27.12.2023
27.12.2023

Пра што сведчаць чалавечыя косткі з археалагічных раскопак?

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Вывучэнне старажытнасцяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі на ўзроўні агульнай фіксацыі і апісання помнікаў даўніны пачалося ў 16 – 17 стагоддзях. З цягам часу шмат хто стаў раскопваць старадаўнія пахаванні з мэтай папаўнення сваіх калекцый.

Цікавасць да старажытнасцяў праяўлялі самыя розныя людзі, у тым ліку і медыкі, якія пільную ўвагу звярталі на шкілеты чалавека.

Спачатку – у храм, пасля – у музей

Чэрап

У сярэдзіне 19 стагоддзя антрапалогія вылучылася з анатоміі як самастойная навука. Першым палеаантраполагам Беларусі прызнаны ўраджэнец Мсціслаўля Сцяпан Сямёнавіч Куторга (1805 – 1861), прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. На тэрыторыі Міншчыны ён выявіў старажытныя чалавечыя чарапы, даследаваў іх і вынікі надрукаваў у нямецкім навуковым часопісе.

У часы сярднявечча знойдзеныя выпадкова ў час будаўнічых прац чалавечыя косткі адносілі ў храмы і капліцы. Пазней чарапы з раскопак курганоў на тэрыторыі Беларусі паступалі ў Маскву ў Імператарскае таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (створана ў 1863 годзе) і ў Санкт-Пецярбург у Імператарскае рускае антрапалагічнае таварыства (створана ў 1888 годзе), а таксама ў антрапалагічныя цэнтры Кракава і Вільні.

У наш час вывучэннем выкапнёвых костак з археалагічных раскопак займаюцца антраполагі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. На касцяных парэштках і праз многія стагоддзі застаюцца характэрныя траўмы, якія сведчаць пра дзіцячыя захворванні, перанесеныя прыродныя катаклізмы. Вывучэннем гэтага па костках займаецца такая галіна антрапалогіі, як палеапаталогія.

Хваробы па костках

Косткі старажытных людзей з анамаліямі

Найбольшая колькасць выкапнёвых костак паходзіць з курганных пахаванняў 11–12 стагоддзяў. Сярод адкапаных шкілетаў сустракаюцца ў асноўным дыстрафічныя паражэнні касцей і суглобаў (дэфармуючы артроз) і сляды пераломаў, якія кепска зрасліся. Зафіксавана шмат пераломаў рэбраў, сечаныя косткі ключыцы, нарасты на касцях. Шмат выяўлена анамалій з зубамі, асабліва з карыесам. У іх паходжанні галоўная роля адводзіцца рахіту.

Тым не менш, навукоўцы выявілі на некаторых шкілетах сляды правільна залечаных пераломаў, якія сведчаць пра тое, што першабытныя людзі добра ўмелі ўпраўляць пераломы і накладваць шыны, верагодна, з гліны. Таксама ў некаторых чарапах зубы былі белыя і здаровыя, нават ў сталым узросце.

З анамалій таксама сустракаецца незрастанне верхняй сківіцы – «воўчая пашча». Ёсць і сляды захворвання на сіфіліс, які ў старажытнасці быў сацыяльным бедствам у шмат якіх народаў. На мазгавых частках чэрапа зафіксаваны сіфілічныя гумы ў выглядзе шышкападобных бляшак. Яны больш светлыя, часам амаль белыя у параўнанні з суседнімі ўчасткамі костак. Адзначаюцца дэструктыўныя змяненні ў костках носа і перараджэнні задніх слупоў спіннога мозгу.

У 35 гадоў – старасць?

Жаночы чэрап

Агульныя назіранні над шкілетамі паказваюць што ў тыя часы амаль тры чвэрці насельніцтва памірала ў даволі маладым узросце. У вёсках да 35 гадоў дажывала 72%, а ў горадзе 80% насельніцтва. Даўжэй жылі людзі ў паўночнай Беларусі. Зафіксаваны і выпадкі знаходжання перавернутых шкілетаў. Хутчэй за ўсё цяжкапараненых людзей палічылі памерлымі, пахавалі, а потым нябожчык апрытомнеў і перавярнуўся.

Па выніках вымярэння шкілетаў, якія падаюцца ў археалагічных справаздачах, пачынаючы яшчэ з 19 стагоддзя, бачна, што рост людзей 11–12 стагоддзяў такі ж, як і рост цяперашніх жыхароў Беларусі. Але часам падкрэсліваецца што косткі былі вельмі вялікіх памераў.

Каля былых вёсак Пятроўшчына і Рылаўшчына, якія цяпер увайшлі ў тэрыторыю Мінска, у 1920-я гады навукоўцамі было раскапана шмат курганных пахаванняў пачатку ІІ тысягагоддзя. Рост жанчын – ад 169 да 173 см, а мужчын – ад 177 да 195 см.

Пры раскопках курганоў каля Заслаўя выяўлены жаночыя шкілеты ад 150 да 173 см, а мужчынскія ад 167 да 182 см.

*+У 1980-я гады археолагі раскапалі амаль цалкам курганны могільнік каля вёскі Ізбішча Лагойскага раёна. Больш за 30 шкілетаў добра захаваліся, і ўдалося замераць іх даўжыню. Рост мужчын аказаўся ад 1,7 да 2 метраў, а жанчын 1,6–1,7 м. У той жа час было і некалькі  шкілетаў маленькіх жанчын. Рост адной жанчыны узростам 25 гадоў быў 1,4 м, другой узростам за 60 гадоў – 1,45 см і трэцяй узростам каля 50 гадоў – 1,47 м.

Самы старажытны чэрап на Беларусі

 

Самы старажытны чэрап, знойдзены на тэрыторыі Беларусі, якому каля 3,5 тысячы гадоў, быў знойдзены каля вёскі Краснае Сяло Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці падчас археалагічных раскопак старажытнай крэмнездабыўной шахты бронзавага веку. Таму гэты чэрап сярод навукоўцаў называюць «старажытным шахцёрам». Шкілетаваныя парэшткі «старажытнага шахцёра» былі знойдзены беларускім археолагам Міхаілам Чарняўскім (1938–2013) у 1962 годзе.

Пасля даследавання чэрапа старажытнага чалавека навукоўцамі было выяўлена, што пры жыцці ён меў праблемы з зубамі. Яны былі настолькі сур'ёзнымі, што маглі прывесці да хранічнага сінусіта. А змены надброўных дуг кажуць пра тое, што ў чалавека магло развіцца інфіцыраванне лобных пазух, так званы франтыт. Апроч гэтага, мяркуюць нявукоўцы, запаленне надкосніцы магло адбыцца ў выніку таго, што чалавек расчэсваў месцы скаплення насякомых на ілбе, у выніку чаго і была занесеная інфекцыя.

Трэпанацыя – адна з найстаражытнейшых аперацый

Трэпанацыя

Сярод іншага асцеалагічнага беларускага матэрыялу фіксуюцца сляды аператыўнага ўмяшальніцтва – зажыўленыя раны, у тым ліку ад трэпанацыі чэрапа. Трэпанацыя чэрапа – адна з найстаражытнейшых хірургічных аперацый, якую праводзілі яшчэ ў каменным веку. Такое адбывалася ў розных народаў. Як паказваюць даследаванні чарапоў, у 40% аперацыі завяршаліся паспяхова і людзі яшчэ жылі шмат гадоў.

Самая ранняя згадка пра трэпанацыю ёсць у працы Гіпакрата «Аб ранах галавы». Ён апісвае швы і косці чэрапа, віды ранення, разглядае паказанні да трэпанацыі і спосабы лячэння раны.

Навукоўцы трэпанацыю разглядаюць не толькі як лячэнне раны, але і ў кантэксце з магічнымі дзеяннямі – выгнанне злых духаў у людзей з «божым вар’яцтвам». Археалагічныя знаходкі сведчаць пра шырокае распаўсюджанне рытуальнага ўскрыцця менавіта верху чэрапа. У адным з курганных пахаванняў 11 стагоддзя паблізу горада Мёры на Віцебшчыне ў парным пахаванні на жаночым шкілеце акуратна быў спілаваны верх чэрапа.

У 2000 годзе у горадзе Бірмінгеме адбыўся міжнародны форум, прысвечаны трэпанацыі чэрапа ў гісторыі чалавецтва, дзе было 59 дакладчыкаў з 30 краін. Вывучаючы наскальныя малюнкі, навукоўцы прыйшлі да высновы, што працэдуры трэпанацыі маглі падвяргацца людзі каменнага веку, якія пакутавалі на эпілепсію, галаўныя боляі і нават разумовых захворванняў. Хутчэй за ўсё, у тыя часы лічылі, што такія людзі апантаныя злыдухамі. А адзіны спосаб іх выпусціць - прасвідраваць адтуліну ў чэрапе. Да таго ж, дзякуючы трэпанацыі чэрапа ў пацыентаў з цяжкімі траўмамі галавы з'яўлялася больш шанцаў выжыць. Абмяркоўваліся таксама гісторыя і эвалюцыя тэхнікі такіх аперацый ракавінамі малюскаў, крамянёвымі прыладамі, прыладамі з медзі і бронзы. Як сведчылі выступоўцы, сімвалічная трэпанацыя ў старажытныя часы была шырока распаўсюджаная ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Няхай нават старажытныя лекары няслушна ацэньвалі прычыны хвароб. Знаходкі паказваюць, што многія пацыенты выжывалі і працягвалі жыць з дзіркай у чэрапе.

Да канца Сярэднявечча большасць народаў адмовілася ад прымітыўнай трэпанацыі, аднак у некалькіх адарваных ад цывілізацыі частках Афрыкі і Палінэзіі падобныя аперацыі праводзілі аж да пачатку 1990-х гадоў.

Машына часу. Хто яны – хірургі сярэднявечнай Беларусі?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0