Пубертат. Ім заўсёды палохаюць бацькоў добрых хлопчыкаў і дзяўчынак – а каб не расслабляліся. Па меркаванні грамадства, падлеткавы ўзрост – гэта перыяд, калі анёлачкі ператвараюцца ў зласлівых эгаістычных монстраў, а ў бацькоў на нервовай глебе скарачаюцца гады жыцця.
Але мы ж з вамі дарослыя людзі. Зараз уключым святло ў гэтым страшным цёмным пакоі і ўбачым, чаму дзеці паводзяць сябе дрэнна, што яны пры гэтым адчуваюць, як заваяваць давер падлетка, і якое пакаранне дапаможа выпраўленню.
Ці трэба наказваць падлеткаў?
Можа, не рызыкаваць і наогул не караць? Альбо знайсці баланс паміж пакараннем і заахвочваннем, навучыцца разумець, за што можна хваліць, а за што ганіць, і як менавіта?
Даследаванне, што правялі ў старэйшых класах адной са школ Першамайскага раёна Мінска, пацвердзіла: пакаранні сапраўды неабходныя.
Наконт суадносінаў бізуна і перніка як дзеці, так і дарослыя збольшага сышліся ў меркаванні: 50:50. Але некаторыя падлеткі лічаць, што заахвочванняў павінна быць больш, а ў групе бацькоў прагучала меркаванне, што пераважаць павінны пакаранні.
Настаўнікі пагадзіліся з тым, што суадносіны залежаць ад паводзінаў вучня, пры гэтым заахвочванняў павінна быць больш.
Якія ўчынкі вартыя ўхвалення, а якія пакарання?
(па меркаванні рэспандэнтаў)
Рэспандэнты | За што трэба караць | За што трэба заахвочваць |
Вучні | За дрэнныя паводзіны (алкаголь, амаральныя ўчынкі, абраза кагосьці) | За поспехі ў вучобе, маральныя ўчынкі, выдатнае выкананне хатніх абавязкаў, за правільныя паводзіны |
Бацькі | За невыкананне абавязкаў, дрэнныя паводзіны, дрэнную вучобу | За добрыя ўчынкі і справы, самастойнасць, паспяховую вучобу |
Педагогі | За паводзіны, што адхіляюцца ад нормы (курэнне, алкаголь, грубасць, амаральныя ўчынкі) | За маральныя ўчынкі, імкненне да ведаў, актыўнасць у дасягненні мэтаў і фарміраванні асабістай пазіцыі |
За што раяць караць навукоўцы-псіхолагі:
- у выпадку пагрозы добраму фізічнаму (псіхалагічнаму) стану самога падлетка ці іншых людзей
- у выпадку замаху на захаванне матэрыяльных, культурных і духоўных каштоўнасцей
- пры парушэнні сацыяльных нормаў паводзінаў
Несправядлівае пакаранне – гэта…
Удзельнікі даследавання лічаць: наступныя пакаранні – самыя несправядлівыя для падлеткаў.
Рэспандэнты | Несправядлівае пакаранне |
Вучні | Адключэнне інтэрнэту
Абраза Фізічнае пакаранне Забарона камунікаваць з сябрамі Пакаранне з-за дрэнных адзнак |
Бацькі | Пакаранне за ўчынак, які чалавек не рабіў
Недавер Абвінавачванне ў хлусьні |
Педагогі | Абраза
Гвалт Забарона выходзіць з дому Адмова ад камунікацыі (маўчанне ці ігнараванне) |
Асноўныя прычыны, па якіх караюць падлеткаў
У сям’і не вызначылі пастаянныя правілы паводзінаў
Некаторыя бацькі і настаўнікі ўпэўненыя, што падлеткі павінны самі разумець, як можна і як нельга паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. У гэтым, вядома, ёсць доля праўды, але чытаць думкі дзеці не ўмеюць, ды і не павінны.
Заявы накшталт «Гэта ж элементарна» і «Мелася на ўвазе, што трэба было зрабіць так» як мінімум смешныя. Гэта ДЛЯ ВАС элементарна і ВЫ мелі на ўвазе.
Толькі выразна вызначыўшы правілы і межы ўзаемадзеяння, пераканаўшыся, што ўсе паразумеліся, вы будзеце мець маральнае права пакараць дзіця за парушэнне гэтых правілаў.
Да прыкладу, вы збіраліся прыгатаваць піцу па вяртанні з працы, але аказалася, што дзіцёнак з'еў сыр. Накіруйце сваё абурэнне з нагоды парушаных планаў на сябе: адкуль яму было ведаць, што сыр браць нельга? Адкуль яму было ведаць, што трэба вынесці смецце? Што сёння рэшту пасля пакупкі трэба вярнуць бацькам? АГУЧВАЙЦЕ папярэдне свае планы і намеры, разам вызначыце пастаянныя правілы паводзінаў, і канфліктаў у сям'і будзе менш.
Падлетак выпрабоўвае любоў бацькоў на трываласць, правярае межы іх улады
Робіць ён гэта, адчуваючы сябе ўжо дарослым, з-за сваіх узроставых асаблівасцей. Дарослыя ў такіх выпадках пачынаюць сумнявацца, ці дастаткова жорсткія межы ўстаноўлены, альбо, можа, трэба быць больш мяккім?
У любым выпадку дзеці падлеткавага ўзросту час ад часу імкнуцца пераступіць рысу дазволенага, а калі атрымаецца, то і знесці яе зусім. Парушаць будзе і суровыя, і досыць лаяльныя забароны. Як на гэта рэагаваць?
Псіхалагічныя праблемы дарослых-бацькоў і педагогаў, іх унутраны стан
Да прыкладу, у вас быў цяжкі дзень. Раніцай выпісалі штраф за парушэнне ПДР, начальнік прымусіў перарабляць працу, дачапіўшыся да дробязяў, без парасона трапілі пад дождж, а ў забытым дома тэлефоне ўвечары аказалася 37 прапушчаных званкоў, у тым ліку ад важнага кліента ... Ну, ці проста настрой дрэнны.
І вось селі вы на белага каня, і ў такім стане трапілі дамоў, а там нашчадак, напрыклад, музыку гучна слухае. Ці ложак не засцелены. Ці посуд не памыты ... Не важна, што ён зрабіў ці не зрабіў. Ён рабіў так заўсёды. Але сёння гэтая апошняя кропля перапоўніла чашу вашага цярпення, і няшчаснага тынэйджара спасцігае суровая кара.
Ведаеце, што ён адчувае? Што вы несправядлівыя. Каб не азлобіць дзіця і не павялічваць прорву паміж вамі, будзьце паслядоўныя: калі раней не каралі за гэта, то і цяпер стрымайцеся.
Сямейныя звадкі
Яшчэ адна частая прычына дрэнных паводзінаў – сямейныя звадкі. Калі паміж бацькамі канфлікты (а асабліва, калі сям'я на мяжы распаду), то дзеці могуць наўмысна паводзіць сябе дрэнна, каб адцягнуць увагу маці і бацькі ад сварак і прымусіць вырашаць іх праблему.
Дзецям патрэбны клопат і ўвага
Альбо падлетку мала надаюць увагі: бацькі вечна занятыя працай, хатнімі справамі, настаўнікам таксама няма да яго справы – абы выконваў заданні і не круцiўся. Ды ён на галаве гатовы стаяць, каб з ім праводзілі больш часу, размаўлялі па душах! Нават калі гэтыя размовы будуць з негатыўным адценнем…
Пакаранне заўсёды павінна адпавядаць правіннасці, а лагічная сувязь дакладна прасочвацца.
Чым лепей бачная логіка паміж правіннасцю і пакараннем, тым больш каштоўны гэты вопыт для юнага парушальніка.
Да прыкладу, школьнік размаляваў шарыкавай ручкай парту. Лагічнае пакаранне: загадаць адмыць парту начыста. Нелагічнае: прымусіць мыць усе парты ў класе, а таксама падлогу і дзверы.
Лагічна пазбавіць дзіця камп’ютара на адзін дзень, калі ён, нягледзячы на забарону, прасядзеў за ім да позняй ночы. Нелагічнае – пазбавіць яго камп’ютара, тэлевізара і размоў па тэлефоне.
Дарослыя павінны зразумець, якія пакаранні прыводзяць да жаданага выніку, а якія, наадварот, узмацняюць непаслушэнства. Суразмерныя з учынкам санкцыі будуць урокам, без прыніжэння годнасці падлетка.
Як заахвоціць падлетка і не зрабіць мядзведжую паслугу
На пытанне анкеты, якое заахвочванне вы лічаце лепшым, старшакласнікі адказалі такім чынам (ад лепшага да горшага):
- пахвала
- грошы
- падарункі
- давер
- салодкае
Бацькі і настаўнікі пазначылі:
- прызнанне заслуг
- пахвала
- падтрымка блізкіх
- дасягненне мэты
Патрэба ў прызнанні – адна з важных для чалавека ў любым узросце. Калі яна пастаянна не задавальняецца, то падае самаацэнка, упэўненасць у сабе і сваім патэнцыяле. Таму дарослым варта ацэньваць не толькі вынік дзеянняў падлетка, але і намаганні, прыкладзеныя ў працэсе.
Пахваліце яго за старанні, і ён будзе больш вам давяраць. Будзеце паважаць, бачыць у ім асобу (нават калі ён не адпавядае вашым чаканням), падтрымліваць у пачынаннях – ён будзе расці з пачуццём уласнай годнасці, не баючыся адказнасці і самастойнасці.
Фарміруйце ў ім веру ў поспех, і ён не будзе баяцца брацца за складаную справу.
Але: «Малайчына, ты зрабіў менавіта так, як я і чакала»; «Ты паслухала мяне, і за гэта я дазволю табе сёння пагуляць больш» – фразы такога кшталту сведчаць пра маніпуляцыі дзіцём, і гэта прыніжае яго пачуццё годнасці.
Ухваляць трэба за канкрэтныя дзеянні, а не за рысы характару ці ўласцівасці.
Пры гэтым не дарыце непатрэбных дзіцяці рэчаў, не купляйце квіткі туды, куды ён не хоча ісці. Фармалізм, як і публічная хвала, пры якой падлетка вылучаюць на фоне астатніх, з-за чаго ён адчувае сябе няёмка перад сябрамі, стане мядзведжай паслугай.
Задумайцеся таксама над сапраўдным сэнсам фраз: «Ну вось, можаш жа, калі захочаш!», «Нарэшце ты выканаў заданне выдатна, а не так, як мінулым разам». У словах дарослых – сапраўдныя адносіны да падлетка, і ён гэта лёгка адчувае.
Перш чым сказаць што-небудзь ці зрабіць, падумайце не толькі пра тое, што вы адчуваеце зараз, але і пра тое, што перажывае і чаго хоча вашае дзіця.
Бацькам да ўвагі
- Судзіце падлетка паводле намераў, а не па выніку: заўсёды імкніцеся зразумець прычыну ўчынку. Улічвайце індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці. Адно і тое ж пакаранне ці ўзнагарода на розных школьнікаў можа рабіць рознае ўздзеянне.
- У дзіцяці не павінна быць адчування несправядлівасці. Разам абмяркуйце наступствы яго дзеянняў, растлумачце, за што ён пакараны. Дайце зразумець, што любіце яго нягледзячы ні на што.
- Правілы аднолькавыя для ўсіх. Нельга караць за тое, чаго не выконваеце самі.
- Пры любым пакаранні нельга забараняць задавальняць біялагічныя патрэбы (не пускаць у прыбіральню, не даваць ежы).
- Не ўзгадвайце ранейшыя грахі – тут і цяпер гаворка ідзе пра канкрэтную правіну. Не чытайце мараль і не апускайцеся да абразаў. Пакараны – значыць атрымаў дараванне. Форму пакарання і яго прычыну фармулюйце выразна, даступна, спакойна.
- Як спагнанне, так і заахвочванне не павінны быць адкладзеныя на доўгі час.
- Памятаеце: пахвала з жалю абразлівая, а пакаранне, калі ты і так пацярпеў няўдачу, азлабляе.
- Абмяркоўваючы канкрэтныя факты ў яго (яе) паводзінах, не параўноўвайце сына ці дачку з іншымі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by