. Неабходна абмежаваць у сваім харчаванні ўжыванне чырвоных гатункаў мяса да 0,5 кілаграма ў тыдзень. Акрамя таго, чырвонае мяса змяшчае шмат шкодных для здароўя насычаных тлушчаў, што павялічвае рызыку ўзнікнення раку малочнай залозы і агрэсіўнага раку прастаты. Прафілактыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў, хваробаў страўніка, кішэчніка і, вядома, анкалагічных, заключаецца ў захаванні рэжыму харчавання з паніжаным утрыманнем жывёльных тлушчаў.
Перапрацаваныя прадукты з мяса і птушкі, прыгатаваныя шляхам вэнджання, салення, кансервавання з прымяненнем небяспечных хімічных рэчываў, сасіскі, каўбасы, бекон, вэнджаныя кураняты ды іншыя мясныя паўфабрыкаты могуць справакаваць развіццё анкалогіі тоўстай кішкі і страўніка. Неабходна абмежаваць спажыванне гэтых прадуктаў у мэтах прафілактыкі небяспечных захворванняў.
Алкаголь. Пра шкоду алкаголю ведаюць усе і даўно. Часам даводзіцца чуць, што невялікія дозы спіртнога станоўча ўплываюць на сардэчна-сасудзістую сістэму. Ці праўда гэта? Я б назваў такія пасылы вельмі небяспечнымі і шкоднымі. Людзі, якія сістэматычна злоўжываюць алкаголем, схільныя да рызыкі развіцця раку тоўстай кішкі на 40% больш, чым непітушчыя. Ужыванне 2-3 доз чыстага алкаголю (40-60 г этылавага спірту ў эквіваленце) у дзень павышае верагоднасць захворвання на каларэктальны рак на 20%. Рэгулярнае ўжыванне алкаголю таксама звязана з павышанай рызыкай развіцця раку малочнай залозы ды іншых праблемаў са здароўем.
І напрыканцы аб прадукце, які выклікае шматлікія спрэчкі.
Натуральная кава. Праводзілася і праводзіцца шмат даследаванняў пра ўплыў напою на арганізм чалавека. Даказана, што кава і злучэнні, якія знаходзяцца ў кававых зярнятах, утрымліваюць антыаксіданты і абараняюць ДНК ад пашкоджання, дапамагаюць яе рэплікацыі, паскараюць дэтаксікацыю печані і спрыяюць гібелі дэфектных клетак. Карысныя злучэнні кавы падаўляюць рост ракавых клетак, блакуюць развіццё крывяносных сасудаў, якія сілкуюць пухліну, перашкаджаюць метастазаванню.
Па вялікім рахунку, толькі зараз пачалі надаваць вялікую ўвагу прадуктам харчавання, якія могуць як справакаваць развіццё ракавых клетак, так і адыграць сваю ролю ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Наперадзе вялікія даследаванні, і я спадзяюся, што мы даведаемся яшчэ шмат новага і карыснага пра тое, што ямо і як гэта ўплывае на наша здароўе. Неабходна кансультавацца са сваім урачом па пытаннях рэжыму і рацыёну харчавання не толькі пры ўзнікненні якіх-небудзь захворванняў, але і для здаровага ладу жыцця.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by