05.09.2023
05.09.2023

Прыгоды Адэлі. Гламурныя «разборкі» (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Усю ноч пасля нападу восаў мы лячыліся ад укусаў. Адэля ў сваім загончыку, а я ў сваёй кватэры. Шмаравала балючыя месцы перакісам вадароду, прыкладала прымочкі і халодныя жалезныя прадметы. Назаўтра пані Гэлена, Адэльчына гаспадыня, прыехала адведаць мяне і прывезла слоік малака ад козачкі Малімонкі.

Я расказвала ёй падрабязна пра ўчарашняе здарэнне. Даведаўшыся, адкуль узяліся восы ў маёй кватэры, пані Гэлена толькі галавой паківала:

— Вось што, спадарыня Наталля. Мы ўсе занадта паблажлівыя да Адэлі. Работніца яна, вядома ж, выдатная. Нават перадавая.  Затое ў вольны час вырабляе што ўздумаецца. У вас сэрца таксама мяккае – усё ёй прабачаеце. А яна гэтым бессаромна карыстаецца. Такая ўжо наравістая. Сярод гадаванцаў фермы пачаліся непаразуменні. І менавіта праз Адэліны паводзіны. Але даскачацца!

— Я якраз хацела запытаць пра яе стасункі з Малімонкай. Які чорны кот між імі прабег?

— Адэля перад Малімонкай нос задзірае. А бывае, і крыўдзіць каго. Апомніцца, прабачэння папросіць, а праз колькі дзён гісторыя зноў паўтараецца, — пачала пані Гэлена. — Нядаўна здарыўся прыкры выпадак. Увечары чую: такі гвалт з загончыка, што ажно сцены дрыжаць! Я подбегам туды. Можа, думаю, ратаваць каго трэба. Прыбягаю, аж гэта Малімонка з Адэляй б’юцца і сварацца!

Осы

— Б’юцца? – не стрымалася я.

— Адэля схапіла Малімонку за рожкі і тузае штосілы, а Малімонка Адэлю капыткамі месіць. Я раздымаць іх кінулася – ды дзе там! Так счапіліся – не разняць. Патузалася я разам з імі, а тады выскачыла з загончыка, схапіла вядро вады і назад. Як пліхнула на абедзвюх – адразу ў розныя бакі скочылі. Пырхаюць, адплёўваюцца, але не перастаюць сварыцца. «Скнара!» – крычыць Адэля, а Малімонка ёй: «Шэльма!». Тут я за тэлефон схапілася. «Замаўчыце зараз жа, міліцыю выклічу!». Пагроза паўплывала. Змоўклі, паглядаюць на мяне. «Прызнавайцеся, з чаго сыр-бор? – пытаюся. Адэля давай скардзіцца:

— Малімонка не хоча падарыць мне грабеньчык! Такое  сквапнае стварэнне! Ён жа ёй не патрэбны. Усім вядома, што казу колькі ні ўчэсвай, яна ўсё адно кудлатай застанецца! Не тое, што мы – авечачкі. Я чытала, што правілы гасціннасці вымушаюць дарыць госцю ўсё, што яму спадабаецца ў гаспадара. Так што грабеньчык павінен быць маім!

Авечка Адэля

— Не аддам, — амаль плача Малімонка. – Ты ў мяне заўчора бранзалет таксама вымантачыла! А на мінулым тыдні – заколку.

— А нашто яна табе, тая заколка? Ты модай не цікавілася ніколі. Навучыла вас з Даліктусяй на сваю галаву!

– Вось такая гісторыя, — скончыла пані Гэлена. — Я, вядома, прысароміла Адэлю і патлумачыла, што правіламі гасціннасці нельга злоўжываць. Карацей, прымусіла іх памірыцца і  прыпалохала, што ні адну з іх не вазьму на выставу. А яна сёлета праходзіць за мяжой. Дарэчы, спадарыня Наталля, я хацела прасіць вашай дапамогі. Мы з гаспадаром едзем на тыдзень на канферэнцыю па жывёлагадоўлі. А днямі трэба падаваць дакументы ў амбасаду на атрыманне візы. Дакументы ў нашых гадаванцаў у парадку. Але неяк не хочацца адпраўляць іх адных па такой важнай справе. Даліктусіна гаспадыня казала, што не так гэта проста – атрымаць візу.

Я паабяцала дапамагчы. Праз колькі хвілін пані Гэлена адвіталася. А я месца сабе не знаходзіла, думаючы, як можна было б паўплываць на Адэлю. І надумала вельмі сур’ёзна пагутарыць з авечачкай, як толькі надарыцца выпадак.

Шпіёнскія жарсці

Наступным днём Адэля завітала да мяне раздражнёная і змрочная.

— Мне патрэбная ваша дапамога, — з парога заявіла яна.

— Што зноў здарылася? — занепакоілася я.

— Ведаеце, дарэмна вы за Малімонку заўсёды заступаецеся!

Адэлька

— Адэля, калі ты зноў будзеш паклёпнічаць, то лепш і не пачынай! Дарэчы, гісторыю з грабеньчыкам ведаю з падрабязнасцямі ад пані Гэлены. Шчыра: я не ўхваляю тваіх паводзінаў!

— Вось як! Дык вы з імі заадно! – выпаліла Адэля і ўзрушана забегала па пакоі. — Вы проста прадаліся ёй за слоік малака!

— Досыць! – цвёрда адгукнулася я. – Ты прызвычаілася вінаваціць усіх навокал. А сабе дазваляеш вельмі непрыгожыя паводзіны. Ты бываеш эгаістычнай і неўраўнаважанай, крыўдзіш сяброў, звысоку глядзіш на іх… — Я магла б працягваць, але Адэля ўжо глядзела на мяне вачыма, поўнымі слёз.

— Проста... проста я натура арыгінальная, самабытная. А ніхто не хоча зважаць на гэта.

— Я табе ўжо тлумачыла, што арыгінальнасць і нявыхаванасць – не тое самае. А цяпер скажы, што зноў здарылася?

Адэля ўсхліпнула:

— Малімонка і Баранчык намовілі Даліктусю, і цяпер ніхто не хоча са мной знацца! Мы ўсе збіраліся сёння ўвечары на пікнік. Але яны адмовіліся браць мяне з сабой!

— Чаму?

— Не ведаю!.. Я толькі сказала Малімонцы, што яна зноў складзе кошык з лусцікамі абы-як.

— Так. А яшчэ што?

— Ну, Даліктусі параіла змяніць капялюш, бо яна ў ім да пудзіла падобная. А Баранчыка наогул не чапала, толькі сказала, што вогнішча раскладаць буду я сама, бо такі няўклюда нізавошта не дасць рады. А яны заявілі, што выдатна абыдуцца без маіх парад. І  хай лепш я застануся ў сваім загончыку. Ці ж гэта справядліва?

Козачка Млімонка

Адэля сакатала так хутка, што я не паспявала слова ўставіць:

— І дарэмна крыўдзіліся! Баранчык сапраўды вогнішча расклаў толькі з трэцяй запалкі, Малімонка яблыкі паклала на дно кошыка, а іх жа першымі прыемна з’есці, а на Даліктусю ўсе паглядалі ды пасмейваліся.

— А ты адкуль ведаеш? Цябе ж не ўзялі на пікнік!

— А я, — вочкі ў Адэлі наважліва загарэліся, — не дазволю псаваць сабе планаў! Я цішком пракралася за імі і падгледзела. Думаю, з мяне выйшла б выдатная шпіёнка! Я так асцярожненька ішла за імі след у след, што мяне нават не заўважылі! Дзе за плотам хавалася, дзе па-пластунску паўзла, дзе за кустамі маскіравалася! Толькі на палянцы схавацца не было як, дык Даліктуся мяне заўважыла. І сказала, каб я ішла дамоў. Я не стрымалася і выказала ім усё, што думаю.

— Ах, Адэля, не варта было так рабіць! І шпіёніць не варта было!

— Варта! Я такую таямніцу выведала! – Адэля па-змоўніцку мне падміргнула. – Я даведалася, як насамрэч завуць Баранчыка!

— Гэта і мне вядома. Усе клічуць яго проста Баранчык.

— Дык вось! Усе памыляюцца! Ён пад сакрэтам расказаў Малімонцы з Даліктусяй, што калі быў зусім маленькі, выхваляўся перад суродзічамі, за гэта яго празвалі Фанабэрык.

— А чаму ён утойвае гэта?

— Вось! Думаю, справа тут цёмная! Ён плёў нешта гэтым даверлівым дурніцам, што шмат працаваў над сваім характарам і манерамі, каб выправіцца. Але я гэтаму не веру! Пэўна, навырабляў нечага, а каб не знайшлі – імя змяніў і на дно залёг!

— Ну, ты і навыдумляла, Адэлька, — са смехам працягнула я. – Як у тэлесерыялах.

Адэля пакрыўдзілася:

— Што вы ведаеце пра тэлесерыялы? Вы ніколі іх не глядзіце. Ніколі часу нестае. На што вы яго марнуеце, свой час?

— Ну, я працую, люблю кніжкі чытаць, у музей хадзіць…

— Ат, спадарыня Наталля! Навошта вам кніжкі чытаць? Вы ж іх пішаце. А музей куды падзенецца? Ён гадамі на адным месцы стаіць, а тут жыццё віруе! Такога нагледзішся праз тэлевізар! Я  думаю, у мяне ёсць усе задаткі дэтэктыва! Баранчыка я ўжо амаль выкрыла!

Авечка

— О не, Адэля! Будзь лепш модным стылістам! Бо прыдумала нейкі крымінал і першая ў яго паверыла.

— Ну, вас, — абурылася авечка. – Вось абяруць мяне вядоўцай ток-шоу – перада мной такія мажлівасці паўстануць! Дарэчы, што  новага пра рэйды па фермах чуваць? Колькі ўжо часу мінула – павінны ж яны былі вызначыць пераможцу!..

— Ведаеш, Адэля, — пачала выкручвацца я, — можа, яшчэ і не будзе ніякай акцыі. Гэта пакуль толькі ў праектах.

— Не тлуміце мне галаву! – занервавалася Адэля. – Я рыхтуюся, значыць, акцыя павінна быць! І наогул: надакучыла мне тут з вамі сядзець. Лепш прайдуся. Усяго найлепшага!

Штраф за ружы

Недзе праз гадзіны дзве да мяне ў кватэру зноў пазванілі. Я адчыніла дзверы. На парозе стаялі Баранчык і Малімонка з Даліктусяй. Усе ўстрывожаныя, разгубленыя.

— Спадарыня Наталля, — наўзахваткі загаварылі яны, — Адэля знікла!

— Як гэта? Яна не так даўно была ў мяне.

— Разумееце, яе няма нідзе!

— Пачакайце! А кліпсачка? Вы ж носіце кліпсачку з сістэмай вызначэння месцазнаходжання!

— Адэля пакінула яе на стале ў сваім загончыку разам з пісулькай.

Баранчык

Баранчык падаў мне ружовую паперку з неахайным надпісам:

«Калі я вам не патрэбная, дык і я без вас абыдуся! Бывайце!»

Баранчык збянтэжана патлумачыў:

— Гэта мы вінаватыя… Не ўзялі яе з сабой на пікнік. От яна і пакрыўдзілася…

Адэлька

Я не на жарт устрывожылася:

— Трэба тэлефанаваць гаспадарам!

— Што вы! Ні ў якім разе. Адэля зноў парушыла правілы гадаванцаў. Яе сапраўды могуць звольніць, і тады яна не патрапіць на Міжнародную выставу… А Адэлька так да яе рыхтуецца, так чакае! – Вочы ў Малімонкі былі поўныя слёз.

— А раптам што здарылася? – не вытрымала і Даліктуся.

Якія толькі версіі не прыходзілі нам да галавы. Даліктуся была пэўная, што на Адэлю напалі злачынцы. Баранчык бажыўся, што яе ўкралі гаспадары нейкай фермы-канкурэнта. Малімонка была на мяжы нервовага зрыву: раптам з Адэляй здарылася нешта непапраўнае.

— Тады трэба тэлефанаваць у больніцы, — я кінулася да тэлефона. Але званок мяне апярэдзіў.

— Пані Наталля?  Турбуюць з міліцыі. Вы знаёмыя з авечкай Адэляй з фермы «Каляроўка».

Я расхвалявалася яшчэ больш:

— Так! Але ведаеце, яна знікла! Я якраз збіралася яе шукаць! А што здарылася? Вы ведаеце, дзе яна?

— Ведаем. Яна ў міліцэйскім аддзяленні. Прыязджайце па сваю знаёмую. Не забудзьце ўзяць пашпарт.

У міліцыю мы прымчаліся таксоўкай усёй кампаніяй. Чамусьці  нам уяўлялася, што Адэля ўжо сядзіць за кратамі і чакае нас як збаўлення..

Прыгоды Адэлі

Адэля сядзела ў мяккім крэсле насупраць дзяжурнага. Перад ёй стаяў слоік з букетам руж, кубачак з кавай і талерка з цестачкамі. Мы кінуліся да авечачкі з абдымкамі, але Адэля фыркнула і адвярнулася ў другі бок.

— Вы толькі гляньце, — звярнулася яна да дзяжурнага, — ледзь са свету не звялі бедную авечачку, а цяпер на шыю вешаюцца!

Пэўна, дзяжурнаму Адэля расказала нейкую шчымлівую гісторыю свайго жыцця, бо ён глядзеў на нас з дакорам.

Мы павіталіся, дзяжурны спытаўся імя і прозвішча кожнага з нас, пагартаў мой пашпарт і сурова пачаў:

— Скажыце, ці ж можна быць такімі абыякавымі? Ваша нязгодлівасць і чэрствасць ледзь не загубілі няшчасную Адэлю.

— Прабачце, — пачала я, — але, што здарылася? Чаму Адэлька трапіла ў міліцыю? Яе нехта пакрыўдзіў?

— Ніхто, апрача вас! І я не пэўны, што варта Вам яе аддаваць.

Высветлілася, што пасля маіх заўваг Адэля адчула сябе такой няшчаснай, што пайшла гуляць вуліцамі горада. Ёй вельмі хацелася, каб хто пашкадаваў яе і паспачуваў. Але сярод штодзённай гарадской мітусні ніхто не звяртаў увагі на авечачку. Гэта давяло яе да роспачы. Адэля ўзлезла на клумбу з прыгожымі пунсовымі ружамі і пачала іх ламаць. Неўзабаве ля яе прыпынілася міліцэйская машына. Адэлю, парушальніцу парадку, разам з букетам руж у якасці рэчавага доказу, даставілі ў аддзяленне міліцыі. За хуліганства яе чакала даволі суровае пакаранне: тры дні прымусовай працы, ліст гаспадарам і штраф. Але Адэля сваімі скаргамі на невыносныя ўмовы існавання так расчуліла дзяжурнага, што ён паабяцаў нічога не паведамляць гаспадарам і скасаваць ёй дні прымусовай працы. Заставалася рассудзіць пытанне з аплатай штрафа. І тут Адэля ўспомніла пра мяне. Авечка дала нумар майго тэлефона дзяжурнаму, і вось я ўжо трымала ў руках квіток на аплату штрафа. Яшчэ я мусіла напісаць заяву, што абяцаю зрабіць усё, каб Адэля больш не хуліганіла. Калі Адэліна вызваленне адбылося, яна з тэатральным пафасам звярнулася да дзяжурнага:

— Вы – мой выратавальнік! Не так часта спаткаеш сапраўднае рыцарскае стаўленне да пакрыўджаных лёсам! – Адэля чароўна ўсміхнулася дзяжурнаму. – А ружы я забяру сабе, бо ўсё адно спадарыня Наталля за іх штраф заплаціла.

Авчечка

Адэля выплыла з пакою дзяжурнага пераможцай. Мы паныла пацягнуліся за ёй. На вуліцы Адэля панюхала ружы і закаціла вочкі:

— Ах, які прыемны пах!

І тут Баранчык з Малімонкай не вытрымалі:

— Адэля! Што гэта значыць? Мы турбаваліся, перажывалі, што з табой нешта здарылася!

— Ну, яшчэ чаго! – запратэставала Адэля. – Не такая я ўжо бездапаможная!

— А чаго цябе на клумбы панесла? Навошта было кветкі рваць?! Вунь які штраф спадарыня Наталля за цябе заплаціла! – далучылася да дакораў Даліктуся.

— Варта вам! Не трэба было мяне крыўдзіць! Я наўмысна ўсё ўчыніла так, каб вы раскаяліся. Дарэчы, кліпсачку маю прынеслі? Давайце сюды! І памятайце, гаспадары не павінны ведаць пра сённяшняе здарэнне. Неўзабаве ж выстава!

Нам проста мову заняло ад такога нахабства, але тут Адэля шырока ўсміхнулася і прыязна пагладзіла Малімонку з Даліктусяй па рожках:

— Скажу шчыра – я і сама ўжо засумавала без вас. Дый страшнавата было. Не так гэта проста – быць парушальніцай! Давайце лепш мірыцца!

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская